З фальклорных запісаў у аграгарадку Рассвет Акцябрскага раёна

0
966
З фальклорных запісаў у аграгарадку рассвет Акцябрскага раёна

Мы ўзышлі не з насення, што ветрам засеяна,
— Мы не дзікай травы самарослыя парасткі.
У глыбінях зямлі, гераічнай і песеннай,
Нашых душ карані — з вузялкаміўпартасці.

Ніл Гілевіч

Калядная куцця

Свята Каляды пачынаецца 7 студзеня. Апошні дзень перад Калядамі — гэта Першая бедная куцця.

Гаспадыня з ранку запальвала печ, каб варыць куццю. Куцця — гэта пярловая каша, прыгатаваная на алеі. Яе гатавала гаспадыня першай, а потым ішлі іншыя стравы — грыбны квас, кісель. Як прыходзіў вечар, гаспадар прыносіў сена і расцілаў на стале, паверх сена гаспадыня слала чысты абрус і ставіла вячэру на стол. Першую куццю называлі «Тайнай вячэрай».

Акрамя гэтай куцці адзначаюць яшчэ дзве: адну напярэдадні Новага года, 13 студзеня — вечарам, якую называюць «Багатай куццёй», а другую — напярэдадні Хрышчэння Гасподня, 18 студзеня, увечары. Яе называюць «Галоднай», або «Поснай куццёй».

І другую і трэццюю куцці адзначаюць з той жа абраднасцю, толькі з той розніцай, што на багатую гатуюць мясныя стравы, а на галодную — гатуюць усе посныя стравы.

Напярэдадні Каляд увесь дзень праходзіў у падрыхтоўцы да свята. Прыбіралі і мылі ў хаце, стараліся закончыць усе работы. Вечарам мыліся ў лазні і чыста апраналіся. Усе вечары на Каляды лічыліся святымі. Нельга было ні прасці, ні віць вяроўкі і ніткі, не наматваць іх у клубкі, што-небудзь скручваць, звязваць, плесці лапці, шыць, малаціць, рэзаць, секчы і г.д. І ўсе гэта таму, што, як лічылася, калі хто працуе на Каляды, то гэта дрэнна ўплывае на хатнюю жывёлу: усе будзе нараджацца з якой-небудзь хваробай, або зусім прападзе. Усе Каляды ў хаце мялі адным венікам, у апошні дзень Каляд гэты венік клалі на парог, рассякалі на дробныя часткі і кідалі ў агонь.

Шчодры вечар

Другая куцця называлася «Багатай». На яе гатуюцца мясныя стравы (мяса, каўбасы). Таксама Багатую куццю называюць «Шчодры вечар». У гэты вечар па сяле хадзілі шчадраваць. Шчадравалі невялікім гуртам. Дзеці калядаваць хадзілі асобна ад дарослых раннім вечарам. Моладзь хадзіла сваім гуртам. Вадзілі з сабой «казу» і радзіліся ў «цыган».

Калядная варажба

Другая Багатая куцця вядома як дзень варажбы. Варажылі толькі на гэтую куццю — 13 студзеня вечарам. Дзяўчаты збіраліся ў адной з хат.

  1. Насілі дровы ў хату, бяручы іх на рукі ў ахапак, колькі ўлезе. У хаце іх падлічвалі. Калі цотны лік, то дзяўчына пойдзе ў гэтым годзе замуж, калі няцотны — то не пойдзе.
  2. 2. Гэтак жа з частаколам. Колькі частаколін абдымеш. І падлічвалі: цотны ці не.
  3. Пад ложак на ноч ставілі пасудзіну з вадой, на якую зверху клалі дзве лучынкі ў выглядзе мастка і прыгаворвалі тры разы: «Суджаны, раджаны, перавядзі мяне праз масток». Болей ні з кім не размаўлялі і клаліся спаць. Калі ўначы прысніцца сон, што дзяўчыну праз масток праводзіць хлопец, то гэты хлопец будзе жаніхом.
  4. Перад сном бралі грабенчык і расчэсвалі косы, грабенчык клалі пад падушку прыгаварваючы тры разы: «Суджаны, раджаны прыйдзі косы расчасаць». Не размаўлялі і клаліся спаць. Хто прысніцца, той і будзе жаніх.
  5. Праз плот, або веснічку кідалі з нагі абутак, у які бок паказвае «носік» чаравіка, з таго боку і будзе жаніх.
  6. Ішлі па вёсцы і ў першага стрэчнага мужчыны пыталіся імя, такое ж імя і будзе ў жаніха.

Калядныя прыкметы

І на першую, і на другую, і на трэцюю Каляду выходзілі вечарам глядзець колькі зорак на небе. Калі на небе іх шмат, то будзе добры ўраджай. Калі на Каляды снег ляжыць «шапкамі» — будзе багата грыбоў. Курэй на Каляды кармілі ў крузе, каб летам не гублялі яйкі, а несліся толькі ў гнёздах.

(Зап. у 1996 г. Т. П. Савельеваў аг. Рассвет ад Анастасіі Іванаўны Макарэнка, 1925 г.н.)

Зялёная Тройца

Старадаўняе народнае свята Сёмуха або Тройца-Пяцідзесятніца, або Зялёная Тройца — свята развітання з вясной і сутрэча лета, свята расліннасці. Святкавалася праз 7 тыдняў ці праз 50 дзён пасля Вялікадня, таму і называецца «Сёмуха». Святкуецца яна ў гонар праслаўлення трыадзінства Божых Іпастасаў: Бога Айца, Бога Сына і Бога Духа Святога.

Свята Тройцы лічыцца прыстольным святам аг. Рассвет. Рыхтавацца да свята пачыналі з чацвярга. Гаспадары прыбіраліся каля хаты, у двары, чыста мылі падлогу ў хаце. Прыносілі галінкі клёну і вешалі ў хаце, сенцах, за абразамі, з вуліцы каля вокнаў, у хлявах (каб пабудовы не баяліся перуну). Сцежку да дома абстаўлялі папарна бярозкамі, падлогу ў хаце і сцежкі ўсцілалі аерам, праз сплецены з клёну вянок даставалі з калодзежа ваду і палівалі ёю грушы, вішні, яблыні.

 нядзелю існаваў абрад «ваджэння куста». А праходзіў ён так. Маладую дзяўчыну ўпрыгожвалі ў выглядзе куста (на галаве вялікі вянок з клёну, уся постаць дзяўчыны аздоблена галінкамі лісця бярозы, ліпы, клёну).

«Куст» з моладдзю і музыкамі хадзіў па дварах з песнямі:

Выйдзі, выйдзі, слаўная пані, з пакою.
Святочная дружына каля твайго дому.
Упрыгожым куста з самога клёну.
Выкінь, пані, хоць па залатому.
Упрыгожым куста з самога бэзу.
Выкінь, пані, кусту хоць на адзежу.

Заходзячы ў двор прыгаварвалі:

Выйдзі, выйдзі, наша пані, з пакою,
Да вынесь, вынесь тры рублі з сабою,
Да выкаць, выкаць тры бутэлі гарэлкі.
Прывялі куста рассветаўскія дзяўчаты.
А хлопцы даўсе дзівавалі,
Што дзяўчаты хораша кустубралі.
Да на нас вянкіўсе кляновыя,
А сукенкі на нас усе шаўковыя.
Ой, дзень добры, ды наш пане, да хаты,
Ой, ці ж вяліш нашай дружыне стаці.
Добрае слова сказаці, дабра пажадаці.
Дзе куста водзім,
Там пшанічка родзіць.
А хто лісточак з куста сарве,
Той у гэтым годзе замуж пойдзе.
Вынесь нам гаспадынька белы сыр, белы сыр!
Будзе ў цябе гаспадынька ў хаце мір, у хаце мір.
А калі дасі яйка, будзе ў хаце чарка.
Мы здароўя вам жадаем
На свята Тройцу запрашаем!

Павадзіўшы па вёсцы куста, збіраліся на пляцоўцы, дзе ладзілі танцы, гульні. Так як царквы ў вёсцы не было, то запрашалі бацюшку з Парыч. Бацюшка асвяшчаў жытнёвае поле. Лічылася, што гэта засцеражэ яго ад граду, навальніцы, засухі, полымя. Потым бацюшка служыў абедню ў адной з хат, дзе потым яго і частавалі, запрашаючы суседзяў і радню. Абавязковай стравай на Тройцу была яечня, таксама вараная капуста, свіное мяса, грэчневая або прасяная каша з маслам, бліны.

Дзяўчаты-сяброўкі на Тройцу «куміліся».

Пойдзем, дзеванькі,
Пойдзем, дзеванькі, мыў гай гуляць.
Да вянкі заў’ем, да наўсе святкі,
На духоўскія, да пятроўскія.
Ой, што Дух Тройца — то субор дзеўкам.
Ой, не радуйся, зялёны дуб,
Не к табе ідзём вянкі віць.
Ой, узрадуйся, бяроза белая,
Мы к табе ідзём вянкі віць.

Пад адной са звязаных за вяршыні бярозак цалаваліся. Лічылася, што пасля гэтага павінны былі спрыяць адна адной да наступнай Сёмухі. Пакуміўшыся, вадзілі карагод:

У нас ідзе карагод, карагод,
Усе дзевачкі напярод, напярод,
А хлопчыкі за намі,
Маргаючы вачамі.
Дзе карагод ходзіць,
Там жыта родзіць,
А дзе карагод не бывае,
Там жыта вылягае.

А яшчэ на Тройцу даведваліся, якое будзе лета. Для гэтага зсечаную бярозу ставілі ля акна, калі бярозка за тры дні засыхала, то лета будзе сухое, а калі не, то лета будзе даждлівае.

У суботу хадзілі на могілкі і абмяталі бярозавымі венікамі магілкі продкаў. За святочнымі сталамі адкладвалі па тры лыжкі з кожнай стравы памершым. Так паміналі продкаў.

Усе траецкія абрады і звычаі мелі мэту ўздзейнічаць на ўрадлівасць, захаванне здароўя людзям і жывёле ў гаспадарцы.

(Зап. Т. П. Савельева ў аг. Рассвет ад Матруны Кузьмінічны Голуб, 1911 г.н.)

З сямейных абрадаў найбольш маляўнічым было і застаецца вяселле. Вясельныя абрады можна падзяліць на перадвясельныя (сватаўство, заручыны) і ўласна вяселле (суборная субота, выпяканне каравая, пасад, сустрэча дружын маладых, звядзенне маладых, дзяленне каравая).

Сватанне

Абрад сватання — перадвясельны абрад, у час якога сваты — выбраныя прадстаўнікі ад пэўнай сям’і і роду — дамаўляліся з бацькамі, якія мелі дарослую дачку, каб тыя выдалі яе замуж за хлопца, род якога яны прадстаўлялі.

Сваталі дзяўчат звычайна ад Тройцы i да Пакроваў, што адзначаюцца 14 кастрычніка.

Ехалі сватаць дзяўчыну абавязкова на конях. Прыехаўшы да дзяўчыны, сваты не заходзілі ў хату, а пачыналі гаманіць паміж сабою ў яе двары так, каб пачулі гаспадары.

Зайшоўшы па запрашэнню гаспадара ў хату, размову за сталом вялі сваты ад хлопца і бацькі будучай нявесты. Потым запрашалі жаніха і нявесту, каб пачуць і іх згоду на рашэнне бацькоў.

Калі ж сватам нехта пераходзіў дарогу, а тым больш з пустымі вёдрамі, ці прабягала ў перадзе праз дарогу кошка, то ўся дружына вярталася назад.

У народзе таксама лічылі, што ў сваты лепш выязджаць маладзіком. У народзе казалі: «Суджанага і канём не аб’едзеш».

Заручыны

Абрад «Заручыны» — перадвясельны, на якім сустракаліся род жаніха і род нявесты, каб даць сваю згоду на шлюб маладых і абмеркаваць пытанні, звязаныя з правядзеннем вяселля. Заручыны праводзіліся ў хаце нявесты на працягу тыдня-двух пасля прыезду сватоў. На пачатку застолля дамаўляліся аб пасагу, які бацькі павінны даць дзяўчыне. У час заручын маладыя абменьваліся пярсцёнкамі.

Вяселле

Вяселле — сямейны абрад, які праводзіцца з выпадку заключэння шлюбу паміж хлопцам і дзяўчынай і пачатку іх сямейнага жыцця.

У першы дзень вяселля, адразу пасля поўдня, жаніх з сваёю дружынаю выязджаў да маладой. Дзяўчаты ў гэты час адводзілі маладую ў адну з суседніх хат, каб апрануць у вясельнае ўбранне і схаваць ад жаніха.

Малады браў з сабою сяброў-шафераў і ішоў шукаць маладую. Калі ж урэшце яны траплялі ў хату, дзе была нявеста, то за дзвярыма перад парогам у сенцах далейшы праход быў перагароджаны сталом або лаваю, за якой кучкаю стаялі дзяўчаты. Яны не пускалі хлопцаў далей у хату і патрабавалі выкуп за сяброўку-нявесту.

Атрымаўшы благаславенне бацькоў на вянчанне, маладыя тройчы цалавалі абраз і выходзілі з хаты ў двор.

У час вянчання па тым, як гарэлі свечкі ў маладых, гадалі аб іх будучым лёсе.

Пад час вянчання маладыя ехалі разам на першай павозцы, з імі побач сядзелі хросныя бацькі і старшыя шаферы.

Бацька і маці сустракалі маладых каля хаты, маці брала хлеб і давала ўкусіць з цэлага бохана спачатку «доньцы», а потым — зяцю: так па чарзе яна падносіла бохан да кожнага з іх тры разы. Потым маладыя ішлі па разасланай дарожцы ў суправаджэнні бацькоў у хату.

Трэцяе і апошняе застолле ў хаце дзяўчыны-нявесты пачыналася з дзялення караваю. Хутка маладыя ўставалі з-за стала і збіраліся ад’язджаць да маладога.

Развітанне дзяўчыны з роднай хатай і бацькамі суправаджалася слёзнымі галашэннямі дачкі і яе маці.

Як і ў першы дзень, вяселле ў маладога таксама праходзіла з трыма застоллямі. Але вянчальнае плацце і вянок на другі дзень маладая ўжо не апранала.

Госці віншавалі маладажонаў, танцавалі, спявалі, весяліліся.


Аўтар:
Тамара Савельева
Крыніца: Традыцыйная культура і дзеці: праблемы этнавыхавання: матэрыялы V Рэспубліканскай навук.-практ. канф. (г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл., 20 чэрвеня 2018 г.) / укл. А. Ю. Лозка; рэдкал.: В.М. Грышкевіч [і інш.]. — Мінск: ІВЦ Мінфіна, 2018. — С. 276-282.