Хуткацечная бурштынавая Прыпяць, натоленая прытокамі ад вытока да вусця, спяшаецца да Дняпра праз гаі, бары і дубровы Палесся. Там, дзе незамярзаючая і ў пякучыя маразы жвавая рачулка Нараўлянка ўпадае ў Прыпяць, стаіць горад Нароўля — раённы цэнтр аднаго з самых паўднёвых раёнаў Гомельшчыны.
Кальцаваўся летапіс Палесся
У памяці вячыстае дубоў.
Залатыя далі паднябесся
Кольцамі ляглі ў надзейны схоў…
Мяне, як мастака і паэта, заўсёды вабіць і цягне да сябе Палессе: Тураў, Лельчыцы, Мазыр, Нароўля… Прыгажосць і самабытнасць, гасціннасць і мудрасць палешукоў насычаюць сілай і душу, і цела. Для мяне асабіста няма нічога больш прыгажэйшага, любага і роднага, чымся гэтая гаючая зямля — Палессе.
Нароўля… Калі бываю тут, перш за ўсё іду ў стары парк, што на беразе Прыпяці. Адчуваецца, што праектаваў і закладваў яго разумны і заможны гаспадар. Кожная дробязь, якая яшчэ нейкім чынам захавалася з пачатку ХІХ стагоддзя, нагадвае аб гэтым. Нібы сапраўдны цуд, стаіць белым лебедзем альтанка-маяк, не кранутая супярэчлівым часам, углядаючыся за далягляды стагоддзяў… Аб чым ёй мроіцца? Вядома ж, — аб светлым мінулым… Аб чым жа яшчэ, калі так моцна цісне Чарнобыль, які зусім побач… Шмат нараўлян параскідаў ён па свеце, але шмат і засталося, бо няма сілы паабрываць ад сэрцаў карані радаводаў, што гудуць напятымі струнамі аб мінулым…
Сядзібны парк як нішто іншае нагадвае непарушную сувязь часін. Зараз мне хочацца расказаць землякам аб гэтым помніку гісторыі еўрапейскага ўзроўню. Мае веды аб ім склаліся з размоў у вандраваннях, кніг і перыёдыкі. Самым цікавым вытокам за апошні час стала ксеракопія главы “Narowla” з кнігі (Aftanazi Roman. “Dzjeje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej” Wydanie drugie. T.1.Warszawa, 1991), набытая нараўлянскай цэнтральнай бібліятэкай праз Польскую нацыянальную бібліятэку. Аб’яднаўшы намаганні, бібліятэкары і дасведчаныя жыхары Нароўлі пераклалі з польскай мовы гэты гістарычны матэрыял. Шмат новага і пазнавальнага адкрылася дзякуючы яму. Зараз і я другімі вачыма гляджу на сядзібу Горватаў…
Давайце разам пройдземся яе сцяжынкамі, а я, з Вашага дазволу, буду экскурсаводам. Калі ласка, наперад!
Шмат чаго здарылася на нараўлянскай зямлі… Час ад часу яна, як і ўсе суседнія землі, пераходзіла пад уладу мацнейшых. Яна ўваходзіла ў склад Кіеўскага княства, Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі…
Першым гаспадаром Нароўлі і наваколляў быў маршалак мазырскі Рафал Аскерка (1708 -1767). Прыблізна ў 1760 годзе ён у Нароўлі пабудаваў царкву для мясцовых праваслаўных вернікаў. Потым Нароўля перайшла яго сыну — Яну Аскерку (1735 – 1796), стражніку Літоўскаму. У 1810-1820 г.г. Нароўлю і навакольныя землі купіў прадстаўнік старажытнага дваранскага роду, харужы Кіеўскі, граф Аляксандр Горват у паноў фон Гольстаў і ў нашчадкаў графа Арлова. Гэты багаты набытак ён адразу размеркаваў паміж чатырма сынамі.
Мястэчка Нароўля адышло Даніэлю Горвату, разам з мястэчкам Каралін (зараз Ельск) і 20 вёскамі. Новы гаспадар пабудаваў у Нароўлі цудоўны палац па-над Прыпяццю. Вялізны, прыгожы, мураваны, двухпавярховы…
Вось з гэтага месца і пачынаецца наша паўвіртуальная экскурсія па колішняй сядзібе Горватаў. Франтон палаца, скіраваны на поўдзень, упрыгожваюць тры скульптуры ў гарманічным адзіным архітэктурным ансамблі… Парадны пад’езд мае навес, які служыць сховішчам для коней і брычак. Да яго вядуць шырокія мураваныя сходы, уманціраваныя ў рамы цокаляў, на якіх ляжыць пара ільвоў… Не трэба баяцца — яны з бронзы. На паўкруглым полі фамільны герб з літарамі “D.І.Н.” і дата 1850 г., што азначае: “Dаniel, Ifedanij Horvat” і год пабудовы палаца. Увесь франтон упрыгожаны пілястрамі…
Інакш выглядае паўночная частка палаца, дзе ў сярэдняй частцы вылучаецца двухконтурны порцік, складзены з дзвюх частак. Ніжняя складаецца з бакавой кладкі, па фронту два філяра ў выглядзе квадрата, па баках — два прамавугольныя, на якія абапіраюцца асновы дзвюх пар іянічных калон, а на квадратным знаходзяцца адзіночныя калоны верхняй часткі порціка. Ніжняя частка размешчана накшталт франтоннай, з такімі ж, але больш высокімі сходамі. На фланкорных цокалях знаходзяцца два сфінксы. Порцік вянчаецца трохкутным шчытом. Акрамя пілястраў банічнага і іянічнага стыляў кансолі, упрыгожваюць ляпныя аздобы, абрамляючыя праёмы вокнаў. Дах палаца даволі нізкі, чатырохскатны, крыты фарбаванай бляхай ружовага колеру.
А зараз запрашаю ўсіх у палац… Ва ўсіх залах быў пакладзены паркет з мноства парод драўніны розных колераў і адценняў.
Таму, калі ласка, здымем абутак і надзенем мяккія пантофлі. Унутранае ўбранства вельмі багатае, класічнага стылю. У сярэдняй частцы размяшчаецца зала на ўсю шырыню порціка франтона, прымыкаючая непасрэдна да велізарнай бібліятэкі.
Бібліятэка зачароўвае сваёй унікальнасцю і прыгажосцю. З яе ёсць выхады на зашклёную тэрасу, мэбляваную на тры чвэрці вышыні кніжнымі шафамі адной мадэлі. Усе яны запоўнены тысячамі кніг, выдадзенымі ў XVIII-XIX стагоддзях. Тут ёсць кнігі па гісторыі, этнаграфіі і археалогіі Польшчы, Беларусі, Літвы і Расіі, “Гісторыка-статыстычныя матэрыялы, выбраныя з актавых кніг Віцебскай і Магілёўскай губерній”, — “Акты Віленскай камісіі”, “Памятныя кніжкі Мінскай губерніі”… Адукаваныя гаспадары робяць спробы скласці каталог і сістэматызаваць кнігі бібліятэкі, але не ўсе планы магчыма рэалізаваць…
Плафон бібліятэчнай залы распісаў алеем прыдворны жывапісец Марыян Зэгот Янушаціз па праекту швагера гаспадара дома,знакамітага польскага архітэктара і мастака Тадэуша Роствароўскага. Зала з трыма вокнамі, што направа ад бібліятэкі, — чытальня. Яе абстаноўка складаецца з зашклёных кніжных шафаў, у якіх захоўваюцца кнігі айчынных выдавецтваў, а таксама фігурныя шафы ў стылі Людовіка Філіпа з кнігамі французскага клуба. Шыфанеры, шафы і фатэлі абабітыя светлай скурай. На сценах экспануецца жывапіс фламандскай школы.
У кожнай зале разнастайныя свяцільні-жырандолі, апрацоўка дзвярэй, арыгінальныя каміны ў высокамастацкай кафлі, а сценыўпрыгожаны мастацкімі роспісамі пастэльных таноў. Усе дзверы двухстворкавыя, пад белым лакам, сярэднія часткі маюць пазалочаны рэльефны дэкор. Па правы бок ад вялікай залы размешчаны пакоі. Кожны з іх нясе адбітак модных стыляў ХІХ стагоддзя і з’яўляецца яркім прыкладам высокага мастацкага густу. Сярэдні пакой упрыгожваюць жывапісныя партрэты графаў роду Горватаў, напісаныя алеем. Пад кожным з партрэтаў каліграфічныя выслоўі…
Непасрэдна, побач з залай знаходзіцца “параднае файе”, а за ім пакой з шафамі, напоўненымі срэбнымі і фарфоравымісервізамі, а ў паўднёва-ўсходняй частцы ёсць жылы пакой, сцены якога скрозь абвешаны малюнкамі і скульптуркамі казлоў ісатыраў. Ля падножжа лесвіцы маленькі пакойчык, дэкарыраваны жахлівымі маскамі і надпісам “Няма граха без прычыны”…
Вялікая зала асвятляецца шыкоўнымі высока вісячымі люстрамі, якія размешчаны сіметрычна з комінам. На сценах экспануюцца старадаўнія, вельмі каштоўныя карціны польскіх майстроў жывапісу. Сярод іх партрэт Ядзвігі Аскерка-Горват, выяўленай у ружовым убранні, напісаны вядомым мастаком ХІХ стагоддзя Людамірам Яноўскім. Гэты партрэт на выставе ў Парыжы быў узнагароджаны Залатым медалём Парыжскай Акадэміі мастацтваў. Вельмі шмат, як вы ўжо заўважылі, у палацы графа Горвата зроблена цудоўным мастаком і архітэктарам Тадэушам Роствароўскім. А вось яшчэ і насценныя роспісы “Апалон і Музы”, “Вяртанне Дыяны з палявання”, “Эрас і Псіхея”… Ён распісаў авалы над люстрамі партрэтамі лепшых прыгажунь Нароўлі і наваколляў. Думаю, што менавіта яны натхнілі шляхетнага мастака на такую карпатлівую і шматгадовую працу…
Граф Горват іранічна называе гэтую залу імем жывапісца Тадэуша Роствароўскага. Акрамя выяў, ён зрабіў праект галоўнай брамы сядзібы Горватаў. Брама ўяўляе сабой два манументальныя слупы з каванымі карункавымі створамі для транспартных сродкаў і дзвух сярэдніх слупоў з каванымі форткамі для пешаходаў. На вяршынях брамных слупоў узвышаюцца дзве пары дарычных калон, увенчаныя гемсам. Ад брамы да палаца праз парк вядзе шырокая алея з таполяў…
Ну як, ці спадабаўся вам экскурс у мінулае нараўлянскай сядзібы Горватаў?
Лічу, што вытрымка з “Геаграфічнага слоўніка” за 1885 г. абагульніць мае меркаванні:
“…Гэты ў вышэйшай ступені прыгожы палац, пабудаваны неймавернымі намаганнямі і грашовымі сродкамі, відаць, наватзанадта шыкоўны для Нароўлі і крыху не гарманіруе з прыродай Палесся…”
Час зрабіў сваю справу, і палац усё страціў, засталіся толькі сцены і дзіравы дах… Шкада. Але нічога бясследна не знікае.
Вунь аднавіліся і Крыж Еўфрасінні Полацкай, і Бурштынавы пакой… Магчыма, і на сядзібе Горватаў адбудуцца нейкія зрухі ў лепшы бок.
Пажывем, пабачым…