Вялікі тэрор 1937 г. у Гомелі. З бабуліных успамінаў

0
78
Вялікі тэрор 1937 г. З бабуліных успамінаў

У 1937 годзе ў 67-м знішчальным авіяпалку, які кватэраваўся ў Гомелі, на тым самым месцы, дзе цяпер месціцца р-н “Стары Аэрадром”, адбыўся ўзорна-паказальны суд. На лаве падсудных апынуліся камандзір палка, ягоны намеснік, начштаба палка, усе камэскі, усе іх сябры і сябры сяброў. Такім чынам, падсудных назбіралася ці не дзве траціны ад асабовага складу.

Абвінавачванне выставілі стандартнае: трацкісты, бухарынцы, фашысты, шпегуны і здраднікі.

Сярод тых, каго прыгналі на суд у якасці статыстаў, быў мой дзед, лейтэнант Канстанцін Іванавіч, і ягоная жонка, мая бабуля Марыя Сазонтаўна.

Далейшае пераказваю са словаў бабулі (ёйнай беларускай мовай):

— Сыначка, ды ўсе зналі, што і як. Жонка таго кампалка была гуляшчая, і мужык яе аднажды застукаў. Палюбоўнік праз акно выскачыў, а жонку тую кампалка пабіў і паабяцаў выгнаць туды, адкуль узяў – у калхоз. Тая ў калхоз не хацела, не дурная ж, адразу пабегла ў эн-ка-вэ-ду і напісала на свайго мужыка данос – бачыла ў яго партрэт нейкага барадатага мужчыны, пахожага на Троцкага. Кампалка забралі, ён ва ўсім прызнаўся і паказаў на замясціцеля і астальніх, што яны такія ж трацкісты. Тыя – на сваіх сябрукоў. За ноч усе сазналіся, што яны рабілі дыверсіі па інструкцыях Троцкага. Нараніцу  – суд, нас з тваім дзедам туды пагналі, дзеда нават з палётаў знялі. Усіх, ясна справа, да вышэйшай меры.
— Бабуля, — спытаўся я, — а с курвай той што потым сталася, што данос на мужа напісала?
Што, што… Забралі і тую. Яна ж так са сваім мужыком не паспела афіцыйна разыйсціся, вось і пайшла ў лагер для сем’яў ворагаў народа. З тых лётчыкаў, хто пасля суда выжыў, і тых жонак і дзетак, якіх не забралі, ніхто яе не шкадаваў, толькі радаваліся… Падлюка. Трасца яе бацьку і халера ёйнай маці.


Аўтар:
Уладзіслаў Ахроменка