Веснавыя абрады і звычаі Акцябрскага раёна

0
1170
Веснавыя абрады і звычаі Акцябрскага раёна

У працэсе вывучэння лакальных асаблівасцей фальклорна-этнаграфічных з’яў надзвычай каштоўнымі з’яўляюцца непасрэдныя ацэнкі іх з пункту гледжання саміх носьбітаў духоўнай традыцыйнай культуры. У дадзеным артыкуле выкарыстаны апублікаваныя і архіўныя матэрыялы па фальклорна-этнаграфічнай спадчыне Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці. У гэтай мясцовасці, у параўнанні з веснавой каляндарна-абрадавай паэзіяй іншых раёнаў рэгіёна, абрады і песні веснавога цыкла земляробчага календара прадстаўлены сціпла. Як вядома, Масленіца адносіцца да абрадаў пераходнага перыяду, аднак у дадзеным выпадку спачатку засяродзім увагу менавіта у межах разгляду веснавой каляндарна-абрадавай паэзіі на звестках пра мясцовую спецыфіку масленічных святкаванняў.

Нешматлікія звесткі па масленічнай абраднасці прыводзіць В. Р. Багдановіч, артыкул якой «З духоўнай спадчыны» апублікаваны ў кнізе «Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Акцябрскага раёна»: «Свята гэта (Масленіца) і зараз адзначаецца на Акцябршчыне і з’яўляецца адным з самых масавых і любімых свят» [1, с. 444]. Аўтар звярнула ўвагу на найбольш распаўсюджаныя элементы масленічнага абраду: «Паколькі гэты абрад у глыбокай старажытнасці меў магічнае прызначэнне завяршаць сабой зіму, то асноўным зместам яго было культавае ўшанаванне сонца як сімвала цяпла і блізкай вясны. Адсюль і такія моманты масленічнага абраду, як катанне па крузе на санях і выпечка бліноў (круг сімвалізуе сонца)» [1, с. 445]. Зыходзячы са сведчанняў жыхароў, неад’емнымі элементамі масленічнага абрадавага комплексу былі запальванне кола, спальванне лялькі як сімвала адыходу зімы, ваджэнне карагодаў: «Яшчэ памятаю, што запальвалі кола, палілі сімвалічную ляльку — зіму. Потым пачыналі вадзіць карагоды»1 (зап. ад Ганны Іванаўны Дайнека, 1946 г. н., у в. Пружынішчы).

Абрад пад назвай «Калодка» таксама быў вядомы ў мясцовай традыцыі: «Ведаю яшчэ такое, што на масленкавым тыдні збіраліся жанчыны, бралі пояс ці папругу і прывязвалі адзін канец да абрубка дрэва, а другі — да нагі халастога хлопца, які ім сустракаўся па дарозе, як бы за тое, што яшчэ хлопец не ажаніўся. Гэты хлопец з абрубкам пад жарты ўсіх ішоў да хаты, дзе ёсць дарослая дзяўчына. А дзяўчына ў сваю чаргу павінна была запрасіць гасцей у хату і пачаставаць рознымі прысмакамі» (зап. ад Ганны Іванаўны Дайнека, 1946 г. н., у в. Пружынішчы).

Нешматлікія звесткі прадстаўлены пра абрад гукання вясны на тэрыторыі Акцябрскага раёна. Як вынікае з этнаграфічных апісанняў, гукалі вясну на Дабравешчанне («Благавешчанне»). Як паведаміла Кацярына Мікалаеўна Іскрыцкая, 1924 г. н., з вёскі Рассвет, «да гэтага дня нельзя капаць зямлю, гарадзіць плот, не пачыналі сяўбу, ніколі не выганялі кароў. Не рабілі нічога. Нават гавораць: “На Благавешчанне дзеўка косу не пляце, птушка гняздо не ўе». Выхад на высокае месца, выбар дзяўчыны на ролю «Вясны», зварот да бацькоў з просьбай дазволіць гукаць вясну, ваджэнне карагодаў, выкананне песень-вяснянак — асноўныя моманты ў структуры абраду гукання вясны. Яскравай ілюстрацыяй, як адбываўся гэты абрад у вёсцы Курын, з’яўляюцца ўспаміны Ніны Іванаўны Жынко, 1928 г. н., прадстаўленыя ў артыкуле «Традыцыйная мастацкая культура Акцябрскага раёна»: «На Благавешчанне ў в. Курын збіраліся дзяўчаты гуртам. Выбіралі “Вясну” — самую прыгожую дзяўчыну, якая яшчэ і лепш за ўсіх спявала. Потым ішлі за сяло гукаць вясну, але перад гэтым пыталі дазволу ў бацькоў: Мама, тата, благаславіце Маці-Вясну гукаці.

На буйнае жытачка,на ціхае лецечка.
Бацькі адказвалі:
Благаслаўляем вас, дзеці.
Ідзіце вясну гукайце,
Зіму праводзьце» [2, с. 17-18].

З асаблівай пашанай жыхары Акцябрскага раёна адносіліся да велікодных святкаванняў. Разам з гэтым інфарманты ўзгадвалі і пра Вербную нядзелю, «нядзелю перад Вялікаднём»: «У гэты дзень трэба свяціць галінкі вярбы ў царкве. Імі сцябалі і прыгаворвалі:

Вярба б’е, не я б’ю,
За тыдзень Вялікадзень.
Будзь здаровы, як вада,
Будзь багаты, як зямля!

Галінкі сахранялі. Калі першы раз выганялі кароў, то паганялі імі» (зап. ад Кацярыны Мікалаеўны Іскрыцкай, 1924 г. н., у в. Рассвет). Асвечаныя ў царкве галінкі вярбы захоўвалі і жыхары іншых вёсак, напрыклад, Валосавічы, бо лічылася, што іх магічная сіла забяспечыць здароўе свойскай жывёлы: «Прынесеныя з царквы галінкі сахранялі, штоб выганяць імі жывёлу на пашу першы раз пасля зімы. Шчыталася, што тады жывёла будзе здароваю» (зап. ад Ніны Аляксандраўны Агейчык, 1938 г. н.).

Велікодныя абрады і звычаі   захоўваюць агульнаэтнічную традыцыйную аснову. Сярод важных абрадавых кампанентаў велікоднай абраднасці вылучаюцца наступныя: падрыхтоўка ў Чысты чацвер хаты да свята (мыццё падлогі, развешванне чыстых ручнікоў і настольнікаў), фарбаванне яек, выпяканне «пірагоў», наведванне царквы, звычай разгаўляцца за святочным сталом («Бацька браў адно яйка і дзяліў яго на ўсіх членаў сям ’і. Такжа дзялілася і пасхальная булка. Патом ужэ елі ўсё ўволю: мяса, каўбасы, аладдзі, масла, сыр, пірагі» — зап. ад Ульяны Лявонцьеўны Кандратовіч, 1914 г. н., у в. Гаць), гульня ў біткі з пафарбаванымі яйкамі, распальванне вогнішча («У Чырвоную суботу маладзёж паліла агні аж да самага ўтра. Эта пайшло ад таго, што перад празнікам усе ў хаце прыбіраліся і на дварэ выграбалася смецце, якое зносілася ў кучы і спальвалася» — зап. ад Ульяны Лявонцьеўны Кандратовіч, 1914 г. н.). Што да рытуалаў, якія праводзіліся ў Чысты чацвер, адзначалася, што «смецце спальвалі ў печы, прыгаворваючы: “Няхай гарыць благое, а добрае застаецца”» [2, с. 18].

Надзвычай строга мясцовыя жыхары падыходзілі да абавязковай у велікоднай абраднасці цырымоніі асвячэння страў у храме: «Усе члены сям’і адзяваліся ў добрую адзежу. У каробку абязацельна клалі тры крашаныя яйкі, пірог, смажанае мяса. Усё гэта везлі ў царкву на асвячэнне. У каго былі коні, тыя ехалі на конях, хто іх не імеў, ішлі пяшком. Калі хто па нейкай прычыне не мог пайсці ў царкву, то клаў яйкі наўкула варот, і вот так асвячалі. Шчыталася, што ў ету ноч сіла нябесная і Гасподзь асвячае ўсю зямлю» (зап. ад Ульяны Лявонцьеўны Кандратовіч, 1914 г. н., у в. Гаць).

Пэўных правіл прытрымліваліся і падчас велікоднага застолля. Як правіла, пасля праведзенай у царкве ночы («служба ідзе ўсю ноч») усе імкнуліся трапіць хутчэй дадому, бо, згодна з народнымі вераваннямі, трэба было спачатку абавязкова пакаштаваць асвячоныя пірог і яйка. Адметным быў той момант, што «першыя тры дні вялікаднай нядзелі на сняданне бацька дзяліў па яйку на ўсю сям ’ю і па кавалку свянцонага пірага, а потым елі астатнюю ежу. Пасля снядання ці абеду свянцоную ежу нельга каштаваць — вялікі грэх» (зап. ад Соф’і Яфрэмаўны Тукач у в. Гарохавішчы).

З пасвячонымі яйкамі на Вялікдзень былі звязаны такія рытуалы гульнёвага характару, як «біццё яйкам аб яйка» і іх «катанне»: «Пасля, гуляючы, білі яйкам аб яйка. Выграваў той, чыё яйка было самае крэпкае. Такі чалавек выграваў многа яек. Шчэ адна гульня з яйкамі на Вялікдзень — каташы. Рабілі спецыяльныя лубкі для етага. Пабедзіцелем быў той, чыё яйка адкотвалася дальшэ» (зап. ад Ульяны Лявонцьеўны Кандратовіч, 1914 г. н., у в. Гаць). Каб дзеці не хварэлі на працягу года, а таксама былі прыгожымі, яны, паводле павер’яў, павінны былі памыцца той вадой, у якую папярэдне клаліся асвячоныя яйкі: «Шчэ перад тым, як сесці за стол, маці клала ў міску яйкі крашаныя і залівала іх вадою. Етаю вадою патом усе ўмывалісь, штоб увесь год быць красівымі і здаровымі» (зап. ад Ульяны Лявонцьеўны Кандратовіч, 1914 г. н., у в. Гаць). «У вёсцы Буда Парэцкага сельскага савета маці свянцоным яйкам усім дзецям качала па твары, прыгаворваючы словы: “Каб было здароўе”» [2, с. 19].

Супярэчлівымі з’яўляюцца звесткі аб тым, што на Вялікдзень у вёсках Акцябрскага раёна хадзілі валачобнікі. В. Р. Багдановіч у згаданым вышэй артыкуле ўпэўнена прыгадвае пра гэты абрад, але не прыводзіць у якасці доказу пэўных звестак. Архіўны фальклорна-этнаграфічны матэрыял, запісаны выкладчыкамі і студэнтамі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны ў розныя гады на тэрыторыі Акцябрскага раёна, не дае падставы сцвярджаць, што менавіта так і было, хоць тэрмін «валачобнае» сустракаецца ў некаторых этнаграфічных апісаннях. Напрыклад, паводле сведчанняў Ульяны Лявонцьеўны Кандратовіч, 1914 г. н., з вёскі Гаць, «у еты дзень па хатах хадзілі дзеці-валачобнікі». У вёсцы Забалацце на Вялікдзень «хадзілі ўнукі к бабушкам, якія іх купалі. Бабушкі давалі ім красныя яйкі, булкі, всякія гасцінцы» (зап. ад Раісы Аляксандраўны Луцковіч, 1937 г. н.). Як вынікае з архіўных фальклорных крыніц, што захоўваюцца ва ўстановах культуры Акцябрскага раёна, выконваліся ў мясцовых вёсках і варыянты валачобнай песні, адрасаванай бабцы:

Да прыйшоў баран, баран пад акенца,
Сад зялёны вішнёвы!
Ой, ці прадуць дзеўкі валакенца?
Каторая не прадзе, за барана пойдзе.
А ў барана круты рогі, кучарава барада.
Да былі ў бабкі ды тры куркі-рабкі.
Да неслі яец і вечачка, й карабец.
Да прыйшлі да бабцы валачобнікі.
Валачобнікі — усе бабіны ўнучкі.
Падавала бабка да ўсім па яечку.
Ой, адной сіраце да й не выйшлася.
Дае бабка сіраце яечную лусту,
А сірата не бярэ і спасіба не дае.
Пайшла тая сірата за новыя варата,
Да не дзякуючы, не падскакуючы.
Ой, вярніся, сірата, цябе Бог кліча.
Дае бабка сіраце яечка,
А сірата ўзяла да й спасіба дала (зап. ад Аксінні Брокар, 1902 г. н., у в. Слабодка) [3, с. 24].

Зыходзячы з іншых этнаграфічных звестак, напрыклад, запісаных у вёсцы Гарохавішчы, вынікае, што валачобны абрад не меў месца ў структуры велікоднай абраднасці: «Валачобнікі ў нашым сяле не хадзілі, але песні спявалі:

Прыйшла сірата,
Атварыла варата.
Была ў бабкі курка-рабушка,
Знесла яец вечка і карабец.
А прыйшла сірата,
Атварыла варата:
“Дай, бабка, валачобнае”.
Бабка не дома.
Заплакала сірата,

Зачыніла варата (запісана ад Тукач Соф’і Яфрэмаўны). Варта адзначыць, што ў в. Новая Дуброва “валачобнікі не хадзілі, але песні спявалі”» [2, с. 19].

Юраўскае свята, якое лічылася «прастольным святам у вёсках Ламавічы і Майсееўка» [3, с. 26], адзначалася 6 мая. Менавіта ў гэты дзень адбываўся абрад першага выгану жывёлы ў поле, падчас якога выкарыстоўвалі пасвечаныя яйкі і галінкі вярбы: «Да яго гатовяцца, і перад тым як выгнаць, усю жывёлу ўганялі на двор перад хлявом. Хазяін браў свячонае яйцо і абхажваў ім кожную жывёлу. Шчыталася, што ета спрыяе іх здароўю на ўвесь год. Калі праганялі жыўёлу ў поле, то бралі вербавы пруток, які дзяржалі ад Вербнай нядзелі, і білі ім жыўёлу, штоб яна была здаровай» (зап. ад Евы Яўхімаўны Кандратовіч, 1925 г. н., у в. Гаць).

У вёсцы Пружынішчы на Юр’е, зыходзячы са сведчанняў жыхароў, вадзілі карагоды вакол дзяўчыны, якую называлі Лёляй і якая сімвалізавала багіню вясны: «А дзяўчына, якую выбралі, была ўвасабленнем багіні вясны — Лёлі. Дзяўчына таксама потым пляла для іншых вянкі, якіх дзяўчаты бераглі да канца вясны» (зап. ад Ганны Іванаўны Дайнека, 1946 г. н.).

Адным з найбольш любімых свят, як адзначаюць жыхары, было апошняе веснавое свята — Тройца, або Сёмуха: «Ета адзін з такіх больш распаўсюджаных празнікаў Рудабельскага краю» (зап. ад Евы Іванаўны Лешчанка, 1924 г. н., у в. Гаць). Паводле сведчанняў інфармантаў, Тройца святкуецца «ў чэсць праслаўлення трыядзінства Божых іпастасаў: Бога Айца, Бога Сына і Бога Духа святога» (зап. ад Праскоўі Маркаўны Цалка, 1924 г. н., у в. Рассвет). Упрыгожванне зелянінай хаты і падвор’я, збор людзей з некалькіх вёсак у адным месцы, наведванне імі кожнай хаты, выкананне траецкіх песень «Хадзіла Тройца каля аконца», «Ой, да белая бяроза», падрыхтоўка абрадавай стравы — яечні, завіванне вянкоў дзяўчатамі і развешванне іх на бярозах, ваджэнне карагодаў вакол кожнай бярозы, абрад «кумлення», які выконвалі дзяўчаты («Цалаваліся пад аркаю звязаных за голле бярозак. Пасля етага ім трэба было памагаць адна адной» — зап. ад Евы Іванаўны Лешчанка, 1924 г. н., у в. Гаць) — важныя элементы траецка- сёмушнай абраднасці. У мясцовай траецкай традыцыі меў месца і звычай «развіваць вянкі», з якім былі звязаны міфалагічныя ўяўленні пра лёс чалавека: «Чэраз нядзелю прыходзілі развіваць вянкі: калі чый вянок не ссох, той будзя доўга, а калі ссох — той у скорым часе ўмрэ» (зап. ад Евы Іванаўны Лешчанка, 1924 г. н.); «Калі вянок завяў, то гэты чалавек памрэ ці плоха яму будзе, можна забалець» (зап. ад Евы Дзямідаўны Галавачэнка, 1929 г. н., у в. Любань). З траецкай зелянінай была звязана варажба, паводле якой вызначалі, якім будзе летняе надвор’е: «А яшчэ на Тройцу можна было даведацца, якое будзе лета. Ставілі ля вакна ссечанаю бярозу. Калі яна высыхала за тры дні, то лета будзе сухое, калі не — то даждлівае» (зап. ад Праскоўі Маркаўны Цалка, 1924 г. н., у в. Рассвет).

Прааналізаваны фактычны матэрыял па масленічнай абраднасці і асобных з’явах веснавой каляндарна-абрадавай паэзіі Акцябрскага раёна дазваляе зрабіць высновы аб устойлівай захаванасці агульнанацыянальных структурных элементаў і яскрава выражанай мясцовай спецыфіцы абрадаў і песень.

Літаратура

  1. Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Акцябрскага раёна. — Мінск: БЕЛТА, 1997. — 478 с.
  2. «Берагіня». Першы фестываль фальклорнага мастацтва. — Мінск: Чатыры чвэрці, 1999. — 208 с.
  3. «Берагіня». Другі фестываль фальклорнага мастацтва. — Мінск: Чатыры чвэрці, 2001. — 232 с.


1
У артыкуле выкарыстаны матэрыялы архіва навукова-вучэбнай фальклорнай лабараторыі пры кафедры рускай і сусветнай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, а таксама фальклорныя крыніцы ўстаноў культуры Акцябрскага раёна.


Аўтар:
В.С. Новак
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 27 / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А.І. Лакотка. — Мінск: Права і эканоміка, 2020. — С. 311-316.