Замовы сямейна-бытавой скіраванасці (на матэрыялах фальклору Гомельшчыны)

0
679
Замовы сямейна-бытавой скіраванасці (на матэрыялах фальклору Гомельшчыны)

Сярод помнікаў вуснай народнай творчасці замовы займаюць адметнае месца, бо гэта – адзін з нямногіх старадаўніх жанраў. Найбольш папулярнымі на Гомельшчыне з’яўляюцца лекавыя і гаспадарчыя замовы, аднак тэматычная група любоўных замоў і замоў сацыяльнага зместу таксама прысутнічаюць у калекцыі сучасных запісаў.

Падчас фальклорнай экспедыцыі па Мазыршчыне нам пашчасціла сустрэцца з Сузько Марыяй Сяргееўнай, 1929 г.н. (в. Козенкі), ад якой мы запісалі цыкл замоў, што могуць выкарыстоўвацца ў вясельным абрадзе. Асноўнае прызначэнне такіх тэкстаў — пазбавіць маладых ад рознага кшталту сурокаў, садзейнічаць лепшаму жыццю маладой сям’і, паспрыяць удаламу зачаццю і лёгкаму дзетанараджэнню. Звычайна замовы выконваюцца бабкай-шаптухай (як часта называюць у некаторых мясцовасцях жанчын, што валодаюць пэўнымі магічнымі ведамі) у пэўным месцы і ў дакладна вызначаны час. У прапанаваным цыкле магічныя тэксты могуць прамаўляцца як знахаркай, так і самой маладой або маці маладога, а час прамаўлення замоўнага тэксту адпавядае сітуацыі: перад вясельным застоллем; на наступны дзень пасля вяселля зранку, “калі сонца пачынае толькі падымацца”; калі малады ад’язджаў за нявестай; пасля таго, як маладыя адпраўляліся ў “клець”.

Важным абрадавым момантам вяселля, які патрабуе асаблівай магічнай падтрымкі. з’яўляецца ад’езд маладога да нявесты. У гэты час маці жаніха імкнулася абараніць сына “в лесу дремучам, в поле лежачам, в моры плывучам, ад гада палзучава, ад звера прыгучава, ад чалавека злючава” пры дапамозе замовы “Благословенне ў дарогу”. Дадзеная замова з’яўляецца яскравым прыкладам акцыянальна-вербальнага-рэальнага комплексу, які выконваўся ў канкрэтны час (“калі сын выпраўляўся за нявестай”) перад іконай (у тэксце замовы гучыць матыў “Зварот замаўляльніка…”: “Прашу Ісуса Хрыста і скарбяшчую Божыю Маць”). Выканаўцам замовы (як паведаміла інфарматар “замову чытала маці жаніха”) і суб’ектам у галоўным матыве выступае маці жаніха (“А я, маць, свайво сына благаслаўляю, жэлаю вярнуцца жывым і здаровым”; “прашу скарбяшчую Маць Божыю, аградзі мае чада сваёй сіняй парчой, залатой різай…”).

Найбольш “цяжкі”, з пункту гледжання магічнага ўздзеяння, тэкст “Ад людской завіс­ці” прагаворваецца знахаркай перад тым, як пачынаецца вясельнае застолле. Як пракаментавала інфарматар, чьпгаць замову неабходна “перад іконай і запаленай свечкай”, паўтараючы тройчы. Асноўным матывам названага тэксту з’яўляецца матыў “Зварот замаўляльніка..”. Аб’ектамі гэтага матыву выступаюць як персанажы хрысціянскай міфалогіі (Гасподзь Бог, Прачыстая Маці), так і язычніцкія (у нашым выпадку гэта “дымочак”). Да хрысціянскіх персанажаў замаўляльнік звяртаецца з просьбай аб блаславенні (“Благаславі, Госпадзі, і будзь з душой і ласкаю, Гасподні моцные тваі ўлогі, атпусціце (імя) галаву, сэрца, рукі, ногі”) і дапамозе (“Прашу, Божья Мацерь, аправдаць! Кладу-пакладу, каб (імя) меў в карыце, хляве і дзяжы”). Што тычыцца язычніцкага персанажа — дыму, то зварот да яго здзяйсняецца з мэтай абароны маладых: “Дымочак-дымочак, ляці на (імя) дворачак, дзе асгаўся маладой слядочак”. У славянскай міфалогіі ўяўленні пра дым звязваюцца з уяўленнямі пра абкурванне — “магічны спосаб абароны ад хвароб, … нячыстай сілы” [1]. Варта адзначыць, што “дымочак” пасылаецца да “слядочка” маладой, а на след звычайна “нароблівалася” хвароба ці іншыя небяспечныя з’явы. Таму ў аналізуемым тэксце зварот да “дымочка” як да ачышчальнага сродку з’яўляецца адным са спосабаў засцярогі ад усемагчымых непрыемнасцей. У той жа час у тэксце мы бачым адваротнае дзеянне: замаўляльнік збіраецца “ў гору” за жоўтым пясочкам, каб насыпаць яго “на след ворагу”. Паводле народных уяўленняў, rapa — “локус, які з’ядноўвае неба, зямлю і іншасвет; месца, дзе жыве нячыстая сіла” [2]. Згодна з прынцыпамі кантагіёзнай магіі (“прыёмы, заснаваныя на законе сутыкнення або заражэння” [3, с. 18]), пясок, узяты з месца, дзе знаходзіцца нячыстая сіла, і насыпаны ў след злодзея павінен вярнуць яго да свайго “дома”, у іншасвет, і тым самым пазбавіць яго магчымасці шкодзіць людзям на гэтым свеце.

Знахарка “рыхтуе” ваду і для замаўлення “Ад мужскова бяссілля”. Як адзначыла ін­фарматар, замова нагаворваецца на чыстую ваду тройчы на працягу трох дзён, затым неаб­ходна “трошкі выпіць, а астатняй вадой аблівацца пасля лазні”. Для гэтай замовы таксама прадугледжаны пэўны час: “пасля таго, як маладыя адпраўляліся ў клець”. Замаўляльнік звяртаецца да Госпада Бога за блаславеннем і ў “чыстым полі” (бязмежнай прасторы, каб ніхто не перашкаджаў) моліцца яму. Тэкст пабудаваны па прынцьпту імітатыўнай магіі (“прыёмы, заснаваныя на законе падабенства” [3, с. 18]). І калі звычайна гэты прынцып прымяняўся з мэтай “нанесці шкоду ворагу ці загубіць яго шляхам нанясення калецтваў яго ма­люнку або знішчэнню апошняга ў поўнай упэўненасці, што чалавек, супраць якога накіраваны гэтыя магічныя дзеянні, выпрабуе пры гэтым тыя ж пакуты або памрэ” [3, с. 20], то ў вышэйназванай замове плануецца атрымаць станоўчы вынік: “і как стаіт прут жалезны, жэрнавы, не трахнецца, не варахнецца, не шатнецца, так штобы ў раба божага (імя) стаялі 70 жыл і адна жыла, 70 суставаў праців полава места, праців жаночага”. У замове выкарыстоўваюцца дзеясловы ўмоўнага ладу (“ні прагнуўся бы, не варахнуўся бы, не пашатнуўся бы”), што па­вінна забяспечыць станоўчы вынік пры ўмове выканання ўсіх неабходных патрабаванняў.

На наступны дзень пасля вяселля ў сваёй новай хаце, у час, калі сонца толькі пачынае падымацца, маладая можа прачытаць замову “Для благапалучча дома”. У замове гучыць зва­рот замаўляльніка да Госпада Бога з просьбай аб захаванні маладой сям’і, аб яе маральным і фізічным здароўі: “Айцец нябесны, Уладыка, Гасподзь Бог, Спасіцель наш, сахрані раба бо­жага (імя), сахрані нас грэшных, сахрані маю сям’ю, адгані ад нас нячысту сілу, ізбаві нас ад лукавага, не ўведзі нас ва іскушэніе вольнае або нявольнае, прасці нам цяжкія саграшэнія, ісцэлі нас ад балезні, ад всякіх напасцей па міласці тваей, ад скаціны, ад звера бягучага, ад гада палзучага, ад чалавека злючага па міласці тваей. Амінь”.

Важным момантам у жыцці маладой сям’і з’яўляецца нараджэнне дзяцей, і для таго, каб забяспечыць у свой час лёгкія роды, перад вяселлем неабходна прачытаць замову “На лёгкія роды” і выканаць наступныя дзеянні: “Пры выхадзе нявесты з дому на першай зорцы ўсе дзверы адчыняюцца, а на парозе кладуцца мужчынскія штаны, цераз якія молодая павін­на пераступіць, калі ідзе перад вяселлем у лазню”. Першая частка замовы, у якой гучыць зварот да Госпада Бога, нагадвае малітву “Отча наш”: “Айцец наш, жывушчы на небесах, да будзе свята імя тваё, пусць наступіць царства тваё, пусць будзе воля твая, як на небе, так і на зямлі, усе неабхадзімае для нашай жызні, дай нам на сяводняшні дзень і прасці нам грахі нашы, як мы прашчаем саграшыўшым проців нас, і не дапусці нас да іскушэнія, но ізбаві нас ад злова духа. Так як цябе вечна прынадлежыт царства і сіла, і слава. Амінь!”. У замове таксама прысутнічаюць матывы, характэрныя для функцыянальнай групы замоў, звязаных з родамі “Гара з гарой сходзіцца, лодка з лодкай сашчапляецца. Ішоў Ісус Хрыстос чэраз поле, нёс залатыя ключы ў прыполе, дзіцяці варота адчыняці і на рукі браці. Пара-парасла трава, да ў па­ру, як прашчуру”.

Як бачым, прыведзены замоўны комплекс ахоплівае некаторыя важныя элементы вясельная абраду і іншыя моманты жыцця маладой сям’і.

Літаратура

  1. Плотникова, А. А. Окуривание / А. А. Плотникова // Славянская мифология [Электронный ресурс]. Режим доступа: http://www.pagan.ш/slowar/o/okuriwanie8.php. — Дата доступа: 08.06.2011.
  2. Левкиевская, Е. Е. Гора / Е. Е. Левкиевская // Славянская мифология [Электронный ресурс]. Режим доступа: http://www.pagan.ru/slowar/g/gora8.php. — Дата доступа: 08.06.2011.
  3. Фрэзер, Дж. Дж. Золотая ветвь: Исследование магии и религии / Дж. Дж. Фрэзер; пер. с англ. М. К. Рыклина. — М.: ООО “Издательство АСТ”: ЗАО НПП “Ермак”, 2003. — 781 с.

Аўтар: С.Л. Вяргеенка
Крыніца: «Скарына і наш час», V Міжнародная навуковая канф. (2011, Гомель). Міжнародная навуковая канферэнцыя «Скарына і наш час», 14-15 кастрычніка 2011 г.: [матэрыялы] / рэдкал.: А. А. Станкевіч (гал. рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі РБ, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2011. — С. 212-214.