Вобразна-выяўленчыя сродкі ў парэміях Жыткавіцкага раёна

0
499
Вобразна-выяўленчыя сродкі ў парэміях Жыткавіцкага раёна

Прыказкі і прымаўкі з’яўляюцца невычэрпнай крыніцай народнай мудрасці. Зафіксаваны ў іх багаты жыццёвы вопыт беларусаў пададзены ў сціслай даступнай форме. Як слушна заўважыў К. П. Кабашнікаў, «прыказка мае шырокае поле ўжывання, яна адносіцца не толькі да той канкрэтнай сітуацыі, пра якую ідзе гаворка, а да любой падобнай, калі абставіны прымушаюць чалавека актыўна шукаць выйсце, рабіць, здавалася б, немагчымае, для выпраўлення крытычнага становішча, выратавання жыцця, маёмасці, справы і г. д. Каб такога не здаралася, народная мудрасць заклікае да абачлівасці, асцярожнасці, да ўзважаных учынкаў» [1, с. 69].

З фальклорнай экспедыцыі па Жыткавіцкім раёне студэнты і выкладчыкі кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі прывезлі даволі разнастайныя запісы, сярод якіх сустракаюцца прыказкі і прымаўкі – аб’ект нашага аналізу ў артыкуле.

У парэміях Жыткавіцкага раёна выкарыстоўваюцца многія мастацка-выяўленчыя сродкі і прыёмы. Асноўным вобразным сродкам ў гэтым жанры з’яўляецца іншасказанне: «Адна галавешка і ў печы не гарыць, а дзве і ў полі не тухнуць»1, «Пусты колас высока стаіць», «Сама каля печы, а язык за парогам», «Са свайго языка спусціш – на чужым не зловіш», «Смелыя і разумныя два вякі жывуць» (усе зап. у г. Тураў) і іншыя.

Сустракаецца таксама прамое выказванне: «Менш гаворы, а больш робі», «Сено ек цело, трэба прыбраці» (зап. у в. Хільчыцы); «Хто перад Калядамі жывёлу добра даглядае, той перад Вялікаднём за хвост не падымае» (зап. у в. Пагост); «Чалавек галодны ні на што не годны» (зап. у г. Тураў); «Малыя дзеці – малы клопат, бальшыя дзеці – бальшы клопат» (зап. у в. Відошын) і іншыя. Кожны з гэтых выразаў «мае канкрэтны сэнс, (яго) кампаненты ужыты у прамым значэнні, але ўсё выказванне успрымаецца як афарызм дзякуючы ягонай замацаванасці за пэўнай маўленчай сітуацыяй» [2, с. 173].

Даволі распаўсюджанымі ў парэміях з’яўляюцца метафары: «Чужая старонка без ветру сушыць» (зап. у г. Тураў); «У сваёй хаце і вуглы дапамагаюць», «Чужыня – не родная матка, хлеба не дасць» (зап. у в. Відошын); «Сорам не воран, вачэй не выдзерэ», «Праўда ў вочы коле» (зап. у в. Хільчыцы), «Раждзественскі мароз добра ўшчыпле за нос» (зап. у в. Пагост). Такім чынам, часта ў прыказкавых выразах назіраецца адухаўленне прадметаў, ім прыпісваюцца характарыстыкі жывой прыроды.

Нярэдка ў парэміях для пазначэння людзей выкарыстоўваюцца вобразы жывёл і птушак: «Кажда жаба свае балото хваліць» (зап. у в. Пухавічы), «Кошка мышцы не таварыш» (зап. у г. Тураў), «Па кодлу куры губатыя» (зап. у в. Вароніна), «Старого вераб’я на мекіні не проведзеш» (зап. у в. Хільчыцы).

Акрамя метафар, у прыказках і прымаўках Жыткавіцкага раёна ўжываюцца метаніміі і сінекдахі. Так, у варыянце «Не ўсё золото, што свеціцца» (зап. у в. Пухавічы) назва матэрыялу пазначае выраб з яго. Выраз «Сухая ложка рот дзерэ» (зап. у в. Хільчыцы) паказвае, як прыметнік, дапасаваны да назвы посуду, выступае эквівалентам адсутнасці ежы. У прыказках «Чужымі рукамі добрэ только жар загрэбаць», «Вочы бояцца, а рукі робяць» (зап. у в. Хільчыцы); «Шчыраму сэрцу і чужая болька баліць» (зап. у г. Тураў) назвы органаў і частак цела ўвасабляюць чалавека, а ў варыянце «Ані лыжкі, ані міскі, а павесіў тры калыскі» (зап. у г. Тураў) словазлучэнне «тры калыскі» пазначае колькасці дзяцей у сям’і. Адзіночны лік замест множнага ўжываецца ў парэміях «Набытая мазалямі капейка перацягне лёгкі рубель» (зап. у г. Тураў), «Ленцяй за дзело – мазоль за цело» (зап. у в. Пухавічы).

Яскравым сродкам выразнасці ў прыказках і прымаўках з’яўляецца антытэза – рэзкае рытарычнае супрацьпастаўленне вобразаў, паняццяў, дзеянняў, звязаных паміж сабой унутраным сэнсам ці агульным уладкаваннем. У якасці супрацьпастаўленняў часта ўжываюцца антонімы: «Дзе стары бурчыць, малады памаўчыць», «Анёлам ляцеў, чортам сеў», «Са свайго языка спусціш – на чужым не зловіш», «У будны дзень згуляць грэх, а ў святы дзень зрабіць не грэх» (зап. у г. Тураў); «Як свае галавы не маеш, дык чужая не дапаможа», «Сыты по голодному не спогодае» (зап. у в. Хільчыцы).

Але такое лагічна дакладнае супрацьпастаўленне не заўсёды характэрна для парэмій. Часта сустракаюцца прыказкавыя выразы, у якіх супрацьпастаўленне з’яўляецца сітуацыйным: «Адзін працуе цэлы дзень, другі глядзіць, дзе лепшы цень», «Хто высока нос задзірае, той на лбе гуз набівае», «Не той багаты, хто мае, а той, хто дбае», «Давалі – з кішэні не вымалі», «Хто горбам, а хто горлам» (зап. у г. Тураў); «Смачны боршчык, да малы горшчык», «Не плаціць багаты, а вінаваты» (зап. у в. Хільчыцы); «Ек красоту дзелілі, то я спала, а ек сталі шчасце дзеліць, то я ўстала» (зап. у в. Вароніна).

Узмацненне антытэзы можа адбывацца пры дапамозе ідэнтычнай структуры дзвюх частак сказа: «Дзе гультай ходзіць, там земля не родзіць», «У кроўца нема остатка, а ў попа здачы», «Вочы бояцца, а рукі робяць» (зап. у в. Хільчыцы). Некаторыя прыказкавыя выразы ілюструюць адмоўны паралелізм, пры якім адмаўляецца тоеснасць, аднолькавасць з’яў пры наяўнасці іх падабенства. Звычайна такія парэміі пачынаюцца з не (ні): «Не по коту хвост, не по ямцы лучына, не по казаку дзеўчына» (зап. у в. Вароніна), «Ні смерць, ні радзіны не глядзяць ліхое гадзіны» (зап. у в. Хільчыцы).

Радзей у парэміях сустракаюцца эпітэты – вобразнае азначэнне прадмета ці дзеяння. Іх функцыю часцей за ўсё выконваюць словы, што ўжываюцца ў пераносным сэнсе: «Шчыраму сэрцу і чужая болька баліць», «У прыказцы – праўда светлая» (зап. у г. Тураў); «Ціхая вада берагі мые», «Волос доўгі, вум короткі» (зап. у в. Хільчыцы). Аднак выкарыстоўваюцца і так званыя дакладныя эпітэты, дзе прыметнікі ўжываюцца ў прамым значэнні: «Без роднай мамачкі заклююць галачкі», «Дружбу ні каменем цвёрдым, ні сцяною высокаю не мераюць» (зап. у г. Тураў), «Горка гарэлка, ды ўсе п’юць, нядобра замужам, да ўсе ідуць» (зап. у в. Хільчыцы).

Адным з самых распаўсюджаных сродкаў выразнасці ў прыказках і прымаўках Жыткавіцкага раёна з’яўляюцца параўнанні: «Родная зямелька як зморанаму пасцелька» (зап. у г. Тураў), «Чалавек без працы, што птушка без крылаў» (зап. у в. Відошын), «Які пень, такі і клін, які бацька, такі і сын» (зап. у в. Вароніна), «Чоловек без жонкі ек без шапкі» (зап. у в. Хільчыцы) і іншыя.

Сустракаецца ў парэміях таксама гіпербала – перабольшванне памераў, моцы, значнасці апісанага: «Смелыя і разумныя два вякі жывуць» (зап. у г. Тураў), «Дома і салома ядома, а на чужыне і гарачы тук стыне» (зап. у в. Відошын), «На Пакрову з’еў карову, на Пятра з’еў вала» (зап. У в. Запясочча), «Як памрэ багатыр, то зойдзецца ўвесь мір, а як памрэ беднячок, то адзін поп і дзячок», «Вурос до неба, да дурны, ек трэба» (зап. у в. Хільчыцы).

Для ўзмацнення эмацыянальнага ўражання ў некаторых выразах назіраецца таўталогія – паўтарэнне адных і тых жа ці аднакаранёвых слоў: «Ад добрага кораня – добры і адростак», «Аднаго бацькі і адной маткі няроўныя бываюць дзіцяткі», «З кута ў кут – і вечар тут», «Багаты багацей – не чалавек, а сто чарцей», «У будны дзень згуляць грэх, а ў святы дзень зрабіць не грэх» (зап. у г. Тураў); «У добрага трактарыста любы трактар добры», «Малыя дзеці – малы клопат, бальшыя дзеці – бальшы клопат» (зап. у в. Відошын); «Берэжоного бог берэжэ», «Свой своека бачыць здалека» (зап. у в. Хільчыцы). Такія паўторы ўзмацняюць сэнсавую завершанасць думкі парэмій.

Даволі часта ў парэміях Жыткавіцкага раёна сустракаюцца ўласныя імёны ў значэнні агульных назоўнікаў, часцей за ўсё іх ужыванне звязана са стварэннем рыфмы ці алітэрацыі: «У няздалай Дар’і заўсёды авар’і» (зап. у в. Відошын); «Няма майго Даніла, то і вуліца не міла», «Ніхто не такоў, як Іванко Петакоў» (зап. у в. Запясочча) і іншыя.

Прыказкі і прымаўкі – гэта цудоўны па сваёй вобразнасці, дакладнасці думкі і выразнасці сродкаў фальклорны жанр. Менавіта дзякуючы вобразнасці, рытмічнай арганізацыі ў сукупнасці з пераносным сэнсам яны валодаюць здольнасцю да мнагазначнага ўжывання па прынцыпе аналогіі.

Акрамя таго, усе элементы парэмій падпарадкаваны галоўнай мэце: дакладна, сцісла і яскрава раскрыць думку, дасягнуўшы яе канцэнтрацыі.

Літаратура

  1. Кабашнікаў, К. П. Малыя жанры беларускага фальклору ў славянскім кантэксце / К. П. Кабашнікаў. – Мінск: Беларуская навука, 1998. – 218 с.
  2. Лепешаў, І. Я. Сітуацыйныя і кантэкстуальныя прыказкі / І. Я. Лепешаў // Веснік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы. – 2005. – № 1 (30). – С. 171 – 177.

1 У артыкуле выкарыстаны матэрыялы фальклорнага архіва кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны.

Аўтар: Н.М. Панкова
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 23 / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А.І. Лакотка. – Мінск: Права і эканоміка, 2017. – С. 255-258.