Як завуць першага светлагорца, які нарадзіўся ў трэцім тысячагоддзі?

0
1925
Як завуць першага светлагорца, які нарадзіўся ў трэцім тысячагоддзі

Першага чалавека, які нарадзіўся ў трэцім тысячагоддзі ў горадзе Светлагорску, завуць Вераніка Карнеева.

Вераніка Алегаўна Карнеееа — першы светлагорац і жыхар раёна трэцяга тысячагоддзя. Нарадзілася яна 1 студзеня 2001 года каля 9 гадзіны раніцы ў дзіцячай лякарні, бо радзільня на той час была зачынена на рамонт. Вага дзяўчынкі склала 3 кілаграмы 250 грамаў, рост — 51 сантыметр [1].

Шчаслівымі бацькамі стала сям’я працаўнікоў Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Светлагорскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно»: Алег Міхайлавіч і Іна Мікалаеўна Карнеевы. Бацька Веранікі на той момант працаваў аператарам дыстанцыйнага пульта кіравання прадзільнага цэха №3 вытворчасці поліэфірных тэкстыльных нітак, маці — перамотчыкам нітак круцільнага цэха №2 завода штучнага валакна РУП «СВА «Хімвалакно». Вераніка стала другой дачкой у сям’і Карнеевых. Яе родная сястра Лаліта Карнеева старэйшая на 1 год і 9 месяцаў.

Імя для Веранікі бацькі адшукалі ў слоўніку, калі дзіцё яшчэ не нарадзілася.

20 студзеня 2001 года ў Светлагорскім аддзеле ЗАГСа адбылося ўрачыстае ўшанаванне першага жыхара горада, які нарадзіўся ў трэцім тысячагоддзі. Родныя і блізкія, прадстаўнікі прадпрыемстваў горада, гарадскога выканаўчага камітэту перадалі сям’і Карнеевых падарункі. Самы дарагі з іх — ордэр на аднапакаёвую кватэру плошчай 32,2 м2 па адрасе: мікрараён Маладзёжны, дом №60, кватэра 11 — падараваў Карнеевым гарадскі выканаўчы камітэт. Адміністрацыя РУП «СВА «Хімвалакно» даслала сям’і сваіх работнікаў халадзільнік [2].

Аднапакаёвую кватэру, падораную гарвыканкамам, сям’я Карнеевых абмяняла 3 даплатай на трохпакаёвую кватэру ў доме №12 Юбілейнага мікрараёну г. Светлагорска.

Крыніцы:

  1. Щербин Л. Дитя столетия II Регион-вести. 2001. 12 студзеня. С. 1.
  2. Романцов В. Первый человек третьего тысячелетия // Ранак-плюс. 2004. № 29. С. 4.


Аўтар:
В. Раманцоў
Крыніца: Зведаная зямля. Светлагоршчына ў пытаннях і адказах. — Мінск: Галіяфы, 2011. — 252 с. Ст. 107-108.