Тапаніміка як раздзел анамастыкі, што вывучае ўзнікненне, развіццё і функцыянаванне ўласных назваў геаграфічных аб’ектаў, склалася параўнальна нядаўна, хаця беларускай тапаніміяй вучоныя зацікавіліся яшчэ ў 1-ай палове XIX ст. Аб’ектам аналізу з’яўляліся і з’яўляюцца ў першую чаргу гідронімы як самы старажытны пласт (A.A. Качубінскі, І.Я. Спрогіс, Ю.Ю. Трусман, К. Буга, ВА. Жучкевіч, З І. Жакава, Р.М. Казлова, А.М. Катонава, У.М. Тапароў, А.М. Трубачоў, Т.М. Багаедава, Н.Р. Смаль), айконімы (Я. Тараноўскі, В.П. Лемцюгова, В.А. Жучкевіч, Л.М. Грыгор’ева, A.Ф. Рогалеў), урбанонімы (Г.М. Мезенка), мікратапонімы (Я.М. Адамовім, І.Я. Яшкін, Г.А. Іванова, В.М. Емельяновіч, Г.М. Прышчэпчык).
Сучасныя даследаванні па тапаніміцы Беларусі маюць у асноўным рэгіянальны характар, а самі тапонімы аналізуюцца пераважна ў трох аспектах: этымалагічным (прыярытэт у гэтай вобласці належыць Р.М. Казловай, Т.М. Багаедавай), лексікасемантычным і структурна-граматычным (гл. працы B.П. Лемцюговай, Г.М. Мезенка, В.А. Жучкевіча, А.Ф. Рогалева, аўтара гэтых матэрыялаў). Адзначаныя віды аналізу тапонімаў арганічна дапаўняюць адзін аднаго, робяць цэласным уяўленне пра тапанімікон Беларусі і асобных яе рэгіёнаў.
На сённяшні дзень не менш актуальным застаецца пытанне ўнармавання асобных відаў онімаў, перадача іх на рускую мову.
Агляд айканімічных слоўнікаў [1,6,7,8] пацвярджае думку В.П. Лемцюговай аб тым, што “беларуская айканімія празмерна абцяжарана варыянтнасцю на пісьмовым і вуснамоўным узроўнях, вызначаецца неўпарадкаванасцю і непісьменным афармленнем” [8, с. 8]. Даследчыцай прааналізаваны прычыны гэтага [4; 8, с. 8], дадзены парады па ўпарадкаванні правапісу ўласных назваў населеных пунктаў, складзена праграма пераводу беларускай айканіміі на нацыянальную аснову, прапанаваны спосабы і правілы перадачы беларускіх айконімаў па-руску [8, с. 8-23]. Значным крокам у гэтым накірунку з’явілася папярэдняя падрыхтоўка і выданне “Инструкции по передаче на русский язык найменований географических объектов Республики Беларусь”, якая выключае перадачу беларускіх айконімаў па-руску шляхам перакладу, а, прытрымліваючыся міжнароднай практыкі, выкарыстоўвае транслітарацыю або палітарную перадачу і транслітарацыю з заменай асобных элементаў у каранёвых і афіксальных марфемах [3]. Асноўным вынікам такой сур’ёзнай і неабходнай працы па праву можна лічыць выхад з друку нарматыўнага даведніка “Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь” (выдадзены Мінская, Гомельская, Гродзенская і Магілёўская вобласці, рыхтуецца Віцебская і Брэсцкая). Аўтары даведніка прытрымліваюцца міжнародных правілаў стандартызацыі геаграфічных найменняў з улікам змен, якія адбыліся ў апошні час у гэтай галіне, і рэкамендацый Групы экспертаў ААН па геаграфічных назвах. Такім чынам, зроблены першыя крокі па ўпарадкаванні беларускай айканіміі.
Зусім іншай бачыцца нам праблема ўпарадкавання беларускай урбананіміі. Урбананімія Беларусі актыўна вывучаецца ў структурнасемантычным плане. Аднак назіранні над гадонімамі дазваляюць сцвярджаць, што ўся афіцыйная дакументацыя урбанонімаў вядзецца на рускай мове. Пытанне ж перадачы яе на беларускую мову дагэтуль не вырашана. Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што спіскі урбанонімаў на месцах на беларускай мове ўвогуле адсутнічаюць.
Афіцыйная гаданімія складвалася напачатку ў буйных населеных пунктах, што мелі статус горада, гарадскога пасёлка, сяла. У большасці невялікіх паселішчаў сельскага тыру існавалі толькі неафіцыйныя найменні іх частак. Напрыклад, пачатак в. Смалегаў (цяпер адселеная ў выніку наступстваў аварыі на ЧАЭС, Нар. р-н) называўся Бандарка, ці Коварот (каля павароту), цэнтральная вуліца — Сяло. Працяг галоўнай вуліцы ўлева ў накірунку да в. Галоўчыцы атрымаў назву Куток. Невялічкая вулачка за могілкамі, што ўзнікла пазней адзначаных, называлася Казінаўка, ці Казіны Рог. За часткай вёскі наводшыбе замацавалася найменне Хутар, а самая апошняя па часе ўзнікнення вуліца з новымі хатамі іменавалася Пеўневай (па мянушцы аднаго з яе жыхароў), ці Новай. І толькі ў сувязі з газафікацыяй і тэлефанізацыяй паселішчаў мясцовымі ўладамі пачапі надавацца вуліцам і завулкам імёны.
Для гадонімаў у афіцыйным уживанні не характэрна варыянтнасць, аднак яны падвяргаюцца зменам, найперш, перайменаванням. Беларускія гадонімы ўсюды, у тым ліку і на шыльдах, занатоўваліся і занатоўваюцца пераважна па-руску. Беларускамоўныя адпаведнікі перадаваліся, як раней у айканіміі, цалкам шляхам літаральнага перакладу (вул. Крестьянская — Сялянская. вул. Победы — Перамогі, пр-т Октября — Кастрычніка, вул. Трудовая — Працоўная). Пераклад гадонімаў має месца паўсюдна і сёння. Між тым, яшчэ ў 1905 годзе лінгвісты нагадвалі географам пра пастанову, прынятую VІІІ Берлінскім міжнародным кангрэсам, асноўныя палажэнні якой заключаліся ў тым, што ўсе мясцовыя геаграфічныя назвы павінны быць пакінуты без перайменавання і перадавацца на іншых мовах па магчымасці бліжэй да арыгінала [9, с. 72]. Адна са знакамітых цэнтральных вуліц Берліна на ўсіх мовах гучыць, як Unter den Linden (унтэр дэн ліндэн). Гэты падыход да перадачы тапалексікі на іншыя мовы атрымаў працяг у рашэнні Лонданскай канферэнцыі ААН 1972 г. За аснову міжнароднай стандартызацыі геаграфічных назваў прызнавалася нацыянальная стандартызацыя [9, с. 72]. Іншымі словамі, “для міжнароднага ўжывання могуць быць рэкамендаваны толькі тыя назвы, якія атрымалі афіцыйнае прызнанне на нацыянальным узроўні [9, с. 72].
Закон Беларускай ССР аб мовах у рэспубліцы (26.01.1990) прадугледжваў увядзенне на яе тэрыторыі нацыянальнае напісанне назваў населеных пунктаў і іншых геаграфічных аб’ектаў. У гэты час урбанонімы на шыльдах пісаліся па-беларуску, а функцыя беларускай мовы ў топалексемах павінна была выступаць у якасці нацыянальнай (якая прынімае).
Ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя ў рэспубліцы зноў вярнуліся да іх абазначэння на рускай мове. Функцыя ж мовы міжнацыянальных зносін павінна выступаць толькі як функцыя, што перадае далей.
На наш погляд, для ўстанаўлення нормы і ва урбанонімах створаны належныя ўмовы, найперш, выданне “Инструкции по передаче на русский язык найменований географических объектов Республики Беларусь” ад 2005 г., нарматыўных даведнікаў па айканіміі (пра іх гаварылася вышэй). На жаль, слоўнікі гадонімаў па абласцях рэспублікі адсутнічаюць (у асноўным укладзены ў слоўнік Г.М. Мезенка старажытныя гадонімы [5].), але першыя спробы ў гэтым накірунку робяцца. Так, у друку знаходзіцца слоўнік гадонімаў Гомельшчыны; гадонімы асобных гарадоў, напрыклад, г. Магілёва, зафіксаваны ў даведачных гасцінічных кніжках. Пытанне пераводу іх на нацыянальную аснову, а затым як наступны этап перадача па-руску сёння стаіць востра. Такая работа ва урбананіміі яшчэ наперадзе. Пры гэтым заўсёды патрэбна памятаць, што “імёны павінны мець выразны нацыянальны каларыт”, бо нацыянальна-культурны кампанент “уласцівы асабовым імёнам… нават у большай ступені, чым апелятывам” [2, с. 70].
- Багамольнікава, Н.А. Айканімія Гомельшчыны: Слоўнік / Н.А.Багамольнікава, А.А. Станкевіч; навук. рэд. В.П.Лемцюгова. — Гомель: У А ‘ТДУ імя Ф. Скарыны’’, 2003. — 392 с.
- Верещагин, Е.М. Лингвострановедческая теория слова / Е.М. Верещагин, В.Г. Костомаров. — М.: Русский язык, 1980. — 320 с.
- “Инструкция по передаче на русский язык наименований географических объектов Республики Беларусь”, зарэгістраваная у Нацыянальным рэестры прававых актаў РБ 18.02.2005 г. №8/12146.
- Лемцюгова, В.П. Роздум над лесам і правапісам беларускіх уласных геаграфічных назваў [Тэкст] / В.П. Лемцюгова // Звязда, 3, 4 і 5 красавіка 2002.Г.
- Мезенко, А.М. Имя внутригородского объекта в истории. Об урбанонимах Беларуси XIV — нач. XX в. [Текст]: науч. изд. / А.М. Мезенко — Мн.: Вышэйшая школа, 2003. — 296 с.
- Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мін. вобл.: нармат. давед. / 1.А. Гапоненка, І.Л. Капылоў, В.П. Лемцюгова і інш.; пад агул, рэд. В.П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 605 с.
- Назвы населеных пунктаў Рэснублікі Беларусь: Гродзен. вобл.: нармат. давед. / І.А. Гапоненка, В.П. Лемцюгова, Л.Л Янушкевіч і інш.; пад агул. рэд. В.П.Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 471 с.
- Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомел. вобл.: нармат. давед. / Н.А.Багамольнікава [і інш.]; пад агул. рэд. В.П.Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с.
Рубцова, З.В. Варьирование и норма в белорусской и русской топонимии / З.В. Рубцова / Научный доклад по опубликованным трудам, представленный к защите на соискание учёной степени кандидата филологических наук по спец. 10.02.19 — Теория языкознания. — Москва, 1993. — 84 с.
Аўтар: Н.А. Багамольнікава
Крыніца: «Скарына і наш час», IV міжнародная навуковая канф. (2008, Гомель). Міжнародная навуковая канферэнцыя «Скарына і наш час», 13-14 лістапада 2008 г.: [матэрыялы]: у 2 ч. Ч. 2 / рэдкал.: А. А. Станкевіч (гал. рэд.) [і інш.]. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2008. — 310 с. Ст. 70-74.