Вясельнае дрэўца (бел.: елка, веха; руск.: ёлка, ёлочка; укр.: деревце, деревечко, гільцэ, вільцэ; польск.: drzewko, choinka; балг.: дръвце, ела; чэшск.: stromek і інш.) вядома ўсім славянскім народам пад рознымі назвамі, шырока распаўсюджана ў шлюбных абрадах беларусаў як адзін з важнейшых атрыбутаў, якому надавалася магічнае значэнне. Вясельным дрэўцам, або елкай, нярэдка называлася дрэўца любой іншай пароды. Рыхтавалася яно ў розньгх месцах неаднолькава і выкарыстоўвалася ў каравайным і іншых абрадах вяселля. Рускі даследчык А. Гура слушна лічыць вясельнае дрэўца абрадавым увасабленнем канцэпту сусветнага дрэва [5, с. 83-84].
Традыцыя рабіць вясельнае дрэўца мае старажытнае паходжанне, зафіксавана ў Беларусі ў ХІХ-ХХ стст. многімі фалькларыстамі. Аб жывучасці традыцыі сведчаць матэрыялы, якія ўвайшлі ў фальклорна-этнаграфічны зборнік “Вяселле на Гомельшчыне” (2003), апублікаваны І.Ф. Штэйнерам, В.С. Новак.
Вясельным дрэўцам у многіх выпадках упрыгожвалі каравай. Па сведчанню К. Машыньскага, у Дарашэвічах Мазырскага павета каравай аздаблялі шышкамі, а ў сярэдзіну ўтыкалі елачку (іўку) або амялу (веху) [7, с. 390].
У в. Галоўчыцы Нараўлянскага раёна елку выкуплялі жаніх, дружкі і сваты, калі прыязджалі пасля вянчання з царквы. Маладую садзілі на покуць за стол насупраць іконы, ставілі свечку і вялізны букет-елку, гірыбраную папяровымі кветкамі. Сяброўкі маладой гаргаваліся, каб танна не прадаць елку і спявалі: “Мы па ёлку хадзілі, // Свае ногі тапталі, // Пока ёлку спадабалі, … // Чаравікі патапталі…” [2, с. 333].
У апісанні шлюбнага абраду ў в.Валаўск Ельскага раёна адзначаецца, што вясельнае дрэўка выкарыстоўвалася ў гумарыстычнай тэатралізаванай сцэнцы, якая называлася “хвост”: “Пазагатаўляюць і коровая, і горбуза. Перапранаецца мужчына ў молодую, а жанчына — у молодого. З веніка зробяць ёлку, і попа зробяць. Это самая смешная частка вяселля. Нясуць ёлку з дзеркача і спяваюць: “Под ёлкаю спала // …Шышка туды ўпала. // Трэба коні нанімаці… // Стуль шышку вынімаці” [2, с. 189]. Выкарыстанне вясельнага дрэўца ў жартоўнай тэатралізаванай сцэнцы — з’ява пазнейшага часу, калі сакральны характар абрадаў страчваў сваю дамінантную функцыю, месца якой заваёўвала пацяшальная. Але і смеху ў ёй таксама надавалася магічнае значэнне.
На рускім вяселлі таксама ў многіх рэгіёнах выкарыстоўвалася дрэўца як важны абрадавы атрыбут, але не заўсёды елка, а іншае дрэўца. У с.Спас-Дзяменск Масальскага павета Калужскай губерні на стале, дзе сядзела нявеста, ставілі сасну, увенчаную кветкамі, лентамі і малымі запаленымі свечкамі. Таргаваліся за месца і сасну з бацькамі жаніха і яго дружынай. Калі сасну выкуплялі, яе здымалі са стала і ставілі на яго віно і закуску [9, с. 135]. У сяле Падсярэдняе Аляксееўскага раёна Белгародскай вобласці ў якасці дрэва ў бутыль з-пад віна ставілі галінку каліны, якая, па словах В. Мядзведзевай, сімвалізавала “чысціню і нявіннасць” дзяўчыны [8, с. 605].
Як вясельнае дрэўца выкарыстоўвалася таксама каліна, елка, сасна на Украіне. На вяселлі ў м.Манастырышча Ліпавецкага павета Кіеўскай губерні пасля таго, як спякуць каравай, завівалі “гильце” (гільцэ). Абрадавыя дзеянні завівання гільцэ суправаджаліся, як і на беларускім вяселлі пры ўпрыгожанні елкі, песнямі. Спачатку прасілі блаславення “своему дитяті гилечко звивати”, а, капі звівалі яго, пелі: “До бору, буяре, до бору, // Та рубайте сосну здорову, // Та несіть же їі додому, // Та ставте ж їі на столі. // Та на гранчасті перебринчасті скатерці”. З песні выразна відаць, што ўяўляла сабой гільцэ: завітую сасонку. А ў наступнай песні выяўляецца, што вясельным дрэўцам, гільцэ, можа быць каліна: “В долину, буяре, в долину // Та по червону калину…” [1, с. 150-151].
У Аляксандраўскім павеце Екацярынаслаўшчыны Украіны дзяўчаты вілі гільцэ, для якога зразалі кучараву вярхушку вішні вышынёю 70-80 см. Зімой выкарыстоўвалі пры гэтым рознакаляровую паперу, зялёны барвінок, вясной або летам — пераважна жывыя кветкі, пучкі жытных і пшанічных каласкоў. Гільцэ сімвалізавала шчаслівае жыццё маладых, яго ўтыкалі ў сярэдзіну высокага белага хлеба, які выконваў ролю падстаўкі [1, с. 424-425].
У любельскіх вёсках Польшчы вясельнае дрэўца, якое называлася рузгай, рыхтавалі друхны ў ноч з суботы на нядзелю або ў нядзелю. Калі гэта адбьівалася ў суботу на “веньчыках”, упрыгожанае вясельнае дрэўца нявесты выносілі ў камору. Прыязджаў жаніх з гасцямі і аркестрам. “У хаце за сталом сядзелі стараста і старасціна, а нявеста са старшай друхнай хадзілі пад музыку па кругу, астатнія друхны ішлі за імі і пелі, звяртаючыся да прыезджых:
Po со їe— њcie przyjechali. | Зачем приехали, |
Staneliњcie w sieni? | остановились в сенях? |
Je po to, po to, moja Marysia, | Эй затем, затем, моя Марыся, |
Aїebyњmy cie wziкni. | Чтобы тебя взять замуж. |
Седзячы за сталом, старасціны пелі: |
|
Wydaj matula ziele | Отдай, матушка, деревце |
Z komory na wesele. | Из коморы на свадьбу. |
Танцуючы, старшая друхна ім адказвала: |
|
Ziele na boru rosіo, | Деревце в бору росло, |
Driњ na wesele poszіo. | Сегодня на свадьбу пошло [3, с. 18-19]. |
У гэты ж час дружкі жаніха рабілі ў сенях вясельнае дрэўца (рузгу) для жаніха. Яны бралі яловую галінку, абвешвалі сцебламі гароху. Цікава, што пад рузгу саджалі куру і кпалі два яйкі. Цікавы абрад несумненна ў мінулым меў сакральнае значэнне, але иазней успрымаўся як жартоўнае тэатралізаванае прадстаўленне, мэтай якога было перш за ўсё захаваць традыцыю і стварыць вясёлую атмасферу.
Вясельнае дрэўца ў чэхаў і славакаў упрыгожвала хросная маці нявесты. На елачку або зялёную галінку вешал і папяровыя каляровыя ленты, флажкі, дробныя булачкі. У час вясельнай працэсіі дрэўца ставілі ў павозку, у якой перавозілі нявесту з пасагам. У некаторых абласцях Славакіі было прынята прымацоўваць дрэва да столевай бэлькі хаты, пад якой сядзела маладая пара [4, с. 44].
Нацыянальна адметным была падрыхтоўка вясельнага дрэўца ў балгар. Яно называлася кумава дрэўца. Рабілі яго пасля каравайнага абраду (засевак) з пладовага дрэва або з елі, сасны. На ім была няцотная колькасць галінак. Упрыгожвалі кветкамі, зелянню, яблыкам. Дрэўца ўтыкалі ў тры кумавыя караваі, пакладзеныя адзін на адзін. Даследчыкі балгарскага вяселля Р. Іванова і Л.В. Маркава адзначалі, што сімволіка кумавага дрэўца ў час вясельнага рытуапу змянілася. Калі яго перадавалі куму, які прыехаў са сватамі за нявестай, яно сімвалізавала нявесту. “Пастаўленае на вясельным стале перад кумам і як абрадавы атрыбут, перад якім ён бласлаўляў маладых, дрэўца ўвасабляла ідэю стварэння сям’і” [6, с. 146].
Вясельнае дрэўца як адзін з важнейшых атрыбутаў шлюбнай абраднасці выкарыстоўвалася і ў іншых славянскіх народаў, але абмяжуюся адзначаным.
Сімволіка і функцыі вясельнага дрэўца на розных этапах шлюбнай абраднасці ва ўсіх славян былі неадназначныя: на пачатковых этапах дрэўца сімвалізавала дамову аб шлюбе; разам са сцягам, які вывешваўся пасля першай шлюбнай ночы, азначала страту дзявоцкасці нявестай; пасля раздачы каравая, калі елку на многіх вясельных урачыстасцях разрывалі, абрадавае дрэўца сімвалізавала пераход дзяўчыны ў стан замужняй жанчыны. Вясельнае дрэўца і песні, якія пра яго спяваюцца, выконвала утылітарна-магічную функцыю, аб чым сведчаць самі тэксты песень (напрыклад, ва ўкраінскай: “Ми вілечко вили, // У хлеб устромили, // На столі да поставили, // Щоб було на столі повно, // Щоб нашим молодим гарно” [1, с. 364-365]). Важнае значэнне мелі прадуцыруючая магія: яна павінна была забяспечыць дзетанараджэнне і ўраджайнасць нівы, таксама апатрапейная магія, якая ахоўвала маладых ад злых сіл, сурокаў.
- Весілля. У 2-х кн. Кн. 1. / Упорядк. тестів, примітки М.Шубравської, нотний матер, упорядк. О.А.Правдкж. — Київ: “Наукова думка”, 1970.
- Вяселле на Гомельшчыне: Фальклорна-этнаграфічны зборнік / Уклад., сістэматызацыя, тэксталагічная прана, уступны артикул, рэдагаванне І.Ф. Штэйнер, В.С.Новак — Мн.: ЛМФ “Нёман”, 2003.
- Ганцкая О.А. Поляки. // Брак у народов Центральной и Юго- Восточной Европы. — М.: “Ладомир”, 1997.
- Грицианская Н.Н. Чехи и словаки. // Брак у народов Центральной и Юго-Восточной Европы, — М., 1997.
- Гура А.В. Деревце свадебное… // Славянские древности. В 5 т. Т. 2. —М.: “Международные отношения”, 1999.
- Иванова Р., Маркова Л.В. Болгары. // Брак у народов Центральной и Юго-Восточной Европы. — М., 1997.
- Машынскі К. Вясельны абрад у в. Дарашэвічы [Мазырскага павета] // Вяселле. Абрад / Уклад., уступны артыкул і каментарыі К.А.Цвіркі, музычны дадатак З.Я.Мажэйка. — Мн.: “Навука і тэхніка”, 1975.
- Медведева В.М. Южнорусская свадьба: село Подсереднее, Белгородская область, Алексеевский район. // Обрядовая поэзия. Кн.2. Семейно-бытовой фольклор. / Сост., подгот. текста и этнографич. коммент. Ю.Г.Круглова. — М.: “Русская книга”, 1997.
- Фольклор Калужской губернии в записях и публикациях Х1Х — нач. ХХ вв. / Сост. Н.М.Ведерникова. — М., 1997.
Аўтар: А.С. Фядосік
Крыніца: Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гомель, 20-21 мая 2004 г.): У 2-х ч.ч. Ч 1./ Гал. рэдактар А.А. Станкевіч. — Гомель: УА “ГДУ імя Ф.Скарыны”, 2004. — 272 с. Ст. 201-205.