
Унікальны матэрыял, які раскажа пра момант з гісторыі Тураўскага і Мінскага княстваў у некаторых твораў мастацтва, што дасканала і яскрава ілюструюць касцюм раннесярэднявечнай Беларусі, даюць мініяцюры «Кодэкса Гертруды», на якіх адлюстравана кн. Гертруда, яе сын кн. Яраполк Ізяслававіч і жонка сына кн. Кунегунда.
На мініяцюрах «Кодэкса Гертруды» святочнасць каранацыі роду Ізяслава падкрэсліваюць выразна і дэталёва адлюстраваныя шыкоўныя каралеўскія строі.
Найперш спынімся на сімвалах улады. Паказчыкам высокага стану ў грамадстве яшчэ са старажытных часоў быў галаўны ўбор. Як ні мяняліся норавы і звычаі за тысячагадовы перыяд гісторыі, усё ж вянец царскай улады заставаўся адзін і той жа — карона. Варыянт кароны стэма — была ўмоўнапрынятая форма вянца на каралеўства і княства. Так на мініяцюры каранацыі Яраполка і Кунегунды ў руках Збавіцеля менавіта стэмы. Дыядэма (павязка з тканіны, затым металічны абруч) ужо з часоў Юсцініяна заменены стэмай — залаты абруч, над якім умацоўвалася металічная ці крыжападобна складзеная дужка, у перакрыжаванні якой мог замацоўвацца крыж. Пад стэму надзявалі шапачку з тканіны, часцей пурпуровага колеру. Такога кшталту кароны былі паказчыкам каралеўскай улады на Захадзе і на тэрыторыі Беларусі да XV ст. У часы готыкі дужка стэмы пачала сціскаць верх шапкі, утвараючы агульнапрынятую форму вялікакняжацкай альбо «ліцьвінскай» кароны. Такая карона на кн. Вітаўце і кн. Жыгімонце Кейстутавічу, паводле пячатак старажытнай Беларусі [7, с. 137].

На мініяцюры, дзе паказаныя кароль і каралевы перад апосталам Пятром, убор на галаве караля Яраполка — клабук. Некаторыя віды шапак ці клабукоў атрымалі значэньне каронаў для князёў, герцагаў і інш. санаў ужо ў IX ст. У нашым выпадку клабук з абводам, багата аздобленым каштоўнымі камянямі і перлінамі, з тулляй з залататканай тканіны і перлінавым нізаннем, якое дзеліць яго на дзве ці чатыры часткі. Такога тыпу галаўны ўбор у розных варыянтах быў найбольш распаўсюджаным паказчыкам улады. Аколыш мог быць футравым ці з залатой тканіны, верх чырвонага, сіняга, залатога колераў. Клабук насілі і князі і баяры. Мы бачым яго на выявах князёў Барыса і Глеба ў фрэскавых роспісах храмаў Полацкае зямлі [6], на Святаполку і яго сваяках (мініятура «Ізборніка Святаслава»), на князях Барысе і Глебе (падвеска) [2, табл.1], на князях (мініятуры «Радзівілаўскага летапісу») [5], на дочках Яраслава Мудрага (паводле фрэсак Сафіі Кіеўскай) [1]. Такая шапка ў старажытнабеларускіх строях — з’ява не виключная. Дакладна такую ж шапку з камянямі на аколышы і з перлінамі, размешчанымі на туллі крыжам, сустракаем у сярэднявечнай Нямеччыне на Рудольфе Швабскім паводле бронзавай выявы ў Мерзебургскім саборы. Зусім такія ж шапкі з рознай аздобай і сярод галаўных убораў каралёў Францыі, на помніках ХІ-ХІІ стст. [8, Р1. 184]. Ідэнтычны адлюстраванаму на карале Яраполке галаўны убор захоўваюцца ў Венгрыі («карона св. Стэфана») і ў Палерма («карона каралевы Канстанцыі Арагонскай», канец XII ст.) [4, с. 220, ил. 209]. Такія каралеўскія і княскія ўборы былі ў Х-ХІІІ стст. агульныя на ўсёй сярэднявечнай Заходняй Еўропе.
Сімвал каралеўскай улады каралевы Кунегунды — вежападобная шматярусная карона, аздобленая камянямі па вянцы. Верх яе падзелены на зубчастыя трохкутнікі, у прамежках якіх замацаваныя каштоўныя камяні. Бела-блакітны павой спускаецца з-пад кароны на спіну. Формы вежападобных каронаў розніліся сваім малюнкам, але большасць іх звычайна аздаблялася па версе зубцамі, на якіх мацаваліся перліны і каштоўныя камяні. Вежападобныя царскія вянцы былі найболын распаўсюджаныя сярод знаці сярэднявечнай Еўропы. Ідэнтычная карона на імператрыцы Ірыне (мазаіка, Канстанцінопаль, храм св. Сафіі, XII ст.), на Біятрыс (барэльеф Фрэйзінгенскага сабору, канец XII ст.), падобныя кароны шматлікія ў выявах цароў Нямеччыны, Сербіі, Валахіі, Грузії і г. д. [4, с. 144-151].
Іншыя жаночыя ўборы каралевы Гертруды і каралевы Кунегунды ўнікальныя і сведчаць пра багацце і разнастайнасць галаўных убораў сярэднявечнай Беларусі. Галаву каралевы Гертруды пакрывае павой з тонкага шоўку, які цалкам закрывав валасы і па краі сцягваецца шнурам так, што спераду ўтвараецца як быццам валік з валасоў — візантыйская мода. Колер павоя бледна-ружовы. Звычайна на візантыйскіх мініятцюрах тэты павой з паласатай арабскай шаўковай тканіны, на якой каляровыя палосы ідуць, як на рушніках, упоперак тканіны, а галава абвязваецца гэтай тканінай удоўж, таму ўвесь валік здаецца падзеленым папярэчнымі палосамі. Такі ж павой, якім ахутана галава Гертруды, і на галаве Кунегунды ў сцэне каранавання. Падобны павой на кн. Вользе, падчас прыёму яе імператарам Візантыі на мініяцюрах Мадрыдскага рукапісу [3, с. 208-209]. Павой паверх каптурыка і на княгіні, паводле «Ізборніка Святаслава». Ён меў нават адмысловую назву «убрус». Убрусы, сувоі і рушнікі, расшытыя ці вытканыя рознымі палосамі, ужываліся замужнімі жанчынамі. Акрамя таго, з-пад павою на галаве каралевы Гертруды легка ўбачыць чырвоную кропку на ілбе, якая паўтараецца такой жа буйной кропкай на галаве каралевы Кунегунды на мініяцюры каранацыі. Гэтая кропка — каштоўны чырвоны камень (рубін, яхант) альбо дыямент размешчаны па цэнтру на кароне альбо шапачцы — сімвал «трэцяга вока», глыбіні ўнутранага свету і моцы ўлады. Шапачка закрыта ўбрусам так, што бачны толькі невялікі яе трохкутнік над ілбом. Дэталь гэтая сведчыць пра нашэнне дыядэмаў, тканых ці металічных, што трымаліся над ілбом і прыкрываліся ўбрусам.
Галаўныя ўборы, асабліва каралеўскія і княжацкія, не толькі паказвалі іеархічнае месца, але і спрыялі моцы гаспадара, замацоўвалі эстэтычны погляд на чалавека. Галава — гэта духоўны космас. Акругленая форма (купал) як у мужчынскім, так іў жаночым уборы, адпаеядае ідэі чалаеека-храма крыжакупальнай сістэмы камерных маштабаў. Аздоба адмысловымі камянямі «трэцяга вока» ўзмацняе ўнутраную сілу, а ахоўнае кола дыядэмы альбо кароны аберагае ад знешніх напасцяў. Убрус альбо павой завяршаюць пераход ад галаўнога ўбору да адзення.
Строй караля Яраполка і каралевы Кунегунды на абедзвюх мініяцюрах адрозніваецца галоўным чынам мантыяй. Статут Канстанціна Парфірароднага лічыць мантыю галоўнай і неабходнай эмблемай імператарскага стану. У сярэднявечнай Еўропе пурпуровая мантыя была інсігнацыяй каралеўскай улады, як і карона. Грэцкі гісторык Міхаіл Аталіёт называў іх «вянец любові» і «мантыя добрапрыстойнасці». Мантыю насілі толькі асобы каралеўскіх сем’яў і першых чыноў двара.
Еўрапейскія ўладары запазычылі ў VIII-XI стст. ад рымскай традыцыі і непасрэдна ў Візантыі абодва варыянты нашэньня мантыі: плашч, што зашпільваецца на грудзях і на правым плячы (пераважна мужчыны, бо ў правай руцэ зброя). У строі караля Яраполка паверх тунікі апрануты распаўсюджаны варыянт мантыі — карзно. Карзно — мантыя, што апранаецца праз левае плячо і зашпільваецца на правым. Каралеўскае карзно на Яраполку пурпуровае, аблямаванае парчой і ўнізанае перлінамі. Распаўсюдзілася яно напачатку еўрапейскага сярэднявечча ў VIII-XI стст., калі рымскія строі былі заканадаўчымі для ноеаўтеораных дзяржаваў. Падобна рымскім мантыям і хламідам, карзно было першапачаткова агульнаеўрапейскім верхнім адзеннем, а мантыя пурпуровага колеру стала сімвалам уладара ўжо ў VIII ст. Карзно як і клабук, стала асноўным паказчыкам княскай улады, як бачна, напрыклад, на мініяцюры «Ізборніка Святаслава», дзе князь Святаслаў у цёмнасіняй мантыі, а сыны ягоныя ў адных туніках. Так, Яраполк перад Св. Пятром без мантыі — князь, а апранутая на ім пурпурная мантыя ў сцэне вянчаньня адлюстроўвае ягонае права на вялікае княжаньне.
Інсігнацыяй каралеўскай улады ў жаночым строі таксама была мантыя. Так на каралеве Гертрудзе мантыя з залатой парчы, аздобленай кольцамі з невыразным малюнкам, зашпіленая на грудзях. На каралеве Кунегундзе ў сцэне каранацыі мантыя багата аздоблена каштоўнымі камянямі як па шляку, так і па самім полі, зашпілена на сярэдзіне грудзей.
Для нас вельмі красамоўная дэталь, што мантыі Яраполка і Кунегунды падбітыя гарнастаем. У раннім сярэднявеччы існавала рымская хламіда з тканіны і варварскія футравыя плашчы, на усходнееўрапейскіх землях элемэнты іх спалучыліся. Найбольшае распаўсюджанне футра гарнастая атрымала ў Чэхіі, Польшчы, Русі, а затым у сярэднявечнай Нямеччыне і Францыі, дзе ўжо з сярэднявечча было прапісана да знатных станаў і забаронена буржуазії. Карона, пурпурная мантыя, гарнастаевы каўнер і падбой з сярэднявечча дайшлі да нашага часу і засталіся галоўнымі элемэнтамі каралеўскага еўрапейскага строю.
Наступны сімвал улады і адначасова аздоба строю каралевы Кунегунды лорум — парчовая палоса, багата аздобленая каштоўнымі камянямі і адмыслова абкручаная вакол цела. Карані лорума сягаюць да рымскіх тог і манеры іх нашэння, якія ва Усходняй рымскай імперыі пад уздзеяннем хрысціянскага ідэалу непачуццёвасці ператварыліся ў вузкую паласу тканіны — лорум. Адзін канец лоруму найчасцей перакідваўся цераз левую руку, як на Св. Канстанціне (полацкі абразок «Канстанцін і Алена»), На каралеве Кунегундзе канец лоруму выглядае з-пад мантыі і аздоблены перлінавымі махрамі.
На Св. Ірыне паказаны яшчэ адзін варыянт завяршэньня лоруму і аздобы строю — фаракій. Ён атрымаў назву ад авальнага, завостранага ўнізе шчыта і адлюстроўваецца на шматлікіх выявах уладцаў, пачынаючы з X ст. Гэты шчыт, даўжынёй ад пасу да калена, рабіўся з цяжкай парчы і прышпільваўся ўверсе да пасу, а ўнізе да лоруму, пры гэтым злёгку наўскос. Фаракій быў прыналежнасцю жаночых лорумаў, што бачна з пераліку ва Уставе Канстанціна II. Гэты строй мы бачым на св. Ірыне, апранутай па каралеўску ў імператарскі лорум з фаракіем паверх блакітнай тунікі. Фаракій перададзены з дакладнасцю на Св. Алене (абразок «Канстанцін і Алена»),
Тыповым мужчынскім і жаночым адзеннем ранняга сярэднявечча як у Заходняй Еўропе, так і ва Усходняй была туніка. Старажытная рымская форма адзення, сшытага з чатырохкутных кавалкаў тканіны, з прыняццем хрысціянства набыло глыбокую сымволіку — крыж, які павінен аберагаць чалавека штодня. Тунікі розных пластоў насельніцтва адрозніваліся толькі тканінай і аздобай. Туніка на каралі Яраполку сшыта з цяжкой тканіны, таму ня мае складак, на рукавах сцягнута наручамі. Шоўк тунікі вытканы залатымі «квітнеючымі» крыжамі. Падобны малюнак не рэдкасць: мініяцюра грэцкага рукапісу з выявай Хрыста, які вянчае Іаана і Аляксея Комнінаў і г. д. Пурпурова-малінавы колер тунікі Яраполка таксама сімвалічны: ён указвае на высокі стан. На другой мініяцюры туніка Яраполка з іншай тканіны. Гэта залатая парча ў клетку з перлінай у сярэдзіне. Такая клятчастая тканіна сваім малюнкам перагукваецца з заходнееўрапейскімі касцюмамі. Сукенка каралевы Кунегунды ў сцэне пакланення Св Пятру падобная на мужчынскую туніку, але адрозніваецца ад яе шырынёй і шырокімі рукавамі, якія запраўлены ў поручы. Мяккая шаўковая тканіна тунікі блакітнага колеру, закладзена аднолькавымі складкамі, якія ўнізе замацаваны шчыльнай парчой, аздобленай каштоўнымі камянямі. Мяккасць тканіны, пачуццёвасць пакрою сукенкі-тунікі каралевы — тыпова заходнееўрапейскі варыянт, бо візантыйскі строй патрабаваў жорсткасці тканіны і адпаведна штыўнасці адзення.
Касцюм — гэта арганічны сінтэз формы і аздаблення, якое аналагічнае архітэктурным, мазаічным, мініятурным і інш. мастацтвам. Найбольш звязаны з элементамі раманскага і візантыйскага стылю, якія знітоўваюць ўсе віды мастацтва, касцюм ад постаці да ўсіх элементаў і аздобы строю нёс вышыню стылістыкі. Шляхотныя камяні, парчовае ткацтва, багатая колеравая гама, арнамент надаюць носьбіту касьцюма самавітасць, падкрэсліваюць яго прыродныя рысы, у якіх дамінавалі святочнасць, урачыстасць, узнёслая рэлігійнасць. У кампазыцыйнай цэласнасці строю дамінуючае значэнне мелі спалучанні колераў мантыі і тунікі. У строях Х-ХІІ стст. была принята варыяцыя двух асноўных спалучэнняў колераў: калі туніка пурпуровая — мантыя сіняя, цёмна-ліловая, блакітная, і наадварот, калі мантыя пурпуровая, туніка — блакітная, светла-зялёная і г. д. У беларускім сярэднявечным строі ў адрозненне ад візантыйскага характар тканіны не ператварае строй у цяжкую штыўную форму. Нават залататканы шляк мантыі і тунікі пераліваецца пры рухах, позах рук, узбагачаючы эстэтычнае ўздзеянне. Арнаментацыя тканіны і аздоба рытмічна дапасаваныя да форм адзення.
Асноўнай аздобай адзення былі найперш шляк і аблямоўка. Усе берагі адзення, швы аздабляліся рознай па шырыі часцей залататканай аздобай, каб не дазволіць злосным сілам увайсьці ў чалавека. Гэтая ж аздоба, абцяжараная камянямі, захоўвала стабільнасць формы, не дазваляла ўтвараць рэзкіх складак, непажаданыя складкі распрамляла. Паветра не магло крысо развеяць, што вельмі важна дзеля захаваньня сьвяточнасці, значнасці, строгай урачыстасці касьцюма не толькі ў інтэр’еры, але і падчас працэсіі.
На першым месцы сярод аздобы, стаіць аплечча. Аплечча ў нашым выпадку мае выгляд шырокага каўняра, што апранаецца праз галаву, падзеленага нізкамі перлінаў на некалькі палосаў і аздобленага камянямі. Такога тыпу багатае аплечча сягає далёка ў дахрысціянскія часы як сімвал сувязі з нябеснымі Багамі, пераходзіць у грэчаскі і рымскі касцюм, становіцца сімвалам улады як у Візантыі, так і на Захадзе. Наручы, што аздабляюць руку ў запясці, — абавязковы элемэнт строю напачатку сярэднявечча, і прыналежнасць воінскага ўбору. Аздобай тунікі былі і нашыўкі вышэй локця, Самым буйным элемэнтам аздобы была шырокая арнамэнтаваная аблямоўка падола тунікі. Паласа гарызантальнага арнамэнту надавала касцюму ўстойлівасць, як падмурак для чалавека-храма. Згодна з густамі, што замацаваліся ў Візантыі IV ст. і былі прынятыя еўрапейскімі дзяржавамі, уся аздоба выконвалася на залататканцы, ўпрыгожвалася па берагах пэрлінамі, арнаментавалася каштоўнымі камянямі ці вышыўкай. Такая аздоба стала неабходнаю прыналежнасцю ўсіх царскіх, княскіх строяў, духавенства і інш.
Пас у строі караля Яраполка — адна з дамінуючых дэталяў адзення. Ён уяўляе сабой шырокую падвойную паласу, з-пад якой спускаюцца дзьве падвескі. Пас з парчы ці металічных пласцінак багата аздоблены камянямі. Пас абавязковы ў еўрапейскіх атрыбутах строю. Інсігнеі Рымскай імперыі, а пазней Захаду не былі тоеснымі з візантыйскімі. Так, напрыклад, пас і меч ніколі не складалі інсігней Васілеўса, але былі рэгаліямі ў еўрапейскіх валадароў. Пас як элемэнт строю быў шырока пашыраны ў сярэднявеччы на тэрыторыі Беларусі. У мініятурах Радзівілаўскага летапісу князь на стале заўсёды адлюстраваны ў падпяразанай туніцы, мантыі, клабуку і з мечам. Паводле княскіх пячатак князь ці святы нярэдка адлюстроўваюцца ў каралеўскім строі з каралеўскімірэгаліямі жэзлам і сфэрай, альбо з мечам.
Завяршае ўбор абутак, чаравікі ці боты, якія колерам і аздобай спалучаюцца з каларыстыкай касцюму. Элегантны выцягнуты носік, вузкая форма калодкі падкрэсліваюць хісткасць рэальнага свету, але гэтую думку адразу перакрэслівае моцная трывалая аздоба-пастамент касцюму. На нашых мініятурах боты і чаравікі толькі пунсовага колеру, звонку — светлая нашыўка ці вышыўка. Такія чырвоныя ці малінавыя боты, нярэдка арнамэнтаваныя, вышытыя ці аздобленыя, складалі прыналежнасьць строю вышэйшых чыноў грамадства. Чырвоныя боты біллі рэгаліяй візантыйскіх імператараў, а пасля еўрапейскіх каралёў і князёў. Насіць чырвоны закрыты абутак у часы Каралінгаў мелі права толькі кароль, князь і іх сем’і.
Касцюм звязаны з эстэтычным ідэалам часу, з поглядам на ролю караля і каралевы ў грамадстве. Кампазіцыйная цэласнасць касцюма дапамагае стварыць ідэальны вобраз чалавека. Адзенне падкрзслівае не грахоўную прыгажосъцъ цела, а прыгажосцъ душы, лепшыя якасці ўладара, мужа, дзеяча, уладаркі. Касцюм ідэалізуе яго носьбітаў, падмацоўвае, што князь і княгіня займаюць кіруючую ролю ў грамадстве, у палітыцы, у рэлігіі. Адзенне вышэйшага класа крычыць пра хрысціянства і адсюль адпавядае ідэі чалавека-храма. Дзякуючы рытмічнаму спалучэнню ўсіх элемэнтаў, вялікіх і дробных частак, касцюм выглядае завершаным мастацкім творам, а кожная дэталь напоўнена шматзначным сымбалічным сэнсам.
Бясспрэчна, што цэнтрам, дзе касцюм фармаваўся, былі Рым і Канстанцінопаль, які да XII ст. быў аўтарытэтным грамадскім асяродкам, творцам шматлікіх канонаў у мастацтве, ў тым ліку ў касцюме. Канец XI ст. быў часам рашучага і апошняга насычэння еўрапейскай мастацкай глебы візантыйскімі формамі. Візантыйскі двор Васілеўса ствараў трывалы падмурак для таго, каб ня толькі ўзоры візантыйскага мастацтва распаўсюдзіліся ў Еўропе, але і ўзоры строяў. Так, у сачыненьні Канстанціна Парфірароднага «Кніга аб Цырымоніях візантыйскага двара» пералічваюцца тканіны, прызначаныя для падарунку князям, скроенае, але не пашытае адзенне розных рангаў і розных колераў, падрыхтаванае з той жа мэтай. Пералічваюцца стужкі і аплеччы, аблямоўкі і шнуры, нашыўкі на прыпол і інш. «Усе гэта — гаворыцца ў кнізе — рыхтуецца для знатных перабежчыкаў і для адсылкі да знатных і вялікіх іншародцаў». Апісваецца і цырыманіял прыняцця паслоў, «дабы сцвердзіць царства іх і адпусьціць іх дамоў». Едучы ў Візантыю і на Захад, з нашых земляў таксама везлі багатыя дарункі, якія выклікалі нават здзіўленне. Так, герой нашых мініацюр кн. Ізяслаў перад паездкай з жонкай Гертрудай і сынам у Нямеччыну паслаў праз пасла Бурхгарда Цэсару Генрыху IV «такую колькасьць золата, срэбра і павалок (тканін), што дагэтуль ніхто ў каралеўстве ня памятаў, каб зараз хтосці столькі прынёс».
Слова пра касцюм ставіць глабальныя праблемы і падмацоўвае тую атмасферу культурнага ўзлёту, які перажыло Тураўскае, Полацкае, Мінскае і іншыя княствы ў Х-ХІІІ стст. Каралеўскі касцюм — гэта сімвал, увасабленне ўлады, багацця, самавітасці, духоўнасці, сімвал чалавека-храма. Палітычныя, эканамічныя, дынастычныя, мастацкія сувязі з суседнімі краінамі, эстэтычныя погляды абумовілі ўласныя варыянты творчай перапрацоўкі ўзораў еўрапейскага касцюма. Пры гэтым, як і ўсе еўрапейскія ўладары, беларускія каралі ведалі візантыйскія і заходнееўрапейскія цырыманіялы і статуты, сімвалы ўлады, усе варыянты еўрапейскага параднага строю, склад, аздобу і манеру нашзння.
Літаратура
- Высоцкий С. А. Светские фрески Софийского собора в Киеве. — Киев, 1989.
- Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII-XVIII стагоддзяў: Альбом / Аўт. тэксту і склад. Н. Ф. Высоцкая. — Мн.: Беларусь, 1984.
- Кондаков Н. П. Русские клады: Исслед. древностей великокняжеского периода. Т. 1 — СПб.: Имп. археол. комис., 1896.
- Мерцалова М. Н. Костюм разных времён и народов. В 4-х т. Т. 1 — М.: Академия моды, 1993.
- Радзивиловская летопись: В 2 т. Факс, воспроизведение рукоп. Т. 1-2. — СПб.: Глаголь — М.: Искусство, 1994.
- Селицкий А. А. Живопись Полоцкой земли ХІ-ХІІ вв. — Мн.: Навука і тэхніка, 1992.
- Цітоў А. К. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Мн.: РІВНІ БДУ, 1999.
- Racinet A. Le costume historique. Т. III — Paris, 1888.
Аўтар: Ганна Барвенава
Крыніца: Комплекснае даследаванне фальклору і этнакультуры Палесся: Матэрыялы другой Міжнароднай навуковай фальклорна-этналінгвістычнай канферэнцыі Мінск, 14-15 красавіка 2005 г. / Уклад. Васіль Ліцьвінка. — Мн.: БДУ, 2005. — С. 46-51.