Традыцыі вясельнай абраднасці Гомейскага раёна

0
1226
Традыцыі вяселля ў Гомельскім раёне

Вясельная абраднасць Гомельскага р-на ўключае такія этапы, як сватанне, змовіны, зборная субота, першы дзень вяселля, пасад, падрыхтоўка каравая, вянчанне ў царкве, дзяльба каравая, ад’езд нявесты ў дом жаніха, другі дзень вяселля ці пярэзвы. Звернемся да апісання асноўных вясельных абрадавых момантаў.

Сватанне адбывалася ў жартаўлівай форме, суправаджалася іншасказальнымі дыялогамі і ставіла на мэце дамовіцца аб шлюбе. У сваты, напрыклад, у в. Чкалава звычайна выпраўлялася чалавек пяць-сем, сярод якіх былі бацька, хросныя, дзядзькі, цёткі. Увайшоўшы ў двор, сваты падыходзілі да акна нявесцінага дома, стукалі ў шыбы і гаварылі: “Добры вечар! Ці не пусціце нанач? Мы — з далёкага краю, прытаміліся”.

Гаспадар звычайна адказвае: “Добрае здароўе! Калі вы з добрымі намерамі, то заходзьце ў хату, а калі не, то ідзіце, адкуль прый­шлі”. Сваты ў адказ: “Мы — людзі добрыя і з добрымі намерамі”. Гаспадары запрашаюць: “Калі добрыя, то заходзьце ў хату”. Далей, ужо ў хаце, дыялог працягваецца.

— Мы чулі, што ў вас цялушка ёсць, ці не прадасьце вы яе нам?
— Няма ў нас цялушкі, на мінулым тыдні прадалі.
— Не, нам не цялушка патрэбна. У вас дачка ёсць. Гавораць, што яна і прыгожая, і добрая гаспадыня, і да работы скорая. У вашым двары — красна дзявіца, у нашым двары — малады купец. Як сойдземся ў цане, дык яе купім.

Пры размове сватоў дзяўчына не павінна была прысутнічаць. Калі ж яны прасілі паказаць ім нявесту, то падводзілі ці бабулю, ці пераапранутага ў дзяўчыну хлопца.

У знак згоды на шлюб падчас сватання дзяўчына дарыць бацьку сарочку, а маці — хустку, ручнік, матэрыю на сукенку. Астатніх сватоў перавязваюць ручнікамі цераз плячо. Паводле этнаграфічных звестак, запісаных у в.Бабовічы, сваты, калі заходзяць у хату, спяваюць:

Наш хлеб, ваша вадзіца,
Наш хлопец, ваша дзявіца,
Наш хлопец не ўмее лапці плесці,
Ваша дзявіца не ўмее хату месці,
Трэба іх да кучкі звесці.

Kалі ўжо засваталi нявесту, то адбываюцца змовіны. Як паведаміла інфарматар з в. Чкалава Сухоцкая У.І., змовіны адбываюцца ў гэты ж дзень, што і сватанне. Сваты выстаўлявць на стол гарэлку, кладуць хлеб, а бацькі нявесты рыхтуюць закуску. У гэты ж час нявеста ідзе запрашаць сваіх бліжэйшых сваякоў, сябровак і суседзяў на змовіны. Калі ў’се збіраюцца, то пачынаецца частаванне, скокі, песні. Гучаць жартаўлівыя прыпеўкі пра сватоў жаніха:

Нашы сваты — дурні,
Заехалі ў гумны,
У гумне начавалі,
Мышы вушы паад’ядалі.
У адказ жа сваты жаніха спяваюць:
У нашага свата
Дзіравая хата,
Дроў ні палена,
Світка па калена.

За сталом у гэты час вядуцца размовы аб пасагу і дні вяселля.

Затым, недзе ў тры гадзіны раніцы, усе госці збіраюцца і з песнямі, жартамі ідуць да хаты жаніха “мазаць печ”. Калі прыходзяць у хату, то малююць на печы вуглём, каму што ўздумаецца: кветкі, кружочкі, “хрэшчыкі” і г.д. Маці жаніха запрашае гасцей за стол і частуе іх.

Падчас змовін у в. Бабовічы спявалі песні, а бацькі засватанай дзяўчыны звярталіся да гасцей са словамі: “Піце, сваты, гарэлку, запівайце дзеўку…”. Па змовінах вырашалася, што вяселле можна прызначыць праз тры-чатыры тыдні.

Зборную суботу ў в. Чкалава Гомельскага р-на называюць “разборнай кашай”, праводзіцца яна ў суботу. У гэты дзень нявеста запрашае да сябе ўсіх сваіх сябровак, якія рыхтуюць вянок. Маладая і першая шаферка прыносяць вэлюм, ніткі, іголку, астатнія сяброўкі робяць кветкі для жаніха і шафераў. Пры гэтым спяваюць песню:

Саборная суботачка настала,
Наша Над
зечка ўсіх дзевачак сабрала,
А сабраўшы, па-за століку саджала,
Сама села са крэсельца вышэй усіх,
А скланіла галовачку ніжэй усіх…

… Ідзі, мамачка, з сярпочкам,
Сажні рутачку з цвяточкам,
Бо мне ўжо дзеўкай не быці,
З руты вяночкаў не віці,
Бо я ўжо дзеўкай адбыла,
З рута вяночкаў адвіла
.

Выконваюцца і песні, у якіх гучыць матыў будучага сямейнага жыцця нявесты ў хаце свякрухі.

Затым, калі ўжо гатовы вянок, то яго прымяраюць на замужнюю жанчыну ці “старую” дзеўку, бо, па народных уяўленнях, калі дзяўчына да замужжа прымярае вянок, то, хоць і пойдзе замуж, але вясельнага вянка не прыйдзецца ёй надэець. Пасля гэтага нявеста і першая шаферка адносяць вянок у другі пакой, а маці маладой запрашае ўсіх на частаванне, абавязковай стравай якога з’яўляецца капа. Малады выкупляе яе і разбівае гаршчок, дэеліць кашу на ўсіх прысутных. Па народным павер’і, трэба ўсё выпіць і з’есці, што стаіць на стале, тады дзяўчаты замуж выйдуць у сваю вёску. Яшчэ адна ці­кавая прыкмета была звязана са зборнай суботай. Звычайна дзяўчаты ў гэты час п’юць, ядуць, а хлопцы стаяць у парозе і імкнуцца перахапіць у дзяўчат абрус і ўскінуць яго на страху. Дзяўчаты ж стараюцца вынесці абрус і павесіць яго на вароты, што азначае, што ўсе яны выйдуць замуж.

Абрад падрыхтоўкі і выпечкі каравая не адрозніваўся асаблівым багаццем рытуалаў, але, тым не менш, у в. Каравышань давялося запісаць звесткі і гэты важны этап вясельнай абраднасці. Па ўспамінах Старавойтавай Г.М., 1915 г.н., запрашалі “каравайніц”, жанчын, якія добра пяклі, спявалі і танцавалі. Калі “каравайніца” пачынала замешваць цеста, то жанчыны гаварылі: “Благаславі, Божа, блізкія людзі, гэтай жанчыне каравай замясіці”. Жанчына-каравайніца замешвае цеста, скончыўшы спявае:

Дзякуй табе, Божа,
Што мы справу ўжо зрабілі,
Каравай ужо замясілі,
Нашымі ручкамі беленькімі,
Персцянёчкамі залоценькімі.

Гаспадар запрашае жанчын за стол і частуе. Каравай выпякалі і ў хаце жаніха, і ў хаце нявесты, упрыгожвалі фігуркамі ў выглядзе нябесных свяціл Сонца і Месяца.

Абрадавы момант вяселля пасад адбываўся перад ад’ездам маладах у царкву. Па словах жыхаркі в. Краўцоўка Анохавай В.П., 1925 г.н., на пасад садзілі спачатку жаніха, засцілалі для гэтага лаву за ста­лом кажухом, маладую ж заводзіў на пасад брат, прычым ішлі па лаўках. Як паведамілі ў в. Чкалава, перад тым, як сесці на пасад, бацька і маці благаслаўлялі маладых крыжам, жадаючы ім добрага жыцця і шчасця. На пасад маладыя мелі права сесці толькі ў выпадку захавання імі цнатлівасці. Паводле звестак, атрыманых ад інфарматараў з в. Маркавічы, перад пасапам дзяўчаты выконвалі песню “Благаславі, Божа!” пасля чаго хорам крычалі: “Скідайце ложкі, тарэлкі, што не нясуць гарэлкі”, пры гэтым яны ўсё скідалі ca стала. Ім выносілі чарку, пасля гэтага садзілі маладую на пасад: ставілі ўслоны і абводзілі маладую паўз іх, гаворачы: “Карыся, Танечка, матцы і бацьку”. Сярод павер”яў, звязаных з пасадам, адзначым наступныя: калі дзяўчына, якая выходзіла замуж, была першай сярод сваіх сябровак, то дзяўчаты крычалі ёй: “Таня, дзе ключы?”. Яна адказвала: “Ключы ў аўсе, ідзіце зa мной усе”, што абазначала хуткае замужжа яе сябровак. Каб хутчэй выйсці замуж, адна з дзяўчат у час вясел­ля брала зубамі настольнік ca стала, несла яго ў зубах і кідала на парозе.

Песні, якія суправаджалі гэты вясельны этап, адрозніваліся непаўторным псіхалагізмам, эмацыянальнасцю:

Станавіся ўся радзіначка ў рад,
Будуць весці Танечку на пасад,
Усю сваю радзіначку абышла,
Сваёй роднай мамачкі не найшла,

(п. Мураўчы)

Пасад перад ад’ездам маладых да вянца адлюстраваў рэшткі старажытнай рэлігіі славян, якія адухаўлялі і абагаўлялі з’явы і прадметы навакольнага свету. Шмат міфалагічных павер’яў выяўляецца і ў абрадзе вянчання ў царкве. Напрыклад, нявеста імкнецца “пацягнуць за сабой падножнік, каб яе сяброўкі хутчэй выходзілі замуж” (в. Чкалава), ці назіралі за тым, як гараць свечкі, чыя свечка хутчэй згарыць, той першы памрэ (в. Чкалава); калі ў аднаго з маладах свечка патухне, то ён рана аўдавее, калі ж свяча “смаліць”, то доўгага сумеснага жыцця не будзе (в. Прыбар).

Калі маладыя прыязджаюць ад вянца, то іх сустракаюць бацька і маці нявесты з іконай і хлебам-соллю. Як толькі маладыя заходзяць у двор, спяваюць:

Выходзь, мамачка, з свячамі,
Твайго дзіцятку звянчалі.
З тым панічом, што ўчора быў,
Твайго дзіцятку спалюбіў.

Калі ж маладая пераходзяць да бацькоў, выконваюць наступная песенныя радкі:

Карысь, Танечка, карыся,
Нізка ў ножкі кланяйся,
Коскамі зямельку ўсцялі,
Слёзкамі ножкі абаллі.

Кульмінацыйным момантам вяселля з’яўляецца дзяльба каравая як сімвалічны момант замацавання шлюбу маладых, пажадання ім шчасця, багацця. Адзначым шырокі імправізацыйны характар вясельных пажаданнняў, кожнае з якіх вызначалася і канкрэтна-прадметным эместам, і філасофскай скіраванасцю, і жыццёвай народнай мудрасцю, што сведчыла аб вялікай веры людзєй у магічную сілу слова, ад якога таксама залежалі дабрабыт і шчаслівае жыццё маладах.

Аўтар: В.С. Новак
Крыніца: Славянские народы и их культура в современном мире: Материалы международной научной конференции. – Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 1996. Ст. 169-172.