Традыцыі вясельнай абраднасці Ельскага і Кармянскага раёнаў Гомельскай вобласці: рэгіянальна-лакальныя асаблівасці

0
298
Традыцыі вясельнай абраднасці Ельскага і Кармянскага раёнаў Гомельскай вобласці рэгіянальна-лакальныя асаблівасці

Вяселле — складаны абрадавы комплекс, які ў розных рэгіёнах Беларусі мае сваю адметную спецыфіку і ўлік якой надзвычай важны для разумення заканамернасцей бытавання агульнаэтнічнай вясельнай традыцыі. Засяродзім увагу на вясельных абрадах, звычаях і песнях Кармянскага і Ельскага раёнаў Гомельскай вобласці. Адзначым, што ў структуры вясельных абрадавых комплексаў як Кармянскага, так і Ельскага раёнаў можна вылучыць такія абрадавыя этапы, як сватанне, запоіны, заручыны, зборная субота («завіванне ёлкі»), пасад, першы дзень вяселля, вянчанне ў царкве, дзяльба каравая, ад’езд нявесты ў дом жаніха, паслявясельная частка. Абавязковым першапачатковым абрадавым момантам у мясцовых апісаннях вяселля з’яўлялася сватанне, якое суправаджалася ў розных вёсках іншасказальнымі дыялогамі і адпаведнымі песнямі, рознымі па тэматычнай скіраванасці, маральна-этнічнай праблематыцы, эмацыянальнай афарбоўцы.

Зыходзячы з палявых экспедыцыйных матэрыялаў, давясельны перыяд уключае такія абрадавыя этапы, як сватанне і запоіны. Заўважым, што мясцовыя жыхары Ельшчыны амаль не прыгадвалі падчас размовы тэрмін «заручыны». Пра гэты абрадавы этап пашчасціла запісаць звесткі ў в. Бякі. Адметным з’яўляецца той факт, што давясясельная частка, напрыклад, у в. Валаўск была прадстаўлена сватаннем-запоінамі (запоіны адзначаюцца ўслед за сватаннем у гэтыя ж дзень, ноч): «Запоіны ідуць зразу за сватаннем у тую самую ноч. Тут начынаецца добрая гулянка» (запісана ад Жураўлёвай М. М., 1932 г. н.). На пытанне, хто збіраўся ісці ў сваты, звычайна адказвалі, што прыходзіла 5-7 чалавек, сярод якіх былі «жаніх, бацька жаніха, дружка, дзядзька жаніха» (запісана ў в. Валаўская Руд­ня ад Бурмель Таццяны Паўлаўны, 1936 г. н.). Жыхары в. Скароднае пацвердзілі, што звычайна ў сваты хадзілі мужчыны, прычым «шло непарнэ колічаство мужыкоў» (запісана ад Патапенка Праскоўі Савельеўны, 1927 г. н.). Сватанне суправаджалася жартоўным іншасказальным дыялогам паміж сватамі і бацькамі нявесты: «У вас ёсць цёлка? Ці прадаеце? Прадаем, але дорага стоіць. Ці ёсць у вас шмат грошаў? У нас — купец, у вас — цёлка!» (запісана ў в. Кавалі ад Хамец Наталлі Сафронаўны, 1918 г. н.).

Напрыклад, у в. Бераставец Кармянскага раёна «ў сваты хадзілі бацька, маці, хросныя бацькі і сам малады. Сваты прыходзілі звычайна ў суботу, можа, вечарам і гаварылі:

— Добры вечар! Мы чулі, што ў вас цёлачка ёсць. А са стараны маладой ужо гаварылі:

— Ага, прадаецца, вунь у мяне іх тры. Выбірайце!

Малады гаварыў:

— Вось ета мне (выбіраў маладую)» [1, с. 129].

У адным з варыянтаў вясельных песень, якія гучалі падчас сватання, адлюстраваліся такія рысы характару беларусаў, як працавітасць і дбайнасць. На просьбу дзяўчыны да маці падрыхтаваць ёй пасаг апошняя адказвае: «Едзь, мая дачушка, без кубла // Чаму кудзелькі не скубла?» (в. Акцяброва) [1, с. 126]. У в. Бярозаўка Кармянскага раёна аналагічную песню, асноўны матыў якой быў звязаны таксама з выбарам пасагу для маладой, выконвалі ў першы дзень вяселля:

Сядзем, мамка, павячэраем,
Павячэраўшы, падзелімся.
Табе, мамка, ніты, бердзечка,
А мне, мамка палаценечка.
Табе, мамка, усе навойчыкі,
А мне, мамка, усе сувойчыкі.
Табе, мамка, волік і вяроўка.
А мне, мамка, кубел і кароўка
(запісана ад Рыжанковай Кацярыны Пятроўны, 1928 г. н.).

Падчас сватання ў в. Задуб’е выконвалі жартоўную песню, у якой пры абмалёўцы вобраза свата выкарыстоўваецца трап­ная іронія:

А чаго ж гэты сват
Ды па хаце ходзя?
Ці яго галаву Вобмарак водзя?
Ці яго галаву Вобмарак водзя?
А няхай гэты сват
Аб печ паб’ецца.
Аб печ паб’ецца —
Увесь дур мінецца.
Аб печ паб’ецца —
Увесь дур мінецца [1, с. 143].

На Кармяншчыне ў в. Багданавічы ў сваты звычайна прыходзілі вечарам у суботу Гэта былі бацька маладога, хросны бацька, дзядзька, брат, якія прыносілі з сабой сала, хлеб, гарэлку. Калі бацькі дзяўчыны згодны былі аддаць яе замуж, то запрашалі сватоў за стол і «першую чарку налівалі з гарэлкі жаніха» [1, с. 134]. Калі маладая пагаджалася выйсці за­муж, то ў в. Ліцвінавічы таксама запрашалі сватоў сесці за стол: «Калі бацькі давалі згоду на шлюб, то тады прасілі сватоў сесці. У гэты час бацька хросны ложыць на стол хлеб-соль, сала і ставіць гарэлку. Потым маці прыводзіць дзеўку да ста­ла, выпіваюць усе па чарцы і адпраўляюць маладых, каб яны пазвалі радню і суседаў» (запісана ад Цімашэнка Святланы Уладзіміраўны, 1937 г. н.).

У давясельнай абраднасці в. Лужок Кармянскага раёна, як і ў вясельнай абраднасці в. Любавічы Жыткавіцкага раёна («меранне сарачок»), меў месца такі абрадавы момант, як «хаджэнне по сорочкі», сутнасць якога заключалася ў тым, што радня маладой пасля сватання павінна была абавязкова наведаць родзічаў маладога: «Беруць меркі з родні, екую трэба одарыць, размер окон, шоб повесіць гардзіны і шторы» (запісана ад Бобрык Таццяны Максімаўны, 1925 г. н.).

На заручынах у вёсках Кармянскага раёна бацькі маладых дамаўляліся аб вяселлі. Спачатку пілі гарэлку з боку жаніха, а потым гарэлку з боку маладой. «На заручынах збіраліся бацькі маладых і маладыя. У гэты час дзяўчына павінна была назваць свякроўку мамай» (в. Акцяброва) [1, с. 126]. Заручыны ў в. Акцяброва суправаджаліся наступнай песняй-ілюстрацыяй:

Як прыйшлі мы на заручыны,
Як прыйшлі мы на заручыны,
А там дзверы закручаны.
Пакуль дзверы адкруцілі,
Дык Ганначку заручылі
(запісана ад Сітнікавай Таццяны Афанасьеўны, 1927 г. н.).

На гэтым вясельным этапе нявеста адорвала сватоў і бацькоў жаніха падарункамі. Заручыны ў в. Ворнаўка называлі «суглядамі»: «Пасля таго, як сасватаюць, адразу рабілі заручыны ці «сугляды». Малады і маладая ішлі па вёсцы і звалі гасцей. За стол іх не садзілі. Пасля «сугляда» дзяўчына аддае падарункі бацькам хлопца і сватам» [1, с. 136].

Варта адзначыць, што існуе тэрміналагічная блытаніна ў назвах абрадавых этапаў «запоіны» і «заручыны». У в. Ліцвінавічы рытуалы, характэрныя для заручын, выконваліся на запоінах. Паводле сведчанняў жыхаркі гэтай вёскі Ксеніі Свірыдаўны Ігнаценка, 1919 г. н., «пасля запоін (маюцца на ўвазе заручыны) нельга было адмовіцца ад свадзьбы» [1, с. 146].

У сістэме вясельнай абраднасці Ельскага раёна важнае месца адводзілася і этапу «зборная субота», які называлі па-рознаму: «вянкі» (в. Зашыр’е), «ёлка» (в. Казлы, Засінцы), «дзявішнік» (вв. Роза-Люксембург, Санюкі). Упрыгожванне ёлкі, суканне свечак («свечкі сукалі і з боку жаніха, і з боку нявесты» — запісана ў в. Казлы ад Пархоменка Надзеі Лявонаўны, 1930 г. н.), падрыхтоўка кветак для каравая, дружыны маладога і вясельнага ўбору для маладой («Адзенне маладой рыхтуюць сяброўкі, робяць кветкі для каравая, жаніха і дружкоў. Яны спявалі пры гэтым песню» — запісана ў в. Роза-Люксембург ад Вярбіцкай Евы Васільеўны, 1927 г. н.) — асноўныя рытуалы гэтага абрадавага моманту, семантыка якога была звязана з развітаннем маладой з сяброўкамі, бацькоўскім домам. Паводле ўспамінаў Шацілы Сцепаніды Гаўрылаўны, 1918 г. н., з в. Сугакі, «у лесе зрубалі верх ёлкі, дома ету ёлку ўпрыгожвалі бумагай, вянкі з каласнікамі надзявалі, сукалі свечкі». Як адзначыла жыхарка в. Дубраўка Ляўкоўская Зінаіда Міхайлаўна, 1940 г. н., дзяўчаты плялі тры вяночкі, адзін з якіх надзявалі на галаву, а «два маленькія вяночкі — на рукі, на запясця». З мясцовых прыкмет, звязаных з гэтым абрадавым этапам, інфарматар прыгадала наступную: «Дружок браў дружку і танцуе з ёю, ды стараецца пасадзіць яе, а яна не даецца. Калі ж пасадзіць, то дзеўка замуж не выйдзе». У зборную суботу ў вёсцы Казлы дзяўчаты ішлі ў лес, «зрубалі верхавіну сасны», прыносілі дадому, пры гэтым спявалі:

Ой, хвоя, хвоя борова,
Ты ў боры росла, шумела,
Дорогою ішла, звінела,
А ў сені ўвайшла — зов’яла,
А ў хату ўвайшла –
На столе стала, зоззяла,
Дзе сабе кветачак набрала
(запісана ад Пархоменка Надзеі Лявонаўны, 1930 г. н.).

На Кармяншчыне вечар, калі збіраліся сяброўкі ў маладой, называлі так сама па-рознаму: «зборная субота», «ёлка», «дзявічнік», «завіванне ёлачкі». Асноўныя рытуалы гэтага абрадавага этапу былі звязаны з «абрадавым дрэвам» («ёлкай»), яго ўпрыгожваннем, выкупам «ёлкі», выкананнем адпаведных песень-ілюстрацый. Паводле ўспамінаў Сцепаніды Мацвееўны Караедавай, 1925 г. н., з в. Ліцвінавічы, «вечарам перад самай свадзьбай прыходзілі дружкі жаніха і нявесты, ёлку ма­ленькую прыносілі з лесу, ставілі ў булку хлеба, упрыгожвалі цвятамі. Потым падружкі сядзяць вакол ёлкі, песні пяюць» [1, с. 148]. Устойліва захоўваецца ў памяці жыхароў в. Акцяброва вясельная песня, якой суправаджаецца абрад «завіван­ня ёлачкі»:

Зборніца-субота, зборніца,
Зборніца-субота, зборніца.
Збарней усяго Ганначка,
Сабрала сабор у таткаў двор,
Сабрала сабор у таткаў двор.
Пасадзіла дружачак усіх за стол,
Пасадзіла дружачак усіх за стол.
А сама села вышэ ўсех,
А сама села вышэ ўсех
[1, с. 127].

Цікавым з’яўляецца ў мясцовай вясельнай традыцыі Ельшчыны рытуал «сукання свечак», які, адбываючыся як у хаце маладога, так і ў хаце маладой, суправаджаўся адпаведнай песняй:

Як мы свечачкі сукалі, То ўсе садочкі стопталі, Усе кветачкі сарвалі, Усе кветачкі сарвалі, Ганне свечачку сукалі.

Падчас прыезду дружыны жаніха па маладую адбываўся рытуал «выкупу ёлкі», што таксама знайшло адлюстраванне ў адпаведных песнях-ілюстрацыях. Пасля таго, як «забралі ёлку», свахі «на парозе злучалі свечкі»:

Мір з мірам міруецца,
Сваха з свахай цалуецца.
На снежном порозе,
Да на лютом морозе.

(запісана ў в. Мядзведнае ад Бурмель Надзеі Аляксееўны, 1938 г. н.).

У в. Дабрынь Ельскага раёна таксама мелі месца рытуалы выкупу «ёлкі» і «злучэння» свечак маладых. Паводле сведчанняў інфармантаў, «сходзяцца баяра з прыданымі, зносяць свахі свечкі і пяюць:

У цябе свяча і ў мяне,
У цябе дзіця і ў мяне.
Ой, звядзем свечкі да купкі,
Звядзем дзяцей да хаткі.
Ой, зацвіла каліначка
Да на лютым марозе.
Пацалуймося, мая свахначко,
На сянечнам парозе»
(запісана ад Антоненка Соф’і Карнееўны, 1928 г. н.).

Адзначым, што рытуал выкупу «ёлкі» ў в. Бякі адбываўся напрыканцы заручын, калі малады забіраў гэты абрадавы атрыбут і нёс да сябе.

Як правіла, у рытуале «злучэння свечак маладых» удзельнічалі «неразведзеныя, не ўдовы, каб маладыя шчасліва жылі. Свечкі злучаюць на парозе. Адна сваха стаіць на адным баку, а другая — на другім. Парог застаецца пасярэдзіне. Калі свахі злучылі свечкі, яны павінны пацалавацца тры разы. І сваха са стараны нявесты бярэ абедзьве свечкі і вешае каля абраза, дзе будуць сядзець маладыя» (запісана ў в. Падгалле ад Каваленка Ганны Сафронаўны, 1921 г. н.).

Пасад — важны абрадавы этап у вясельнай абраднасці Кармяншчыны — з’яўляўся своеасаблівай формай благаславення шлюбу маладых, якіх звычайна садзілі на дзяжу, пакрытую кажухом, што сімвалізавала будучы дастатак у сямейным жыцці маладых: «Дзяўчыну саджалі на пасад. На кажух саджалі, на падушку, як хто прыдумае, зярном абсыпаюць, капейкамі» (в. Задуб’е) [1, с. 144]. Паводле прадпісанняў народнай мудрасці, «сесці» на пасад мела права тая нявеста, якая захавала высокую маральную чысціню. У асобных апісаннях вясельнай абраднасці знайшлі адлюстраванне народныя вераванні, звязаныя менавіта з цнатлівасцю маладой. Паводле сведчанняў Святланы Уладзіміраўны Цімашэнка, 1937 г. н., з в. Ліцвінавічы, «калі пасля ночы нявеста аказваецца цнатлівай, дык на дварэ вывешваюць чырвоны сцяг. Маладзіцы б’юць посуд, і гаспадар за гэта не гневаецца. Калі ж выявіцца, што нявеста не цнатлівая, тады яе родным надзяваюць хамут». Прыведзеныя звесткі сведчаць аб тым, што незахаванне маладой дзявоцкасці прыводзіла нават да пакарання бацькоў, якія неслі адказнасць за яе маральна-этычнае выхаванне.

Важным абрадавым этапам у вясельнай абраднасці Ельшчыны таксама з’яўляўся пасад, «адзін з самых старадаўніх вясельных абрадаў, саджэнне жаніха і нявесты на дзяжу, пакрытую вывернутым кажухом (пазней падушкай або ручніком). Абрад захаваў рэшткі язычніцкай рэлігіі старажытных славян: пакланенне культу хатняга ачага, духам продкаў, богу пладавітасці і земляробства» [1, с. 390]. Менавіта на пасадзе выконваліся абрадавыя дзеянні, звязаныя з пераводам маладой у жаноцкі стан («завіванне маладой»). Заслугоўваюць увагі звесткі пра пасад як асобны абрадавы момант, запісаныя ад жыхароў в. Рамязы Бычкоўскай Таццяны Антонаўны, 1929 г. н., Ткачук Марыі Васільеўны, 1926 г. н.: «3 дзеўкі вянка знімалі, падкручваюць косы, свякруха дае хустку і падсмальвае косы нявесце, бо цяпер яны збліжаліся, станавіліся раднёй». Калі садзілі маладую на пасад, то спявалі песню:

Станавіся, радзіна, уся ў рад, Ідзе дзевачка на пасад, Коскамі плечыкі ўсцілае, Слёзкамі вочыкі ўмывае.

Калі ж адбываўся абрад пераводу маладой у жаноцкі стан, то гучалі наступныя песенныя радкі:

Ой, дай, маці, масла,
Я ж твою коровочку пасла
Ад росы до росы,
Помазаць косы.
Што хоцелі, то зрабілі,
З цеста пеляніцу,
З дзеўкі молодзіцу.
(в. Рамязы).

Вялікае значэнне надавалі мясцовыя жыхары падрыхтоўцы каравая, які прынята было рыхтаваць і ў хаце жаніха, і ў хаце нявесты. З гэтай мэтай запрашалі каравайніц, ролю якіх, напрыклад, у в. Казлы Ельскага раёна выконвалі хросная маці, сястра, цётка, якія павінны быць абавязкова замужнімі, шчаслівымі ў сямейным жыцці. Кожны этап падрыхтоўкі каравая суправаджаўся асобнымі песнямі-ілюстрацыямі пэўных абрадавых дзеянняў. З высокай адказнасцю адносіліся абраныя на гэту ролю жанчыны-каравайніцы да выканання ўсіх рытуалаў, звязаных з падрыхтоўкай абрадавага хлеба, ад якасці выпякання якога, лічылася, залежаць шчасце, дабрабыт, лёс маладых. Заслугоўваюць увагі мясцовыя песні, у змесце якіх знайшлі адлюстраванне ўсе падрабязныя моманты каравайнай абраднасці. Напрыклад, замешванне цеста для каравая суправаджалася песнямі, асноўнымі матывамі якіх было чаканне каравайніцай запрашэння прыняць удзел у падрыхтоўцы каравая:

Я сяду на ганачку,
Сядзела, у акенца глядзела,
Ці прыйдуць прасіці
Мяне каравай мясіці.

Або:

Коровай, раю,
Я ж каля цябе граю,
Ручкамі бяленькімі,
Персценькамі срэбранькімі.

(запісана ў в. Кавалі ад Хамец Ніны Аляксееўны, 1929 г. н., Хамец Наталлі Сафронаўны, 1918 г. н.).

Магічнае значэнне надавалі вадзе, у якой жанчыны-каравайніцы пасля прыгатавання каравая мылі рукі. У сувязі з гэтым невыпадковым з’яўляецца ў адным з песенных варыянтаў матыў вылівання вады каля пладовых дрэў:

Коравайнікі, ручкі мыйце
Да на вішанькі ліце,
Каб вішанькі радзіліся,
Каб дзеткі любіліся.

(запісана ў в. Новая Рудня ад Зайферт В. А., 1923 г. н.).

Калі неслі каравай да печы, то важнасць гэтага ўрачыстага моманту пацвярджалася наступнымі песеннымі радкамі:

Наша печ рагоча,
Короваю хоча.
Прыпячок заліваецца,
Короваю дожыдаецца.

Каравай як сімвал шчасця і заможнасці маладых нельга было пашкодзіць, калі яго даставалі з печы, таму і меў месца ў асобных каравайных песнях матыў разбурэння вусця печы:

Ой, дзе ж тыя кавалі,
Што стальныя тапары?
Трэба печ рубаці,
Каравай выймаці
(запісана ў в. Новая Рудня ад Зайферт В. А., 1923 г. н.).

У адрозненне ад вясельнай абраднасці іншых раёнаў Гомельскай вобласці, у тым ліку і Ельскага раёна, вясельная традыцыя Кармянскага раёна не вылучалася асаблівым багаццем і разгорнутасцю каравайнага абраду. Як і на Ельшчыне, жыхары Кармяншчыны адносіліся надзвычай адказна і сур’ёзна да выканання рытуалаў, звязаных з падрыхтоўкай ка­равая. Як правіла, забаранялася ўдзельнічаць у гэтай цырымоніі жанчынам-удовам: «Пекла каравай маці хросна, но трэба, шоб она була не ўдова» (запісана ў в. Лужок ад Бобрык Таццяны Максімаўны, 1925 г. н.). Паводле народных вераванняў, ад колькасці мукі, якую бралі для замесу каравая, таксама залежаў лёс маладых: «Штоб спекці каравай, трэба было обязацельно ўзяць столькі мукі, шоб хватало для замесу, і больш мукі не добаўляць. Бо говорылі, шо сколько раз будзе добаўляць муку, столько раз будзе замуж іці або жэніцца» (запісана ў в. Лужок ад Бобрык Таццяны Максімаўны, 1925 г. н.). Прадуцыравальнай магічнай сілай уплыву надзялялася, зыходзячы з міфалагічных уяўленняў жыхароў, тая вада, у якой мылі по­суд, дзе «замешвалі цеста на каравай»: «Калі ўжэ поставяць пекці каравай, а міску помылі і эту воду вылівалі на вішню, спяваюць песню:

Ой, вісу, мой вісу,
Да наліце воду ў місу,
Да ручанькі помоймо,
Да на вішэньку злеймо,
Шоб вішэнька развіваласа,
Молодые красоваліса»
(запісана ў в. Лужок ад Бобрык Таццяны Максімаўны, 1925 г. н.).

Дзяльба каравая — кульмінацыйны момант вяселля на Ельшчыне, прычым па-мясцоваму адметным з’яўляецца рытуал «апявання каравая», адлюстраваны ў адпаведных пе­сенных варыянтах «Рано да рано штось у лесе звінело». Падзел каравая суправаджаўся разнастайнымі пажаданнямі, у якіх адлюстраваўся народны светапогляд, знайшлі месца пэўныя маральна-этычныя ацэнкі і ўстаноўкі, эстэтычныя погляды, філасофскае асэнсаванне з’яў навакольнага свету. Чаго толькі не жадалася маладым: багацця, грошай, шчасця, кахання, працалюбства, пашаны ва ўзаемаадносінах, цярплівасці да жыццёвых нягод, умення ладзіць са свёкрамі: «Дарую мо­лодым грошы, шоб былі хорошы»; «Дарую рубля, шоб купілі корабля, шоб удзень каталіся, а ўночы кахаліся»; «Дарую сту­пу з таўкачэм, шоб не прыходзіла дочка до маткі з плачэм»; «Жадаю молодой, шоб у свякрухі ўмела жыць, ткаць, прасць, шыць і ў свякрухі ўкрасць, бо ў свякрухі така ўласць: як не возьмеш, так не дасць» (запісана ў в. Мядзведнае ад Бурмель Надзеі Аляксееўны, 1938 г. н.).

Лакальнай адметнасцю ельскага вяселля з’яўляўся звычай «абменьвання вельцамі». Як паведаміла Клабук Ганна Трафімаўна, 1938 г. н., з в. Асавы, пасля вяселля маладыя абменьваліся вельцамі, якія рабілі перад вяселлем: «Высякуць з грушы трайчатку, кветкамі пакрасуюць і ў канцы вяселля абмяняюцца маладыя, на канец страхі вельцо прыб’юць, дык і відна, колькі свадзьбаў у вёсцы было».

Цікавасць уяўляе абрадавы момант дзяльбы каравая ў вясельнай абраднасці Кармянскага раёна. Гэта, напрыклад, так званая «сярэбшчына» ў мясцовай традыцыі в. Акцяброва, калі «жаніх ехаў па нявесту з гасцямі, выкуплівалі нявесту, і садзяцца за стол дзяліць каравай. Пры гэтым дараць падаркі і выказваюць пажаданні» [1, с. 128]. Заўважым, што каравайныя пажаданні — сведчанне філасофскага характару іх этнапедагагічнай скіраванасці, адлюстраванне глыбокай народнай мудрасці нашых продкаў. У лаканічных, іншы раз рыфмаваных радках гучаць спаконвечныя народныя «ўстаноўкі», якія датычаць забеспячэння шчаслівага сямейнага жыцця. Невыпадкова ў пажаданнях заклікалі шанаваць бацькоў, паважаць адзін аднаго, клапаціцца аб працягу роду: «Жалаю маладому бочку проса, каб на чужых жонак глядзеў коса», «Дарую маладым па дубу, каб маладая пацалавала свякруху», «Дарую паласу грэчкі, каб касілі — не перакасілі, а на хрэсьбіны прыгласілі» (в. Ворнаўка) [1, с. 137]; «Дарую пучок цыбулі, каб не давала свякрусі дулю», «Дарую венік бярозы, каб дадому хадзіў цвярозы», «Дарую міску ка­пусты, каб у хаце не было пуста, каб у каждым куточку сідзела па сыночку, а пасярод хаткі бегалі дзяўчаткі» (в. Лебядзёўка) [1, с. 139].

Адметныя этапы паслявясельнага перыяду Кармяншчыны — гэта «пярэзвы» — першы тыдзень вяселля, калі родныя і блізкія маладых хадзілі адзін да аднаго ў госці, «банкет», «разгуліны». На другі дзень вяселле «спраўлялі ў хаце хроснай маткі нявесты і хроснага бацькі жаніха. Гэта называлася «браць бан­кеты», на якіх гучалі песні, напрыклад:

Да й кацілася ды зорачка з неба,
Да й упала за дол.
Журылася красная дзяўчонка,
Хто й завядзе дамоў.
— Ой, не журыся, красная дзяўчына,
Я завяду дадому
(в. Багданавічы) [1, с. 135].

Трэці дзень вяселля ў в. Багданавічы меў назву «разгуліны» і вызначаўся тым, што «госці маладой прыходзілі да яе дому, а госці маладога да яго» [1, с. 135].

Паслявясельная частка ў вёсках Ельскага раёна, якая была непаўторнай і багатай на народныя выдумкі, вядома пад такімі назвамі, як «хвост», «гуляць хваста» (вв. Валаўск, Валаўская Рудня, Зашыр’е, Старое Высокае, Скароднае, Кочышчы); «хвост» або «прасці вучыць» (в. Засінцы); «пярэзва» (вв. Роза-Люксембург, Сугакі, Казлы; «петухі» (в. Бякі), «цыганы» (в. Асавы). Паводле сведчанняў Лобан Вольгі Максімаўны, 1940 г. н., з в. Кочышчы, гэты паслявясельны абрадавы момант «лучшэй гуляюць, чым свадзьбу, прыбіраюць старых людзей як маладых, старую жанчыну нараджаюць за хлопца, а мужчыну — у дзяўчыну, вянка надзяюць, вянчаюць, завіваюць, варожаць, хто будзе галава сям’і. Пасля завівання глядзяць, хто ўперад скочыць з-за стала: «Як ад боку дзеўкі ўперад скочыць жанчына, што завівае, то жанчына будзе галоўнай у сям’і, калі ж з боку мужчыны хутчэй скочыць завівальніца, значыць, мужчына будзе галава сям’і».

Рыхтуюць імправізаваны каравай («ложаць у чугун кар­тошку сырую»), выклікаюць гасцей з пажаданнямі на кара­вай, жартуюць, спяваюць, «калі маладую вядуць да маладога, то імкнуцца што-небудзь украсці з дзявочага двара: дзяжу, ступу, курэй, кароў» (запісана ў в. Кочышчы ад Ло­бан Вольгі Максімаўны, 1940 г. н.). У вёсках Казлы і Сугакі на трэці дзень вяселля «хадзілі па пярэзвах», пачынаўся сапраўдны маскарад, пераапраналіся цыганамі, «лавілі пеўня, паілі гарэлкай, танцавалі, рыхтавалі для маладых кашу з пеўнем».

Вясельныя абрады і звычаі цесна звязаны з прыкметамі і павер’ямі, у якіх знайшлі яскравае адлюстраванне асаблівасці творчага мыслення нашых продкаў. Дзякуючы гэтым фальклорнымжанрам,імкнулісяпрадбачыцьшчасцеізаможнасць сямейнага жыцця маладых, прадказаць іх лёс, прадухіліць няшчасці, засцерагчы маладых ад уздзеяння розных шкодных сіл. Звычайна маладых хвалявала пытанне, хто будзе верхаводзіць у сям’і: муж ці жонка. У сувязі з гэтым у народнай фантазіі нарадзілася павер’е, згодна з якім трэба было маладой, калі маці жаніха ўпершыню заводзіць яе ў хату, зірнуць у гэты час на 4 куты і сказаць: «Цішы, мышы, я ваш кот». Гэта абазначала, што маладая ў такім выпадку будзе гаспадыняй у доме (в. Акцяброва Кармянскага р-на) [1, с. 128]. Падчас сустрэчы маладых свякруха павінна абавязкова «быць у пары з кім-небудзь: ці з мужам, а калі ўдава, з хросным бацькам. Гэта значыць, што і маладыя пражывуць у пары шмат гадоў» (в. Ворнаўка) [1, с. 137]. Каб шлюб маладых быў моцны, каб яны жылі дружна, не дазвалялася «станавіцца на той палавік, па якому павінны іціць маладыя» (в. Задуб’е) [1, с. 142]. У час вясельных гульняў «садзілі маладых на лаўку, і калі жаніх спіхне нявесту, то ён будзе галоўны ў доме» (в. Ліцвінавічы) [1, с. 147]. Жыхары в. Сямёнаўка верылі, што купаць маленькіх дзяцей надзвычай карысна, калі ў ваду пакласці тыя кветкі, якімі ўпрыгожвалі «дугу, перад тым, як ехаць за маладой»: «І з етай дугі жэншчыны, у каторых маленькія дзеці, рвалі цвяточкі і купалі дзяцей маленькіх. Гэта палезна было. Стараліся, штоб абязацельна сарваць еты цвяточак» [1, с. 151].

Асэнсаванне фактычных матэрыялаў па вясельнай абраднасці, запісаных у палявых экспедыцыях на тэрыторыі Кармянскага і Ельскага раёнаў Гомельскай вобласці, дазволіла правесці рэканструкцыю мясцовых вясельных абрадавых комплексаў і зрабіць высновы адносна адметных мясцовых асаблівасцей рытуалаў і звязаных з імі прыкмет і павер’яў.

Крыніцы і літаратура

  1. Крыніц кармянскіх перазвоны (абрады і песні ў сучасных запісах) / укладанне, сістэматызацыя, тэксталагічная праца, уступны артыкул В. С. Новак ; пад рэд. І. Ф. Штэйнера. Гомель : Гомельскі цэнтр навукова-тэхнічнай і дзелавой інфармацыі, 2000. 210 с.


Аўтар:
Валянціна Новак
Крыніца: Слов’янський світ. — 2018. — Вип. 17. С. 64-81.