Урбананімія горада Добруш

0
413
Урбананімія Добруша і яго вуліцы

Урбананімія (сукупнасць уласных назваў унутрыгарадскіх тапаграфічных аб’ектаў)— адна з самых цікавых, але, на жаль, маладаследаваных груп тапанімічнай лексікі. Між тым, урбананімія таксама, як гідранімія, айканімія, з’яўляецца важнай крыніцай вывучэння гісторыі беларускай мовы ў сувязі з развіццём грамадства.

Урбанонімы (ад лац. urbanus ‘ гарадскі’ + онім ) вывучае урбананіміка — параўнальна новая лінгвістычная дысцыпліна, якая “яшчэ знаходзіцца ў стадыі станаўлення” (Мезенка Г.А. Беларуская анамастыка. — Мн., 1991. С.79.) Першыя працы па урбананіміцы з’явіліся ў 50 — 60 гг. мінулага стагоддзя. Яны ў цэлым былі прысвечаны урбананіміі Расіі, асабліва Масквы, і краін, што ўваходзілі ў склад былога СССР.

Беларуская урбананімія ўпершыню пачала даследавацца ў 70-я гады. У першых публікацыях праводзіўся аналіз унутрыгарадскіх аб’ектаў г.Мінска (Жучкевич В.А. Улицы помнят: История, события, люди в названиях улиц и площадей города- героя Минска — Мн., 1979; Краўчанка З.Ф. Назвы вуліц горада Мінска // Беларуская анамастыка. — Мн., 1981), Віцебска (Мезенка Г.М. Структурна-семантычныя тыпы урбонімаў Віцебска 1838 і 1889г. // Беларуская мова. Міжвед. зб. Вып.5.— Мн., 1987. С. 138 — 145). 1 толькі ў 90-ыя гады Мезенка Г.М. было зроблена абагульненне даследаванняў беларускіх урбанонімаў у манаграфіях “Урбананімія Беларусі” (Мн., 1991) і “Беларуская анамастыка” (Мн., 1997. С. 79 — 113).

Урбананіміі Гомельшчыны прысвечаны некалькі артыкулаў, у якіх апісваюцца асобныя тэматычныя групы назваў цэнтральных вуліц абласнога горада (Агеев М., Зеленков М. Их іменами названы улицы Гомеля. -Мн., 1974; Мезенка Г.М. Словаўтваральная структура гадонімаў Гомеля; Гуліцкая В.А., Старасценка Н.А. Семантычная матывацыя урбонімаў Гомеля // Беларуская мова. Міжвед. зб. Вып. 17. — Мн., 1989). Урбанонімы ж іншых населеных пунктаў Гомельскай вобласці, што маюць статус горада або гарадскога пасёлка (большасць з іх — раённыя цэнтры), буйных вёсак да гэтага часу не былі аб’ектам спецыяльнага аналізу. Гэта тычыцца і горада Добруш. Выключэнне складає праца Агайскага Г.В. Добруш — сёння і заўтра (Мн., 1993).

Раённы цэнтр Добруш знаходдзіцца на рацэ Іпуць у 28 км ад абласнога цэнтра з насельніцтвам у 30 тыс. чалавек. Упершыню ўпамінаецца ў дакументах з 1640 г. як веска Добруш, што да 1834 года належала графу Румянцаву, а затым князю Паскевічу.

У сучасным Добрушы знаходзіцца 146 вуліц і завулкаў, назвы якіх і сталі аб’ектам нашага даследавання на лексіка-семантычным і структурна-граматычным узроўнях.

Фарміраванне вуліц горада пачалося з заснавання князем Паскевічам папяровай фабрыкі. Да гэтага часу горад быў разбіты на 6 раёнаў, што насілі назвы па іменах і прозвішчах домаўладальнікаў або адлюстроўвалі тапаграфічныя асаблівасці мясцовасці: Антонаўка (ад імя кіраўніка папяровай фабрыкі Антона Стружынскага, як неафіцыйная назва захавалася да сённяшніх дзён), Дубіна (раней там раслі векавыя дубы, сучасная назва Старая Дубіна), Слабада (паказвае на тып паселішча), Уцятнік (забалочаная мясціна), Фёдараўка, Шчарбакоўка (ад прозвішчаў заснавальнікаў).

Старажытныя назвы добрушскіх вуліц страціліся па многіх прычынах (перайменаванні, перапланіроўка горада, узнікненне новых аб’ектаў). Тагачасныя найменні тых, што захаваліся, звязаны ў цэлым з імёнамі прадстаўнікоў радавітых сем’яў: вул. Арлоўскага, сучасная Вароўскага (ад прозвішча мужа старэйшай дачкі князя Паскевіча), вул. Варанцоўская, сучасная Пушкіна (ад прозвішча нявесткі І.Ф. Паскевіча), вул. Ірынінская, сучасная Першамайская (у гонар княгіні Ірыны Паскевіч), вул. Нолькена, сучасная Лате (у гонар барона Нолькена, які пэўны час узначальваў Гомельскую гарадскую ўправу), вул. Князя Паскевіча, сучасная Баўмана ( у гонар І.Ф. Паскевіча, святлейшага князя Варшаўскага, заснавальніка папяровай фабрыкі).

Як бачна, у гэтай сістэме урбанонімаў г.Добруш знайшлі адлюстраванне сваяцкія адносіны княжаскай сям’і. Іншыя назвы вуліц сведчаць пра сацыяльнае становішча чыноў горада: вул. Генеральская (сучасная Чырвонаармейская), Фельдмаршальская (сучасная Пралетарская), размяшчэнне ў прасторы: вул. Галоўная (сучасная К. Маркса), памер: Шырокая (сучасная Жукава), час узнікнення: Старая Дубіна (сучасная Камуністычная), Новая (сучасная Леніна).

Першыя звесткі пра назвы вуліц Добруша падаюцца ў розных гістарычных матэрыялах, што адносяцца да 17-18 ст. Але большасць сучасних гадонімаў узнікла ў пачатку XX ст.

Найбольш шырокімі магчымасцямі пры гэтым валодае прынцып намінацыі аб’екта па яго сувязі з чалавекам, які быў характэрны, як бачна з вышэй пададзеных прыкладаў, і для старажытных назваў, аднак найбольш інтэнсіўна развіваўся на працягу 20 ст. Такая з’ява тлумачыцца гістарычнымі падзеямі, што адбываліся ў нашай краіне: Кастрычніцкая рэвалюцыя, грамадзянская вайна, Вялікая Айчынная вайна, развіццё новых галін навукі і г.д. Разнастайныя гадонімы, матываваныя імёнамі знакамітых людзей, падзяляюцца, у сваю чаргу, на катэгорыі:

  1. Назвы вуліц (завулкаў), прысвоеныя ў гонар грамадскіх і. палітычных дзеячаў, герояў вайны і працы:

а) пачынальнікаў ідэялогіі камунізма: Ільіча, Крупскай, У.І. Леніна, К. Маркса, Ульянова, Энгельса;

б) дзеячоў міжнароднага працоўнага руху, рускіх прафесійных рэвалюцыянераў: Баумана, Герцэна, Дабролюбава, Дзмітрава, Пляханава, Радзішчава, Тэльмана;

в) вядомых савецкіх і партыйных дзеячаў: Арджанікідзэ, Валадарскага, Варашылава, Дзяржынскага, Жданова, Калініна, Кірава, Куйбышава, Ланге, Лазо, Луначарскага, Свярдлова, Урыцкага, Фрунзе;

г) правадыроў славянскага руху, вядомых палкаводцаў: Б. Хмяльніцкага, Кутузава, Суворава;

д) удзельнікаў грамадзянскай вайны: Катоўскага, Чапаева;

е) удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны (савецкіх военачальнікаў, маршалаў, партызан і падпольшчыкаў, тых, хто вызваляў Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў): Гастэлы, Жукава, Заслонава, Р.Шаршнёвай;

ж) першапасяленцаў, што жылі ці жывуць на гэтых вуліцах (Асіпенкі, Раманава), з’яўляюцца мясцовымі знакамітасцямі: Бухонкі (Ілья Адамавіч Бухонка першы стаў за станок папяровай фабрыкі і працаваў на ёй усё жыццё, падчас пажару выратаваў станкі і паперу, храбра змагаўшыся з агнём), Воінаў-Інтэрнацыяналістаў (у гонар загінуўшых у Афганістане 24 дабрушан).

  1. У гонар дзеячаў навукі і культуры:

а) рускіх пісьменнікаў (самая прадуктыўная група): Астроўскага, Гогаля, Горкага, Дастаеўскага, Крылова, Ламаносава, Лєрмонтова, Маякоўскага, Някрасава, Пушкіна, Талстога, Тургенева, Чэхава;

б) беларускіх дзеячаў навукі, пісьменнікаў: Ф. Скарыны, Я. Коласа, Я. Купалы.

Зафіксаваны адзінкавыя гадонімы, матывавальнай асновай якіх з’яўляюцца прозвішчы лётчыкаў і касманаўтаў (Камарова, Чачюскіна), кампазітараў (Глінкі), дзеячаў навукі (Мічурына).

У гаданіміі Добруша вылучаюцца і іншыя прынцыпы намінацыі, аднак па частаце выкарыстання яны яўна ўступаюць першаму.

Намінацыя аб’екта па яго адносінах да іншага значнага аб’екта. Гэты прынцып характарызуе месцазнаходжанне вуліцы, завулка адносна іншых гарадоў і населеных пунктаў (Гомельская, Кіеўская, Маскоўская, Мінская) або па месцы размяшчэння на іх ці каля іх прадпрыемстваў, устаноў: Вокзальная, Торговая, Чыгуначная, Школьная. Дзве назвы матываваны назвам і частак гарызонта: Паўднёвая, Паўночная.

Намінацыя аб’екта па ўласцівых яму якасцях. Пры фармаванні назваў дадзенай групы ўлічваліся час існавання аб’ектаў (Новая, Старая Дубіна), фізіка-геаграфічныя асаблівасці: Палявая (пабудавана на полі), Вішнёвая (побач вішнёвы сад), Зарэчная (знаходзіцца за ракой Хорапуць), Лясная (каля лесу), Набярэжная (каля берага ракі Іпуць), Садовая, Прыгарадная.

Прынцып намінацыі аб’екта па яго сувязі з абстрактным паняццем пачаў фармавацца ў канцы 18 — пачатку 19 стагоддзя і лічыцца самым “маладым” сярод адзначаных. Аднак выкарыстанне слоў з абстрактным значэннем у якасці матыватараў даволі хутка набрала тэмп. Асноўным фундаментам стаў экстралінгвістычны фактар (Кастрычніцкая рэвалюцыя і звязаныя з ёю ідэялагічныя паняцці, сімвалы сацыялістычнай эпохі): Акцябрская, Інтэрнацыянальная, Кааператыўная, Камінтэрна, Камсамольская, Комуністичная, Маладзёжная, пр-т Міру, Першамайская, Пралетарская, Рэвалюцыйная, Савецкая, Сялянская, Чырвонаармейская, 60 гадоў СССР, 9 Мая, 50 гадоў Кастрычніка, 30 гадоў Савецкай Арміі.

Такім чынам, у сучаснай урбананіміі г. Добруш адлюстраваны палітычныя, сацыяльныя, эканамічныя падзеі жыцця грамадства, ідэялогія, светапогляд людзей, ваенныя і мірныя подзвігі народа, імёны слаўных сыноў і дачок Айчыны, будні і святы. Але тым не менш, надзвычай мала назваў, у якіх увекавечаны нацыянальная культура, гістарычнае мінулае самога горада, яго жыхароў.

Аналіз асаблівасцей словаўтваральнай структуры урабананіміі г. Добруш выявіў найбольш прадуктыўныя словаўтваральныя мадэлі і сродкі (улічваем дыяхронны і сінхронны зрэзы існавання найменняў). Асноўным структурным тыпам з’яўляюцца назвы вуліц, выражаныя родным склонам:

а) назоўніка-антрапоніма (самыя прадуктыўныя): Астроўскага, Жданава, Леніна, Маякоўскага, Чэхава, Энгельса і інш.;

б) формай роднага склону адзіночнага ліку апелятыва: Дружбы, Міру, Перамогі;

в) формай роднага склону множнага ліку апелятыва: Воінаў-Інтэрнацыяналістаў, Дзекабрыстаў, Касманаўтаў.

Належнае месца займаюць поўныя прыметнікі, аформленыя суфіксамі.

Прыметнікі з суфіксам -ск- матываваны:

а) тапанімічнымі назвамі: Беларуская, Гомельская, Кіеўская, Маскоўскані Мінская, Прылужская;

б)назвамі-сімваламі: Акцябрская, Камсамольская, Партызанская, Пралетарская, Савецкая;

в) апелятыўнымі і анамастычнымі назоўнікамі ca значэннем асобы: Балашоўская, Варанцоўская, Генеральская, Ірынінская, Фельдмаршальская.

Значна пашырыліся словаўтваральныя сувязі суфікса -н-. Ён уваходзіць у склад слоў, што абазначаюць:

а)размяшчэнне аб’екта на вуліцы: Вакзальная, Школьная;

б) размяшчэнне самоі а гадоніма адносна іншых аб’ектаў або размяшчэнне яго ў прасторы: Галоўная, Дарожная, Лясная, Паўночная, Чыгуначная;

в) сімвалічныя назвы: Калгасная, Маладзёжная.

Невысокая прадуктыўнасць у гаданімічным ужыванні характарызуе назвы з суфіксамі -ов-, -ёв-, -яв-, якія суадносяцца з назоўнікамі, што абазначаюць асаблівасці мясцовасці: Вішнёвая, . Палявая, Паўднёвая, Садовая.

Конфіксныя і складанасуфіксальныя ўтварэнні прадтаўлены адзінкавымі прыкладамі: Зарэчная, Першамайская, Чырвонаармейская.

Нязначная колькасць урбанонімаў утворана сінтаксічным спосабам, з выкарыстаннем словазлучэнняў, што з’яўляецца прыметай паслякастрычніцкай гаданіміі. Гэта назвы тьщу: 60 год СССР, 9 Мая, 50 год Кастрычніка, 30 год Савецкай Арміі. Адзначаюцца таксама старажытныя назвы гэтага тыпу: вуліца князя Паскевіча.

Такім чынам, словаўтварэнне урбанонімаў Добруша адбывалася марфалагічным (з перавагай суфіксальнага) і сінтаксічным спосабамі. Немарфалагічнае ўтварэнне амаль не сустракаецца (вул. Новая). Супастаўляльны аналіз гаданіміі на гістарычных зрэзах дазволіў устанавіць агульныя і адметныя рысы яе словаўтваральнай структуры. Можна з упэўненасцю сказаць, што галоўнай адметнай рысай старажытнай гаданіміі з’яўляецца колькасная перавага назваў-прыметнікаў і амаль поўная адсутнасць у якасці найменняў вуліц формы роднага склону назоўніка (вул. Нолькена).

Суфіксальнае ўтварэнне мела месца на працягу ўсяго развіцця тапонімаў, аднак абнаўленне семантычнымі тыпамі адбывалася павольна.

У наш час найбольш устойлівай аказалася тэндэнцыя да ўтварэння гадонімаў у форме роднага склону назоўніка і форме словазлучэння, што звязана з прыкметным павелічэннем назваў- мемарыялаў.

Можна сцвярджаць, што урбананімічныя назвы ў складзе тапанімічнай лексікі ўтвараюць пэўную тэрмінасістэму, што адлюстроўвае гістарычныя падзеі розных эпох, некаторыя працэсы культурнага, палітычнага і гаспадарчага жыцця краіны, мясцовасці, светапогляд і духоўнае жыццё народа.

 

Аўтар: Н.А. Багамольнікава
Крыніца: Скарына і наш час: Матэрыялы II Міжнароднай навуковай канферэнцыі 16 – 17 мая. У дзвюх частках. Частка II. – Гомель, 2002. – С. 7-12.