Гомель-Гомель, – чытаем на шыльдзе вакзалу. Здаецца, што ня было-б вялікага граху, каб у тых выпадках, калі словы выглядаюць зусім аднолькова, не паўтараць іх.
Трэба сказаць, што Гомель за апошнія гады настолькі ўпарадкаваўся, падчысьціўся, што ў некаторых выпадках можа стаць узорам і для Менску. Напрыклад, там ад вакзалу і да парку, а гэта значыць праз увесь горад, праходзіць шырокая, гладкая вымашчаная вуліца. Ёсьць многа новых будынкаў, падфарбаваны старыя. Акуратна некалькі разоў у дзень паліваюцца галоўныя вуліцы. У Гомелі значна гарачэй, чым у Менску, гэта сапраўды паўднёвы горад, але тут няма таго пылу, які адчуваецца ў Менску і так няміласэрна душыць сталічнае жыхарства.
Начлежка Дому асьветы перапоўнена, але нам даюць сякі-такі прытулак. Клюбы і куткі асьветнікаў гэта – культурныя асяродкі ня толькі асьветнікаў таго гораду, дзе яны знаходзяцца, а ўсіх акруговых асьветнікаў. Тут знаходзіць прытулак усякі падарожнік-асьветнік і з іншых акруг БССР, РСФСР і другіх Савецкіх краін.
Якое раздольле на Сожы! Колькі тут чаек! Дзьве вялікія чайкі бесьперапынна возяць людзей на славуты Мельнікаў Луг. Там цудоўны пляж, дубовы лясок і чыстая вадзіца спакойнага Сожу. Надвячоркам увесь Сож у гэтым месцы пакрываецца чайкамі. Вось невялічкая “Любовь” з маладым хлапцом і пажылою “дамаю”, на “Люсі”, цэлая група вясёлых маладых хлапчукоў, а на безназоўнай, нейкай вузенькай, доўгай чайцы сядзіць пахмуры адзіночка. І так ня зьлічыш тут ні чаек, ні людзей. Весела, гульліва пераклікаюцца, сьпяваюць, іграюць на гармоніках, гітарах. Тут вы пачуеце і старэнькае: “Тихо и плавно качаясь”, “Ах, зачем ты меня целовала, жар безумный в груди затая”, і розныя “арыі” з розных опэр, і “сытаканчыкі гыранёныі”, часам нават “А ў полі вярба”, а то і проста расійскую лаянку. Розны-ж народ тут плавае. Сож усіх прымае на сваіх шырокіх грудзях. Шчасьлівыя гомельчане! Мне здаецца, што лепшага купаньня ў БССР няма.
У Гомелі мы спыніліся да бліжэйшага поезда на Жлобін. За гэты дзень мы наведалі музэй, акруговы інспэктарыят асьветы і мастацкую выстаўку. Між іншым, у Гомелі ёсьць некалькі ня дрэнных мастакоў, але на гэтай выстаўцы асабліва мастацкіх работ ня было. Тут пераважна былі вучнёўскія работы, малюнкі пачынаючых мастакоў і маляроў. Выстаўка, асабліва для маладых мастакоў, вельмі патрэбна, ім патрэбны крытычныя заўвагі; на жаль, у кнізе “впечатлений” такіх заўваг было вельмі мала. Большасьць запісаў сьведчылі альбо аб неразуменьні, альбо аб “патрыотычным” падыходзе да свае гомельскае выстаўкі. А на некаторых выстаўка сапраўды зрабіла вялікае ўражаньне, і яны пішуць: “когда я зашол в Гомельском гудожественом Студии все статуэтки, картинки все тянули к им это значит что выставка очен хорошо разложаны. Мне наравится рысунки, статуэтки Хайкнна, Г. Крылова и С. Малкина”. I яшчэ: “Посьле этой выставки мне произвело очень большое впечатленйие” і г. д. Нягладка сказана, але, відаць, шчыра.
Аўтар: Васіль Пятровіч Сташэўскі (1895-1937) – беларускі драматург і празаік.
Крыніца: часопіс “Полымя”, 1929 г., №11-12, стар. 163-164.
Змешчана з захаваннем моўных і стылістычных асаблівасцяў арыгінала ў суполцы “Пошукі старога Гомеля“.
Матэрыял адшукаў Уладзімір Садоўскі.