Ён мог стаць канкурэнтам Бабруйска

0
174
Горад Казімір мог быць канкурэнтам Бабруйску

Горад Казімір, які стаяў у XVII стагоддзі на месцы вёскі Каралёва Слабада Светлагорскага раёна, у перспектыве мог стаць цэнтрам староства. Знойдзеныя на яго месцы археалагічныя знаходкі сведчаць, што мясцовыя майстры валодалі еўрапейскай тэхнікай вырабаў з шклу і гліны, а ў наваколлях вадзіліся мядзведзі і зубры. Аб гэтым беларускі археолаг Сяргей Рассадзін распавёў на сустрэчы з грамадскасцю Светлагорска.

9 красавіка 2007 года ў Светлагорскім райвыканкаме адбылася першая афіцыйная сустрэча грамадскасці горада, прадстаўленай мясцовай уладай, ветэранамі вайны, працаўнікамі культуры і адукацыі, інтэлігенцыяй, СМІ, з беларускім археолагам, прафесарам кафедры гісторыі і паліталогіі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта, сябрам Геральдычнай Рады пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Сяргеем Рассадзіным. Навуковец падрабязна распавёў аб выніках раскопак, праведзеных улетку 2006 года ў вёсцы Каралеўская Слабада, на месцы якой у XVII стагоддзі знаходзіўся горад Казімір, які валодаў магдэбургскім правам.

Па інфармацыі прафесара, у Еўропе яшчэ не было выпадкаў выяўлення раней невядомых гарадоў, да таго ж якія валодалі магдэбургскім правам. Горад Казімір быў заснаваны ў 1643 годзе на месцы сучаснай вёскі Каралёва Слабада Светлагорскага раёна дачкой аўстрыйскага імператара з роду Габсбургаў Цэцыліяй Рэнатай. У 1637 годзе яна, узяўшы шлюб з Уладзіславам IV Вазай, стала каралевай Рэчы Паспалітай, і ужо ў 1639 годзе Бабруйскае стараства перайшло ў яе валоданне.

Па словах Сяргея Рассадзіна, яго як навукоўца адразу зацікавіў той факт, чаму каралева Рэчы Паспалітай Цэцылія Рэната заснавала горад Казімір пад бокам у Бабруйска — цэнтра староства, які будзе “душыць” канкурэнта. Даследаваўшы гэтае пытанне, археолаг прыйшоў да высновы, што ўсё было наадварот. Гэта Казімір станавіўся сур’ёзным канкурэнтам Бабруйска і будаваўся як цэнтр рамесніцтва, які будзе забяспечваць таварамі староства, якое ў XVII стагоддзі займала вялікую тэрыторыю.

“Казімір, валодаючы магдэбургскім правам, — паведаміў прафесар, — набыў усе гарадскія атрыбуты: самакіраванне, права праводзіць кірмашы. А Бабруйск не меў такіх правоў да 1793 года і насіў статус мястэчка”.

Гэта наводзіць на думку: не загінь горад Казімір у 1655 годзе, ён непазбежна зараз быў бы па значнасці больш Бабруйска. 

Сяргей Рассадзін знайшоў у дакументах XVII стагоддзя імёны двух жыхароў горада Казімір, якія былі захопленыя ў палон казакамі Івана Залатарэнкі падчас руска-польскай вайны. Гэта Данііл Пац і Станіслаў Шчупак.

Прафесар зазначыў, што ўсе знаходкі на месцы Казіміра ўпісваюцца ў еўрапейскі кантэкст. Так, рэшткі посуду з шклу, якое ў XVIІ стагоддзі было вельмі дарагім і выкарыстоўвалася толькі ў гарадской мясцовасці, выканана па каталонскай тэхніцы. Рассадзін лічыць, што ёй валодалі выключна мясцовыя майстры. А тэхніка выканання ганчарных вырабаў, нагадвае адпаведную тэхніку аўстрыйскіх майстроў XVII стагоддзя. Гэта заўважылі навукоўцы Цэнтральнага Нямецкага інстытута археалогіі, дзе ў лютым 2007 года з паведамленнем аб Казіміры выступаў Сяргей Рассадзін.

Яшчэ адзін цікаўны факт: на месцы Казіміра былі знойдзеныя каля 50 фрагментаў костак жывёлін. Гэта, дазволіла высвятліць, што казіміраўцы ужывалі ў ежу мяса казуль, баброў, дзікоў, мядзведзяў і нават зубраў. Прафесар зазначыў, што ў XVII стагоддзі яны жылі ў наваколлях Казіміра.

Аўтар: Віктар Раманцоў, 2007 г.
Крыніца: Ранак-плюс. 2007. №15. С. 4.