Як Джон Ленан перавыхаваў камсамольскага сакратара завода «Гомсельмаш»

0
646
Джон Ленан

Савецкі Саюз развалілі звычайныя бытавыя магнітафоны. Тысячы кіламетраў намагнічанай стужкі с запісамі «Beatles», «Rolling Stones» ды іншых «Led Zeppelin» задушылі камуністычную ідэалогію, рыхтык прасунуты спрут — тупарылага іхтыязаўра з папярэдняй геалагічнай эпохі. Праўда, тагачасныя ідэалагічныя іхтыязаўры таксама не спалі ў шап­ку, а як маглі адгрызалі атрутныя шкодніцкія шчупальцы.

Напрыканцы шасцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя бітламанія сягнула гістарычнага апагею. Колькасць падпольных рок-гуртоў, якія «здымалі» бітлоў, перавысіла колькасць ударнікаў сацыялістычнага спаборніцтва. Мода на пінжакі са зрэзанымі каўнярамі і штрыфелямі даводзіла да істэрыкі ветэранаў партыі, больш звыклых да напаўваенных фрэнчаў і лагерных бушлатаў. У кожнай дваровай альтанцы сядзеў як мінімум адзін гітарыст-валасацік, які з інтанацыямі сакавіцкага ката выводзіў на жахлівай англійскай: «Естэдэй! Ол май траўблес сімд соў фар эвэй!»

Такі стан рэчаў вымагаў неадкладнага ідэалагічнага адлупу. Аддзелы прапаганды і агітацыі «на месцах» атрымалі суворыя дырэктывы: «узмацніць палітыка-выхаваўчую працу», «прапрацаваць падведамасны кантынгент персанальна» і «персанілікаваць адказнасць настаўнікаў».

На заводзе Гомельскага сельскагаспадарчага машынабудавання, больш вядомым як «Гомсельмаш», дырэктыву зразумелі выдатна. Але выконваць яе не спяшаліся. Тут, бляха-муха, новы сіласаўборачны камбайн трэба здаваць, а гэтыя абкамаўскія лайдакі з рознай дуротай лезуць! Завадское кіраўніцтва худенька памножыла паперчыну на электрографе «Эра» і скінула па інстанцыях ніжэй: маўляў, разбірайцеся са сваім ідэйна-няспелым кантынгентам самастойна. Толькі не забудзьцеся персаніфікаваць адказнасць і дакласці пра выкананне.

Атрымлівае такую паперу партарг механічнага цэха — звычайны рабацяга, узвышаны партыяй за перамогу у сацыялістычным спаборніцтве. Шаргаціць дакументам, безвынікова асэнсоўвае мудрагелісты абкамаўскі жаргон. І ідзе па кансультацыю ў партбюро, да старога бальшавіка і настаўніка моладзі.

— Тут без паўлітра і не скеміш, чаго родная партыя вымагае! — па-свойску скардзіцца партарг. — У сэнсе — патрабуецца знайсці асобныя недахопы?

Палітыку партыі разумеет правільна! — ухваляе стары бальшавік. — Ва ўсіх недахопы ёсць? Ёсць. Значыцца, павінны быць і ў нас. Але ж зусім Дробненькія, каб самім за страту пільнасці па шапцы не атрымаць. I каб нескладана было што выправіць і дакласці.

Партарг спакваля святлее з твару. Сядае за стол, чухае патыліцу і, нібы картачную калоду, перагаблёўвае ў галаве падведамасны кантынгент.

Ёсць у нас адзін фрэзероўшчык, штосуботы напіваецца і сваю бабу мяцеліць, — кладзецца на стол першая кандыдатура. — Мо возьмемся перавыхоўваць?

Палітыку партыі разумеет няправільна! — перапыняе настаўнік. — Па-першае, фрэзероўшчык — пралетар. А хто такі пралетар? Гегемон рэвалюцыі, рухавік гісторыі, самы перадавы клас грамадства. Па-другое, ці не палова нашых гегемонаў сваіх баб мяцеліць. І, між іншым, правільна робяць, бо з гэтымі сукамі інакш і нельга. Тут з несвядомай моладдзю працаваць трэба, валасацікамі рознымі, якія заходнія радыёбрахалкі слухаюць і песні не панашаму пад гітары пяюць! Ёсць у тваім цэху такія?

Партарг зноў перагаблёўвае, напружваецца і выдае:

Ёсць адзін. Са студэнтаў, нядаўна на практы­ку прыслалі. Даўгавалосік, у амерыканскіх штанах ходзіць і заходнюю музыку слухае. Маральна няўстойлівы, палітычна непісьменны. Палітыку партыі разумее няправільна.

А як у яго з сацыялістычным калектывізмам? — мружыцца стары бальшавік.

Партарг тут жа згадвае, як нядаўна мужыкі скамуніздзілі ў інструментальшчыкаў каністру спірту і прапанавалі студэнту выпіць, а той адмовіўся.

Пачуццё сацыялістычнага калектывізму адсутнае, — канстатуе партарг. — Жыццёвая пазіцыя цалкам пасіўная.

Па хуткім часе прамаўляецца і прозвішча практыканта-даўгавалосіка, і тут да ўсіх ягоных заган дадаецца яшчэ адна: ён аказваецца яўрэям. У настаўніку моладзі імгненна прачынаецца былы следчы МГБ. Далонь рэфлекторна мацае сцягно ў пошу­ках кабуры.

Значыцца, міжнароднікі-сіяністы ўжо і дароднага «Гомсельмаша» дабраліся, каб народ разбэшчваць, — са скрухай канстатуе адстаўны следчы. — Ды гэтага жыдзёнка-даўгавалосіка… расстраляць мала!

Дык цяпер жа не трыццаць сёмы год! — асцярожна нагадвае партарг.

А шкада! Перавыхаваць жыда на чалавека практычна немажліва. Але зрабіць з яго савецкага грамадзяніна цалкам рэальна!..

Слушна, лагічна, па-партыйнаму аргументавана. Але хто будзе перавыхоўваць гэтага недачалавека?

Як гэта хто? — здзіўляецца ветэран. — У вас там што, камсамольскай арганізацыі няма? За што мы цягалі бярвенне на камуністычіках суботніках? За што пралівалі кроў у падвалах контрвыведкі? Вось хай ваш камсарг з перавыхаваннем і шчыруе!

Партарг уздыхае з палёгкай. Што яму тое перавыхаванне, у яго план і аўрал, дый увогуле, ён не нянька ў дзіцячым садку! А галоўнае — ёсць на каго цяпер спіхнуць працу. Партарг шчыра дзякуе ветэрану і ідзе да цэхавага камсарга.

А камсарг — ну проста жывая ілюстрацыя да брашуры «Камсамол — гэта школа жыцця». Мужны погляд. Шурпатыя рукі. Значок «Малады гвардзеец пяцігодкі» на грудзях. Сапраўдны пралетар і геге­мон, а не нейкі там гнілы інтэлігентык!

— Слухай, тут у нас адзін несвядомы элемент ёсць, — па-змоўніцку інфармуе партарг, — ну, студэнт-даўгавалосік з практыкантаў, ты яго ведаеш. Дык трэба перавыхаваць.

— У сэнсе — падрыльнік яму начысціць? — з разуменнем удакладняе камсарг.

— Пакуль што не. Схадзі да яго, перагавары душэўна, прысаромь, навучы правільнаму жыццю. Потым падрабязную справаздачу напішаш.

Канчаецца змена, і камсарг, будуючы ў галаве план ідэйна-выхаваўчай размовы, едзе да несвядомага элемента.

Элемент прымае нязванага госця надзіва прыяз­на. Бацькі, кажа, у ад’ездзе, я з сястрой жыву, дык пакуль яе няма, давай па шклянцы накацім! Камс­арг прыемна здзіўлены: ты ж глядзі — жыд, валасацік, інтэлігент, а такі шчодры… Госць нават не паспявае адказаць, як у адной руцэ ў яго з’яўляецца гранчак, а ў другой — плаўлены сырок «Арбіта» за адзінаццаць капеек. Камсарг жлукціць віно, аглядаецца і чапляецца вокам за стэлаж з магнітафоннымі бабінамі. Бярэ адну, шкрабае заскарузлым пазногцем па надпісе:

— «Бе-ат-лес». Дык тэта і ёсць твая заходняя прапаганда?

— Яна самая! — натхняецца практыкант-валасацік. — А хочаш, пастаўлю?

Камсарг вагаецца. З аднаго боку, выпівон без музона—неяк некамфортна. З другога—а калі раптам партарг дазнаецца? Ці, яшчэ горш, прафесійны настаўнік моладзі з партбюро? Камсарг накатвае яшчэ адзін гранчак і раптам прыгадвае, што на семінары камсамольскага актыву яго навучалі: класавага ворага трэба ведаць у твар, толькі тады контрпрапаганда і становіцца эфектыўнай.

Добра, стаўляй, — пераступае ён праз маральную перашкоду. — Там кір яшчэ ёсць, ці зганяць?

Валасацік запраўляе бабіну з аблушчанай лаўсанавай стужкай, шчоўкае тумблерам магнітафона «Камета-201». I праз шоргат, трэскат і перашкоды гучыць маркотны тэнар: «Is there anybody going to listen to my story, all about the girl who came to stay?..»

Ведаеш, пра што песня? — сакральным шэптам пытаецца валасацік. — Як адзін чувак закахаўся ў клёвую герлу…

Камсарг не рэагуе. Слухае, адставіўшы недапіты гранчак, і адчувае, як у ягоным мозгу паволі адбываецца дысінхранізацыя паўшар’яў. I гэты нязвыклы псіхафізіялагічны працэс надта не ўпісваецца ў ідэйна спелую свядомасць. Камсарг плямкае, крывіцца, чухаецца, круціць галавой і, здаецца, адганяе д’ябальскае насланне. Тым часам валасацік падступна адкаркоўвае новую пляшку. У шклянкі льецца «Вермут ружовы мацаваны», магнітафон спакушае анёльскімі галасамі, капіталістычная зараза салодкай атрутай нацякае ў стэрыльную савецкую падсвядомасць.

І тут у дзверы звоняць. Гаспадар злякана шчоўкае тумблерам; сеанс музычнага гіпнозу абрываецца ну вельмі дарэчна! Ідзе на дыбачках у вітальню, глядзіць у дзвярное вочка.

— Сястра, — кажа з палёгкай. — Ключы, зараза, забылася…

…Праз тыдзень камсарг выпадкова сустракаецца на прахадной з партаргам цэху і настаўнікам моладзі.

Ну, як там твой дысідэнт? — цікавіцца парт­арг. — Перавыхоўваецца?

Цяжкі выпадак, — уздыхае камсарг. — Усё вельмі запушчана. Нават мяне хацеў у валасацікі завербаваць. Уяўляеце — паставіў мне запіс гэта­га… Джона Ленана!

— Ды які ён Ленан! — голасна абураецца стары бальшавік. — Ведаеш, як яго сапраўднае прозвішча? Лейбман!

— Але ж ты на тую прапаганду не паддаўся? — напружана пытаецца партарг. — Перавыхоўваеш?

Пакуль гэта падла «Маральны кодэкс будаўніка камунізма» на памяць не вывучыць, я ад яго не адстану! На камсамольскім білеце клянуся!

Камсарг трымае слова: перавыхаванне несвядомага валасаціка праходзіць ударнымі тэмпамі. Праз колькі дзён ён састрыгае даўжэзную грыву. Рэгулярна з’яўляецца на камсамольскіх сходах. Яго колькі разоў бачаць у гомельскім Парку культуры і адпачынку разам з камсаргам, прытым культурных дзецюкоў суправаджае нейкая юная брунетка надзвычайнай прыгажосці. Практыка ў студэнта канчаецца поўным перавыхаваннем, і ён з выдатнай характарыстыкай, падпісанай партбюро, партаргам і камсаргам, сыходзіць з «Гомсельмаша».

А праз колькі месяцаў камсарг нечакана кладзе на стол заяву па ўласным жаданні.

Як, што, чаму, што не задавальняе?! Ды ўсё, кажа, задавальняе, толькі з’язджаю я адсюль.

На Ўсесаюзную камсамольскую будоўлю? — з павагай удакладняе стары бальшавік. — «За тума­нам і за запахам тайгі»?

На самы край свету! — прасветлена адказвае камсарг. — Будаваць наша новае, шчаслівае жыццё!

Па хуткім часе пра камсорга пачынаюць паціху забываць усе, нават партарг са старым бальшавіком. А яшчэ праз колькі месяцаў у партбюро тэлефануюць з гомельскага абкама.

— Ну што — прыгрэлі змяюку на грудзях?! — пяшчотным голасам садыста цікавіцца слухаўка. — Выхавалі здрадніка Радзімы?

Дзе, хто, што? Якія ў нас на «Гомсельмашы» могуць быць здраднікі? Вы каго маеце на ўвазе?!

Taгo самага, каму вы ўсе станоўчую характарыстыку давалі, — усё так жа лагодна паведамляе слухаўка. — Дарэчы: а дзе цяпер былы камсарг механічнага цэха?

Як дзе? Звольніўся. Мы за яго больш адказнасці не нясем. А ўвогуле, харошы хлопец: бездакорная біяграфія, актывіст, пралетар і гегемон. Мы яго на­ват кандыдатам у партыю хацелі рэкамендаваць…

— Ды ён для зонаўскага барака кандыдат! — выбухае тэлефон шалёным фугасам. — Вы ведаеце, што ён у АВІР дакументы падаў? Як вы недаглядзелі? Як такое ўвогуле магло здарыцца?

А здарылася вось што. Наш камсарг да бяспамяцтва закахаўся ў сястру практыканта, юную брунетку надзвычайнай прыгажосці. Гэта было каханне з першага погляду, прытым камсамольскі погляд упадабаў дзяўчыну акурат на кватэры яе брата-валасаціка, пад пранікнёную бітлоўскую «Girl». Быццам празрыстая плынь дарэшты размыла спарахнелую ідэалогію, і птушка шчасця заўтрашняга дня панесла ўсіх у далёкае касмічнае вымярэнне, дзе расчуленага гегемона з галавой накрыла цёплая хваля ачышчэння, узвышэння і катарсісу.

Ат, як аказваецца, бывае: лірычная балада Джо­на Ленана, пачутая пад алкагольную анестэзію, ды яшчэ з клёвай герлой, здольная працяць нават жалезабетонную камсамольскую свядомасць!

Далейшыя падзеі разгортваліся імкліва. Праз тры дні камсарг прызнаўся дзяўчыне ў каханні. Дзяўчына заплакала і прызналася ў адказ, што яе бацькі-яўрэі падалі заяву на выезд з Саюза і цяпер чакаюць рашэння ў Маскве. Але ўпартага гегемо­на гэта не засмуціла: праз тыдзень маладыя ўсё ж падалі заяву ў загс. Брат-валасацік атрымаў ад будучага швагра суворае папярэджанне: доўгія валасы састрыгчы, на камсамольскія сходы хадзіць абавязкова і ўвогуле не выёжвацца, табе характарыстыка патрэбная, а не непрыемнасці. Неўзабаве пасля вяселля маладая сям’я падала дакументы на выезд, а АВІР здуру той выезд дазволіў. І літаральна праз паўгады ўся троіца транзітам праз Вену і Рым па лініі «Таварыства дапамогі яўрэйская іміграцыі» прыбыла ў Нью-Йорк…

Наступствамі гэтай іміграцыі на родным «Гом­сельмашы» сталіся інфаркт у старога бальшавіка, вымова партаргу цэха і фантастычныя чуткі пра амерыканскага дзядулю-капіталіста, які нібыта адпісаў былому камсаргу ўсе свае сто мільёнаў долараў.

У Нью-Йорку маладзёну спярша было цяжка Непатрэбныя там, аказваецца, камсаргі, а маладыя гвардзейцы пяцігодкі — і пагатоў. Але ж хлопец хутка асвоіўся. Вывучыў ангельскую, тым больщ што ўсе песні «Бітлз» да таго часу ведаў практычна на памяць. Не цураўся ніякай пралетарскай працы. Назапасіў на ўласны дом, купіў медальён на таксі.

Аднойчы былы камсарг, а цяпер паспяховы нью-йоркскі таксіст падвозіць да гатэля «Dakota Buil­ding», што на Семдзесят другой стрыт, нейкага валасаціка ў пацёртых джынсах і акулярах. Глядзіць у люстэрка задняга выгляду і фігее… Як, у ягонай машыне? Ды не можа гэтага быць!

Таксіст працірае вочы і ўдакладняе недаверліва:

— Mister Lennon?1

— Yeah, that’s really me, — звыкла пацвярджае Джон Ленан. — Do you need my autograph?2

Былы гомсельмашавец сутаргава корпаецца ў аўтамабільным бардачку, знаходзіць магнітафонную касету з асадкай і глядзіць на пасажыра ўмольна.

— You’re from the Soviet Union, eh?3 — здагадваецца Ленан па характэрным акцэнце кіроўцы, звыкла крэмзае на касеце сваё імя і нечакана цытуе радок з бітлоўскае песні «Back in the USSR»: — «I’m back in the USSR, you don’t know how lucky you are, boy!»4

Хлопец з падзякай прымае ў Джона касету з аўтографам і выдае нечакана змрочна:

This is for you there USSR.5 А для мяне — про­ста «савок».

  1. Містэр Ленан? (англ.)
  2. Так, гэта насамрэч я. Вам патрэбны мой аўтограф? (англ.)
  3. Вы з Савецкага саюза, хм? (англ.)
  4. Я вярнуўся ў СССР, ты не ведаеш, які ты шчаслівы, хлопец! (англ.)
  5. Гэта для вас там СССР. (англ.)

Аўтар: У.I. Ахроменка
Крыніца: Музы і свінні / Уладзіслаў Ахроменка. — Мінск: Ковчег, 2014. — 218 с. Ст. 74-82.