У каляндарных святах беларусаў знаходзіць адбітак «гадавы віток зямлі вакол сонца, калі апошняе дае росквіт прыродзе і замарожвае яго надоўга восенню, каб адрадзіць для новага кола жыцця наступнай вясной» [1, с. 20].
Традыцыйныя беларускія святы падпарадкаваны земляробчаму і жывёлагадоўчаму цыклам і выразна падзяляюцца на восеньскія, зімовыя, веснавыя і летнія.
Вясенняе абуджэнне прыроды – гэта момант, калі чалавек імкнецца паўплываць на сілы прыроды; менавіта з гэтым перыядам звязаны шэраг абрадавых дзеянняў [2, с. 389].
У нашым даследаванні разглядаюцца асаблівасці правядзення старажытнага свята беларускага земляробчага календара ў гонар заступніка жывёлы і сялянскай нівы – святога Юрыя (Георгія) у Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці. Пасля прыняцця хрысціянства святому Георгію-пераможцу былі нададзены функцыі такога язычніцкага боства, як Ярыла.
Юрыю даручалі «адамкнуць зямліцу, выпусціць расіцу»1; «ён па межах ходзіць – жыта родзіць»; «па лужку ходзіць – каней пасвіць, кароў, бычкоў, цялятак пасвіць, запасаць – ліхадзеяў замаўляць» (зап. у в. Дуброва ад Г. М. Купрацэвіч).
Як вядома, «існуе два святы Юрэя: увесну (6 мая) і ўвосень (9 снежня)» (зап. у в. Дуброва ад Г. М. Купрацэвіч); «пра Юр’я е така прыказка: два Юр’і – два дурні, адзін – халодны, другі – галодны. Первым Юр’я лічыцца 9 дзекабра, а другім – 6 мая» (зап. у в. Кольна ад М. П. Уласавай).
Запасаў корму павінна было хапіць як мінімум да гэтага свята: «Да Юр’я патрэбна, каб сена было і ў дурня» (зап. у в. Боркі ад В. Д. Няшэвіч), таму менавіта да Юр’евага дня «прымяркоўваўся першы выган статка ў поле, на “юр’еву расу”, якой у народных вераваннях надавалася цудадзейная моц» [3, с. 419]: «Гаспадары ў гэты дзень выганялі жывёлу зарань вельмі, на Юраўскую расу. Тады будзе вельмі многа малака. Людзі вельмі верылі ў сілу Юраўскай расы. Калі скаціна паесць гэтай травы, тады будзе яна здаровая.
Расу шчыталі палезнай і для людзей. Ёй абмывалі хворыя часткі цела, вочы, змешвалі яе з святою вадою, якую свяцілі на Вадохрышча і прыскалі ёю жывёлу» (зап. у в. Рудня ад М. С. Пракаповіч); «таксама на Юр’я ўсе стараліся абмачыцца расою, каб быць здаровым увесь наступны год. Лічылася, што калі расы не будзе, то не будзе ў гэтым годзе і ўраджаю» (зап. у в. Боркі ад В. Д. Няшэвіч).
З Юр’ем звязана вялікая колькасць ахоўных і прадуцыравальных абрадаў.
Гаспадыня загадзя рыхтавалася да выгану каровы на пашу: «На “Хрэсцы” – рэлігіёзнае свята, пяклі спецыяльны “хрэшчык” для выгану каровы на пашу, яго асвяшчалі ў царкве. Гэта рытуальнае печыва ў выглядзе крыжыка, упрыгожанае сухімі ягадамі чарнікі» (зап. у в. Старажоўка ад Г. І. Леўкавей, В. П. Аліфіравей, Н. М. Рыдзецкай). Карову спачатку акраплялі асвячонай вадой, давалі ёй з’есці «хрэшчык», абціралі тканым ручніком, гаворачы словы замовы: «Госпаду Богу памалюся, Прачыстай Божай Маці пакланюся. Прачыстая Божая Маці з прыстолу ўстала, мою короўку Рабку ў чэрэду ўганяла. Iдзi, кароўка, у чэрэду, а сам Господ по перэду. З перэду прыпу нясе, з заду подганяе, злого духа не подпускае. Ідзі, короўка, у чэрэду, травіцу поедай, водзіцу попівай, а после чэрэды да домоў ідзі» (зап. у в. Старажоўка ад Г. І. Леўкавей, В. П. Аліфіравей, Н. М. Рыдзецкай).
Кожная гаспадыня жадае, каб яе карміліца не хварэла, давала шмат малака, прыходзіла толькі да свайго двара. Таму, каб «не лёг на яе кароўку дурны дух, каб аберагчы ад дурнога вока», перш чым выгнаць карову з хлява, гаспадыня працягвала перад дзвярыма ланцуг, а на парозе клала замок ці які-небудзь прадмет з жалеза – сякеру, скабу, касу, серп (зап. у в. Старажоўка ад Г. І. Леўкавей, В. П. Аліфіравей, Н. М. Рыдзецкай); «калі з хлява выпускалі, то клалі сякеру ойстрым к карове, каб усё ойстрэ прапало. Калі ў хазяйстве было 2 каровы, то на Юр’я гаспадыня прытульвала гэтыя хвасты адзін да другога і трошкі церла адзін аб аднаго. Пасля гэтага кароўкі ўсягда разам хадзілі» (зап. у в. Кольна ад С. Ц. Гаўрыловіч); «каля падваротніцы клалі замок. Трэба было, каб карова цераз яго пераступіла. Рабілі гэта для таго, каб ведзьмы малако не забіралі» (зап. у в. Боркі ад В. Д. Няшэвіч); «у гэты дзень хазяйка сваю жыўнасць далжна накарміць, напаіць добра і смачна і абвесці вакол свайго сарая (калі гэта карова) з той мэтай, каб дзяржалася свайго двара» (зап. у в. Кольна ад М. П. Уласавай).
Г. М. Купрацэвіч з вёскі Дуброва расказвала, што перад выганам статка на пашу гаспадыні абыходзілі жывёлу тры разы і абкурвалі яе купальскімі галінкамі, травамі, а пад парогам закопвалі курынае яйка – сімвал плоднасці: «На Юр’я обрэзалі хвосты каровам. А некаторыя хазяйкі, як выганялі з двара кароўку, то клалі на землю ветачку свечонай вербы і стараліса паганяць кароўку свечонай ветачкай. Это, коб не зурочылі і не прыбіралі чаго» (зап. у в. Пухавічы ад Я. П. Субат); «абавязкова карову выганялі з асвячонай вярбою, якую свяцілі ў царкве на Вербніцу, са словамі: “Не я б’ю, верба б’е. Ідзі, короўка, у чэрэду, сам Господ по перэду. Хвоснікам отмахніса, рожкамі отколіса, з Госпадам Богам і молочком у здравіі домоў вороціса. Не я б’ю, верба б’е, ідзі, кароўка, у чэрэду, сам Господ по перэду, там ты наедайса, і домоў вяртайса”» (зап. у в. Старажоўка ад Г. І. Леўкавей, В. П. Аліфіравей, Н. М. Рыдзецкай).
Юр’е лічылася святам пастухоў. Н. Ю. Шапавалава з вёскі Азяраны Жыткавіцкага раёна расказвала, што пастух павінен быў абысці тры разы ўвесь статак, падысці да кожнага хлопчыка-падпаска, а затым усе разам з’ядалі яешню.
Вечарам гналі жывёлу назад у вёску, дзе пачыналіся спевы і ваджэнне карагодаў: «Пастухі ўсе пазбіраюцца: і жанчыны, і мужчыны, і малые, наберуць еды, гарэлкі і замочвалі первы дзень прыпасвання кароў. Пелі песні разные застольные, беседные, хто екіе знаў» (зап. у в. Пухавічы ад Я. П. Субат).
На Юр’е здзяйсняўся абрадавы абыход палёў, варажылі на будучы ўраджай [3, 419]: «Юр’е – это празнік, на екі хазяева начыналі планіраваць сваю работу па хазяйству. Обычно ў эты дзень, 6 мая, людзі рабілі агляд сваёй зямлі, планіравалі, што дзе будуць садзіць» (зап. у в. Пухавічы ад Я. П. Субат). Для гэтага выпякалі спецыяльны каравай (карагод) на хмельных дражджах «дзеля того, каб ураджай рос і віўся ў каласкі так, як хмель» (зап. у в. Пагост ад К. А. Паньчэні). Каравай выпякала жанчына, якая жыла ў дастаку, у пары, усе дзеці якой былі жывыя. Калі каравай быў гатовы, то збіраліся жанчыны, каб упрыгожыць яго кветкамі. Адзін з мужчын выразаў тры галінкі з дрэва слівы абавязкова з двума (па іншых версіях – трыма) галінкамі. Гэтыя галінкі ўтыкалі ў хлеб, упрыгожвалі кветкамі і стужкамі з паперы. Потым яго ставілі на ўсыпанае хмялёвымі лісточкамі века дзяжы. Таксама бралі граблі і рыхтавалі два фартухі – чырвоны і зялёны. У адных вёсках карагод і граблі з фартухамі абавязкова неслі мужчыны, у іншых – хлопец нёс карагод, а дзяўчына – граблі з фартухом. Калі ішлі на поле, на граблі вешалі зялёны фартух, з поля – чырвоны. Зялёны фартух сімвалізаваў добры ўраджай, чырвоны – дабрабыт гаспадара, прыбытак у хляве, моцнае здароўе ўсёй сям’і. «Калі заходзілі да поля, то чакалі, пакуль поп абойдзе поле з малітваю і царкоўнай песняй. Потом жанчыны пачыналі вадзіць юраўскі карагод, прасіць дапамогі ў Бога, каб той даў добры ўраджай і каб дазволіў вадзіць карагод» (зап. у в. Пагост ад К. А. Паньчэні); «адзін мужчына нясе граблі, другі – каравай.
Гэтыя два мужчыны станавіліся ў сярэдзіне, астатнія кругом, замыкаючы круг.
Тыя, што ў крузе, па гадзіннікавай стрэлцы, тыя, што звонку – супраць. Гэты карагод звычайна вадзілі ў жыце» (зап. ў в. Рычоў ад Г. М. Рыдзецкай); «на поле іх ажыдаў бацюшка-поп. Поп чытае сваю малітву, спявае сваю бажэственную песню, заклікае Юр’я і Госпада Бога, шоб дожджычок прайшоў, шоб пшаніца не повяла, шоб яна добра расла. А потом пасля папа булі на поле жанкі. I карагода ставілі ў сярэдзіну, з граблямі водзяць вакол іх карагод па полю з песнямі» (зап. у в. Чэрнічы ад М. Д. Юнчыц).
У вёсцы Хваенск малады прыгожы хлопец нёс каравай, а дзяўчына – граблі з фартухом. Адна з жанчын пачынала песню-заклікалку, каб усе астатнія чулі і таксама збіраліся на карагод. «Усе гавораць такія словы: “Давайце заспяваем песню, каб усе гаспадары чулі і разам з намі пайшлі ў поле Юр’я праслаўляць, карагод гуляць. Дазволь карагод вадзіць, поле ўслаўляць і Юр’я праслаўляць. Ваша жыта ўрадзіцца, прыйдзем разам падзяліцца. Гуляйце, спявайце, дзе ж карагод ходзіць, там Бог жыта родзіць, а дзе ж не бывае, там улягае”». На полі ўсе становяцца так, каб хлопец і дзяўчына былі ў цэнтры. Хлопец падымае каравай вышэй галавы і апускае на працягу ўсёй песні (зап. у в. Хваенск ад М. Д. Скрыгалоўскай) З песнямі і танцамі вярталіся ў вёску, абыходзілі кожны двор і вадзілі карагод гаспадару, жадалі яму дабрабыту, здароўя, добрага ўраджаю, усяго найлепшага: «Хвартухамі махаюць у вокны. Калі ў каго хто памёр, то махаюць белым хвартухам, у іншым выпадку – чырвоным» (зап. ў в. Хільчыцы ад А. А. Мароз). У знак падзякі гаспадары давалі пачастункі: яйкі, хлеб, сала, гарэлку, усялякія прысмакі. Калі быў закончаны абыход усіх двароў, збіраліся ў чыёй-небудзь хаце, наймалі музыку і на ўсю ноч наладжвалі гулянне (зап. у в.
Пагост ад К. А. Паньчэні). «Патом паходзяць па полю і ўжэ сабіраюцца ісці ў сяло з поля. I начынаюць ад першай хаты і по ўсём сялу, кожнага двара не мінаючы, ходзяць па кожнаму двару. I от як ужэ прыходзяць к хазяіну, то кажуць: “Юр’я прыйшло, свята прынясло, адчыні дварыцу, выпусці расіцу. Ці можна, гаспадар, карагод павадзіць, Юр’я поспяваць і гаспадара паслоўляць?” – I ўжэ гаспадар отвечает: – “Можна, можна. Мы вас ждалі!”. I тады ўжо начынаюць вадзіць карагод і песню спяваць. А песня була адна. Гэту песню спявалі ў кожным двары» (зап. у в. Чэрнічы ад М. Д. Юнчыц); «Калі спявалі карагод, давалі людзі яйкі, грошы. За грошы наймалі гарманіста, а яйкі закопвалі ля хлява, каб вялася год жывёла» (зап. у в. Рычоў ад Г. М. Рыдзецкай). «I от у Погосці до цеперашняга дня гэты обрад спраўляецца кажды год, і яго такая акціўная форма, шо яны не могуць. Яны кажды год водзяць корогод. І вы знаеце шо, от як не прыйдуць у чый-небудзь двор, не дай бог, то людзі ўже обіжаюцца. Ну, есцественно, гаспадар стараецца даць шо-нібудзь тым, хто водзіць корогод» (зап. у в. Сямурадцы ад Г. П. Лой).
Н. Ю. Шапавалава з вёскі Азяраны Жыткавіцкага раёна расказвала, што на Юр’е дзяўчаты рабілі абрадавы абыход двароў: «Святочна апранутыя дзяўчаты збіраліся ў адной хаце, пяклі пірог з пшанічнай мукі, рабілі з галіны і чырвонай тканіны сцяг і ўтыкалі яго ў пірог. Наперадзе станавіўся хлопец з пірагом і сцягам, за ім – гурт дзяўчат, якія спявалі, а ўжо за імі – гурт хлопцаў. Яны абыходзілі ўсю вёску, заходзілі ў двары, дзе спявалі і вадзілі карагод».
Прыведзены матэрыял аб святкаванні Юр’я ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці дазваляе зрабіць наступныя вывады:
– Юр’е – старажытнае свята земляробчага календара ў гонар заступніка свойскай жывёлы і гаспадаркі, які ў хрысціянстве атрымаў назву святога Юрыя (Георгія). У язычніцкім пантэоне апекуном жывёлы быў Вялес, а богам урадлівасці, апекуном сялянскай нівы – Ярыла;
– веснавое свята Юр’е спалучае ў сабе язычніцкія і хрысціянскія элементы;
– на свята выконваліся ахоўныя і прадуцыравальныя абрады;
– магічнымі дзеяннямі суправаджаўся першы выган жывёлы ў поле: святаянскія зёлкі, асвечаная ў царкве галінка вярбы, замок і вырабы з жалеза (замкнуць ваўкам зубы, зберагчы жывёлу ад дзікіх звяроў); юр’еўская раса (засцерагае ад ведзьмаў, спрыяе высокім надоям); яйка – «каб заткнуць ім ваўку пашчу і каб каровы былі круглыя і поўныя» [4, с. 573];
– на Юр’е выконваецца абрад агледзін нівы – выпечка спецыяльнага каравая, ваджэнне карагоду ў полі і абход двароў, частаванне;
– Юр’е – свята пастухоў, якія выконвалі розныя магічныя дзеянні, каб засцерагчы статак ад шкоды; абавязковае частаванне яешняй як «рэліктавае праяўленне ахвяравання богу свойскай жывёлы» [4, с. 577].
Такім чынам, веснавое свята Юр’е знамянуе сабой сапраўдны пачатак вясны, напоўнены «шматлікімі абрадавымі дзеяннямі, песнямі, павер’ямі, прыкметамі апатрапеічнага і заклікальнага характару» [4, с. 573].
Літаратура
- Ліцьвінка, В. Д. Святы і абрады беларусаў / В. Д. Ліцьвінка. – Мінск: Беларусь, 1998. – 190 с.
- Зеленин, Д. К. Восточнославянская этнография / Д. К. Зеленин. – М.: Наука, 1991. – 511 с.
- Народная культура Беларусі: энцыклапедычны даведнік / пад агульн. рэд. В. С. Цітова. – Мінск: БелЭн, 2002. – 432 с.
- Беларуская міфалогія: энцыклапедычны слоўнік / С. Санько [і інш.]. – Мінск: Беларусь, 2004. – 592 с.
1 У артыкуле выкарыстаны матэрыял архіва кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны»
Аўтар: А.М. Палуян
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 20 / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А.І. Лакотка. – Мінск: Права і эканоміка, 2016. – С. 405-409.