Звяртанне да знахароў за дапамогай у беларускім Палессі ў ХХ – пачатку XXI ст.

0
109
Знахар Палессе

Рост цікавасці даследчыкаў да знахарства беларусаў у канцы XX  — пачатку XXI ст. меў вынікам павелічэнне колькасці публікацый па дадзенай тэме. У прыватнасці, значная ўвага надаецца вывучэнню знахарскіх функцый. Аднак пры гэтым пытанне само звяртанне за дапамогай да знахароў з’яўляецца маладаследаваным. У навуковай літаратуры яно разглядаецца пераважна ў кантэксце іншых аспектаў знахарства. Вывучэнне гэтага пытання дазваляе лепш зразумець непасрэдна працэс знахарскай практыкі.

Мэта артыкула — разгледзець звярганне да знахароў у Беларускім Палессі ў XX — пачатку XXI ст. Крыніцамі для напісання паслужылі палявыя этнаграфічныя даследаванні, якія праводзіліся аўтарам з 2004 па 2011 г. на тэрыторыі Беларускага Палесся, а таксама фальклорныя і этнаграфічныя матэрыялы канца XIX — пачатку XXI ст. Неабходна адзначыць, што ў Беларускім Палессі традыцыйна існавалі розныя тыпы знахароў: «шаптуны» і ўласна «знахары», якія адрозніваліся паміж сабой крыніцамі паходжання магічнай сілы і функцыямі. Асноўнай функцыяй «шаптуноў» з’яўлялася папярэджанне і лячэнне хвароб людзей і жывёлы, якія мелі натуральныя прычыны ці былі вынікам ненаўмыснага чаравання. Крыніцай магічных уяўленняў «знахароў» лічылі нячыстую сілу. Гэтая сувязь, па традыцыйных уяўленнях, надавала такім людзям звышнатуральныя здольнасці, якія маглі выкарыстоўвацца як у станоўчым, так і ў адмоўным кірунках. На гэтай аснове статус абодвух тыпаў знахароў быў неаднолькавы, што ўплывала на розныя бакі іх дзейнасці, у тым ліку і на даследуемае пытанне.

У першай трэці XX ст. выбіраючы знахара, да якога меркавалася звярнуцца за дапамогай, улічвалі наяўнасць у таго здольнасцей дапамагаць у вырашэнні канкрэтнай праблемы. Паколькі ў дадзены перыяд знахарства было паўсядзённай з’явай у жыцці большай часткі насельніцтва Беларускага Палесся, кожны дарослы чалавек звычайна ведаў аб знахарах у сваёй мясцовасці, а таксама аб іх функциях. Пры адсутнасці інфармацыі аб спецыялісце ў канкрэтнай сферы, неабходнага знахара маглі параіць родныя, суседзі, знаёмыя. Іваненка Ева Мікітаўна (1935 г.н., в. Губічы Буда-Кашалёўскага раёна. Да 1986 г. пражывала ў в. Пасудаў Брагінскага раёна) так апісвае гэта: «Вот, кажуць, там Мар’я лечыць, там Параска лечыць» [1, арк. 3]. Пры ўзнікненні праблем, якія ўваходзілі ў кампетэнцыю «шаптуноў», напрыклад, пры лячэнні «ляку», «урокаў», звычайна звярталіся да людзей, якія жылі побач, паколькі «шаптуны» былі ў кожным населеным пункце. Інфармант А.К. Сержпутоўскага паведамляе: «У нас у кожнуй вёсцы знайдзецца такая баба, каторая хутко ўмее атхадзіць ат урокаў ці падзіву» [2, с. 224]. «Знахароў», якіх было менш, часта неабходна было запрашаць з адцаленых населеных пунктаў. Так, К. Машыньскі, апісваючы побыт сялян Мазырскага Палесся, адзначае, пгго пры знаходжанні завіткі «гаспадар або сам вырывае завітку і вязе яе да знахара, або адразу прывозіць знахара. Так, галубічане (жыхары в. Галубіца Петрыкаўскага раёна. — У. Г.) ездзяць аж за Прыпяць да Снядына (цяпер вёска ў Петрыкаўскім раёне. — У.Г.)» [3, с. 145]. Часта ў пошуках патрэбнага “знахара” людзі ехалі за некалькі дзесяткаў кіламетраў. С. Шаўковіч, апісваючы Тонежскі сельсавет (тэрыгорыя сучаснага Лельчыцкага раёна) у канцы 1920-х гг., адзначае: «На хутары Сярэднія Печы жыве “Саломенная баба”. Яна гадае на саломе і да яе шмат прыходзіць народу за дзесяткі вёрст» [4, с. 44].

Звяртанне за дапамогай да знахароў выражалася просьбай. Чалавек звяртаўся да знахара і расказваў аб мэце свайго візіту. Звычайна знахары згаджаліся дапамагчы, калі былі здольныя. Асабліва гэта тычыцца «шаптуноў», сярод якіх адмовіць лічылася грахом. Як адзначае Юшкевіч Марыя Андрэеўна (1927 т.н., в. Сярэднія Печы Лельчыцкага раёна), «а чого я буду, за етае грэх отказывацъ, грэх отказываць» [1, арк. 37]. З іншага боку, «знахары» маглі адмовіць чалавеку, напрыклад, таму, што ён да яго ставіўся дрэнна. У Нараўлянскім раёне запісаны аповяд, згодна з якім «знахарка» адмовіла маці і дачцэ, якія прыйшлі да яе, у варажбе, бо дачка не захацела ёй шчодра заплаціць [1, арк. 126]. У крыніцах ёсць інфармацыя аб штучным адмаўленні «знахароў» і неабходнасці іх угаворваць. П.В. Шэйн так апісвае запрашэнне знахара ў Мазырскім павеце Мінскай губерні: «Знахары карыстаюцца ў народзе асаблівай павагай. Калі хто-небудзь прыедзе да знахара за парадай, ён доўгі час адмаўляецца, выражае, быццам бы, незадавальненне на прыязджаючых, кажучы, навошга так да яго едуць і ідуць, ці ён Бог — ці што? Увогуле прымушае людзей доўга сябе прасіць» [5, с. 259].

У выніку зменаў у грамадстве ў 1930-1980-х гг адбыліся змены і ў звяртанні па знахарскую дапамогу. Асноўнай крыніцый інфармацыі аб знахарах з’яўляюцца звесткі, атрыманая ад родных і знаёмых. Аднак у выніку урбанізыцыі ў другой палавіне XX ст. склалася сітуацыя, калі болыпасць насельніцтва рэгіёна жыве ў гарадах, а знахары пражываюць пераважна у сельскай мясцовасці. Гэта, а таксама развіццё транспартнай інфраструктуры ў другой палавіне XX ст. прывяло да вялікай колькасці выпадкаў звяртання да знахароў, якія жывуць далёка ад месца жыхарства пацыента. Так, з апытаных жыхароў горада Гомеля 97 чалавек (39,6 % ад колькасці тых, хто звяртаўся да знахароў) звярталіся да знахароў, якія пражываюць у горадзе, і 160 (65,3 %) рэспандэнтаў звярталіся да знахароў з сельскай мясцовасці. Гамяльчане карыстаюцца знахарскімі паслугамі на тэрыторыі практычна ўсёй Гомельскай вобласці. Адзінкавымі з’яўляюцца выпадкі, калі рэспандэнты адзначаюць населеныя пункты па-за межамі Гомельскай вобласці (Лунінецкі раён Брэсцкай вобласці, Асіповіцкі, Быхаўскі раёны Магілёўскай вобласці і інш.) [6].

У канцы XX — пачатку XXI ст. зварот клієнта па-ранейшаму выражаецца просьбай. «Шаптуха» Сасноўская Ева Паўлаўна (1938 г.н., г.п. Лельчыцы Лельчыцкага раёна) так апісвае працэс звяртання па дапамогу: «Ну, прыходзіць да кажа: “Я ўжэ такі, така хвора, така хвора, хай бу ты мне поговорила”. Я поговору, дый» [1, арк. 44]. У канцы XX ст. распаўсюдзіўся звычай дамаўляцца ca знахарамі аб сустрэчы, у тым ліку і пры дапамозе сучасных сродкаў сувязі. Астаповіч Ганна Уладзіміраўна (1950 г.н., г.п. Лельчыцы Лельчыцкага раёна. Нарадзілася ў в. Лохніца Лельчыцкага раёна) расказвае, што: «ну, бывае што пазвоніць па ціліхвону, можна прыйці ілі ні можна, дома вы буеце ілі не дома. То ета я гавару. А так не. Обычна сразу прыходзяцъ, еслі хто-то знае» [1, арк. 18]. У некаторых выпадках знахары самі могуць прапанаваць дапамагчы чалавеку. Напрыклад, Краўчэня Галіна Ігнацьеўна (1939 г.н., в. Чырвонабярэжжа Лельчыцкага раёна. Нарадзілася ў в. Храпунь Столінскага раёна) прапанавала вылячыць ад лішаю жанчыну, якая ляжала з ёй у шпіталі [1, арк. 65]. У Брагінскім раёне было зафіксавана павер’е, згодна з якім пры лячэнні, напрыклад, ад «ляку» за ноч неабходна абыйсці трох «шаптух», каб адна не ведала аб другой. Семіход Марыя Антонаўна (1928 г.н., в. Губічы Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці. Да 1986 г. пражывала ў в. Міхалёўка Брагінскага раёна) паведаміла: «Кажуць, што за ноч трэба три бабкі абыйсці, каб яны не ведалі адна аб адной» [1, арк. 1]. Згодна з існуючымі ў знахарстве нормамі «шаптуха» не можа адмовіць чалавеку, які звярнуўся да яе за дапамогай. Міранчук Аляксандра Дзмітрыеўна (1928 г.н., в. Жмурнае Лельчыцкага раёна) гаворыць наступнае: «Нэ-э. Я не можу адказацъ. Я ўжэ шо знаю, да прьійдзе людзіна, то я ўжэ не можу. Не трэа адказвацъ, не трэа, грэх» [1, арк. 25].

З другой палавіны XX ст. антырэлігійная палітыка савецкай улады прывяла да з’яўлення вялікай колькасці няхрышчаных людзей, атэістаў. Зыходзячы з таго, што знахарства з’яўлялася часткай традыцыйнай культуры беларусаў, знахарская практыка мела месца перш за ўсё ў межах гэтага этнасу, а таксама суседніх хрысціянскіх народаў (украінцаў, палякаў, рускіх). Існавалі забароны на знахарскую практику ў дачьшенні да нехрысціянскіх этнасаў, напрыклад яўрэяў. Таму ў другой палавіне XX ст. знахары сутыкнуліся з праблемай аказання дапамогі прадстаўнікам іншых этнасаў і асабліва няхрышчаным людзям. Перш за ўсё гэта тычыцца лячэння людзей. Некаторыя «шаптухі» адмаўляюцца лячыць няхрышчаных людзей. Напрыклад, Краўчэня Галіна Ігнацьеўна (1939 г.н., в. Чырвонабярэжжа Лельчыцкага раёна. Нарадзілася ў в. Храпунь Столінскага раёна) адмаўляецца «шаптаць» няхрышчоным людзям: «А вы можаце няхрышчаных, неправаслаўных лячыць? — Нехрышчоных не, не, не. — А чаму так? — Грэх у нас кажуць» [1, арк. 65]. Некаторыя знахаркі, напрыклад Сасноўская Ева Паўлаўна (1938 г.н., г.п. Лельчыцы Лельчыцкага раёна), прызнаюць, што няхрышчаным людзям аказваць дапамогу нельга, аднак усё-роўна робяць гэта, бо не жадаюць адмаўляць у дапамозе: «Оно не можно (лячыць няхрышчаных. — У.Г.), но я…, этэ во дзіцятко, онэ ж невіннэ. Я шэпчу. I ўзрослого рожу паліла. Но ето не палагаецца. Ну чоловек просіць, то ўжо ж трэба» [1, арк. 45]. Іншыя інфарманты паведамляюць, што, калі да іх прыходзіць няхрышчаны чалавек, не адмаўляюць яму ў лячэнні, аднак, чытаючы над ім замову, замест слоў «раджоны, хрышчоны» кажуць «раджоны, няхрышчаны». Цярлецкая Валянціна Антонаўна (1930 г.н., в. Дубое Пінскага раёна) так апісвае гэта: «Ну, еслі нэхрышчаны, дэтына нэхрышчана, чоловек нэхрышчоны, то я молюсь так: “ціла нэхрышчонэ ”, “ціла нэхрышчонэ ”. Да, нада ўспомынаты, шо цела то нэхрышчонэ. Ну, канешна, луччэ, то ўсігда, то хрышчоны нада» [1, арк. 110]. Многія інфарманты паведамілі, што не цікавяцца тым, ці хрышчоны чалавек ці не, і дапамагаюць усім, хто да іх звяртаецца. Мароз Алена Ігнацьеўна (1937 г.н., в. Маркоўскае Лельчыцкага раёна) адзначае: «Я ўжэ не знаю, я ж не пітаю крышчаны» [1, арк. 52]. У канцы XX — пачатку XXI ст. усе інфарманты прызнаюць, што лепш «памагаецца» хрышчонаму. Як лічыць Фіцнер Вольга Іосіфаўна (1929 г.н., в. Грэбені Лельчыцкага раёна. Нарадзілася ў в. Жмурнае Лельчыцкага раёна), «ну ето яго дзело, нехрышчонаму не помогайтэ, не помогаецца. Нехрышчонаму, от, напрымерно, дзіця. Яго нада хрысціць. Нада покрэсціць. Крэшчонаму, нада то шоб быў крэшчоны»» [1 , арк. 30]. Болынасць «шаптух» абмяжоўваюць колькасць чалавек, якіх яны могуць прыняць за дзень. Звычайна гэта адзін чалавек, у рэдкіх выпадках болып. Напрыклад, Садчанка Ганна Еўстраф’еўна (1926 г.н., в. Губічы Буда-Кашалёўскага раёна. Да 1984 г. пражывала ў г. Хойнікі Хойніцкага раёна) паведаміла, што можа прыняць за дзень не больш двух чалавек: «Кажын дзень, толькі ў дзень два чалавекі можна, і больш я ні, ні» [1, арк. 14].

Такім чынам, на працягу XX ст. адбываюцца пэўныя змены ў звяртанні па знахарскую дапамогу. Як і раней яно выражаецца з дапамогай просьбы. Аднак цяпер часта, па прычыне значнай адлегласці між знахарам і клієнтам, а таксама пры дапамозе сучасных сродкаў сувязі, знахар і пацыент кантактуюць між сабою не непасрэдна адзін з адным, а дыстанцыйна. Нягледзячы на знікненне «знахароў» у многіх выпадках працягваюць звяртацца да носьбітаў знахарскіх уяўленняў, якія пражываюць на значнай адлегласці ад пацыентаў пра прычыне працэсу урбанізацыі і захавання знахарства пераважна ў сельскай мясцовасці. У другой палавіне XX ст. перад знахарамі паўстала новая праблема вызначэння ці ахрышчаны чалавек, які да іх звярнуўся, што звязана з нормамі, якія рэгламентуюць знахарскую дзейнасць.

Спіс літаратуры

  1. Архіў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. — Фонд 6. — Boп. 14. — Спр. 152.
  2. Сержпутоўскі, А. К. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў / А. К. Сержпутоўскі; навук. рэд. А. С. Фядосік; прадм. У. К. Касько]. -Мінск: Універсітэцкае, 1998. -301 с.
  3. Moszyński, К. Polesiewschodnie: Materjałyetnograficznezwschodniejczęścib. powiatuMozyrskiegoorazzpowiatuRzeczyckiego / K. Moszyński. — Warszawa: Wyd-woKasyim. Mianowskiego, 1928. — 304 s.
  4. Шаўковіч, С. Некаторыя весткі аб Тонескім сельсавеце Тураўскага раёну / С. Шаўковіч // Наш край. — 1929.-№4.-С. 42—15.
  5. Шейн, П. В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-западного края, собранные и приведенные в порядок П. В. Шейном / П. В. Шейн. — СПб.: Тип. Имп. Акад. Наук, 1887-1902. — Т.3.— 1902.-535 с.
  6. Архіў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. — Фонд 6. — Boп. 14. — Спр. 154.

Аўтар: У.А. Ганчар
Крыніца: Славянские народы и их культуры: традиция и современность : сб. науч. статей / редкол.: В. И. Коваль (отв. ред.) [и др.] ; М-во образования РБ, Гомельский гос. ун-т им. Ф. Скорины. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2013. — 310 с. Ст. 250-253.