Як вядома, кожная краіна імкнецца ствараць ды папулярызаваць свае нацыянальныя брэнды. У Беларусі ў апошнія гады звярнулі ўвагу на сваю ўласную культурную спадчыну і пра слуцкія паясы ды няглюбскія ручнікі ўжо можна казаць як пра брэнды краіны. Магчыма адзін з новых тавараў-сімвалаў ствараецца ў Ветцы, дзе мясцовыя кандытары вырабляюць пернікі з узорамі неглюбскіх ручнікоў.
Загадчыца аддзела грамадскага харчавання Тамара Убажэнка распавядае, што ідэя друкаваных пернікаў са знакамі, якім па некалькі тысяч гадоў, узнікала з іншай крэатыўнай ідэі. Для прэзентацыйных мэтаў было выраблена некалькі пернікаў ручной работы з выявай на іх мясцовых вязаных карункаў, народнай вышыўкі ды роспісаў з бабуліных куфэркаў. Атрымаліся фантастычна прыгожыя, але і такія ж працаёмкія сувеніры. Для масавай вытворчасці гэтая нерэальная прыгажосць не падыходзіць: кожны пернік распісваецца ўручную не менш двух працоўных дзён. Тады рыдумалі варыянт прасцей: малюнак наносіцца таксама ўручную, але трафарэтным спосабам.
Сэнсавая нагрузка сувеніра не пацярпела: кожны пернік-сімвал — пажаданне, сагрэтае тысячагоддзямі, пакаленнямі продкаў.
Першы «выхад у свет» новых веткаўскіх пернікаў адразу меў поспех. І не дзіўна, бо ўжо шмат гадоў тарты з Веткі вядомыя не толькі ў раёне, але і ў вобласці, а ў апошнія гады і ў рэспубліцы.
Пернікі-сімвалы «дэбютавалі» на сезонным кірмашы спажыўкааперацыі ў Гомелі гэтай восенню і на «Дні ручніка» у Неглюбцы. Пакупнікі на пернікі знайшліся хутка, узнікла цікавасць, якую і вырашылі стымуляваць. Так, адны з першых пакупнікоў, пасля ўзятых на пробу парачкі пернікаў, замовілі адразу цэлую партыю — 150 штук!
Як вядома, неглюбскія ручнікі ёсць у найбуйнейшых музеях свету: Токіа, Парыж, Брусель, Манрэаль, Нью-Ёрк… ці адправяцца па іх слядах пернікі, апранутыя ў «васьмірожкі», «вядзмедзікі», «кручча» — пытанне часу і працы па іх прасоўванні. Але ўжо зараз прыемна прадставіць гасцям з далёкіх краёў сувенір са сваёй творчай радзімы, мілай Веткаўшчыны.