Як зносілі сцяну абаронцаў Гомеля

0
157
абаронцы Гомеля пакінулі надпісы на сцяне, але яе знеслі ў Гомелі

Сітуацыя з Вайсковымі могілкамі ў Мінску — не адзіны прыклад цынічнага стаўлення ўладаў да, здавалася б, «ідэйна блізкіх» помнікаў і датаў. У горадзе над Сожам была разбурана супрацьпажарная сцяна XIX стагоддзя з надпісамі, якія пакінулі абаронцы гораду ў часы Вялікай Айчыннай вайны.

Паскевічы і забудоўшчыкі

Ёсць у Гомелі вуліца Пляханава, размешчаная ў былым раёне «Спаская слабада». Да таго, як вуліца атрымала імя першага расійскага марксіста і галоўнага апанента Леніна, яна і называлася Спаскай. Да рэвалюцыі тут жылі стараверы, вядомы гомельскі архітэктар Станіслаў Шабунеўскі і працоўныя князя Паскевіча.

Дом на Пляханава, 10 быў тыповай сядзібай адносна заможных гамяльчан пачатку XX стагоддзя: складзены з чырвонай цэглы, з разьбяной каларытнай ліштвой. Два гады таму гэты дом, разам з часткай вуліцы, трапіў пад знос. Будынак да таго часу быў падзелены на некалькі домаўладанняў. Частка жыхароў пагадзілася на пераезд з цэнтра Гомеля ва ўскрайкавыя мікрараёны. Але адна жанчына з тых, што пражывалі ў доме, адмовілася наадрэз. Яна падала пазоў у суд і заяву ў Міністэрства культуры аб прысваенні сядзібе статусу помніка.

Яшчэ раней кампанію супраць зносу пачалі грамадскія актывісты. Паводле легенды мясцовых жыхароў, дом быццам бы належаў князю Паскевічу. Яшчэ тут быццам была княжая стайня.

Трэба адзначыць, што ў Гомелі ўжо даўно з дапамогай афіцыйных СМІ і адпаведных краязнаўцаў фармуецца сапраўдны культ Паскевічаў. Гэтыя буйныя памешчыкі, верагодна, падаюцца некаторым ва ўладзе «сацыяльна блізкімі». І сярод простых гараджан сталі памнажацца, як грыбы пасля дажджу, паданні а-ля: «Мой дзядуля выпіваў з Паскевічам», «Княгіня Ірына да маёй прабабулі на гарбату заязджала». Накшталт успамінаў тых некалькіх соцень чалавек, што разам з Леніным на суботніку бервяно неслі. Рэаліі таго часу і вядомыя адносіны арыстакратаў да простага народу тут у разлік не прымаюцца.

Таму легенда аб прыналежнасці дома на Пляханава непасрэдна да светлай княгіні Паскевіч-Эрыванскай, хутчэй за ўсё, з’яўляецца спараджэннем гэтай жа моды. Аднак у цэлым тут маглі пражываць слугі альбо працоўныя Паскевічаў.

Вуліца Пляханава ў Гомелі і забудоваАле сядзіба сапраўды з’яўлялася ўнікальным узорам дойлідства канца XIX — пачатку XX стагоддзя. На жаль, у наш час надаць ёй статус помніка гісторыка-культурнай спадчыны не ўяўляецца магчымым. Некалькі гадоў таму такім чынам актывісты «Талакі» і падобных арганізацый спрабавалі абараніць ад магчымага зносу драўляны дом на вуліцы Валатоўскай, дзе, па легендзе, жыла ў апошнія свае гады княгіня Ірына. Але, калі гаворка заходзіць пра камерцыйную забудову, адкідаецца і новаствораны культ Паскевічаў, і іншыя сантыменты. Грошы — важнейшыя. Дом на Валатоўскай знеслі, а на яго месцы збудавалі элітную «шматпавярхоўку» на продаж.

Адмоўлена было ў ахоўным статусе і дому на Пляханава.

Патрыятызм гамяльчан, «гульні падлеткаў» і чыноўнікаў

Але ў дома на Пляханава была яшчэ і не адна каштоўнасць. Па-першае, да яго прымыкала цагляная супрацьпажарная сцяна. Такія брандмаўэры ў XIX стагоддзі будавалі, каб прадухіліць распаўсюд пажараў, якія з’яўляліся сапраўдным бічом для драўлянага Гомелю таго часу. Фрагмент брандмаўэра на Пляханава — адзіная асобная супрацьпажарная сцяна якая захавалася ў Гомелі. Па-другое (і самае галоўнае) — на гэтай сцяне былі выяўлены надпісы, зробленыя ў час вайны: «Перамога будзе за намі, вораг будзе разбіты», «Памру, але не здамся», «16. VII-1941», імёны людзей, і гэтак далей.

Гэтыя надпісы грамадскія актывісты выявілі яшчэ некалькі гадоў таму. У незалежных СМІ з’явіліся публікацыі пра знаходку. У органы ўлады актывісты аргкамітэту па стварэнні Беларускага сацыяльнага руху «Разам» накіравалі адпаведны зварот, падкрэсліваючы неабходнасць захавання ўнікальнага помніка часоў Другой Сусветнай вайны. Пасля гэтага нават дзяржаўнае тэлебачанне зрабіла рэпартаж пра «Сцяну абаронцаў Гомеля».

Аднак некаторыя гісторыкі, якія далі афіцыйным журналістам каментары ў тым рэчышчы, што сцяну трэба захаваць, адразу ж сутыкнуліся з ціскам на працы. Гэты ўчастак ужо быў адведзены пад камерцыйную забудову…

Адначасова спецыялісты адной профільнай абласной установы, замест таго, каб прыняць усе меры да захавання рэдкага сведчання патрыятызму, сталі аспрэчваць сапраўднасць графіці. Па іх меркаваннях, яны былі нанесеныя не так даўно «гарэзлівымі падлеткамі». Зразумела, ніякіх навукова абгрунтаваных экспертыз пры гэтым зроблена не было. Затое нейкі «добраахвот» па-над старымі надпісамі надрапаў свежую: «Сямёну 1943». Верагодна, каб дыскрэдытаваць спробы адстаяць сцяну абаронцаў Гомеля. На фота, зробленых некалькі гадоў таму, гэтага надпісу не было.

Незалежныя эксперты кажуць, што надпісы былі зробленыя досыць даўно. Па-першае, пацямненне як пацёртасці, так і сцяны, прадрапанасць ліній вельмі аднастайныя. Старэнне ад часу ў практычна роўнай меры кранула і цэглы, і надпісы на ёй. Па-другое, некаторыя асаблівасці напісання, напрыклад, спалучэнне арабскіх і рымскіх лічбаў у датах, сведчыць на карысць іх даўнасці. Па-трэцяе — наўрад ці падлеткі змаглі б пакінуць запісы, якія перадаюць так востра ўнутраныя перажыванні чалавека ў абстаноўцы надыходзячай страшнай бяды. «Апошні дзень я спаў у сваім доме» — такія гучаў адзін з надпісаў.

У гады Вялікай Айчыннай на вуліцы Пляханава знаходзілася адна з нямецкіх спецслужбаў, тут праводзіліся катаванні і пакаранні смерцю патрыётаў.

Падавалася б, усё гэта дае падставы, каб сцяна была помнікам. Але…

Кампактны знос

Адзін з неабыякавых гамяльчан 29 ліпеня выпадкова заўважыў, што да дома на Пляханава прыбыла будаўнічая тэхніка. Туды неадкладна выехала група актывістаў, якія ў сваю чаргу паставілі ў вядомасць пра тое, што адбываецца, упраўленне культуры Гомельскага аблвыканкама і кіраўніцтва Гомельскага абласнога музея ваеннай славы. Да гэтага часу сама сядзіба была ўжо цалкам разбурана. Пра яе знос ніхто з краязнаўцаў і службовых асобаў профільных устаноў не быў пастаўлены ў вядомасць, і разьбяная ліштва, іншыя элементы драўлянага дэкору апынуліся пад каўшом экскаватара. Навуковым супрацоўнікам ваеннага музея і ГІКУ «Гомельскі палацава-паркавы ансамбль», якія прыбылі да месца работ, засталося толькі збіраць рэдкія артэфакты з руін. Аднак работнікі, якія ажыццяўлялі знос, паведамілі гатовым стаць пад коўш актывістам, што «Сцяну абаронцаў Гомеля» яны зносіць не стануць. І сапраўды, машыніст экскаватара працаваў на сваёй машыне вельмі акуратна. Сцяна, што прымыкае да зруйнаванага дому, засталася цэлай.
З Гомельскім абласным музеем ваеннай славы была дасягнутая дамоўленасць, што цагляны мур з графіці будзе кампактна перанесены ў яго фонды.

Аднак тэхнічна выканаць гэтую задуму аказалася няпроста. Ні ў каго не было ані досведу правядзення такіх аперацый, ані адпаведнага абсталявання. На гэтай стадыі грамадскія актывісты таксама прымалі актыўны ўдзел у распрацоўцы магчымых варыянтаў кампактнага перамяшчэння часткі сцяны з надпісамі — нароўні з працаўнікамі ваеннага музея, інстытута «Гомельграмадзянпраект», МНС і ЖКГ. Галоўная складанасць была ў тым, што пры спробе выразаць фрагмент з надпісамі сцяна магла проста абрынуцца на рабочых. Таму вырашана было зрабіць у цаглінах надрэзы, а затым накіравана паваліць ўсю канструкцыю.

Яшчэ адной цяжкасцю стала адсутнасць пілаў неабходнага памеру. Урэшце, распілоўванні рознай глыбіні былі зробленыя. Але калі пры дапамозе экскаватара сцяну пачалі валіць, яна павяла сябе непрадказальна: фрагмент з надпісамі таксама пачаў разбурацца — час зрабіў сваю справу. Таму захаваць усе надпісы не ўдалося. Тым не менш, тры фрагменты сцяны з надпісамі абаронцаў Гомеля былі перанесены ў Гомельскі музей ваеннай славы. Яны будуць размешчаны, хутчэй за ўсё, у экспазіцыі, якая распавядае пра абарону Гомеля ў 1941 годзе.

Па іроніі лёсу, апошнюю ў Гомелі супрацьпажарную сцяну зносілі работнікі МНС.

Экскаватар руйнуе стары дом на вуліцы ПляханаваСухая рэшта

У «мінусе» — сядзіба на Пляханава і брандмаўэр XIX стагоддзя былі знесены. Без статусу помніка адстаяць іх было немагчыма. А прылічыць якой або аб’ект да культурнай спадчыны зараз, у перыяд дзікага «будаўнічага капіталізму» — рэч амаль нерэальная. Частка графіці таксама апынулася страчана. У «плюсе» — значныя надпісы абаронцаў Гомеля ўдалося ўсё ж захаваць і перанесці ў музейныя фонды. Вельмі важна, што грамадскім актывістам удалося ў гэтым выпадку паспяхова ўзаемадзейнічаць з кіраўніцтвам Гомельскага абласнога музея ваеннай славы, якое выявіла шчырую зацікаўленасць у захаванні гэтага помніка нашай гісторыі.

Аўтар: Іван Дабрахотаў