У Гомелі завершаная распрацоўка генеральнага плана горадабудаўніцтва на бліжэйшыя дзесяцігоддзі. Улады абяцаюць палепшыць транспартныя развязкі, мінімізаваць шумавыя і іншыя забруджанні, стварыць рэкрэацыйныя зоны ў новапаўсталых раёнах.
Але мясцовыя гісторыкі і архітэктары б’юць трывогу. Бо ўвасабленні, здавалася б, самых добрых ідэяў могуць канчаткова знішчыць гістарычнае аблічча горада. Карэспандэнт па Гомельшчыне Мікола Бянько гутарыць з навуковым супрацоўнікам філіяла Веткаўскага краязнаўчага музея Андрэем Скіданам пра спосабы ўратавання ўнікальнай гісторыка-архітэктурнай спадчыны.
Карэспандэнт: Давайце, можа быць, спачатку абазначым праблему. Існуе амаль што зацверджаны план генеральнага будаўніцтва Гомеля на бліжэйшыя некалькі дзесяцігоддзяў, які, на жаль, практычна не прадугледжвае грамадскую думку. Генплан не ўлічвае гістарычнага аблічча Гомеля, нават тое, што засталося, нават тыя мінімальныя сляды мінулых эпох. Як вы лічыце, што можна зрабіць, каб хоць нешта захаваць для наступных пакаленняў?
Андрэй Скідан (навуковы супрацоўнік філіяла Веткаўскага краязнаўчага музея): Я, шчыра кажучы, не здзіўляюся таму, што ў генеральным плане развіцця Гомеля на бліжэйшыя дваццаць год прапановы грамадскасці не ўлічваюцца. Скажам проста: гэта ніколі не ўлічвалася. Мяне таксама не здзіўляе тое, што да Гомеля, да ягонай гістарычнай спадчыны, заўжды адносіліся як да падчаркі. І нездарма ў чарговым нумары «Гомельскай праўды» змешчанае інтэрв’ю з заслужаным архітэктарам Беларусі і кіраўніком «Гомельграмадзянпраекта» Сяргеем Крывашэевым. Ён гаворыць, што ў прынцыпе ў Гомелі «нет мощного исторического наследия», у тым ліку архітэктурнай спадчыны. Хаця што разумець гістарычнай спадчынай? Вось якраз аблічча горада, а мы гаворым пра драўляную гарадскую архітэктуру, – гэта якраз і ёсць непаўторнае аблічча горада Гомеля, якое склалася ад сярэдзіны ХІХ стагоддзя і фактычна развівалася да сярэдзіны ХХ. То бок, гэта сотня год актыўнага горадаразвіцця. Гэта не проста ўдала складзеныя з бярвення пабудовы, якія, здаецца, мала чым адрозніваюцца ад такіх жа ўзораў народнай архітэктуры, як у Магілёве, Віцебску альбо Берасці. Адметнасць гомельскай гарадской драўлянай забудовы – ва ўнікальным архітэктурным дэкоры, які на паўднёвым усходзе Беларусі самы яркі, самы актыўны. У Беларусі большага аб’ёму драўлянай архітэктурнай разьбы, які ёсць на сённяшні час, скажам, у Гомелі як абласным цэнтры, нідзе няма. Тое, што гэтая спадчына не захоўваецца, а актыўна знішчаецца, – гэта факт. Праз дзесяць год мы страцім абавязкова Гомель канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў.
Карэспандэнт: Спадар Андрэй, скажыце, калі ласка, а ці знаёмыя Вы непасрэдна з генеральным планам будаўніцтва Гомеля? Ці аналізавалі Вы прапановы ўладаў па развіцці абласнога цэнтра?
Андрэй Скідан: Вядома, што ў распрацаваным генплане няма месца прапановам грамадскасці па стварэнні «Запаведніка драўлянай архітэктуры» ў цэнтры горада. Гэтая ідэя даўно прапаноўвалася. Уласна кажучы, не стварэнне штучнай рэзервацыі, дзе дом проста памешчаны ў пэўны нязвыклы для яго асяродак. Драўляныя гарадскія дамы павінны рэпрэзентаваць нам гарадскія кварталы канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў. Прычым Спасава слабада, якую мы прапаноўваем за аснову гэтага раёна, – гэта ёсць той сапраўдны гістарычны раён, які заўсёды быў на гэтым месцы, у раёне цяперашніх вуліцаў Камісарава, Пралетарскай, Пляханава, у раёне Кагальнага рову. Дарэчы, там засталося мноства цікавых помнікаў драўлянага мастацтва. Іншая справа, што ў лакунах, якія ўтварыліся паміж імі, мы прапаноўваем змясціць тыя ўзоры архітэктуры, якія на сённяшні час знаходзяцца ў зоне, што падпадае пад руйнаванне. Другі варыянт – узнаўленне дамоў, знесеных яшчэ ў 1990-х гадах, на якія ў нас захоўваюцца і абмеры, і фотаздымкі, і нават фрагменты дэкору з гэтых дамоў. Я не думаю, што гэта запатрабуе надзвычай вялікіх укладанняў. Такіх, напрыклад, як для будаўніцтва капітальнага дому ці цэлага нейкага раёну. Мы прапаноўваем цікавы, можа быць, нестандартны ў нашай гомельскай сітуацыі ход, стварэнне такога ўнікальнага раёна. Гэта будзе сапраўдная турыстычная канстанта Гомеля.
Карэспандэнт: А ці спрабавалі Вы данесці да ўладаў ідэю стварэння ў цэнтры Гомеля скансэна? І якая была рэакцыя, калі яна была насамрэч?
Андрэй Скідан: Мы ўсё-такі ўпэўненыя і спадзяемся на тое, што частка (хаця б частка з нашых прапановаў) будзе выкарыстаная. Таму што… А якой можа быць альтэрнатыва нашаму праекту «Запаведнік драўлянай архітэктуры»? Проста знішчэнне Гомеля. Таму што ў дадзены момант стварэнне якога-небудзь штучнага раёна дзе-небудзь на ўскрайку Гомеля, які прапаноўваецца, – гэта, кажучы карэктна, бздура, якая не мае пад сабой фактуры. Час вымагае канцэптуальна-глабальнага рашэння, прыняцця сур’ёзнага і адказнага рашэння, а не перадачы гэтага раёна для забудовы катэджамі прыватных асобаў. Я разумею, што яны плацяць рэальныя грошы. Я ўсведамляю, што зямля ў цэнтры Гомеля каштуе дорага, але трэба думаць пра гарадскі праект. Гэта, падкрэслю, не праект асобных людзей. Цэнтр Гомеля, гістарычны горад, павінен працаваць на кожнага з гарадскіх жыхароў, а не на асобных персонаў, якія, можа быць, займаюць уплывовае і ўдалае становішча ў жыцці.
Карэспандэнт: У 2011 годзе Гомель пераняў эстафету культурнай сталіцы Беларусі ад старажытнага Полацка. Адпаведна, адміністрацыя абласнога цэнтра прапанавала гараджанам звяртацца са сваімі ідэямі адносна разбудовы Гомеля, каб зрабіць яго больш цікавым для іншагародняга наведвальніка…
Андрэй Скідан: Калі шчыра, заходняму турысту па вялікім рахунку ў нас няма чаго рабіць. Яму няма чаго глядзець у нас, нават калі браць за прыклад такі цудоўны архітэктурны аб’ект, як Гомельскі палацава-паркавы комплекс Паскевічаў-Румянцавых. У любым еўрапейскім старым горадзе з добрай гісторыяй і архітэктурай такіх палацаў мноства. Таму драўляная архітэктура, асабліва драўляная забудова з элементамі палескага дэкору, для еўрапейцаў новая.
Аўтар: Мікола Бянько, Радыё Рацыя.
Спасылка: http://new.racyja.com/node/9428