Вывучэнне аповесці Івана Шамякіна “Гандлярка i паэт” у XI класе

0
47
Вывучэнне аповесці Івана Шамякіна Гандлярка i паэт у XI класе

Іван Пятровіч Шамякін — народны пісьменнік Беларусі, творы якога сталі неад’емнай часткай культурнага побыту сучаснікаў. Болыпасць нашых землякоў далучаецца да іх з маленства, а потым правярае сваё жыццё па ягоных кнігах. Пісьменнік асэнсоўвае самыя надзённыя праблемы сучаснасці і надае сучаснікам маральныя арыенціры; мастацкая тэхніка яго вельмі дасканалая: дынамізм і захапляльнасць сюжэтаў, дыялектыка характараў, сацыяльная абумоўленасць жыцця герояў, дасканалае валоданне сродкамі мастацкай выразнасці.

Героі твораў “Трывожнае шчасце”, “Сэрца на далоні”, “Глыбокая плынь”, “Атланты і карыятыды”, “Снежныя зімы”, “Вазьму твой боль” у няпростых жыццёвых абставінах захоўваюць сваю чалавечую годнасць і сумленне. Менавіта таму зварот да яго творчасці ажыццяўляецца ў старэйшай узроставай паралелі, калі юнакі і дзяўчаты шукаюць адказы на складаныя пытанні жыцця.

У XI класе на вывучэнне твораў пісьменніка адведзена 6 гадзін, мы прапануем дзве з іх прысвяціць аповесці “Гандлярка і паэт”. На пачатку заняткаў трэба звярнуцца да гісторыі напісання твора і творчага шляху пісьменніка.

Можна правесці гэтую частку ўрока ў выглядзе літаратурнага часопіса, кожная ca старонак якога мае такую ж назву, як і адпаведнае вучнёўскае паведамленне. Можна абраць варыянт вывучэння біяграфіі ў выглядзе слайда, з выкарыстаннем відэапраектара ці электроннай дошкі. Такі від вучнёўскай працы рэкамендаваны ў артыкуле Ж.С. Шуцьевай [2].

Далей мэтазгодна абмеркаваць уражанні ад першага твора, вызначанага праграмай, — “Гандлярка і паэт”, высветліць, што перажывалі вучні, калі чыталі твор, якія эпізоды і сцэны здаліся ім найболып дасканалымі ў мастацкім сэнсе, што выклікала жаданне паспрачацца, што хацелася б абмеркаваць болып грунтоўна.

Даваеннае жыццё мы прапануем разгледзець праз супастаўленне характараў маці і дачкі. Падчас аналітычнай гутаркі вучні прыходзяць да такога меркавання, што Хрысця Ляновіч, як кажуць, гандлярка ад Бога, цалкам адданая сваёй справе, якая ператварыла яе ў галоўную мэту жыцця і падпарадкавала ёй усё жыццё сваёй сям’і. Таму яна — “стараста ўсіх камароўскіх гандлярак”, якая імкнецца быць у курсе ўсяго новага, што нараджаецца ў свеце гандлю. Яна першая завяла на сваім гародзе парнік, першай нясе гародніну і садавіну на продаж. Дом яе — гэта сімвал дабрабыту і ашчаднасці.

З дзецьмі яна строгая, асабліва з Вольгай; выхоўвае іх і дзягай, і строгім словам, з маленства прывучала іх да працы.

Камароўцы ведаюць яе дабрабыт, раяцца з ёй, адчуваюць, што яна стыхійна ведае зменлівыя законы рынку.

Вольга абрала для сябе той жа самы шлях, што і маці, але яна болып адукаваная, і таму справы “маладой Ляновічысе” ўдаюцца не горш, чым старой. Яе вучыла не толькі маці, але і жыццё, якое яна назірала і якое нядрэнна ведала. Выснова, якую зрабіла Вольга, — трэба жыць для сям’і і ўласных дзяцей.

Наступны этап вывучэння твора — гэта пачатак вайны, які наказаны вачыма простых мінчан і Вольгі Ляновіч.

Пачатак вайны не вельмі ўразіў гераіню, бо яна яшчэ нічога пра яе не ведала: грамадзянская вайна скончылася, яшчэ калі яна была немаўляткам. Але яна хутка абрала лінію паводзін. Яна бачыць, што партыйнае начальства кідае горад немцам, а само ўцякае. Тады Вольга нясе да сябе ў дом прадукты харчавання, рознае дабро, бо разумее, што пра тых, хто застаўся, ніхто не паклапоціцца, калі яны самі гэтага не зробяць. Яе паводзіны — гэта паводзіны жанчыны, якая апантана змагаецца за існаванне, нездарма яна так накідваецца на Лену Бароўскую, сваю сяброўку, калі тая імкнецца спьшіць яе.

Калі прыходзяць немцы, то яна бачыць, што ніхто не гарантаваны ад смерці, бо за ўсе злачынствы ў немцаў адно пакаранне — смерць. Але ж яна рызыкуе, ідзе гандляваць, наладжвае сувязі з паліцаямі, якія патрулююць базар, нават робіць вылазкі ў пакінутыя пустыя кватэры. Гераіня ледзь не ператварылася ў ваяўнічую мяшчанку.

Потым трэба падвесці вучняў да галоўнага канфлікту твора: яны павінны засвоіць, што ён заснаваны на сутыкненні паэтычнай стыхіі з бездухоўнасцю. Юнакі і дзяўчаты паступова падыходзяць да думкі, што гераічная смерць Вольгі Ляновіч стала вырашэннем сацыяльнага канфлікту паміж народам і акупантамі. Размова пойдзе пра тое, як змяніўся характар гераіні пад уплывам духоўнага ўздзеяння Алеся Шпака, як назва “Гадлярка і паэт” раскрывае галоўную ідэю твора, чаму Вольга абрала хворага і знясіленага юнака падчас выкупу палонных, хоць ёй даспадобы быў сталы трыццацігадовы мужына, які “ўсё ўмеў”, у чым праявілася самаадданасць гераіні, чаму менавіта паэзія абудзіла духоўны пачатак характару гераіні, якім быў шлях жанчыны ад духоўнасці да барацьбы з ворагамі.

У падагульненні трэба падкрэсліць, што ў назве твора першым словам стаіць “гандлярка”; перад намі праходзіць гісторыя маладой жанчыны, якая ледзь не ператварылася ў ваяўнічую мяшчанку, але ўратаванне, а потым каханне да паэта, уздзеянне рускай і беларускай паэзіі абудзіла лепшыя рысы характару Вольгі, ператварыла яе ў чалавека, які здольны да гераічнага ўчынку. Сумленне, якое складае аснову кожнай чалавечай асобы, абудзілася ў яе сэрцы і прывяло да пратэсту супраць сябе самой.

Пад уплывам гэтага пачуцця яна вызваляе з-за дроту ваеннапалоннага Алеся Шпака, хаця гэта быў зусім не той чалавек, за якога прасіла Лена Бароўская. Рашэнне выратаваць юнака выклікана тым, што Вольта ўбачыла, як ваеннапалонныя гінуць сотнямі і тысячамі ад нястачы і толаду. Яна аддае не толькі ежу, царскія чырвонцы, але і залатыя завушніцы ахоўнікам лагера дзеля выратавання хлопца. Сцэна вызвалення і вяртання дадому са знясіленым хлопцам — адна з самых напружаных у творы, бо гэта адкрытае сутыкненне з чужой варожай сілай.

Далей перад намі разгортваецца гісторыя маральнага і духоўнага адраджэння Вольгі Ляновіч. І тут вялікая роля належыць каханню, светламу і цнатліваму, якога маладая жанчына раней не ведала. Паступова жанчына пачынае любіць паэзію Блока, Багдановіча, Лермантава, Купалы. I потым ад духоўнага сталення яна прыходзіць да асэнсавання неабходнасці барацьбы з ворагамі. Сцэны кахання выпісаны ўзвышаным стылем, Вольта Ляновіч выступае ў іх у абліччы каханай, маці і жанчыны.

Прасочым, як гераіня прымае ўдзел у барацьбе падполыпчыкаў і партызан: чаму ад хітрасці і падману маладая жанчына перайшла да свядомай барацьбы з паліцаямі і немцамі? Што яна зрабіла для падполля? Чаму прыняла рашэнне дапамагчы знішчыць Друцьку?

Маладая жанчына хутка ўсведамляе, што магчымасць прыстасавацца да новага парадку — гэта не болып, чым ілюзія, а гераіня зусім не адносіцца да летуценнікаў. Але яна бачыць, што яе каханы — Алесь — зусім не ўмее прытварацца, яе трывожыць яго непрыхаваная нянавісць да захопнікаў.

Дзве сцэны важныя ў аповесці ў гэтым плане. Спачатку Вольга ідзе да шыбеніцы, каб паглядзець, ці няма сярод павешаных немцамі падполыпчыкаў яе Алеся. I другая — фінальная, — калі яна, ужо сувязная- падполыпчыца, вязе гранаты партызанам, забівае паліцая Друцьку і двух немцаў і гіне сама ад выбуху. У імя кахання яна дапаможа ў апошні раз Алесю, бо той гаварыў, што не ведае, як будзе забіваць ворага — адзінакроўнага чалавека, не нацыста, таго самага паліцая Друцьку.

Цікава вызначыць і дыялектыку характару Вольгі Ляновіч: супастаўце гераіню на пачатку аповесці і напрыканцы яе. Што змянілася і чаму?

Перад намі праходзіць працэс паступовага прасвятлення гандляркі: ад сквапнасці і меркантылізму яна пераходзіць да гуманізму і ўсведамлення неабходнасці барацьбы з нацызмам. Гераіня не можа перанесці таго, як Друцька паказвае варце нарабаванае дзіцячае адзенне, знішчае яго і вартавых у імя кахання і радзімы. Шамякін паказаў маральнае сталенне жанчыны, яе вяртанне да сябе самой, “псіхалагічны сюжэт” непазбежна скіраваны да заканамернай развязкі.

Таксама неабходна вызначыць, чым блізкія адно аднаму Алесь Шпак і Лена Бароўская: які светапогляд у абодвух герояў? У якім асяроддзі яны раслі і выхоўваліся? Чым падобныя яны па сваіх характарах?

Якую сюжэтную лінію аповесці яны ўвасобілі?

Алесь Шпак і Лена Бароўская — гэта выхаванцы сталінскай эпохі, якія размаўляюць патрыятычнымі лозунгамі, їм зусім не імпануе “мяшчанская натура” гандляркі. Алесь заваяваў сэрца Вольгі толькі дзякуючы паэзіі Блока, сам як асоба ён куды больш просты, чым гандлярка. Toe можна сказаць і пра Лену. Яны не ведаюць жыцця і не ў стане прызвычаіцца да яго, тым больш у складанай сітуацыі нямецкай акупацыі.

Трэба надаць увагу і другарадным персанажам твора: як вобраз Хрысці Ляновіч дапамагае раскрыццю характару яе дачкі — Вольгі? Якім быў бацька, Міхал Ляновіч? Ахарактарызуйце братоў Вольгі. Чаму яны не апраўдалі надзей сваёй маці? Як паказаны ў творы Адась, муж Вольгі? Якая мастацкая роля адведзена яму?

Хрысця Ляновіч, маці гераіні, увасабляе традыцыю працы і жыццёвай стойкасці ў цяжкіх абставінах жыцця. Гэтыя рысы характару яна перадала і сваёй дачцэ.

Міхал Ляновіч прывык працаваць, ён неаднойчы стрымлівае жонку ў яе памкненнях да нажывы за кошт людзей, вучыць жыць сумленна. Калі бацька загінуў, маці-гандлярка страціла мужчынскую падтрымку.

Адась, муж Вольгі, — гэта чалавек, сфармаваны сталінскай эпохай. Яму непрыемна, што жонка — гандлярка, што яна можа сапсаваць яму, вадзіцелю трамвая, кар’еру: ён рыхтуецца ўступіць у партыю.

Напрыканцы заняткаў ахарактарызуем сюжэт аповесці: якія сюжэтныя лінії галоўныя, якія — другасныя? Хто аб’ядноўвае іх? Што адыгрывае ролю экспазіцыі? Якія падзеі рухаюць сюжэт? Дзе кульмінацыя аповеду? Як пісьменнік падвёў чытача да развязкі?

Галоўная сюжэтная лінія аповесці — гэта гісторыя прасвятлення галоўнай гераіні, яе вяртання да сапраўдных каштоўнасцей, што непазбежна прыводзіць яе да другога сюжэту — барацьбы з ворагамі.

У падагульненні выкарыстаем матэрыял з артыкула Міколы Мішчанчука: “Аповесць “Гандлярка і паэт” (1976) была напісана ў перыяд брэжнеўскага застою, калі пачалі забывацца на XX з’езд КПСС, на цяжкасць пройдзеных дарог. Ад пісьменнікаў зноў запатрабавалі арыентацыі на спрошчанае, ідэалізаванае адлюстраванне рэчаіснасці, у тым ліку ваенных падзей. Але спыніць рух слоўнага мастацтва да спасціжэння праўды жыцця, глыбокага спазнання законаў рэчаіснасці ўжо было нельга. Па-ранейшаму суровую паўду вайны паказваў пісьменнік- франтавік Васіль Быкаў у аповесцях “Воўчая зграя” (1975) (паводле яе была пастаўлена опера Генрыха Вагнера “Сцежкаю жыцця”, 1980), “Пайсці і не вярнуцца” (1979). Іван Шамякін у раманах “Снежныя зімы” (1970), “Вазьму твой боль” (1979, экранізаваны ў 1981) раскрыў трагедыю звычайных людзей на вайне і пасля вайны. Яго цікавілі ў гэтых і іншых творах, як і В. Быкава, маральна-этычныя праблемы, паводзіны людзей у драматычных (экстрэмальных) сітуацыях, пытанне пра тое, ці змогуць яны застацца сумленнымі ў невыносных, драматычных абставінах, вернымі Радзіме, ці здрадзяць ёй. Пісьменнік адлюстраваў невядомую вайну. Да ліку твораў, у якіх па-новаму паказваецца лёс беларусаў у суровым 1941 г., і належыць аповесць “Гандлярка і паэт” [1, с. 11].

Літаратура

  1. Мішчанчук, Μ. Аповесць “Гандлярка і паэт” Івана Шамякіна / Μ. Мішчанчук // Роднае слова. — 2005. — № 11. — С. 41-45.
  2. Шуцьева, Ж.С. Іван Шамякін — чалавек вялікай душы і таленту: Урок па рамане “Сэрца на далоні” з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій / Ж.С. Шуцьева // Роднае слова. — 2009. — № 10. — С. 73-74.

Аўтар: А.В. Герцык
Крыніца: Міжнародныя Шамякінскія чытанні “Пісьменнік — Асоба — Час”: матэрыялы IV Міжнар. навук-практ. канф., Мазыр, 2 кастрычніка 2015 г. / МДПУ імя І. П. Шамякіна; рэдкал.: А. У. Сузько (адк. рэд.) [і інш.]. Мазыр, 2015. — С. 3-7.