У Гомелі можа з’явіцца турыстычны квартал драўлянай забудовы

0
1021
Квартал драўлянай забудовы ў Гомелі можа выглядаць так
Эскізны праект турыстычнага квартала драўлянай забудовы ў Гомелі «Свісток»

Гарады ў наш час змяняюцца хутка. Аднак быць сучасным не азначае губляць самабытнасць. Часам тое, што здаецца звыклым, і ёсць асаблівасцю асобна ўзятага горада, якая вылучае яго сярод іншых. Традыцыйная драўляная архітэктура — адна з такіх іміджавых рысак да партрэта. Вось толькі год ад году ў Гомелі становіцца ўсё менш гарадскіх кварталаў, дзе сустрэнеш унікальны «разьбяны палісад». Захоўваць дамавую гісторыю або падпарадкавацца націску урбанізацыі?

Дом з разьбяным палісадам

У Гомелі тэма драўлянай забудовы зноўку на слыху і не выпадкова. Дамавая архітэктура паўднёвага ўсходу краіны багатая ўласнымі традыцыямі. Стыль фасаднай разьбы канца XIX — пачатку XX стагоддзя, які яшчэ можна сустрэць на гарадскіх дамах у старых кварталах абласнога цэнтра, больш нідзе не паўтараецца. У гэтым абсалютна ўпэўнены гомельскі гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства, старшы выкладнік кафедры архітэктуры Беларускага дзяржаўнага універсітэта транспарту Яўген Малікаў, які больш за 20 гадоў займаецца вывучэннем разьбянога дэкору драўляных дамоў.

Дом на вуліцы Парыжскай Камуны ў Гомелі
Дом на вуліцы Парыжскай Камуны ў Гомелі

Рарытэтам вулічнага дойлідства навуковец прысвяціў кнігу “Традыцыi разьбянога дэкору ў народнай архiтэктуры паўднёва-ўсходняй Беларусi: канец XIX — першая палова XX стагоддзя”, выдадзенай гэтай восенню.

Кніга пра драўляную забудову Гомеля
Кніга Яўгена Малікава аб драўлянай архітэктуры Гомельскага рэгіёну

У драўлянай забудове Яўген Малікаў, напрыклад, бачыць не толькі навуковы інтарэс, але і вялікі турыстычны патэнцыял, хоць мясцовыя жыхары такім яго не ўспрымаюць з-за штодзённасці. Тады як, па словах выкладніка, госці горада заўсёды вельмі жыва цікавяцца мясцовай архітэктурай… Але вось рэальнасць. Многія дамы, што былі сфатаграфаваныя і апісаны аўтарам, сёння ўжо ў горадзе не ўбачыш:

— Першыя пабудовы, якія прыцягнулі мяне сваім знешнім выглядам, знаходзіліся на вуліцах Арцёма і Карла Маркса ў Цэнтральным раёне. Цяпер іх ужо няма, знесены. Калі кніга была ў выдавецтве, стала вядома, што яшчэ знеслі шэраг дамоў. Прыйшлося спешна ўносіць карэктывы. І ўжо пасля выхаду выдання, у кастрычніку, зноў пад знос пайшлі некаторыя хаты.

Яўген Малікаў
Яўген Малікаў

Аднак у горадзе яшчэ жывыя архітэктурныя астраўкі дзіўнай прыцягальнасці. Адна з такіх кропак на карце — вуліца Парыжскай Камуны. Тут захаваліся дамы даўняй пабудовы, якія нібыта сышлі са старонак казак: з ажурнымі ліштвамі і франтонамі, ліштвамі-«гармонікамі» і разьбяным ганкам. Знакі, вобразы і іх узаемасувязь, якімі ўпрыгожаны «твары» дамоў, — гэта даўнія ўяўленні людзей аб свеце, дабрабыце, дастатку і абароне ад усялякага зла. Кожны раз, апынаючыся ў гэтых ваколіцах, з задавальненнем «перачытваю» коды продкаў. Сягоння, патрапіўшы на вуліцу, заўважыла — і сюды прыйшло будаўніцтва. Гмах навіс над драўлянай хаткай, уціснуўшыся ў зямлю.

Вуліца Парыжскай Камуны ў Гомелі
Гомель. Вуліца Парыжскай Камуны

Наўрад ці варта разлічваць, што будаўніцтва каменнага горада спыніцца. Але калі ламаць даўніну такімі тэмпамі, то праз дзесяць-дваццаць гадоў драўлянае дойлідства застанецца толькі ў кнігах ды навуковых працах. Або можна паспрабаваць захаваць унікальную архітэктурную спадчыну. Прычым у мясцовых гісторыкаў і архітэктараў ёсць ідэі, як зрабіць гэты здабытак мінулага на карысць гораду.

Малады архітэктар Сяргей Ляпін, які скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт транспарту, сваю дыпломную працу прысвяціў стварэнню ў Гомелі квартала старадаўняй архітэктурнай забудовы. Месцам «канцэнтрацыі» разьбяных дамоў абраў гістарычны раён Свісток ў цэнтры горада. Падчас працы яго кансультавалі спецыялісты Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, інстытута «Гомельграмадзянпраект», Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф. Шклярава. Іншымі словамі, ніякай белетрыстыкі і палётаў ў аблоках. Чыста практычны праца. Думкі ж аўтара праекта такія:

— Непрывабная на першы погляд драўляная забудова і ёсць самай каштоўнай для Гомеля. Гэта гомельская ДНК, уласцівая нашаму гораду асаблівасць, якая ў такім злучэнні дэталяў не сустракаецца ў іншых рэгіёнах. Адразу абмоўлюся: я прапаную стварэнне культурна-забаўляльнага турыстычнага квартала, які не мае на ўвазе поўнай аўтэнтычнасці. Сюды можна было б перанесці цікавыя старадаўнія хаты, якія ідуць пад знос. Але таксама можна было б і ўзнавіць дакладныя копіі ўжо згубленых пабудоў. Дарэчы, у гэтым квартале ўсё прадугледжана для адпачынку: пешаходныя вуліцы, рэстаранчыкі, музеі, міні-гатэль, забаўляльны клуб. З аднаго боку, гэта дазволіла б захаваць лепшыя ўзоры драўлянай архітэктуры, з другога — адкрыць яшчэ адну старонку гомельскай гісторыі для турыстаў.

Сяргей Ляпін
Сяргей Ляпін

Зразумела, што ідэя не з танных. Але калі думаць маштабна, задумваючыся пра будучыню, то да яе рана ці позна напэўна прыйдзецца вярнуцца. Асабліва ведаючы прыклады таго, як пісьменная турыстычная інфраструктура працуе на эканоміку краіны.

Распрацаваць ідэю ў адным з інвестыцыйных праектаў, якія штогод прадстаўляюцца на Гомельскім эканамічным форуме, — чым не першы крок на гэтым шляху?

Дарэчы, у гарвыканкаме ад тэмы не адмахваюцца. Кажуць, абавязкова будуць абмяркоўваць. Тым больш што ў ранейшых генпланах развіцця горада прапісвалася ідэя стварэння «мікрараёна» драўлянага дойлідства пад адкрытым небам. Галоўнае ў гэтай справе — не зацягваць з дэталёвымі абмеркаваннямі і прынцыповымі рашэннямі. Бо можа так здарыцца, што і захоўваць хутка не будзе чаго.

Цікавы факт: Самы стары драўляны дом Гомеля — 1860 года пабудовы — знаходзіцца на вуліцы Партовай. А на вуліцы Парыжскай Камуны размешчаны самы «разьбяны» дом.

Аналогіяй стварэння гомельскага квартала Свісток паслужыў этнаграфічны музей Скансэн у Швецыі. Гэта астравок у Стакгольме, пабудаваны 120 гадоў таму, у які звезлі драўляныя хаты не толькі з усёй Швецыі, але таксама Фінляндыі і Нарвегіі.