Юбілейны Фэст экскурсаводаў пройдзе ў Беларусі 13-14 красавіка

0
1135
Фэст экскурсаводаў 2019

18 красавіка ва ўсім свеце па ініцыятыве ЮНЭСКА адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і мясцінаў. У Беларусі да гэтага свята прымеркаваны Фэст экскурсаводаў, падчас якога бясплатна можна трапіць на самыя разнастайныя ўнікальныя экскурсіі па ўсёй краіне, а таксама ў замежжы.

Кожны дзень, ідучы на працу ці заняткі, мы абмінаем унікальныя помнікі культуры, архітэктуры, прыроды, але нават не здагадваемся пра гэта. Дзякуючы Фэсту экскурсаводаў ёсць магчымасць звярнуць увагу беларускага грамадства на тыя помнікі, якія знаходзяцца побач з намі. Часам мы нават не ўяўляем, наколькі багатая гісторыя тых месцаў, дзе мы жывём, працуем ды звыкла бавім свой час. Веданне гісторыі свайго краю, раёна, горада, вёскі – гэта падстава для гонару сваёй Радзімай! Вандроўкі ў межах Фэста – гэта не толькі пра велічныя замкі і манументальныя палацы, але і пра дарагія сэрцу невялікія дамкі, заняпалыя сядзібы – усё, што стварае непаўторнасць роднага краю.

Сёлета Фэст экскурсаводаў юбілейны: свята, якое адбудзецца 13-14 красавіка, ладзіцца ў дзясяты раз. У яго межах адбудуцца шматлікія экскурсіі па ўсёй краіне, таксама чакаюцца вандроўкі па беларускіх мясцінах у замежжы. Падрыхтаваны і юбілейныя навінкі: квэсты для дзяцей і дарослых, незвычайныя маршруты па «звычайных» мясцінах. Пашырыцца і разнастайнасць экскурсій. Вандроўкі ў межах Фэста запланаваны дзіцячыя, храмавыя, тэматычныя, экскурсіі для людзей з інваліднасцю, экскурсіі на прамысловыя прадпрыемствы.

Стваральнікі Фэста экскурсаводаў не ставяць сабе мэту павялічыць колькасць бясплатных экскурсій, але будуць больш пільна адсочваць іх якасць. Традыцыйна экскурсіі ў межах Фэста экскурсаводаў могуць праводзіць не толькі прафесійныя экскурсаводы, але таксама выкладчыкі гісторыі, краязнаўцы, даследчыкі пэўнай эпохі, асобы, тэматыкі ці рэгіёна. Таму часта ў Фэсце прымаюць удзел мастацтвазнаўцы, гісторыкі, культуролагі, архівісты, архітэктары, рэстаўратары і іншыя спецыялісты. Такія экскурсіі заўжды адметныя і папулярныя, бо на іх можна дазнацца каштоўныя звесткі пра той ці іншы аб’ект ад сапраўдных прафесіяналаў сваёй галіны.

Ідэя Фэста экскурсаводаў нарадзілася ў 2009 годзе ў асяродку неабыякавых да гісторыі людзей, і з года ў год ён пашыраецца і выклікае вялікую цікавасць у наведвальнікаў. Адбылося ўжо дзевяць фестываляў, якія наведалі тысячы ўдзельнікаў, прайшлі сотні цікавых разнапланавых экскурсій. За гэты час у Фэста з’явіліся пастаянныя наведвальнікі і шматлікія прыхільнікі, якія з нецярпеннем чакаюць штогадовае свята экскурсій.

Арганізатарамі Фэста экскурсаводаў-2019 выступаюць Беларускі камітэт Міжнароднай рады па помніках і мясцінах (ІCOMOS), грамадскае аб’яднанне «Беларускi фонд культуры» і Нацыянальнае агенцтва па турызме.

Падрабязную інфармацыю можна даведацца па тэлефоне +375 29 863 21 50 (Таццяна Гайдук), а таксама на сайце фестываля festguides.by.

Каардынатарам Фэста экскурсаводаў на Гомельшчыне з’яўляецца Яўген Меркіс. Просьба інфармаваць яго па тэлефоне +375 44 7494166 або па адрасе homeltalaka@gmail.com аб тых экскурсіях, якія запланаваны ў нашым рэгіёне. Так будзе забяспечана магчымасць для лепшага інфармавання ўсіх зацікаўленых у іх наведванні.

Што трэба памятаць:

  • У межах Фэста экскурсаводаў зладзіць уласную экскурсію можа любы ахвотны. Для гэтага неабавязкова быць атэставаным экскурсаводам.
  • Экскурсія можа быць любога ўзроўня – ад аповеду пра ваш двор да больш глабальных вандровак па горадзе/вёсцы/раёне.
  • Гэта можа быць пешаходная экскурсія або на роварах – абмежаванняў няма. Галоўнае – даступнасць для патэнцыйных удзельнікаў.
  • Фокус экскурсіі можна вызначаць самастойна. Гэта можа быць аповед пра гісторыю мясцін або пэўных перыядаў, экскурсія па архітэктуры, вандроўка па цікавых аб’ектах прыроды або экскурсія пра птушак, звяроў ці дрэвы нашых паркаў. Абмежаванняў няма, таму далучыцца можа кожны ахвотны!
  • Не забыйцеся даслаць звесткі аб сваёй экскурсіі на сайт ФЭ і рэгіянальнаму каардынатару
  • Шэраг падказак і парадаў па правядзенні экскурсій заўжды можна атрымаць у рэгіянальнага каардынатара.
  • Запрашайце да ўдзелу і правядзення экскурсій сваіх знаёмых і сяброў.