Веснавая абрадава-святочная культура Мазырска-Прыпяцкага Палесся

0
29
Веснавая абрадава-святочная культура Мазырска-Прыпяцкага Палесся

Народная культура веснавога цыклу Мазырска-Прыпяцкага Палесся досыць багатая ў жанравай і тэматычнай разнавіднасцях. Сярод іх значнае месца займаюць творы, прысвечаныя вясне, прычым яны не маюць выразнай функцыянальнай мэты, а асноўная іх сюжэтная лінія — любоўная і сямейная. На Мазырска-Прыпяцкім Палессі і да сённяшняга дня, асабліва ў вёсках, людзі тэатралізавана святкуюць:

Стрэчанне: свята супрацьстаяння холаду і цяпла, сустрэчы зімы з летам:

Стрэчанне, стрэчанне,
Зіма пайшла плачучы, плачучы,
Лета прыйшло скачучы, скачучы!

Сустрэчу зімы з летам жыхары Мазырска-Прыпяцкага Палесся адлюстравалі не толькі ў песнях, але і ў шматлікіх прыказках і прыкметах: “Прыйшлі грамніцы — скідай рукавіцы”, “Калі на стрэчанне рана ўзыходзіць сонца, то будзе ранні лён, а калі мяце снег, то будзе позняя вясна”.

Трэба сказаць, што на Палессі актыўна выкарыстоўваюцца і больш позняя па паходжанні назва гэтага ж свята: Грамніцы:

Масленка: свята за восем тыдняў да Вялікдня. Гэтым святам заканчваліся звычайна вяселлі. У час правядзення свята вадзіліся карагоды, спальвалася лялька зімы:

А у нас сёння масленка, масленка,
А з-пад куста ластаўка, ластаўка.

На масленку ў вялікай колькасці частаваліся маслам, сырам, смятанай, малаком, бо за сем тыдняў да Вялікдня забаранялася есці ўсё жывёльнае, а дазвалялася толькі расліннае і рыбу.

Саракі: свята, якое прыпадае на другі дзень астранамічнага веснавога раўнадзенства. Лічыцца, што ў гэты дзень на радзіму вяртаецца сорак выраяў. Таму гэта свята птушак і дзеці з высокіх горак гукаюць іх. Жыхары Палесся на Саракі са снегу, калі ён яшчэ быў, а калі растаў — з саломы, рабілі бабу, а пасля, выконваючы рытуал, знішчалі яе. На саракі многа дзеянняў было звязана з дамашняй жывёлай, але самае галоўнае — гуканне вясны.

Вербніца: свята вярбы — дрэва, якое распускаецца на Палессі першым. Людзі жартам сцябалі адзін аднаго галінкамі вярбы, каб быць здаровымі. Дадзены абрад суправаджаецца словамі: “Не я б’ю, а вярба б’е”. У Мазырска-Прыпяцкім Палессі вярба ўспрымаецца як самае жыццястойкае дрэва, якое засцерагае ад хвароб і нечысці, таму асвечанымі ў царкве галінкамі сцябалі дзяцей, старых і нават жывёлу, каб засцерагчы ад дрэннага вока, хвароб, варожых сіл. Палешукі надзялялі вярбу здольнасцю спрыяць плоднасці, урадлівасці.

Галінкі асвечанай вярбы захоўваліся да наступнай Вербніцы.

Радуніца: свята рытуальнага ўшанавання нябожчыкаў. Адзначаецца ў аўторак пасля вялікоднага тыдня. У аўторак, паводле павер’яў, добра было пачынаць новыя значныя справы: будоўлю дома, ці іншых гаспадарчых пабудоў, заворваць ніву, пачынаць зажынкі і інш.

У сённяшні час ушанаванні і ўспаміны продкаў на Радуніцу — досыць папулярная з’ява. Людзі прыходзяць на могілкі, прыбіраюць іх, ходзяць ад магілкі да магілкі, успамінаюць нябожчыкаў, сустракаюцца з родзічамі, аднавяскоўцамі.

Юр’е: веснавое свята на шостае мая. Гэта свята запоўнена жывёлагадоўчымі і земляробчымі клопатамі. Словы твораў, прысвечаных Юр’ю, каб адамкнуць зямлю і выпусціць расу. Звяртае на сябе ўвагу той факт, што ніколі не гаворыцца пра адзін ключ — іх шмат. Найчасцей жыхарамі Палесся выконваеца на Юр’я наступная песня:

Выйду на вуліцу, бычкі бушуюць, бычкі бушуюць,
Ой, Юр’я, Юр’я, бычкі бушуюць,
Бычкі бушуюць, бо вясну чуюць…

Такім чынам, усебаковае і глыбокае даследаванне розных форм і відаў традыцыйнай мастацкай культуры Мазырска-Прыпяцкага Палесся ў цэлым, а абрадавых свят, у прыватнасці, дазволіць зрабіць вывад: культура Палесся — гэта частка агульнанацыянальнага набытку са сваёй яркай адметнасцю і мясцовай самабытнасцю.

Аўтары: У.Д. Кніга, У.А. Бобрык
Крыніца: Міжнародныя Шамякінскія чытанні “Пісьменнік — Асоба — Час”: матэрыялы II Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, Мазыр, 20―21 кастрычніка 2011 г. / [рэдкалегія: А. У. Сузько (адказны рэдактар) і інш.]. — Мазыр, 2011. — С. 220-222.