Януш Радзівіл быў у Казіміры

0
166
Януш Радзівіл і гісторыя Беларусі ды горада Казімір, у якім ён бываў

Знойдзены новыя пісьмовыя звесткі пра горад Казімір, які існаваў у ХVII стагоддзі на тэрыторыі сучаснага Светлагорскага раёна. Ён згадваецца ў кнізе польскага гісторыка Вітальда Бярнацкага “Паўстанне Хмяльніцкага: ваенныя дзеянні ў Літве ў 1648–1649 гг.” (2006), якую сёлета ў перакладзе на беларускую мову надрукаваў мінскі часопіс “Архэ Пачатак” №1-2 .

Крыніцай новых пісьмовых звестак, якія пацвярджаюць існаванне ў ХVII стагоддзі на месцы вёскі Каралёва Слабада-2 Светлагорскага раёна горада Казімір, меўшага магдэбургскае права, стала апублікаваная ў 2006 годзе кніга польскага гісторыка Вітальда Бярнацкага (Witold Biernacki) пад назвай “Паўстанне Хмяльніцкага: ваенныя дзеянні ў Літве ў 1648–1649 гг.” Сёлета гэтае даследванне ў перакладзе на беларускую мову змясціў мінскі часопіс “Архэ Пачатак” №1-2. На публікацыю выпадкова звярнулі ўвагу светлагорскія краязнаўцы.

У сваёй кнізе Вітальд Бярнацкі апісвае, як гетман Вялікага княства Літоўскага – у мінулым беларускай дзяржавы — Януш Радзівіл (1612–1655) вядзе баявыя дзеянні супраць казакаў, пасланых Багданам Хмяльніцкім на тэрытрыю княства. Сярод неселеных пунктаў, дзе спыняецца галоўнакамандуючы ВКЛ з войскам, згадваецца Казімірава Слабада, якая знаходзіцца паміж Бабруйскам і Парычамі: “28 чэрвеня князь Януш Радзівіл дайшоў да Казімеравай Слабады, дзе стаяла харугва (рота) драгунаў лікам 100 жаўнераў на чале з капітанам Маенам. …Каб везці артылерыю па вузкіх балоцістых дарогах, патрабавала намаганняў коней і людзей. Вылучаныя дадаткова жаўнеры ішлі спераду, каб пры неабходнасці пашырыць ці выраўняць дарогу, засыпаць фашынай выбоіны, і збоку ці ззаду, каб падштурхнуць лафеты ці вазы, якія загразлі ў балоцістых каляінах. На ноч Януш Радзівіл спыніўся ў вёсцы Парычы на рацэ Бярэзіне, у двары, што належаў літоўскаму харужаму Яну Пацу. …29 чэрвеня Радзівіл выехаў з Парычаў, спыніўся на абед у Дудзічах. …На начлег князь затрымаўся ў Чарковічах”.(Архэ Пачатак. 2008. №1-2. С. 149.).

Няма ніякіх сумненняў, што ў гэтых радках кнігі гаворка ідзе пра населеныя пункты цяперашняга Светлагорскага раёна. Вось толькі дзе непадалёк ад Парычаў знахоздзілася Казіміравая Слабада? Яснасць у гэты пытанне ўносіць аўтар адкрыцця города Казіміра, доктар гістарычных навук, прафесар кафедры гісторыі Беларусі і паліталогіі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Сяргей Рассадзін у сваёй працы “Гербавы прывілей 1643 г. на магдэбургію г. Казімежу ў старостве Бабруйскім” (Беларускi археаграфiчны штогоднiк. Мн.2000. Вып. 2. С. 220).

“У рэвізскай казцы 1850 года і сама гэтая вёска, і маёнтак цалкам носіць назву Каралеўская Слабада, — піша вучоны. — Але ў 1834, і яшчэ раней, у 1811 яе ўладарамі, памешчыкамі Прушаноўскімі, тая ж вёска называецца не Каралеўскай, а менавіта Казіміраўскай Слабадою. Тую ж назву мае яна ў рэвізскай казцы 1795 года. Аднак там жа да гэтага дакумента ёсць дадатак з загалоўкам “Пераліковая ведамасць вёскі Каралеўская Слабада”.

На думку вучонага, яшчэ напрыканцы ХVІІІ стагоддзя ўжываліся две назвы ў адносінах да гэтага населенага пункта цяперашняга Светлагорскага раёна: Каралеўская Слабада і Казіміраўская Слабада. Але ўжо напачатку ХІХ стагоддзя замацоўваецца першы варыянт. Назва Казіміраўская Слабада ўзнікла пад уплавым назвы горада Казімір, які з’явіўся на месцы вёскі ў 1643 годзе, згодна прывілея каралевы Рэчы Паспалітай Цэцыліі Рэнаты. Горад меў магдэбургскае права, герб, ратушу, храм, але праіснаваў усяго 12 год і быў спалены казакамі Івана Залатарэнка падчас вайны паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай (1654 – 1667 гг.).

Аўтар: Віктар Раманцоў, 2008 г.
Крыніца: Ранак-плюс. 2008. №26. С. 3.