Заслужаны дзеяч навукі — з Кісцянёў

0
328
Юльян Пшыркоў яго фота

Багатая наша Рагачоўшчына на таленавітых людзей. Родную вёску Кісцяні праславіў знакаміты літаратуразнавец, крытык, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Юльян Пшыркоў. Ён стаў доктарам філалагічных навук, прафесарам, быў удастоены звання заслужанага дзеяча навукі Беларусі. За напісанне “Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры” на рускай мове атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Я. Коласа.

Нарадзіўся Юльян Сяргеевіч Пшыркоў 31 кастрычніка 1912 года ў вёсцы Кісцяні Рагачоўскага раёна ў сялянскай сям’і. У 1924 годзе скончыў пачатковую школу. Адзін год правучыўся ў Свержаньскай сямігодцы, дзе ў той час працаваў настаўнікам Міхась Лынькоў. У 1925 годзе школа закрылася, таму вучобу працягваў у Рагачоўскай сямігодцы, якую скончыў у 1928 годзе. Затым вучыўся на двухгадовых педагагічных курсах у Рагачове, якія закончыў у 1930 годзе. На працягу чатырох гадоў працаваў настаўнікам: першыя два – у Звальніцкай і Буднеўскай пачатковых школах Клічаўскага раёна, апошнія – у Царкоўскай сямігодцы Буда-Кашалёўскага раёна.

Прага да вучобы прывяла Юльяна Сяргеевіча ў Ленінградскі дзяржаўны ўніверсітэт. У 1934 годзе малады чалавек стаў студэнтам філалагічнага факультэта. Пасля яго заканчэння ў 1939 годзе пачаў працаваць выкладчыкам у Магілёўскім педінстытуце.
З лістапада 1940 года Юльян Сяргеевіч служыць у Чырвонай Арміі. Удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне: ваяваў пад Ленінградам, Кёнігсбергам, быў паранены.
З 1945 года стаў працаваць у Інстытуце літаратуры Акадэміі навук Беларусі. З 1954 года загадваў тут сектарам дакастрычніцкай літаратуры і тэксталогіі.

Адначасова быў выкладчыкам Беларускага дзяржаўнага ўнівер-сітэта, Мінскага педагагічнага інстытута. Узнагароджаны ордэ-намі Айчыннай вайны 2-й ступені, “Знак Пашаны”, медалямі.

Навуковай дзейнасцю Юльян Пшыркоў пачаў займацца яшчэ ў студэнцкія гады, калі працаваў над дыпломнай работай, прысвечанай творчасці Якуба Коласа (фрагменты работы былі апублікаваны). З даследаваннем спадчыны народнага песняра звязаны яго асноўныя поспехі. У сваім першым артыкуле («Новая зямля Я. Коласа”, 1940), манаграфіі “Якуб Колас. Жыццё і творчасць”, а таксама ў пазнейшым даследаванні “Эпас рэвалюцыі” Юльян Сяргеевіч змагаўся супраць вульгарызатарства і фальсіфікацыі гісторыі літаратуры, разглядаў творы песняра ў шырокім тыпалагічным плане, прасочваў гісторыю задумы і стварэння коласаўскага ліраэпасу. Па словах Якуба Коласа, “ён першы, хто правільна ацаніў “Новую зямлю”.

З канца 50-х гадоў 20-га стагоддзя Юльян Пшыркоў працаваў над гісторыяй узнікнення і развіцця беларускай мастацкай прозы. Але і тут асноўная ўвага ўдзялялася Якубу Коласу.

Коласаўскаму перыяду ў развіцці нацыянальнай прозы прысвечаны манаграфіі Юльяна Пшыркова “Трылогія Якуба Коласа “На ростанях” і “Беларуская савецкая проза (20-я – пачатак 30-х гадоў)”, за якую аўтару была прысуджана вучоная ступень доктара філалагічных навук. Як адзначае прафесар Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны Іван Штэйнер, у гэтых працах узноўлены асноўныя аспекты літаратурнага жыцця міжваеннага перыяду, выкарыстаны вялікі фактычны матэрыял, успаміны пісь-меннікаў, што дазволіла стварыць аб’ектыўную карціну грамадска-палітычных умоў, у якіх адбывалася станаўленне беларускай прозы, паказаць працэс зараджэння новых жанравых формаў і перспектывы іх развіцця. Аўтар вёў барацьбу з фальсіфікатарамі і “аглабельнай” крытыкай.

Юльян Пшыркоў даследаваў таксама творчасць Уладзіміра Дубоўкі, Кандрата Крапівы, Максіма Танка, Івана Шамякіна, Янкі Брыля. Аб шырыні поглядаў вучонага сведчаць працы “Уплыў творчасці А. С. Пушкіна на развіццё беларускай літаратуры”, “Тарас Шаўчэнка і беларуская літаратура”, “А. Я. Багдановіч”.

Вялікі ўклад унёс Юльян Сяргеевіч у развіццё тэксталогіі. Пад яго кіраўніцтвам выйшлі ў свет зборы твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Кузьмы Чорнага, Вікенція Дуніна-Марцінкевіча. Наш зямляк – складальнік альбома “Якуб Колас. Жыццё і творчасць”, зборніка “Тарас Шаўчэнка і беларуская літаратура”. Юльян Пшыркоў быў сааўтарам кніг “Нарыс гісторыі беларускай савецкай літаратуры”, “Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры”, падручнікаў па беларускай літаратуры для сярэдняй школы. Напісаў шмат крытычных артыкулаў, якія друкаваліся на старонках рэспубліканскіх перыядычных выданняў.

Памёр Юльян Сяргеевіч Пшыркоў 23 снежня 1980 года, пахаваны ў Мінску на Паўночных могілках.