Усталяванне і распаўсюд каталіцкай канфесіі на тэрыторыіі сучаснага Светлагорскага раёна (XVII — пачатак XX ст.ст.)

0
275
Касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Светлагорску (Шацілках) і каталіцтва на гэтых землях
Касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Светлагорску (Шацілках)

У першай палове XVII стагоддзя Светлагорскі раён ўваходзіў у склад Бабруйскай воласці Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства (знаходзіўся на стыку ўзаемадзеяння Рускай праваслаўнай і каталіцкай цэркваў. Калі ў XV ст. гэта была тэрыторыя непадзельнага панавання праваслаўнай царквы, то ў першай палове XVII ст. ў Бабруйскую воласць пачынаюць пранікаць каталіцкія місіянеры. Гэтаму спрыяла дзяржаўнасць каталіцкай царквы ў Рэчы Паспалітай і садзейнічанне мясцовай шляхты, якой прыналежнасць да каталіцкай канфесіі давала пэўныя сацыяльна-эканамічныя і палітычныя выгоды. Першымі місіянерскую дзейнасць тут праводзілі манахі Нясвіжскага езуцкага калегіюма. Езуітам удалося замацавацца ў Бабруйску ў 1618 г., а рэзідэнцыя іх узнікла ў 1630 г. У 1638 г нашчадкі гарадскога старасты Трызны, вядомага сваей прыхільнасцю да каталіцкай царквы, аддалі езуітам в. Дваранавічы з уніяцкай царквой, пабудавалі касцёлы ў вёсках Гарбацэвічы і Шацілкі, якія ў 1643 г. падараваў ордэну шляхціч Петра Суляціцкі. Гэта дало магчымасць езуітам адкрыць тут місіянерскія пункты1. Такім чынам, 1638 год можна лічыць годам заснавання Шацілкаўскага касцёла і арганізацыйнага афармлення каталіцкай канфесіі на тэрыторыі Светлагорскага раёна.

Пашырэнне ўплыву каталіцкай канфесіі на тэрыторыі Бабруйскай воласці знаходзілася ў непарыўнай сувязі з агульнадзяржаўнымі, грамадскімі з’явамі і мела свае прылівьі і адлівы. Так, у час антыфеадальнай вайны 1648-1651 гадоў Бабруйская езуіцкая рэзідэнцыя прыйшла ў заняпад і, можна меркаваць, прыпыніла сваю дзейнасць у Шацілках. У 1681 годзе была адноўлена езуіцкая школьная сістэма. У час Паўночнай вайны 1700-1721 г.г. у сувязі з масавымі эпідэміямі яна неаднаразова спыняла сваю дзейнасць (1707, 1709, 1715 гг.)2. На жаль, звестак аб распаўсюджанні каталіцызму на тэрыторыі Светлагорскага раёна ў XVII ст., яго дачыненнях з праваслаўнай і уніяцкай царквамі пакуль што не маецца. Аднак аб тым, што касцёл працягваў сваю дзейнасць, можна здагадацца з дакументаў пазнейшага часу. Так, інвентарны вопіс Шацілкаўскай рымска-каталіцкай царквы, складзены 18 чэрвеня 1867 года бабруйскім настаяцелем і дэканам, ксяндзом  Семяонам Авокарэвічам па загадзе Мінскай рымска-каталіцкай кансісторыі, сцвярджае. што «Церковь состоит Минской губернии Бобруйского уезда в околице Шатилках на казенной земле, деревянная, во имя Воздвижения честного креста, построена в 1818 году дворянами Манкевичами, жителями околицы Шатилок, вместе подвергшейся пламени в 1812 году, освященная как видно из патента, выданного архиепископом Станиславом Сестранцевичем в 1822 году, декабря 1 дня, деканом Бобруйского уезда Строковским«3.

У Нацыянальным архіве РБ захаваліоя метрычныя кнігі запісаў навароджаных, узяўшых шлюб, памерлых эа 1827 г., з якіх можна даведацца, што большасць прыхаджан Шацілкаўскага касцёла належыла да шляхецкага саслоўя4.

Касцёл, адноўлены ў 1818 г., быў невялікіх памераў: даўжыня — 5; шырыня — 3,5; вышыня — 2 сажэні. Знадворку ён у 1844 г. быў абіты дошкамі і пакрыты таксама дошкамі, зверху меў тры купалы з жапезнымі крыжамі. Ля ўваходу ў касцёл быў наладжаны хор і шасцігалосны арган з двума мяхамі. Унутры храма меліся рызніца, спавядальня, амвон з балдахінам, цымборыум, чатыры прастолы з выявамі Прасвятой Багамацеры, апосталаў Пятра і Паўла, Святога Антонія, Святой Троіцы і Хрыста Збавіцеля. Над галоўным прастолам змяшчалась усёбачанае вока. Адзін з прастолаў быў перанасны і выкарыстоўваўся пры хрэсным ходзе.

Інвентарны вопіс 1867 г. падае падрабязны пералік царкоўных рэчаў. Побач з касцёлам быў дом каталіцкага святара. Ксёндз атрымліваў жалаванне ад Бабруйскага дэканата ў памеры 30 рублёў у год. У дакуменце адзначаецца, што ў прыходзе налічвалася 368 душ мужчынскага і 367 жаночага полу прыхаджан. Набажэнствы праводзіліся па святочных днях з 11 гадзін раніцы, літургія i малебны пa раскладзе, аднак з 15 студзеня пастаяннага служэння не было з нагоды знаходжання філіяльнага святара на гадавой эпітыміі ў Нясвіжскім Дамініканскім манастыры5. Ужо ў вышэй адзначаным інвентарным вопісе 1867 г. паведамлялася, што касцёл «ветхий» і патрабуе рамонта6. Але пa прычыне адсутнасці ў мясцовых жыхароў неабходных для такой справы сродкаў будынак касцёла працягваў знаходзіцца ў складаным становішчы да 1906 г. З «Инвентарного описания костелов Бобруйского и Борисовокого уездов за 1907-1914 годы” высвятляецца, што ў гэты час у аколіцы Шацілкі дзейнічаў філіяльны касцёл, драўляны, перабудаваны і павялічаны ў 1906 г. панам Баляславам Тышкевічам7. Гэтыя дакументальныя звесткі дапаўняюцца расказам старэйшага жыхара Шацілак Ануфрыя Адамавіча Манкевіча. Па яго ўспамінах, у пачатку XX ст. ў маёнтку Іленполь, каля вёскі Какалева (сучасная Светач у межах горада Светлагорска) пражываў пан Тышкевіч. У 1906 годзе ён прыехаў у Шацілкі святкаваць тутэйшае прастольнае свята «Уздвіжэнне». Пасля агляду шацілаўскага храма Тышкевіч адзначыў, што яго будынак зусім струхлеў, і таму прапанаваў шацілаўцам пабудаваць новы прыгожы касцёл. Ён паабяцаў дапамагчы лесам, пры ўмове, што шацілаўскія мужчыны гуртам яго паваляць. З гэтай мэтай Тышкевічам была выдзелена дзялянка лесу ў месцы Астравы, што ў 10-12 км ад Шацілак. Гэта дзялянка i зараз завецца Касцёльнай. Пасля таго, як лес быў дастаўлены ў Шацілкі, Тышкевіч наняў брыгаду цесляроў з вёскі Давыдаўка. Ранняй вясной 1906 г. пачалося будаўніцтва. Тышкевіч сам кіраваў работамі. Да восені таго ж 1906 г. ў Шацілках насупраць могілак быў узведзены будынак новага касцёла. Тышкевіч загадаў устанавіць у касцёле арган, ды такі, каб яго было чуваць у маёнтку Іленполь. Калі арган быў наладжаны, то атрымаўся такі моцны гук, што ў навакольных хатах дрыжалі шыбы. Тады, каб паменьшыць гук, у аргане былі зроблены неабходныя змены. Дарэчы, у інвентарным вопісе касцёльных рэчаў адзначаецца наяўнасць «органа, в 1907 году, господином Тышкевичем исправленного»8.

Побач з касцёлам была пабудавана званіца. У ёй было тры вялікіх званы, два чыгунныя і адзін модны. Ксёндз у Шацілкі прыязджаў толькі па царкоўных святах з Бабруйска. Па нядзелях касцёл адчыняў касцёльны стараста Антось Манкевіч. У 1915-1917 г. у Шацілках пражываў арганіст Вацлаў Лейман, родам з Варшавы. Ён граў на аргане і кіраваў касцёльным хорам.

«Акты Шатилковского филиального римско-католического костела о родившихся за 1916 год» дазваляюць даведацца аб тэрытарыяльных межах Шацілаўскага каталіцкага прыхода. Акрамя шацілаўцаў тут хрысцілі дзяцей жыхары аколіц Ліпнікі (сучасны Светлагорскі раён), Замен-Рынні (Жлобінскі раён), Навозы Сцяпской воласці (Жлобінскі раён), некаторыя каталіцкага веравызнання з мястэчка Парычы (Светлагорск i раён). Гэга метрычная кніга засведчана подпісам шацілаўскага настацеля ксяндза Г. Церпенто, які той зрабіў 31 студзеня 1916 г. Аб тым, як складваліся адносіны паміж каталіцкай і праваслаўнай канфесіямі на тэрыторыі сучаснага Светлагорскага раёна ў пачатку XX ст. можна меркаваць па ўспамінах доўгажыхароў. Так, згодна слоў Марыі Станіславаўны Трацэўскай, яна даведалася ад сваёй маці, што да Першай сусветнай вайны адносіны паміж святаром Якімава-Слабадской царквы і шацілаўскім ксяндзом былі не вельмі добразычлівымі. Праваслаўны святар не хадзіў у касцёл, а ксёндз — у царкву. У той час людзі вельмі трымаліся сваёй веры, нават шлюбы паміж праваслаўнымі і католікамі ў грамадскай свядомасці разглядаліся як злачынствы. Але ў час вайны, калі фронт наблізіўся да Шацілак, у касцёл прывезлі труны з забітымі салдатамі. І тады якімаваслабадскі праваслаўны святар Сеўба з шацілаўскім ксяндзом Церпенто разам адпявалі нябожчыкаў. Рускія праваслаўныя салдаты былі пахаваны на шацілаўскіх каталіцкіх могілках. У час вялікіх выпрабаванняў канфесійная абмежаванасць адышла на другі план.

Літаратура

  1. БліноваТ.Б. Бабруйская езуіцкая рэзідэнцыя. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.1. Мінск. 1993. С.255.
  2. Там жа.
  3. НАРБ. Ф.827. Воп.ЗЗ. Спр.474, Арк.З.
  4. Там жа. Ф.961. Воп.1. Спр. 1; 2; 3.
  5. Там жа. Ф. 827. Воп.ЗЗ. Спр.474. Арк.4.
  6. Там жа, Арк 3.
  7. Там жа. Ф.827. Воп. 38. Спр,1495. Арк.7.
  8. Там жа. Арк 8.
  9. Там жа. Ф, 1781. Воп. 48. Спр„19. Арк.6.

Аўтар: А.М. Хоміч
Крыніца: Гомельшчына: старонкі мінулага. II выпуск. — Гомель, 1996.