Даследаванне культуры ў яе рэгіянальных праявах мае важнае яўляючыся неад емнаи часткай культуры этнасу ў цэлым, рэгіянальная культура яскрава адлюстроўвае яе асаблівыя рысы. Усходняе Палессе — унікальны рэгіён Беларусі са сваімі адметнасцямі. Мэта дадзенага артыкула — прасачыць гісторыю этналагічнага вывучэння традыцыйнай матэрыяльнай культуры беларусаў Усходняга Палесся ў другой палове ХХ — пачатку ХХІ стст.
На працягу першага пасляваеннага дзесяцігоддзя адбываўся працэс аднаўлення навуковых устаноў, узнаўлялася даследчая дзейнасць, рыхтаваліся новыя навуковыя кадры. Вывучэнне традыцыйнай культуры беларусаў ажыццяўлялася сектарам этнаграфіі і фальклору (з 1950 г. сектар этнаграфіі і народнай творчасці) Інстытута гісторыі АН БССР. З 1957 г. вядучая роля па даследаванню беларускага этнасу пераходзіць да сектара этнаграфіі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР.
Вывучэннем традыцыйнай матэрыяльнай культуры беларусаў у другой палове ХХ ст. займалася вядомы айчынны этнограф Л.А. Малчанава. У 1950-х гг. сумесна з М.Я. Грынблатам яна аналізавала змены ў жыллі, касцюме, традыцыях харчавання і прадметах хатняга начыння калгаснікаў Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. Пры збіранні матэрыялаў навукоўцы выкарыстоўвалі непасрэднае асабістае назіранне, фотафіксацыю, апытанні, вывучалі архіў калгаса «Бальшавік». Яны параўналі сялянскую сядзібу да і пасля 1920-х гг., ахарактарызавалі памеры, структуру і добраўпарадкаванне двароў, прыёмы і матэрыялы будаўніцтва, спосабы і прыёмы прыгатавання асобных страў і напояў, паказалі з’яўленне ў рацыёне калгаснікаў шэрагу новых прадуктаў. Л.А. Малчанава і М.Я. Грынблат звярнулі ўвагу на крой жаночага і мужчынскага касцюма 1920-1950-х гг., спосабы нашэння некаторых частак касцюма з улікам узроставага паказчыка, падабенства крою сялянскага і гарадскога касцюмаў, прычоскі. Было вызначана кола фактараў, якія паўплывалі на змены ў земляробстве і жывёлагадоўлі беларусаў-калгаснікаў, паказана эвалюцыя некаторых працоўных працэсаў, выкарыстанне новых прылад працы.
Рысы матэрыяльнай культуры беларусаў Усходняга Палесся адзначаны ў манаграфіі Л.А. Малчанавай «Материальная культура белорусов» (1968). Даследчыца паказала шэраг адметнасцей мясцовага жылля, касцюма, традыцый харчавання, сельскагаспадарчых прылад працы.
У 1960-х гг. Л.А. Малчанава ўдзельнічала ў стварэнні рэгіянальнага гістарычна-этнаграфічнага атласа. Вынікам даследаванняў сталі калектыўныя манаграфіі «Беларускае народнае жыллё» (1973), «Народная сельскагаспадарчая тэхніка беларусаў» (1974), «Беларускае народнае адзенне» (1975). У працах упершыню прадстаўлена характарыстыка рэгіянальных і лакальных асаблівасцей жылля, касцюма, прылад працы, у тым ліку на тэрыторыі Усходняга Палесся.
Беларускія і ўкраінскія этнолагі даследавалі традыцыйную матэрыяльную культуру Палесся. У манаграфіі «Полесье. Материальная культура» (1988) ахарактарызваны асаблівасці жылля, касцюма, традыцый харчавання і заняткаў беларусаў Палесся. Значную частку матэрыялаў працы складаюць дадзеныя з Усходняга Палесся Беларусі.
У 1970-х — першай палове 1980-х гг. айчынныя даследчыкі звярнуліся да вывучэння некаторых промыслаў і рамёстваў. Былі створаны працы «Рыбалоўства на Беларусі (гісторыка-этнаграфічны нарыс)» (І.М. Браім, 1976), «Народные деревообрабатывающие промыслы в Белоруссии (1917-1941 гг.). Этнографические очерки бондарного промысла и изготовления транспортных средств» (В.С. Цітоў, 1976), «Народная разьба па дрэву» (Я.М. Сахута, 1978), «Бортничество в Белоруссии» (У.С. Гуркоў, С.Ф, Цярохін, 1980), «Белорусское народное ткачество» (Г.М. Курыловіч, 1981), «Беларуская народная гліняная цацка» (Я.М. Сахута, 1982), «Белорусское народное гончарство» (С.А. Мілючэнкаў, 1984). У гэтых выданнях выкарыстаны матэрыялы з Усходняга Палесся.
Даследаваннем гістарычна-этнаграфічнага раяніравання матэрыяльнай культуры беларусаў займаўся В.С. Цітоў. Ім быў падрыхтаваны шэраг прац: «Историко-этнографическое
районирование материальной культуры белорусов, ХІХ — началоХХ вв.» (1983), «Народная спадчына: Матэрыяльная культура ў лакальна-тыпалагічнай разнастайнасці» (1994), «Этнаграфічная спадчына: Беларусь: Традыцыйна-бытавая культура» (1997), «Гісторыка-
этнаграфічны рэгіён» (2002). На падставе аналізу матэрыялаў канца XVIII — пачатку ХХ стст. аўтарам вылучаны некалькі рэгіёнаў, у тым ліку Усходняе Палессе. В.С. Цітовым вызначаны межы гэтага рэгіёна, яго прыродна-кліматычныя асаблівасці, іх уплыў на характар мясцовай матэрыяльнай культуры, раскрыты адметнасці ўсходнепалескага жылля, ахарактарызаваны шэраг яго лакальных варыянтаў (нараўлянскі, ельскі, лельчыцкі, тураўскі) [8, с. 142-143].
Асаблівасці ўсходнепалескага жылля адзначаны ў працах акадэміка А.І. Лакоткі: «Белорусское народное зодчество: середина ХІХ-ХХ вв.» (1991), «Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры» (1999), «Беларускае народнае дойлідства» (2008). Навуковец параўнаў усходнепалескае жыллё з жыллём іншых рэгіёнаў Беларусі, вызначыў шэраг асаблівасцей двароў, канструкцый і планіроўкі, рыс інтэр ера. Шмат увагі А.І. Лакотка надае падрыхтоўцы і выданню калектыўных прац. Адна з іх — шматтомная энцыклапедыя «Гарады і вёскі Беларусі». У яе асобных кнігах, у прыватнасці прысвечаных Гомельскай вобласці, паказана гісторыя і сучасны стан вясковых і гарадскіх паселішчаў Усходняга Палесся, ахарактарызавана планіроўка і характар вясковай забудовы.
А.І. Лакотка праводзіў даследаванні па выяўленню і збору помнікаў этнаграфіі ў раёнах, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС [3, с. 29]. Актыўны ўдзел у гэтай працы прымала В. Малюшына. На тэрыторыі Гомельскай вобласці даследчыца вывучала і збірала асобныя прадметы мэблі для музея-скансена ў Строчыцах. Яна паказала, што многае з выяўленага спрыяе вывучэнню асаблівасцей мэблі, якой карысталіся на Беларусі да 1917 г., а таксама яе рэгіянальных рыс [5, с. 29].
Значны ўклад у даследаванне аб ектаў матэрыяльнай культуры беларусаў Чарнобыльскай зоны ўнёс В.Ф. Шматаў. Навуковец з’яўляецца адным са стваральнікаў аддзела «Помнікі этнаграфіі і народнага мастацтва Чарнобыльскай зоны» у Музеі старажытнабеларускай культуры.
У 2000-х гг. навуковыя супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, выкладчыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта і Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта даследавалі асаблівасці матэрыяльнай культуры Палесся. В.М. Бялявіна вывучала жыллё Мазырска-Прыпяцкага Палесся. Яна адзначыла, што развіццё структурнай планіроўкі ў дадзенай мясцовасці адбывалася ў напрамку падзелу жылой плошчы хаты перагародкай з бярвенняў на «чыстую хату» і кухню [1, с. 27]. Даследчыца паказала цесную сувязь паміж тэхнікай драўлянага дойлідства беларусаў, рускіх, украінцаў, палякаў. Былі ахарактарызаваны змены, якія адбыліся ў будаўнічай тэхніцы пасля 1918 г., звернута ўвага на асаблівасці цеплаізаляцыі жылля, спецыфіку тэхнікі «імшэння», эвалюцыю падлогі ў мясцовай хаце. В.М. Бялявіна аднесла жыллё Мазырска-Прыпяцкага Палесся XIX — пачатку XX стст. да падтыпу сярэднебеларускага жылля. Яна адзначыла, што на фарміраванне і развіццё ўсіх частак традыцыйнага жылля Мазырска-Прыпяцкага Палесся паўплывала прыродна-геаграфічнае асяроддзе. В.М. Бялявіна вылучыла і ахарактарызавала тры тыпы сядзіб, распаўсюджаных у гэтай мясцовасці, звярнула ўвагу на іх лакальныя адметнасці, паказала ўзнікненне вяночнай і пагоннай забудовы, падкрэсліла ўзаемасувязь паміж асобнымі кампанентамі ў розных тыпах сядзіб.
У 1970-1980-х гг. было паглыблена вывучэнне рэгіянальнай і лакальнай разнастайнасці традыцыйнага касцюма. Асаблівая заслуга ў гэтых даследаваннях належыць М.Ф. Раманюку. Навуковец упершыню ажыццявіў сістэматызацыю і рэгіянаванне традыцыйнага жаночага касцюма. У дысертацыі «Народны касцюм Беларускага Палесся канец ХІХ — пачатак ХХ стст.» (1975) і шэрагу іншых публікацый даследчык разглядае асаблівасці крою, форм, аздаблення ўсходнепалескага жаночага касцюма. Альбом «Беларускае народнае адзенне» (1981) займае адметнае месца ў яго навукова-даследчыцкай спадчыне. У аснову выдання былі пакладзены архіўныя і музейныя крыніцы, палявыя матэрыялы, сабраныя аўтарам у экспедыцыях па Беларусі (1967-1980-я гг.). Пераважную большасць апублікаваных у ім ілюстратыўных матэрыялаў складаюць узоры традыцыйнага жаночага касцюма беларусаў ХІХ — першай паловы ХХ стст. Сярод вылучаных аўтарам касцюмных комплексаў асобнае месца займае ўсходнепалескі ў складзе чатырох лакальных тыпаў — Калінкавіцкі, Брагінскі, Турава-Мазырскі, Давыд-Гарадоцка-Тураўскі. М.Ф. Раманюк выявіў падабенства некаторых элементаў касцюма Усходняга Палесся, Цэнтральнай Беларусі, Падняпроўя.
Усходнепалескі касцюм і асаблівасці некаторых яго частак разглядаюцца на старонках шматлікіх публікацый другой паловы 1990-х — 2000-х гг. Сярод іх варта адзначыць працы Л.І. Маленка, М.М. Віннікавай, Л.А. Лабачэўскай, А.М. Раманюк. Л.І. Маленка прасачыла эвалюцыю традыцыйнага беларускага касцюма ад старажытнасці да ХХ ст., раскрыла ролю міжэтнічных кантактаў у складванні асаблівасцей пэўных частак касцюма. Даследчыца звярнула ўвагу на рэгіянальныя асаблівасці жаночых строяў, аспрэчыла карэктнасць вылучаных яе папярэднікамі на тэрыторыі Беларусі трох арэалаў адпаведна асаблівасцям крою, складу частак касцюма, іх назвам [4, с. 52]. Згодна з характарам крою яна акрэсліла дзве тэрытарыяльныя вобласці (паўднёва-заходняя і паўночна-ўсходняя) і некалькі лакальных раёнаў. Асобна было вылучана і ахарактарызавана Усходняе Палессе.
М.М. Віннікава параўнала ўсходнепалескі касцюм з заходнепалескім, паказала сувязь традыцыйнага жаночага касцюма паўночных раёнаў левабярэжжа Прыпяці і Цэнтральнай Беларусі. Яна прасачыла эвалюцыю тэхнік вышыўкі Усходняга Палесся канца ХІХ — сярэдзіне ХХ стст., ахарактарызавала адметнасці дэкору асобных элементаў жаночых строяў Мазыршчыны, Тураўшчыны, Калінкавіцкага і Жыткавіцкага раёнаў.
У працах А.М. Раманюк разглядаюцца рэгіянальныя і лакальныя адметнасці ўсходнепалескіх жаночых галаўных убораў і прычосак канца ХІХ — пачатку ХХ стст. Асноўнай крыніцай яе даследаванняў з’яўляюцца матэрыялы ўласных экспедыцый, а таксама этнаграфічная спадчына М.Ф. Раманюка. Даследчыца звярнула ўвагу на матэрыялы, асаблівасці аздаблення, найбольш падрабязна разгледзела ўсходнепалескія наміткі і хусткі, у кожным з жаночых строяў Усходняга Палесся вылучыла ад 3 да 10 відаў хустак [7, с. 468].
Вынікі шматгадовых даследаванняў рэгіянальных і лакальных рыс жаночага касцюма беларусаў былі апублікаваны ў шасцітомнай працы «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў» (2001-2013). У кнізе «Гомельскае Палессе і Падняпроўе» (2013) былі абагульнены матэрыялы аб адметнасцях усходнепалескага жаночага касцюма другой паловы ХІХ-ХХ стст. Навукоўцы паказалі розніцу паміж касцюмам сялян і жыхароў мястэчак, паміж святочным і паўсядзённым жаночым касцюмам, разгледзелі змены ў структуры сялянскага касцюма ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стст., падрабязна ахарактарызавалі тэхналогію пашыву і канструктыўныя асаблівасці яго асобных элементаў. Матэрыялы, сабраныя ў 2003-2007 гг., дазволілі аўтарам вылучыць у якасці самастойнага ельска-брагінскі ўсходнепалескі жаночы строй [9, с. 1002].
Выявы паўсядзённых і святочных строяў Усходняга Палесся складаюць значную частку ілюстратыўных матэрыялаў фундаментальных абагульняючых прац «Жаночы касцюм на Беларусі» (2007) і «Мужчынскі касцюм на Беларусі» (2007). Істотная іх колькасць была сабрана аўтарамі манаграфій В.М. Бялявінай і Л.В. Ракавай падчас уласных экспедыцый у дадзены рэгіён.
У 1990-х гг. былі закладзены асновы сістэмнага даследавання традыцый харчавання беларусаў, іх рэгіянальнай і лакальнай спецыфікі. Гэта звязана ў першую чаргу з навукова-даследчыцкай дзейнасцю вядомага айчыннага этнолага Т.А. Навагродскага. У жніўні 1992 г. навукоўцам праводзілася этнаграфічнае вывучэнне Гомельскай вобласці (Рэчыцкі, Хойніцкі, Брагінскі, Калінкавіцкі раёны) [6, с. 25]. Матэрыялы экспедыцыі былі надрукаваны ў часопісе «Беларусь». Аўтар паказаў блізкасць асноў харчавання беларусаў у розных частках Беларусі, падрабязна апісаў рэгіянальную спецыфіку асобных страў, асаблівасцей іх прыгатавання і назваў. Ен падкрэсліў, што аварыя на Чарнобыльскай АЭС аказала значны ўплыў на склад вялікай колькасці беларускіх страў у забруджаных раёнах.
Стравы беларусаў Усходняга Палесся разглядаюцца на старонках публікацый Г.М. Курыловіч. Даследчыца ахарактарызавала змены ў складзе і прыгатаванні мучных страў, страў з гародніны ў канцы ХХ — пачатку ХХІ стст., звярнула ўвагу на ўсходнепалескія абрадавыя стравы, паказала падабенства некаторых з іх з абрадавымі стравамі рускіх і ўкраінцаў. Былі раскрыты асаблівасці прыгатвання і ўжывання страў на Каляды, падчас Масленічнага тыдня, на Вялікдзень [2, с. 339], параўнаны калядныя і велікодныя трапезы.
Такім чынам, айчынная этналогія другой паловы ХХ — пачатку ХХІ стст. унесла істотны ўклад у вывучэнне традыцыйнай матэрыяльнай культуры Усходняга Палесся. Найбольш поўна беларускія даследчыкі раскрылі адметнасці ўсходнепалескага жылля, касцюма, традыцый харчавання. У меншай ступені ахарактарызаваны гаспадарчыя заняткі, промыслы і рамёствы гэтага рэгіёна.
Літаратура
- Белявина, В.Н. Традиционное сельское жилище Мозырско-Припятского Полесья (конец ХІХ — первая половина ХХ в.) / В.Н. Белявина // Этнокультурные процессы Восточного Полесья в прошлом и настоящем / редкол.: А.В. Гурко, И.В. Чаквин, Г.И. Касперович. — Минск: Беларуская навука, 2010. — С. 24-44.
- Курыловіч, Г.М. Абрадавыя і святочныя стравы каляндарнага цыкла беларусаў Усходняга Палесся (ХХ — пачатак ХХІ стст.) / Г.М. Курыловіч // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. — 2008. — Вып. 4. — С. 337-342.
- Лакотка, А.І. Пад Чарнобыльскім крылом / А.І. Лакотка // Беларуская мінуўшчына. — 1995. — № 4. — С. 40-42.
- Маленка, Л.І. Беларускі народны касцюм / Л.І. Маленка. — Мінск : Ураджай, 2001. — 160 с.
- Малюшына, В. Куфар, у які ўкладзена душа / В. Малюшына // Беларуская мінуўшчына. — 1995. — №5. — С. 29-30.
- Навагродскі, Т.А. Эвалюцыя традыцый харчавання беларусаў у ХІХ — ХХ стст. / Т.А. Навагродскі. — Мінск: БДУ, 2015. — 243 с.
- Раманюк, А.М. Хусткі ў складзе жаночых строяў Усходняга Палесся канца ХІХ — пачатку ХХ ст. / А.М. Раманюк // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Дзяржаўная навуковая ўстанова «Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы» ; навук. рэд. А.І. Лакотка. — Мінск, 2009. — Вып. 7. — С. 464-468.
- Титов, В.С. Историко-этнографическое районирование материальной культуры белорусов, XIX — начало XX вв. / В.С. Титов. — Минск: Наука и техника, 1983. — 150 с.
- Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. У 6 т. Т. 6. Гомельскае Палессе і Падняпроўе. У 2 кн. Кн. 2. / А.М. Боганева [і інш.]; агул. рэд. Т.Б. Варфаламеевай. — Мінск: Вышэйшая школа, 2013. — 1231 с.
Аўтар: І.Г. Бачыла
Крыніца: Чарнобылем не зарасце: традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: зборнік навуковых артыкулаў: у 2 ч. Ч. 1 / рэдкал.: А.А. Станкевіч (гал. рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2016. С. 5-11.