Зімовы Гомель лапу не смокча, або Сёе-тое пра навагоднія святы на сожскіх берагах пачатку ХХ ст.

0
1135
ГомельНовы Год у Гомелі пачатку ХХ ст

У нашы дні ўжо ад пачатку снежня, а то і раней, установы сацкульбыту стараюцца стварыць для гамяльчан святочны пераднавагодні настрой. Ялінкі, гірлянды, ліхтарыкі, мішура, расцяжкі з віншаваннямі і іншае дабро, якое можна сустрэць гэтай парой у горадзе, выклікаюць у людзей розную рэакцыю. Адным гэта ўсё вельмі падабаецца. У другіх ёсць заўвагі ці нават прэтэнзіі да канцэпцыі ўпрыгожання Гомеля да зімовых святаў. Трэціх бляск вулічнай ілюмінацыі папросту раздражняе. Тая ж разнастайнасць думак і поглядаў назіраецца і ў стаўленні да ўласна адзначэння Новага года – дома ці ў гасцях, на лецішчы ці ў рэстаране, з роднымі і сябрамі ці на самоце, з аліўе ці з сушы “Магура”… Таму, калі ў мяне пытаюць, як у Гомелі адзначаўся Новы год на пачатку ХХ ст., я не магу даць адназначнага адказу, бо, як і сёння, Новы год і зімовыя святы наогул адзначаліся жыхарамі нашага горада і яго наваколляў па-рознаму. Многае залежала ад саслоўнай, сацыяльнай і рэлігійнай прыналежнасці і некаторых іншых чыннікаў.

Заснежаны Гомель на паштоўцы пачатку ХХ ст.

Жыхары Гомельскага павета і гараджане, якія ў рытме урбанізацыі не паспелі страціць традыцыйныя народныя ўяўленні пра гадавы цыкл, шанавалі “святыя вечары” (ад Раства да Вадохрышча), між якіх прыпадаў і Новы год. Яго пярэдадзень у нас называлі па-рознаму: Шчодрая куцця, Багатая куцця, Тоўстая куцця, а першы дзень уласна новага года меў назву “Васілля”. “Святыя вечары” былі часам разнастайных забаваў і гульняў. Цікава, што гэты адрэзак часу прыблізна супадаў з чарадой святкаванняў, якія ладзілі праваслаўныя гамяльчане згодна са свецкай завядзёнкай адзначэння Новага года, усталяванай у Расійскай імперыі з часоў Пятра І (“да генваря ж в 1 день, в знак веселия, друг друга поздравляя новым годом”). Дарма што Гомель у часы яго царавання быў у складзе Вялікага Княства Літоўскага, а пачынаць новы год 1 студзеня гамяльчанам было не ў навінку, на пачатку ХХ ст. пра гэта мала хто ведаў ці надаваў нейкае значэнне. Жыхары Гомеля каталіцкага веравызнання, акрамя Раства Хрыстова, адзначалі і Новы год, падгадваючы калі-нікалі пад той жа час розныя мерапрыемствы.   Гомельскія яўрэі маглі адзначаць уласныя святы, якія прыпадалі на зімовы перыяд. Найперш, гэта Ханука – “свята агнёў” ці “свята Макавеяў”. Напрыклад, у 1910 г. яе святкаванне пачалося 24 снежня, а скончылася ўжо ў 1911 г. 2 студзеня. Стараверы Гомеля тады адзначалі шанаваныя імі рэлігійныя святы (прыкладам, дзень Міколы Цудатворцы). І яўрэі, і стараверы надыход Новага года ў зімовы час не адзначалі, святкуючы яго паводле сваіх летазлічэнняў увосень. Але ўсіх гамяльчан, так ці інакш, яднаў навагодні кірмаш, падчас якога, па сведчаннях сучаснікаў, горад ажываў і пераўтвараўся.

Традыцыйнае баўленне часу ў “святыя вечары”, што засведчыў Еўдакім Раманаў, яскрава дэманстравала моладзь, якая штовечар збіралася на “хватеру”, дзе адбываліся танцы пад прыпеўкі, гульні ў яшчура, каралевіча, карты, варажба “на оракуле, соломоне” (адмысловых гадальных прыстасаваннях). У пярэдадзень Новага года гульні дасягалі свайго піку: разгортвалі батлейку – лялечны тэатр (папулярнай была п’еса “Цар Ірад”), маглі ладзіць “мушкарату” – пастаноўку з акторамі ў касцюмах і грыме (п’еса “Цар Максіміян”), часцей жа з ўсё разыгрывалі народны карнавал – вадзілі “казу”, “кабылу”, “мядзведзя”, “жураўля” (пераапранутых калядоўшчыкаў). Дзяўчаты ўбіралі ў строі Шчодру: “Для роли Щодры выбирается полная красивая девушка. Подруги одевают ее в лучший костюм, на голову надевают венок из цветной бумаги и навязывают на него столько разноцветных лент, что ими девушка покрывается до пояса… Делается это для того, чтоб и новый год был приятный и богатый”. Пасля гэтага дзяўчаты са Шчодрай на чале хадзілі па хатах і “шчадравалі”, то бок спявалі шчадроўкі – адмысловыя песні ці прыпеўкі. Раманаў прывёў прыклад шчадроўкі, зафіксаванай у вёсцы Навасёлкі Гомельскага павета:

У нашаго пана, пана Хведара –
Радуйся Тройца, Сын Божый нарадиўся!
На дворэ тры сталы стаяли,
За тыми сталами тры святцы сядела,
Первая свята – святоя Ражство,
Святоя Ражство нам радосьть прынясло.
Другоя свята – святоя Васильля, –
Святоя Васильля нам свята прынясло.
Трэтьтяя свята – Иван Храсьтитяль,
Иван Храсьтитяль ваду пирахрэстить.

Народнае зімовае гулянне ў Магілёўскай губерні пачатку ХХ ст.

За спеў гаспадары частавалі шчадроўшчыкаў хлебам, блінамі, салам або давалі грошы. Звычай “шчадравання” ў Гомелі захаваўся аж да нашага часу (што праўда, з цягам часу ўсё меней) і прыпадае на 13 студзеня, т.зв. “стары новы год”. У пачатку ж ХХ ст. першым навагоднім раннем па хатах ішлі дзеці, трымаючы ў руках мяшэчкі са збожжам. У наведанай хаце яны высыпалі жменьку зерня і расказвалі прынагодны верш:

Ходя Илья
На Василя,
Нося пугу
Жытняную.
Где замахне –
Жыта расьте,
Где ня махая,
Там ня бувая!
А ў поли ядром,
А ў доми дабром!

Як бачым, увасобленыя ў зімовых песнях традыцыйныя віншаванні, мелі трывалую сувязь са старажытным земляробчым календаром, што зведаў фармальны ўплыў хрысціянства.

У навагоднюю ноч дзяўчаты варажылі: “Найдя, например, длинный частокол, девушки считают в нем колья если число их счетное, девушке предстоит замужество в наступающем году; при числе нечетном она остается в девушках”. Таксама з гэтым часам была звязана прыкмета: калі ў Навагоднюю ноч на небе шмат зорак, лічылася, што ў сярэдзіне лета будзе шмат грыбоў.

Гарадское свецкае адзначэнне Новага года ў Гомелі пачатку ХХ ст. часцяком было звязана з публічнымі мерапрыемствамі па-за дамамі і кватэрамі іх удзельнікаў. Мясцовая прэса таго часу паведамляла пра правядзенне навагодніх вечароў (у т.л. і студэнцкіх), баляў-маскарадаў, дзіцячых карнавалаў. Яны адбываліся ў зале гарадской думы, памяшканнях гарадскога і камерцыйнага клубаў, разнастайных таварыстваў, гатэлі “Савой”… Забаўляльны змест такіх мерапрыемстваў часцяком не меў нічога агульнага з народнай традыцыяй. Так, 2 студзеня 1912 г. баль-маскарад на карысць мясцовага пажарнага таварыства анансаваўся газетай “Гомельская копейка” як імпрэза “в китайском вкусе” і “с китайской охраной”. Маскі і касцюмы на падобных вечарынах таксама не былі звязанымі з традыцыйнымі “казой”, “мядзведзем” ды інш.: “Майский жук”, “Шиворот-навыворот”, “Дон Жуан”, “Отдается интеллигентная горничная”, “Гомельская пресса”, “300-летие Дома Романовых”, “малороссы”, “малорусски”, “цыгане” і нават (вельмі спецыфічны “гумар” часткі нашых тагачасных землякоў) – “С погрома на маскарад”. За лепшыя касцюмы і строі, а іншым разам і за самы прыгожы тварык прадугледжваліся прызы. На памянёным балі-маскардзе 1912 г. першым прызам называўся “жетон” (што за ён, нават розуму дабраць няможна), які абяцалі ўручыць “красивейшей посетительнице”, другі прыз, які не называўся, павінны былі даць “за лучший вечерний дамский туалет”. “Пры гэтым публіка пляткарыла аб несправядлівасці раздачы прызоў, самыя значныя персоны тутэйшай грамады, нават саступаючы іншым у якасці свайго маскараднага касцюма, усё адно прэтэндавалі на узнагароды”, – адзначае даследчыца гісторыі гомельскай паўсядзённасці Аксана Яшчанка.

Святочны настрой навагодняга вечара на паштоўцы пачатку ХХ ст.

Акрамя таго, для ўцехі публікі на навагодніх вечарынах ігралі аркестры, выступалі асобныя артысты ці спевакі, а то і цэлыя хоры, ладзіліся танцы, гульні ў лато, прадаваліся кветкі. Цікавым і карысным дапаўненням да навагодніх святкаванняў быў актыўны адпачынак на коўзанках, на некаторых з якіх нават запускалі феерверкі. Пачуцці, што зімовая феерыя ў выклікала душы гамяльчаніна, маглі набыць вершаваную форму, як у наступных радках, апублікаваных у той жа “Гомельской копейке” 5 студзеня 1913 г.:

…И в мгновения мы эти
Слепо верили, как дети,
В счастья нового приход:
Все поправит, все изменит,
Все по-новому оценит
Наступивший Новый год!..

Цяжка пазбыцца ўражання, што аўтар гэтых радкоў наш сучаснік. Але насамрэч паміж намі больш за сотню навагодніх святкаванняў.

Пакуль адны гамяльчане шчадравалі, а другія спаборнічалі маскараднымі касцюмамі, трэція, пры ўмове супадзення календара, цягам васьмі дзён запальвалі васкоўкі ў адмысловым падсвечніку – ханукіі, бо “крыху святла дастаткова для таго, каб рассеяць вялікую цемру”. Апроч таго, гомельскія яўрэі, у азначаны час маглі праводзіць вечарыны аматараў яўрэйскай мовы. Там выступалі яўрэйскія пісьменнікі і паэты. Нумары праграмы выконваліся на старажытнаяўрэйскай, мове ідыш і па-руску.

Нястрымная весялосць на польскай навагодняй паштоўцы пачатку ХХ ст.

Па сведчанні мясцовай прэсы пачатку ХХ ст. “польские помещики” Магілёўскай губерні штогод ладзілі зімовы баль. 8 студзеня 1914 г. ён адбываўся ў Гомелі ў гарадскім клубе, на што было разаслана больш за дзве сотні запрашэнняў. У канцы 1905 г. каталікі Гомеля праводзілі вечар, прысвечаны Адаму Міцкевічу. Вечар гэты сабраў “prawie całą polonję tutejszą”. Літаратурную частку забяспечылі мясцовыя гімназісты і гімназісткі, чые “абліччы прамяніліся маральным задавальненнем ад зробленае справы”. Хор выканаў песню “Wilia naszych strumieni rodzica”, якая паходзіць з паэмы Адама Міцкевіча “Конрад Валенрод” (1828 г.). Вучань “другога класа” Плескачэўскі прадэкламаваў адмыслова напісаны ўласны верш, што выклікала захапленне дапісчыка польскага выдання “Czytelnia dla Wszystkich”. Ці фігуравала хоць нейкім чынам на гэтай вечарыне навагодняя тэма, ён, на жаль, не паведаміў. Між тым верш Міцкевіча “Новы год” (1823 г.) мог бы яе ўдала дапоўніць:

Skonał rok stary; z jego popiołów wykwita
Feniks nowy, już skrzydła roztacza na niebie;
Świat go cały nadzieją i życzeniem wita.
Czegóż w tym nowym roku żądać mam dla siebie?

У снежні 1909 г., як паведамляла польскае выданне “Słowo”, у Гомелі адбыўся “шапэнаўскі” канцэрт, на якім чвэрць месцаў пуставала, бо, нібыта, “Гомелю, хутчэй, прыпала да смаку” слухаць “пікантныя, але фальшывыя” спевы дывы тагачаснай эстрады спадарыні Вяльцавай. Пастаноўка польскага аматарскага тэатру, наадварот, падалася аўтару больш паспяховай.

А што ж з тагачасным святочным сталом? У “шчодрую куццю” на вячэру гатаваўся “весьма обильный стол”, бо гаспадары лічылі сваім абавязкам “встретить новый год в возможном довольстве”. Сярод страў святочнай вячэры Еўдакім Раманаў называў бліны, растопленае сала са скваркамі, каўбасы, боршч са свінінай, грэчкавы крупнік з парасяцінай, “крутая каша с салом”. Пачастункамі падчас зімовых гульняў маглі быць таксама яешня, сыр, смажаная свініна, а з напояў – гарэлка і піва. Верагодна, што ў гарадской арыстакратыі на сталы падаваліся больш вытанчаныя стравы. Што да святкаванняў па-за домам, то рэстарацыя гатэля “Савой” рэкламавала “шикарный ужин с бокалом шампанского” 31 снежня 1912 г. У меню ўваходзілі рыба, індычка, дзічына, марозіва і іншыя стравы. Стравамі, звычайнымі для Ханукі, лічацца суфганіёт і латкэс. Не ведаю, як першая (гэта пончыкі з заварнога цеста), а другая, відаць, была пашырана між тутэйшага яўрэйства ўжо ў той час. Бо латкэс – не абы што, а бульбяныя ладкі, добра вядомыя нам як дранікі. Зрэшты, курыца і рыба, якія часцяком прыгадвае герой рамана Ільі Эрэнбурга “Бурлівае жыццё Лазіка Ройтшванеца” на сталах гомельскіх яўрэяў, акрамя мо’ самых бедных, маглі прысутнічаць дакладна.

Сёння для многіх з нас навагоднія святы не абыходзяцца без прагляду забаўляльных праграм і мастацкіх фільмаў на розных тэлеканалах ці праз інтэрнэт. У пачатку ХХ ст., ясная рэч, не было ні таго, ні другога. Нават радыёвяшчання яшчэ не было. І не толькі ў Гомелі. А вось кінатэатры (“электрические театры”) існавалі. Адзін з даведнікаў па стану на 1916 г. называе шэсць гомельскіх устаноў такога кшталту: “Грезы”, “Железнодорожный”, “Мулен-Руж”, “Художественный”, “Художество”.  У навагоднія дні гледачам прапаноўваліся або ўра-патрыятычныя (“Оборона Севастополя”, “Козьма Крючков”, “Лицо войны”), або чыста забаўляльныя (“Женщина с изюминкой”) кінакарціны. Не варта забываць, што кінематограф у той час быў яшчэ нямым, і паказ фільмаў суправаджаўся ігрой тапёра, звычайна, на піяніна. Аднак некаторыя стужкі (напрыклад, пра Крымскую вайну) дэманстраваліся з удзелам аркестра ваеннай музыкі і салдацкага хору. Гэта вам не “Ирония судьбы, или С лёгким паром”.

“Говорят, Гомель – прелестен во все времена года… Весной он тонет в грязи… Летом и ранней осенью он задыхается в пыли… Поздней осенью опять же тонет в грязи… Зимой… зимой спит, как медведь сосет лапу. Говорят, милая жизнь!..”, – з’едліва пісаў нехта ў 1913 г. на старонках “Гомельской копейки”, схаваўшыся пад псеўданімам Іван Серы. Здаецца, што наконт зімовай пары і канкрэтна перыяду навагодніх святаў з гэтым сатырыкам можна было б паспрачацца – з усіх разгледжаных прыкладаў аніяк не вынікае вобраз спячкі ў бярлозе. Зрэшты, яму знутры свайго часу бачна было лепей, бо мы адно толькі сведкі хай сабе і аздобленых банбаньеркамі, распіснымі пернікамі і бліскучай мітульгой фрагментаў той зніклай эпохі.

Сяргей Балахонаў