“Старая Вежа”, “Моргенштерн”, “Турдыён”, “Золотая Рысь” , “Грыдні Мсціслава Глебавіча” – вось такім насычаным было рэканструктарскае жыццё 2000-х гадоў у Гомелі. Сярэднявечная Еўропа, Польскае Каралеўства, Вялікае княства Літоўскае… Зараз некаторыя са згаданых клубаў канулі ў Лету. Аднак ці знаходзіцца сёння рух у заняпадзе? Мы паспрабавалі зрабіць невялікі агляд усіх дзейных на сённяшні дзень клубаў горада Гомеля.
1. Старая Вежа
Ад самага ўзнікнення ў 2000 годзе клуб займаецца ваенна-гістарычнай рэканструкцыяй матэрыяльна-побытавай і духоўнай культуры герцагства Баварыя 1360-1400 гадоў. У дзейнасць клуба ўваходзяць рэгулярныя заняткі гістарычнымі танцамі. Акрамя таго, хлопцы рыхтуюць выступы гладыятараў, дэбют якіх паспяхова прайшоў у 2010 годзе ў Мсціславе. Штогод “Старая Вежа” ладзіць уласны фестываль у першыя выходныя жніўня, а таксама Зімовы Баль на каталіцкія Каляды. У апошнія выходныя красавіка клуб праводзіць турнір для навічкоў.
Заняткі “Старой Вежы” адбываюцца шточацвер.
Кантакты: +375293452428, +375336190039 (Людміла)
Суполка ВКонтакте: vk.com/club23220469
2. Белы Крыж (Das Weisse Kreuz)
У бок Нямеччыны хіліць і створаны пазней клуб “Белы Крыж”, але ў шэрагу са Свяшчэннай Рымскай Імперыяй 14-15 стагоддзяў увагаў ім надаецца і Вялікаму княству Літоўскаму XV стагоддзя. Гэта, па сведчаннях аднаго з кіраўнікоў – Яны Гусейнавай, “клуб сяброў”, хаця, акрамя сталай асновы, тут займаецца і некалькі навічкоў. Сябры клуба не маюць рэгулярных заняткаў: кожны робіць сваю справу дома альбо ў майстэрнях.
Кантакты: +375259106436 (Яна)
Суполка “ВКонтакте”: vk.com/club19676830
3. Турдыён
Пару словаў пра танцораў. Клуб старадаўняга танца “Турдыён” быў створаны ў 2006 годзе. Еўрапейскія танцы Сярэднявечча, эпохі Адраджэння, кантрадансы XVII стагоддзя, нацыянальныя танцы Заходняй і Усходняй Еўропы – вывучэннем усяго гэтага займаецца дадзены клуб. Але што такое старадаўні танец без адмысловага гарнітура? Узнаўленне строяў і этыкету адпаведных эпох таксама ўваходзіць у мэты турдыёнаўцаў.
Танцоры збіраюцца два разы на тыдзень (у аўторак і чацвер). Клуб не толькі ўдзельнічае ў разнастайных конкурсах і фествалях, але і праводзіць балы, семінары і майстар-класы.
Кантакты: +375259106436 (Яна)
Суполка Вконтакте: vk.com/turdionclub
4. Бельфіорэ
Вывучэннем танцаў эпох Сярэднявечча, Рэнесансу, Барока, Ракако займаецца клуб гістарычнага танца “Бельфіорэ”. Тут, у адрозненні ад папярэдняга клуба, назіраецца большы ўхіл на танцы XV стагоддзя. Акрамя таго, удзельнікі рэканструююць побыт заходняй Еўропы XIV-XV стагоддзяў. Сваім прыкладам клуб паказвае, што рэканструктарскі рух не спыняецца, набіраючы новыя абароты: “Бельфіорэ” быў створаны зусім нядаўна – у 2011 годзе.
Заняткі клуба адбываюцца два разы на тыдзень (чацвер і суботу), а па аўторках і серадах хлопцы займаюцца ў майстэрнях.
Кантакты: +375292309366 (Юлія)
Суполка ВКонтакте: vk.com/club30429728
5. Грыдні Мсціслава Глебавіча
Клуб быў створаны ў 2004 годзе. Аднаўляе ён матэрыяльную культуру Паўднёва-Рускіх княстваў канца XII – сярэдзіны XIII стагоддзяў. У рэканструкцыі строояў, даспехаў, прадметаў побыту, мэблі, ювелірных вырабаў удзельнікі імкнуцца да якасці і апоры на аўтарытэтныя крыніцы. Назва клуба цесна звязана з мясцінай, на якой дзейнічае клуб: Мсціслаў Глебавіч – імя аднаго з князёў Чарнігаўскага княства, у тэрыторыю якога ў XII–XIII стагоддзях і ўваходзіў Гомель.
Кантакты: +375293059023 — Вэлком; +375256395915 — Лайф; +375336848338 — МТС
Сайт клуба: gridni.org/
Як бачым, заняпадам руху пакуль што і не пахне, хаця і былога ўздыму ўжо няма. Кіраўнікі апошняга згаданага намі клуба – “Грыдні Мсціслава Глебавіча” – Аляксей і Марына Сяргеевы падзяліліся з намі сваімі меркаваннямі наконт варункаў, у якіх існуе сёння рэканструктарскі рух у Гомелі.
Што зараз адбываецца ў рэканструктарскім руху? Якія тэндэнцыі назіраюцца?
Збольшага мы валодаем звесткамі па нашым накірунку, мала ведаем, што ствараецца у напрамку “Заходняй Еўропы”. Зараз, мне здаецца, увесь рух падзяліўся на дзве плыні – тых, хто заняўся “living history”, і тых, хто “рубіцца”. Першыя спрабуюць як мага глыбей нырнуць у «глыб вякоў» ( і тут вельмі важна не стаць звычайным “літараедам”). Другія рыхтуюць сябе і сваю зброю да перамогі ў баёўках. Справа гэтых – не ўпасці ў спорт замест рэканструкцыі.
Наколькі ў Гомелі развіты рух рэканструктараў у параўнанні з іншымі гарадамі і чаму?
Калі параўнаць колькасць жыхароў і колькасць клубаў, то “гомельскаму руху” можна даць невысокую адзнаку. Але якасць і трываласць рэканструктарскіх традыцый Гомеля падвышае гэтую адзнаку. Чаму так? Індустрыяльны горад, мабыць. А можа, як кажам, “Палессе = дрыгва = дзе ініцыятыва?”
Дзе на Беларусі рэканструктарская справа развіта мацней?
Наймацнейшы рух – у Мінску. Значна менш ён праяўляе сябе ў абласных гарадах і часцей залежыць ад мінскіх клубаў.
У пачатку 2000-х гадоў быў масавы ўздым руху. Ці ёсць людзі зараз, зацікаўленыя рэканструкцыяй?
Зараз ёсць людзі, зацікаўленыя рэканструкцыяй: да нас далучаюцца новыя сябры.
Чула, што ў пачатку нулявых шмат хто трапіў у рэкаструктарскі рух праз ралевікоў, праз захапленне фэнтэзійнай літаратурай…
Самыя сур’ёзныя рэканструктары не гулялі ў ролевыя гульні ніколі, нават у кампутарныя. Больш за тое, людзі, што прыйшлі ў рэканструкцыю з ролевых гульняў так і не змаглі пазбавіцца ад гульні: ім бракуе сур’ёзнага стаўлення да справы. Ды і парыў у часе сур’ёзны – росквіт ралёўкі ў Беларусі прыходзіцца не на пачатак нулявых, а на 1996-98 гады, а рэканструкцыя масавая пачалася ў 2003-2005, “living history” – 2010-2012… Але ж, безумоўна, з кожнага правіла – куча выключэнняў. Наогул, гэта вельмі розныя сферы дзейнасці. Ролевыя гульні – чыста псіхалагічны і педагагічныя прыём, выхаванне і навучанне праз гульню. Рэканструкцыя нарадзілася з прыкладнага археалагічнага эксперыменту. Гэта метадалогія навуковая…
Рэканструяваць 12-13 стагоддзі, напэўна, даволі складана. Дзе клуб “Грыдні Мсціслава Глебавіча” бярэ звесткі па зброі? Якія суадносіны прыдуманага і гістарычна вернага?
Галоўны крытэр – “ці існавала гэта?”, а ні ў якім разе не “ці падабаецца мне?”. Гэта не ўсе і не адразу разумеюць. Жалеззе рэканструяваць лягчэй: яно праз 700 гадоў захавацца можа. А вось тканіну, адзенне – спрабуем дадумваць з апорай на выяўленчыя крыніцы – мініяцюры, іконы, разьбу. Зрэдку – этнаграфію. Рэдкія знаходкі дадаюць больш пытанняў, чым адказаў. І да іх вельмі цяжка дабрацца.
Аўтар: Валянціна Міронава
У артыкуле выкарыстаныя фатаздымкі суполак клубаў у сацсетках