Выстава “1500. Новыя паступленні ў музейны збор”

0
950
выстава новых археалагічных і іншых паступленняў у гомельскі палац

З 9 лютага 2018 года ў адной з залаў цэнтральнай часткі палаца Румянцавых-Паскевічаў пачне працу выстава новых паступленняў у музейны збор Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.

Арганізацыя падобных выстаў — гэта свайго роду справаздача аб збіральніцкай дзейнасці музея, а таксама такая традыцыя знаёміць нашых наведнікаў з новымі цікавымі прадметамі, якія сталі здабыткам Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь. Спектр матэрыялаў, што паступілі ў музейныя калекцыі ў мінулым годзе, як заўсёды разнастайны — ад археалагічных артэфактаў да сучаснасці. Статус музейных прадметаў здабылі фатаграфіі, дакументы, прадметы побыту, узоры прыродазнаўчай гісторыі, творы сучаснага выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, пісьмовыя крыніцы…

1500 прадметаў паступіла ў гомельскі палац і яны будуць прадстаўлены на выставаСупрацоўнікі музея пазнаёмяць шырокую публіку з новымі паступленнямі ў фонды прадметаў археалогіі і вынікамі навуковых пошукаў. Прадстаўленыя на выставе артэфакты атрыманы ў працэсе раскопак на тэрыторыі паўднёвага пасада і набярэжнай гістарычнага цэнтра г. Гомеля, Мохаўскай археалагічнай экспедыцыі, а таксама некаторыя выпадковыя знаходкі. Яны характарызуюць быт і культуру насельніцтва Гомельскага Падняпроўя ад эпохі каменнага веку і да пачатку XX ст. На выставе можна будзе ўбачыць крэмневыя наканечнікі, шкляныя і бронзавыя ўпрыгожванні X-XII стст., кераміку рознага часу, архітэктурныя дэталі і многае іншага.

На выставе наведнікаў чакаюць сустрэчы і з дзіўнымі, незвычайнымі артэфактамі з калекцыі палеанталогіі.

Па-ранейшаму, у лідэрах асноўных крыніц паступлення ў музейны збор — перадача на бязвыплатнай аснове. Сёння актыўна ў фонды музея паступаюць матэрыялы 60-70-х гадоў мінулага стагоддзя. Камусьці можа здацца, што разнастайныя прадметы гэтага перыяду для музеяў яшчэ зусім “маладыя”, але ж фактычна той час з усімі сваімі атрыбутамі стаў здабыткам гісторыі, гэта — цэлая эпоха ў жыцці старэйшага пакалення. У эру смартфонаў і іншых гаджэтаў архаічна глядзяцца сёння грувасткія радыёлы і тэлевізары, адзенне таго часу, разнастайныя стыльныя аксэсуары… Мы даем ім шанец працягнуць “жыццё” ў музеі! Дарэчы, паштоўкі, якія выпускаліся масавымі накладамі да ўсіх савецкіх святаў, таксама масава дасылаліся ў розныя куткі вялізнай краіны. Сёння, за рэдкім выключэннем, гэта традыцыя засталася ў мінулым, а паштоўкам даўно мінулых гадоў месца ў музеі, як і шмат чаму з таго, што было вельмі модным, папулярным, дэфіцытным, але… у свой час.

Вядома, што збіральніцкая дзейнасць спрыяе захаванню гісторыка-культурнай спадчыны, папаўненню нацыянальнага Музейнага фонду, дорыць супрацоўнікам сустрэчы з цікавымі людзьмі, носьбітамі самой разнастайнай інфармацыі, якая распавядае пра мінулае населеных пунктаў, сваім даваенным і пасляваенным дзяцінстве, і, вядома ж, пра “старадаўні парк з прыгожым палацам”. Радуюць нас у плане камплектавання фондавых калекцый не толькі жыхары Гомеля і вобласці. Напрыклад, сям’я з Маскоўскай вобласці перадала ў дар музею старадрукаваную кнігу “Псалтыр з восследованием” 1632 года. У ліку экспанатаў — музычная скрыначка 2-й паловы ХІХ-пачатку ХХ стагоддзя швейцарскай вытворчасці. Мяркуючы па мелодыях і захаваным арыгінальным цэтліку з назвай мелодый, скрыначка з тых, якія вырабляліся для расейскага рынку. Паводле легенды, скрыначка ў 1919 годзе была ўзятая ў палацы Паскевічаў у Гомелі “на памяць” адным з удзельнікаў “Стракапытаўскага бунту” і “з’ехала” з новым уладальнікам ў Крывы Рог…

Будуць экспанавацца творы сучаснага выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія адлюстроўваюць творчасць мастакоў Гомельшчыны. Значнае папаўненне музейнай калекцыі ў мінулым годзе адбылося дзякуючы фінансавай падтрымцы Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта.

Спадзяемся, што і 2018 год будзе для нас такім жа шчодрым на цікавыя артэфакты і не менш дзіўныя сустрэчы з неабыякавымі да захавання гісторыка-культурнай спадчыны людзьмі.

Урачыстае адкрыццё выставы адбудзецца 8 лютага 2018 года ў 16-00.