Вобраз ведзьмы ў міфалагічнай прозе Гомельшчыны

0
253
Вобраз ведзьмы ў міфалагічнай прозе Гомельшчыны

У прыкметах і павер’ях беларусаў сярод усіх міфалагічных персанажаў найбольшай распаўсюджанасцю вылучаецца ведзьма. У ніжэйшай міфалогіі ўсходніх і заходніх славян вобраз гэтай істоты арганічна яднае рысы рэальнай жанчыны і дэмана. Варта адзначыць, што «ведзьма – адзін з асноўных персанажаў дэманалогіі ўсходніх і заходніх славян, які спалучае ў сабе рысы рэальнай жанчыны і дэмана» [1, с. 70]. Паводле народных уяўленняў, тая жанчына станавілася ведзьмай, калі ў яе ўсяляўся злы дух, д’ябал або душа памерлага [1, с. 70].

Магічная сіла, уласцівая ведзьме, магла дастацца жанчыне ў спадчыну ад маці-ведзьмы. «Суіснаванне ў ведзьме чалавечага і дэманічнага пачаткаў магло разумецца як наяўнасць у яе дзвюх душ: звычайнай, чалавечай, і злоснай, дэманічнай, якая пакідае па начах цела жанчыны, якая спіць, і шкодзіць людзям» [1, с. 71].

Засяродзім увагу на звестках, зафіксаваных пра гэты вобраз у вёсках Веткаўскага раёна. Нам пашчасціла запісаць і ўласныя матэрыялы, звязаныя з гэтым персанажам, у вёсках Малыя Нямкі і Пералёўка. Аналізаваць гэты вобраз будзем, выкарыстоўваючы вопыт даследавання Л. М. Вінаградавай і абапіраючыся на ўласныя запісы і архіўныя матэрыялы.

На пытанне, хто такая ведзьма, жыхарка в. Пералёўка Пархоменка Марыя Данілаўна, 1944 г.н., дала наступны адказ: «Ну, ведзьма – гэта бабка ілі жанчына, якая дзелая плахое людзям. У нашай вёсцы ёсць такая жанчына і не адна. Усе знаюць іх і стараюцца абыходзіць стараной. Я всегда гавару сваім дзіцям, штоб не падыходзілі да яе хаты, штоб не было потым плоха і не прыйшлося шаптаць».

Звернемся спачатку да знешняй характарыстыкі гэтага персанажа. Паводле сведчанняў жыхаркі в. Малыя Нямкі Лідзіі Васільеўны Пілігузавай, 1957 г.н., «ну, ведзьма – эта такая бабка з вельмі страшнымі вачамі. У яе вялікі нос, сівыя і растрапаныя валасы і вялікі горб на спіне. Яна носіць чорную адзёжу і хусту, якая пачці закрывае вочы». Прыведзеныя звесткі даказваюць, што ведзьма была падобна на рэальную жанчыну. Як сведчаць фактычныя матэрыялы міфалагічных апавяданняў, запісаных на тэрыторыі Гомельшчыны, то можна гаварыць і пра зааморфны выгляд ведзьмы, калі яна ператвараецца ў іншых істот: жабу, кошку, сабаку, свінню, вужа, карову: «Ведзьмы маглі абарочвацца ў любое жывотнае: свінню, кошку ці ў капу сена» (в. Неглюбка) [2, с. 66]; «Яна можа прыкідвацца вужом, кошкай, жабай» (в. Чамярня) [2, с. 68]. Як адзначыла даследчыца Л.М. Салавей, «ведзьма-жанчына мае вялікія здольнасці перакідвацца ў іншыя істоты – жабу-рапуху, птушку, кабылу, сароку, чорную котку, ласку, а таксама перакідваць, зачароўваць іншых» [3, с. 73].

Сустракаюцца адзінкавыя запісы звестак, паводле якіх ведзьма магла паказвацца ў выглядзе калёсаў або стога сена: «Ведзьма праўрашчалася і ў калёсы, і ў копны. Я бачыла, як копны хадзілі» (г. Ветка) [2, с. 64].

Вядома, што ведзьмы маглі рабіць шмат шкоды: ператварыўшыся ў жабу, яны «забіралі» малако ў кароў, маглі «адымаць сала» ў свіней, рабілі заломы ў жыце: «А шчэ ведзьмы ў кароў малако забіраюць, а ў свіней жыр увесь» (в. Шэйка) [2, с. 68]; «Ведзьма, казалі, прырабляла на скаціну, смактала ў кароў малако з кроўю» (в. Новы Мір) [2, с. 66]. Як адзначыла Л.М. Салавей, «здольнасць ведзьмы да метамарфозаў дазваляе ёй рабіць шкоду: перакінуўшыся жабай, яна высмоктвае малако ў кароў … , летучы на начное купальскае зборышча, яна адбірае лекавую сілу зёлак, збівае расу з травы, робіць заломы ў жыце ды інш.» [4, с. 73]. Паводле сведчанняў жыхароў в. Сівенка Веткаўскага р-на, «вельмі часта ведзьмы нараблівалі худобе на —дурноту”. У нас пасвіць худобу выганялі кіломятры за тры праз лес. І калі гналі, дык можна было заўважыць, што некаторыя каровы як быццам дурнелі, то бегла ў шкоду, то церлася аб высажныя дзеравы і так набегаецца, што пена з роту ідзе, бакі паабдзіраныя, вымя разадранае» [5, с. 73].

Як вынікае з некаторых запісаў міфалагічных звестак, людзі асцерагаліся шкоднага ўплыву ведзьмы на ўраджайнасць: «Яшчэ ведзьмы плоха вліяюць на ўражай. Калі паглядзіць дрэнна ілі здзелаюць што, то можна без зярна і бульбы астацца. Я сама з імі не гавару і не сябрую, штоб не было праблем» (запісана ў в. Пералёўка ад Пархоменка Марыі Данілаўны, 1944 г.н.).

Падкрэслім, што ведзьма магла насылаць псоту і на людзей: «Напроціў нас жыла саседка, якую ўсе счыталі ведзьмай. Мы ўсе баяліся падыходзіць да яе хаты. Гаварылі, што ў яе ўсей двор у травах, ямках і касцях. Адзін раз я яе ўбачыла, калі яна несла штосьці ў мяшочку. Гэта быў вечар і было ўжо цёмна. Яна была ў чорнай адзёжы і хусці, якая почці закрывала вочы. Ішла яна ў бок кладбішча, я очень спугалася і сразу пабегла дамоў. Маці гаварыла, што яна многа плахога зрабіла нашай сям’і. Яна рабіла падклады і адным взглядам магла здзелаць штосьці плахое: пасля сустрэчы я падвярнула нагу, а ў маёй мамы начынала балець галава. Таму з ёй ніхто не хацеў перасякацца і стараліся абайсці яе стараной» (запісана ў в. Малыя Нямкі ад Пілігузавай Лідзіі Васільўны, 1957 г.н.).

Паводле сведчанняў некаторых інфармантаў, іншы раз людзі звярталіся да ведзьмы па дапамогу, бо верылі, што «былі і добрыя ведзьмы, якія тварылі дабро. Была я разам з сынам у маці ў вёсцы. Усё было добра, але пад вечар мой сын не мог заснуць, бясконца плакаў, не хацеў нічога есці. Лекі не дапамагалі. Маці сказала, што гэта хтосьці дрэнна паглядзеў на дзіцёнка. Маці сказала, што трэба ісці за суседкай. Праз некалькі хвілін маці вярнулася з суседкай. Тая ўзяла сына і пайшла з ім у асобны пакой. Іх не было хвілін 30. Потым суседка выйшла з сынам на руках, які ўжо спаў» (запісана ў г. Гомель ад Отчыч Зінаіды Дзмітрыеўны, 1978 г.н.). Пра адзін з такіх выпадкаў, калі ведзьма магла дапамагаць, паведаміла жыхарка в. Глыбаўка: «Раз ішла з лесу, упала ды нагу так раздзёрла, што кроў сільна хлястала. Я яе нічым астанавіць не магла. А тут гляджу: ідзе баба, якую ў вёсцы некаторыя ведзьмай празвалі. Убачыла яна, аз ме мной случылася, падышла да мяне, пашаптала нешта, і кроў ісці перастала. Ета жанчына мне яшчэ і пасля памагала. Кароўка мая занядужыла, дык ведзьма не адказала, а таксама памагла» [2, с. 65].

Звышнатуральныя магчымасці ведзьмы выклікалі вялікі жах у людзей, адсюль і з’явіліся разнастайныя сродкі засцярогі ад яе. Так, некаторыя жыхары вёскі выкарыстоўвалі замовы і малітвы, каб ведзьмы ім не шкодзілі, грамнічныя свечкі, якія вешалі перад уваходам у хлеў, малявалі на сценах і дзвярах крыжы. Як паведамілі жыхары в. Малыя Нямкі, «каб ведзьма не здзелала табе нічога дрэннага, трэба насіць крыж на шыі. Яшчэ можна насіць чырвоную махровую нітку на руцэ. Калі праходзіш ля ведзьмы, трэба скруціць кукіш у кармане» (запісана ад Пілігузавай Лідзіі Васільеўны, 1957 г.н.). Як адзначылі жыхары в. Новыя Грамыкі, «ад ведзьмінага калдаўства клалі на вароты крапіву, таксама секлі асінавыя дровы, няслі іх на скрыжаванне дарог і палілі. А над агнём сушылі цадзілку. Вось тады прыбягала ведзьма, бо ёй было дрэнна» [2, с. 66]. З мэтай засцярогі ад звышнатуральнага ўздзеяння ведзьмы на Купалле выкарыстоўвалі пасвечаныя соль і мак: «А на ўсюночную людзі ад каліткі хадзілі з пасвечонай соллю і з макам паўз забор. Нада была так прайсці тры разы» (в. Новы Мір) [2, с. 66].

Выкарыстоўвалі і іншыя спосабы засцярогі ад звышнатуральнага ўздзеяння ад ведзьмы, напрыклад, у в. Куты выконвалі наступныя дзеянні: «А калі ета чортава жонка гляне на жывёлу, то тая хутка здранцвее. Каб етага не было, нада скаціне на ашэйнік жывое серабро прышыць» [2, с. 65].

Як вынікае аз месту асобных міфалагічных апавяданняў, ведзьма валодала здольнасцю накіроўваць сваю злосную сілу на людзей пры дапамозе ветру: «Дзелаюць нарядкі. Ета абазначае нагавораныя словы, каторыя пускаюць па ветру. Еслі чалавек ідзець і находзіць на еты вецер са славамі нагаворанымі, то пачынае балець. Ету балезнь могуць лячыць толькі людзі, каторыя шэпчуць малітвамі. Калі не адшаптаць чалавека, то ён можа памерці» (в. Неглюбка) [2, с. 65 – 66].

Прыведзеныя ў артыкуле матэрыялы ілюструюць стан захавання міфалагічнай традыцыі на Гомельшчыне, у прыватнасці на Веткаўшчыне, а таксама пацвярджаюць багацце рэгіянальна-лакальных асаблівасцей, адлюстраваных у міфалагічных апавяданнях.

Аўтэнтычныя матэрыялы пра ведзьму, запісаныя ў вёсках Веткаўскага р-на, пацвярджаюць факты лакальнай разнастайнасці звестак, звязаных са знешнім выглядам гэтага персанажа, яго функцыянальнасцю, спосабамі засцярогі ад звышнатуральнага ўздзеяння.

Спіс літаратуры

  1. Славянская мифология. Энциклопедический словарь. — М.: Эллис Лак, 1995. — 416 с.
  2. Беларуская міфалогія. Хрэстаматыя: вучэб. Дапаможнік / уклад. В. С. Новак. — Мінск: РІВШ, 2013. — 394 с.
  3. Салавей Л. Ведзьма // Міфалогія беларусаў: Энцыкл. слоўн. / склад.І. Клімковіч, В. Аўтушка; навук. рэд. Т. Валодзіна, С. Санько. — Мн.: Беларусь, 2011. — 607 с.
  4. Беларуская міфалологія: Энцыклапед. слоўн. / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімовіч. — 2-ое выд., дап. — Мінск: Беларусь, 2006. — 599 с.
  5. Народная міфалогія Гомельшчыны: фальклорна-этнаграфічны зборнік. — ЛМФ —Нёман”, 2003. — 320 с.

Аўтар: Я.М. Пархоменка
Крыніца: Актуальные проблемы филологии: сборник научных статей. Вып. 11 / редкол.: А.В. Бредихина (гл. ред.) [и др.]; Гомельский государственный университет им. Ф. Скорины. — Гомель, 2018. — С. 150-154.