Вобраз вампіра ў міфалагічных апавяданнях Гомельшчыны

0
706
Вобраз вампіра ў міфалагічных апавяданнях Гомельшчыны

У адрозненне ад іншых персанажаў ніжэйшага міфалагічнага ўзроўню сучасныя запісы звестак пра вампіра на тэрыторыі Гомельшчыны надзвычай сціплыя. Засяродзім увагу на тэкстах міфалагічных апавяданняў, звязаных з гэтым вобразам, і выявім асобныя рэгіянальна-лакальныя парадыгмы, улічваючы такія асобныя кампаненты, як паходжанне, знешні выгляд, функцыянальнасць, спосабы засцярогі. Паводле меркаванняў А. Я. Леўкіеўскай, «згодна з агульнаславянскімі ўяўленнямі, вампірамі становяцца людзі, чыё нараджэнне, жыццё або смерць суправаджаліся парушэннямі рытуальных або маральных норм» [1, с. 283]. Што датычыць першага кампанента (паходжання), які складае аснову асобных тэкставых сегментаў былічак пра вампіра, варта адзначыць некалькі версій, што склаліся ў народных уяўленнях у сувязі з генезісам гэтай міфалагічнай істоты: 1) дзіця, якое памерла нехрышчоным («Калі дзіця нехрышчоным памерла, то можа етай нечысцю стаць»1 – зап. у в. Глыбаўка Веткаўскага р-на ад Таццяны Антонаўны Яфрэмавай, 1938 г. н.); 2) чалавек, вядомы як калдун або вядзьмак («Вампірам мог стаць калдун» – зап. у г. Гомель ад Зоі Іванаўны Бандарэнкі, 1934 г. н.); 3) нябожчык або той нябожчык, праз якога пераскочыла чорная кошка («Вампір – нябожчык, які сасе кроў у людзей і жывёл» – зап. у в. Скепня Жлобінскага р-на ад Вольгі Паўлаўны Балянковай, 1927 г. н.; «Вампір – ента нябожчык, які выходзіць ноччу з магілкі» – зап. у в. Сялец Буда-Кашалёўскага р-на ад Л. І. Мяшковай, 1931 г. н.; «Вампірам стане мяртвец, каторага чорная кошка перапрыгне» – зап. у в. Рагінь Буда-Кашалёўскага р-на ад Сцяпана Сцяпанавіча Вінакура, 1940 г. н.); 4) дзіця, народжанае жанчынай у шлюбе з нячысцікам («Вампір, або вупыр, нараджаўся жанчынай ад нячысціка» – зап. у в. Раманаўка Мазырскага р-на ад Марыі Іванаўны Аляксеевай, 1921 г. н.).

У розных лакальных традыцыях Гомельшчыны вар’іруюцца і асаблівасці, звязаныя са знешнім выглядам вампіра, аднак асобныя тэкставыя фрагменты міфалагічных апавяданняў аб’яднаны агульнай прыметай, выражанай прыметнікамі «белы», «бледны», што пацвярджаюць фактычныя матэрыялы: вампір «пахожы на простага чалавека, але з вельмі белым, як у смерці тварам» (зап. у в. Акцябр Буда-Кашалёўскага р-на ад Вольгі Іванаўны Сердзюковай, 1938 г. н.); «Упырь – это нечысть. У него белое лицо…» (зап. у в. Антонаўка Жлобінскага р-на ад Віктара Васільевіча Трубчыка, 1931 г. н.).

Адметныя рысы гэтай міфалагічнай істоты – вялікі рост, вялікія зубы, чырвоныя вочы і твар: вампір «вялікі, мае чырвоныя вочы, вялікія і вострыя зубы» (зап. у в. Скепня Жлобінскага р-на ад Вольгі Паўлаўны Балянковай, 1927 г. н.).

Зыходзячы з народных вераванняў, вампір мог набываць антрапаморфны воблік («Вампір мае выгляд абычнага чалавека, калісьці жыўшага на зямлі.Вампіра можна ўгадаць па вялікіх зубах, росту вялікаму, красным глазам і твару» – зап. у в. Сялец Буда-Кашалёўскага р-на ад Л. І. Мяшковай, 1931 г. н.); зааморфны («А шчэ вупыр можа абарачвацца ў ката чорнага і вужа» – зап. у в. Чамярня Веткаўскага р-на ад Марыі Піліпаўны Грамыкі, 1933 г. н.); іншы раз у іпастасі гэтай істоты сумяшчаліся як антрапаморфныя, так і зааморфныя рысы («Мой бацька вельмі спужаўся і нават не мог крануцца з месца. І тут ён убачыў, што той чалавек неяк падскочыў і паляцеў ужо кажаном» – зап. у в. Чамярня Веткаўскага р-на ад Марыі Піліпаўны Грамыкі, 1933 г. н.). Запісаныя на тэрыторыі Гомельшчыны звесткі пра спалучэнне антрапаморфных і зааморфных рыс у вобразе вампіра можна параўнаць з матэрыяламі, зафіксаванымі на тэрыторыі Магілёўскай вобласці: «Ён ноччу падобны на мыш лятучую, а днём як чалавек, але не выходзіць на сонца, каб не абпаліцца» (зап. у в. Гавяды Шклоўскага р-на ад Валянціны Яўгенаўны Корневай, 1938 г. н.). У прыведзеным прыкладзе менавіта катэгорыя часу ўплывае на аблічча вампіра, які ноччу набывае зааморфны выгляд, а днём дзейнічае як чалавек.

У адзінкавых запісах звестак можна знайсці пацвярджэнне высновы аб тым, прадстаўнікі якога полу маглі выступаць у іпастасі вампіра, напрыклад, «вампірам маглі быць і жанчына, і мужчына» (зап. у в. Першамайск Рэчыцкага р-на ад Зінаіды Паўлаўны Журо, 1930 г. н.).

Як сведчаць фактычныя матэрыялы, у народных уяўленнях функцыянальнасць вампіра мае ўстойлівы тыповы характар і звязана з выпіваннем крыві ў чалавека і жывёлы: «Вампіры – гэта тыя, хто кроў сасуць» (зап. у в. Чыркавічы Светлагорскага р-на ад Тамары Аляксандраўны Мартынчык, 1935 г. н.); «Вампір – гэта чалавек, які любіць чалавечую кроў» (зап. у в. Папаратнае Жлобінскага р-на ад Валянціны Станіславаўны Тамашэўскай, 1949 г. н.); «Вампір – эта той, хто высасуя кроў з чалавека» (зап. у в. Звяняцкае Хойніцкага р-на ад Марыі Сцяпанаўны Грэк, 1942 г. н.); «Вампіры – ето тые людзі, екіе п’юць кроў» (зап. у в. Майсеевічы Петрыкаўскага р-на ад Анастасіі Максімаўны Белкавец, 1919 г. н.) і іншыя.

Прыведзеныя матэрыялы, запісаныя ў розных раёнах Гомельскай вобласці, пацвярджаюць аднастайнасць шкаданосных дзеянняў дадзенай міфалагічнай істоты.

Як адзначыла А. Я. Леўкіеўская, «цэнтральнае месца ў павер’ях пра вампіра займаюць абярэгі і спосабы яго абясшкоджвання: агонь, прадметы, што рэжуць і колюць, прадметы і расліны-апатрапеі, спецыяльныя заклінанні і малітвы» [1, с. 285 – 286]. Кампанент, звязаны з прадметнай атрыбутыкай, якую выкарыстоўвалі з мэтай засцярогі ад звышнатуральнага ўздзеяння вампіра, у розных рэгіянальна-лакальных традыцыях мае спецыфічна адметныя праявы. Звычайна ў якасці прадметаў-апатрапеяў, паводле народных вераванняў жыхароў Гомельшчыны, выкарыстоўвалі асінавае палена, малітву, часнок, крыж. У найбольшай колькасці сведчанняў менавіта дзеянні з «асінавым калом» – надзейны спосаб засцярогі ад вампіра: «Каб навек супакоіць такога мерцвяка, неабходна было загнаць яму ў сэрца асінавы кол…» (зап. у в. Раманаўка Мазырскага р-на ад Марыі Іванаўны Аляксеевай, 1921 г. н.); «Каб убіць вампіра, трэба яму ў сэрца ўбіць асінавы кол…» (зап. у в. Лужок Кармянскага р-на ад Марыі Яўменаўны Гапеенкі, 1934 г. н.); «Штоб збавіцца ад вампіра, нада яму ў грудзі забіць асінавы кол, штоб не ўскрэс» (зап. у г. Гомель ад Вольгі Фёдараўны Караленкі, 1933 г. н.); «Тада трэба зрабіць асінавы кол і забіць яго ў магілу» (зап. у в. Збароў Рагачоўскага р-на ад Галіны Адамаўны Данілавай, 1932 г. н.).

У многіх тэкстах міфалагічных апавяданняў прыгадваецца часнок, які ў адных выпадках трэба было дзе-небудзь раскласці ў хаце («Я яго (вампіра) баюся, дык усюль чосніка налажыла. Шчэ бабка мяне вучыла, што нада па ўсёй хаце чоснік раскласці, тады нечысць не прабярэцца ў хату» – зап. у г. Ветка ад Людмілы Аляксееўны Кузьменкі, 1926 г. н.), або з’есці («Я, каб у лапах у нечысці не аказацца, усігда ем чоснік (часнок)» – зап. у в. Чамярня Веткаўскага р-на ад Марыі Піліпаўны Грамыкі, 1933 г. н.), або насіць з сабой («Каб ад іх (вампіраў) зберагчыся, трэба было насіць часнок…» – зап. у в. Першамайск Рэчыцкага р-на ад Зінаіды Паўлаўны Журо, 1930 г. н.). У невялікай колькасці тэкстаў пра вампіра ў якасці спосабаў засцярогі ад яго выступалі крыж і малітва: «Дык яна хутчэй дастала крэст, закрыла вочы і пачала малітву гаварыць. Адкрыла вочы, а нікога няма, дык яна хутчэй дадому пабегла і ўсю дарогу, што бегла, малітву казала» (зап. у в. Чыркавічы Светлагорскага р-на ад Тамары Аляксандраўны Мартынчык, 1935 г. н.).

Вывучэнне рэгіянальна-лакальных асаблівасцей праяўлення народных вераванняў, звязаных з персанажамі ніжэйшай міфалогіі, у прыватнасці з вампірам, з’яўляецца актуальнай праблемай даследавання светапогляду беларусаў.

Літаратура

  1. Левкиевская, Е. Е. Вампир / Е. Е. Левкиевская // Славянские древности: этнолингвистический словарь: в 5 т. / под ред. Н. И. Толстого. – М., 1995. – Т. 1. А – Г. – С. 283-286.

1 У артыкуле выкарыстаны матэрыялы фальклорнага архіва кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі УА «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны».

Аўтар: К.В. Паборцава
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 20 / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А.І. Лакотка. – Мінск: Права і эканоміка, 2016. – С. 402-404.