Выстава вядомага мастака-прымітывіста са Светлагорска Сяргея Коваля адкрыецца 30 лістапада ў карціннай галерэі Г.Х. Вашчанка. Арганізатары спадзяюцца, што ў халодныя снежаньскія і студзеньскія дні гэтая выстава дапаможа кожнаму прасякнуцца адчуваннем казкі і чараўніцтва.
Сяргей Коваль нарадзіўся ў 1960 г. у в. Якімава Слабада (Гомельская вобласць, Светлагорскі раён) і з 1980-х гадоў пражываў у Мінску. Навучаўся ў Інстытуце народнай гаспадаркі. Пры гэтым падпрацоўваў будаўніком, грузчыкам, шафёрам, афармляльнікам… Пазней вярнуўся ў родную вёску.
Мастак не мае спецыяльнай адукацыі ў галіне выяўленчага мастацтва. Займацца жывапісам пачаў з 1980-х гг. Працуе ў жанрах прымітывізму і наіўнага мастацтва.
Першыя персанальныя выставы прайшлі ў г. Мінску яшчэ ў пачатку 1990-х. (1992 г., 1993 гг.). З персанальных выстаў апошніх гадоў варта адзначыць праекты “Планета людзей” (Светлагорск, 2010) і “Будзьце як дзеці” (Гомель, 2015).

З’яўляецца сталым удзельнікам арт-праекта «Zabor» у Рэспубліцы Беларусь, Польшчы і Францыі. У 2012 годзе пад адкрытым небам, на агароджы парку Чалюскінцаў і ў Нацыянальным мастацкім музеі (2014). У межах арт-праекта «Zabor» на плоце мэрыі 16-й акругі ў Парыжы былі размешчаны рэпрадукцыі чатырох карцін Сяргея Коваля і творы яшчэ васьмі беларускіх мастакоў.
Работы С. Коваля адлюстроўваюць аўтэнтычныя бачанне навакольнага асяроддзя як мікракосмасу. Успрымаючы навакольны свет праз прызму сваёй фантазіі, аўтар надае сваім мастацкім вобразам глыбокі сімвалічны сэнс. Многія з яго фігуратыўных кампазіцый прысвечаны родным мясцінам — вёсцы Якімава Слабада і гораду Светлагорску.
Яго работы знаходзяцца ў галерэях і прыватных калекцыях у Беларусі, Расіі, Бельгіі, Германіі, Францыі. Акрамя жывапісу, Сяргей Коваль займаецца таксама і скульптурай.
Калі: 30 лістапада, пачатак у 16:00
Дзе: карцінная галерэія Г.Х. Вашчанкі (Гомель), вул. Карповіча, 4
На адкрыццё выставы ўваход вольны