Тапанімічная лексіка Петрыкаўшчыны на лексіка-семантычным узроўні

0
681
Тапанімічная лексіка Петрыкаўшчыны на лексіка-семантычным узроўні
Тапанімічная лексіка Петрыкаўшчыны на лексіка-семантычным узроўні

На сённяшні дзень актыўна вядуцца даследаванні тапаніміі Усходняга Палесся [1], [2], якое з’яўляецца неад’емнай часткай усяго Палесся і працяглы час характарызавалася як кансерватыўная зона бытавога ўкладу і захавання архаічных рыс не толькі ў культуры, але і ў прапрыяльнай лексіцы. Такія абставіны можна патлумачыць тым, што Палессе як макразона ніколі не належыла, у тым ліку і ў глыбокай старажытнасці, да густа заселеных рэгіёнаў.

Асноўная частка тапонімаў рэгіёна славянскага паходжання з відавочным уплывам мясцовых дыялектных гаворак, аб чым сведчыць іх празрыстая матывацыя, другасная структура.

У рэдкіх выпадках прасочваецца індаеўрапейскі след, як, напрыклад, у назве балота Хідры, дзе даследчыкі бачаць інд.-еўр. лексему ghidra ‘рака’, ці, згодна з меркаваннем І.М. Жалязняк, у назве ракі Прыпяць інд.-еўр. *pet мае значэнне ‘пашырацца’ (маюцца, праўда, і іншыя гіпотэзы, яны пададзены ў манаграфіі аўтара артыкула [3, с. 11–12]).

Петрыкаўшчына – рэгіён, які вывучаны не ў поўнай ступені. Гэтым мы тлумачым выбар тэмы дадзенага даследавання, што мяркуе аналіз асобных тапонімаў і мікратапонімаў адзначанага рэгіёна на структурна-семантычным узроўні. Крыніцай фактычнага матэрыялу з’яўляюцца онімы, сабраныя і запісаныя інфарматарамі палявым метадам.

Тэрыторыя раёна размешчана ў межах Прыпяцкага Палесся, на захадзе Гомельскай вобласці. Утвораны раён як адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка 17 ліпеня 1924 г. і займае плошчу ў 2,8 тыс. кв. км. 55,2 % яго тэрыторыі занята лесам, пад балотамі знаходзіцца 4% плошчы. У складзе раёна сёння 126 населеных пунктаў, у тым ліку 1 горад (Петрыкаў) і 1 гарадскі пасёлак (Капаткевічы) [4, с. 247]. З рэк, што працякаюць на тэрыторыі раёна, самая вялікая па памеры – Прыпяць з прытокамі Пціч, Бобрык, Трэмля, Убарць і прыток Пцічы Арэса (матывавальныя асновы найменняў большасці рэк разгледжаны [3], [5]). Найбольшае возера носіць назву Дзікае і ўтрымлівае ў ёй квалітатыўную характарыстыку: ‘глухое, запушчанае’, ‘недаступнае, нязведанае’ [6, т. 2, с. 174]. Створаны меліярацыйныя каналы МіхедаваГрабаўскі, Лукіч, Курыцкі, Галоўчыцкі. Семантычны аб’ём іх назваў у параўнанні з іншымі разрадамі гідронімаў (рэк, азёр, балот) звужаны да адной лексіка-семантычнай групы і, як бачна з прыкладаў, матывуецца айконімамі, каля якіх ці паміж якімі яны пракапаны (вв. Міхедавічы, Грабаў, Курыцічы, Новыя і Старыя Галоўчыцы).

Назва ракі Арэса (мясц. Гарэса, Раса) гіпатэтычная. Некаторымі даследчыкамі яна звязваецца з балтыйскай асновай птушкі ares ‘кулік, вадзяны дрозд’ [5, с. 271–272], які і сёння сустракаецца на Палессі, іншыя ж бачаць у фіналіі –са сэнс ‘вада’, ‘рака’, ‘возера’ [3, с. 21].

Аднак фонам тапаніміі амаль паўсюдна на Беларусі, у тым ліку і на Гомельшчыне, з’яўляюцца славянскія найменні, нешматлікія балцкія, у прыватнасці гідронімы, сустракаюцца толькі на паўночны захад ад прыкладнай лініі Пружаны – Касцюковічы.

Патамонімы Новая Арэса і Старая Арэса з’явіліся ў савецкі час у сувязі з меліярацыяй Палесся, калі русла Арэсы было выпрамлена ў накірунку Шостая – Красная Слабада. Так утварылася Новая Арэса, ці ў мове жыхароў в. Фаставіч Новая рака. Частка ж ракі, што засталася ў старых берагах, захавала найменне Арэса, або Старая Арэса. На сучасны момант яны лічацца рознымі рэкамі, бо, па сутнасці, абазначаюць розныя геаграфічныя аб’екты, а палярызацыйныя прыметнікі старыновы паказваюць на адносны час узнікнення аб’ектаў.

Асобныя ўчасткі ракі Старой Арэсы маюць свае ўласныя найменні, што захавалі інфармацыю пра пэўныя падзеі ў мясцовасці, асаблівасці яе ландшафту і тапаграфіі: Белка. Назва супадае з найменнем ляснога масіву ўздоўж ракі. Матывавальнай асновай для ўтварэння оніма паслужыла, магчыма, разнавіднасць прадстаўніка фаўны белкі (менавіта так называюць на Гомельшчыне вавёрку), што ў вялікай колькасці, па ўспамінах старажылаў, вадзіліся раней па берагах ракі. Можна таксама выказаць меркаванне і пра сувязь дадзенай назвы са шматлікім значэннем на Палессі лексемы бель: ‘мясцовасць, дзе пераважна расце чэзлы, белы бярэзнік’, ‘забалочанае нізкае месца’, ‘невялікае балота’, ‘балотная сенажаць сярод лесу’, ‘балота, парослае белым мохам’ [7, с. 22–23].

Брады (супадае з назвай поля). Так называюць мелкія месцы ў рэчках, азёрах, старыцах, балотах, якія пераязджаюць з возам або пераходзяць пешшу [7, с. 25]. Магчыма, што дадзены адрэзак ракі ў даўнія часы прымяняўся для пераправы.

Вусце. Найменне захоўвае значэнне прыродна-геаграфічнага кампанента вусця ‘месца ўпадзення адной ракі ў другую, возера, мора’ [7, с. 39] (у гэтым месцы Старая Арэса ўпадае ў Новую Арэсу).

Дзядзінскі (вар. Дзедзінскі) дуб. Каля гэтай часткі ракі калісьці знаходзіўся стары вялікі дуб. За свой узрост дрэва атрымала назву дзед. Паступова састаўное найменне Дзядзінскі дуб жыхарамі было перанесена і на частку ракі.

Луг. У час веснавой паводкі дадзеная частка ракі выходзіць з берагоў, заліваючы прырэчныя палі, лугі.

Патапленік (вар. яма Патапленіка). Відавочна, што назва атрымана ад дыялектнай лексемы патапленік ‘тапелец’ у выніку няшчаснага выпадку: калісьці тут утапіўся чалавек, імя якога не захавалася.

Цёмны вір. Гідронім сведчыць аб кругавароце вады ў гэтым глыбокім месцы.

Меркаванне падмацоўваецца і тым фактам, што вада на глыбокіх месцах сапраўды цёмная.

Петрыкаўшчына была ў свой час багатая на гелонімы, вялікая частка якіх асушана ў выніку правядзення меліярацыі, аднак назвы іх захаваліся ў мікратапонімах (найменнях палёў). Разгледзім некаторыя з іх: Казелькі – назва балота, што знаходзілася паміж вв. Сасноўка і Фаставічы. Відаць па ўсім, утваральная аснова былога гелоніма матывавана народнай назвай шматгадовай травяністай расліны, што расце на балотах.

Камаровіцкі Мох – назва сельскагаспадарчага палетка, былога балота, размешчанага каля в. Камаровічы. Лексема мох успрымаецца мясцовымі жыхарамі толькі ў значэнні ‘забалочаная мясцовасць’. Адзначаны сэнс захоўвае і асобны мікратапонім Мох.

Язінскі Мох – былое балота. Згодна з інфармацыяй мясцовых жыхароў, на тэрыторыі балота было шмат сажалак, у якіх вадзілася рыба язь. Найменне магло ўзнікнуць і ад тэрміна яз ‘месца, якое перагароджана частаколам або пераплотам упоперак, каб не даць рыбе ходу ўверх, ці сам пераплот’ [7, с.209].

Галоўчыцкае балота, Камаровіцкае балота, Фаставіцкае балота (цяпер палеткі)

размешчаны паблізу адпаведных вёсак. У мясцовасці для лексемы балота характэрна яго першаснае значэнне ‘нізкае месца, парослае слоем моху, журавінамі, дурніцамі, багуном і нізкарослымі дрэвамі’, ‘багна, дрыгва’, ‘балотная сенажаць’ [7, с.20]. Але ў дадзеных выпадках першапачатковае значэнне страцілася і ў выніку набылося другаснае – ‘асушаная мясцовасць, прыгодная для сельскагаспадарчай дзейнасці’. Як бачна, яно не выражае рэальную характарыстыку аб’ектаў.

У рэгіёне захаваліся назвы балот, у аснове матывацыі якіх знаходзяцца рэдкія архаічныя лексемы: Кнея, Кінея, Окнеяцкое (кнея ‘лясны гушчар’ [7, с. 94].), Банковае (баня ‘яма круглай формы, у якой здабывалі жалеза, соль’ [8, с. 72]), Чарское (вар. Чэрскае) (ад чарцёж ‘цаліна’).

Звернем увагу на такія лімнонімы Петрыкаўшчыны, як Качатнік, Корбутава Яма, Яма. Да сярэдзіны ХХ ст. названыя азёры былі часткай ракі Арэса, асобнымі воднымі аб’ектамі яны сталі пасля правядзення меліярацыйных работ у дадзенай мясцовасці.

Папярэдне найменне Качатнік як частка ракі атрымала сваю назву ад сельскагаспадарчай пабудовы, дзе разводзілі качак, а пазней яно замацавалася за асобным возерам.

Возера Корбутава Яма матывуецца антрапонімам – прозвішчам чалавека, які, мяркуем, або жыў непадалёку ад гэтага возера, або нейчым чынам меў да яго дачыненне. Дарэчы, яшчэ некалькі год таму ў вёсцы Фаставічы на беразе Корбутавай Ямы жыла жанчына з прозвішчам Корбут.

У аснове лімнонімаў Яма (Корбутава Яма) знаходзіцца апелятыў яма ‘самае глыбокае месца на рацэ’. Матывацыя пацвярджаецца тым фактам, што на самой справе глыбіня гэтых азёраў дасягае каля 9-10 метраў. Калісьці на тэрыторыі вёскі Фаставічы, вакол якой і размяшчаюцца азёры, існавала некалькі вадзяных млыноў, што прыводзіліся ў рух плынню Арэсы. У працэсе працы млыны вымывалі такія «ямы».

Непадалёку ад месца ўпадзення Старой Арэсы ў Новую Арэсу знаходзіцца возера Ноября. Лімнонім яскрава адлюстроўвае асаблівасці савецкай тапанімікі – даўніна мінулай «савецкай сучаснасці» (мемарыяльная назва), калі існавала мода на перайменаванне розных геаграфічных адзінак. На вялікі жаль, носьбіты не захавалі старадаўняй назвы адзначанага воднага аб’екта.

Не меншую цікавасць выклікаюць і назвы палёў, лясоў, што ў колькасных адносінах у сотні разоў перавышаюць іншыя віды тапонімаў. Іх маецца мноства, незалежна ад памераў населеных пунктаў. Для чалавека, занятага працай у сельскай гаспадарцы, такія мікратапонімы з’яўляліся добрымі, надзейнымі арыенцірамі на мясцовасці, бо адлюстроўвалі спецыфічныя, істотныя, галоўныя рысы аб’ектаў у параўнанні з астатнімі. Аднак у сувязі з пэўнымі цяжкасцямі, калі назвы вядомы толькі вузкаму колу карыстальнікаў і збор матэрыялу патрабуе палявога метаду, вывучаны лінгвістамі яшчэ недастаткова. Мы спынім сваю ўвагу на аналізе семантыкі мікратапонімаў, зафіксаваных у наваколлі вёсак паўночна- заходняй часткі Петрыкаўшчыны.

Азярэдзішча – месца на полі, дзе знаходзіліся азяроды ‘прыстасаванні са слупоў і жэрдак, прызначаныя для прасушвання збажыны і сена’.

Дворышча – назва поля, што ўзнікла ў выніку пераасэнсавання старажытнага тыпа пасялення ‘месца, дзе быў двор з самастойнай незалежнай гаспадаркай’.

Дзедава ніва – найменне поля мае сувязь з апелятывам дзед, якому яно належыла.

Дубнік. Матывацыя вынікае з асаблівасцей мясцовай флоры: месца, дзе растуць дубы.

Сучасныя дубнікі – рэшткі знакамітых поймавых дубраў Палесся, дзе падобныя назвы захаваліся амаль паўсюдна (напрыклад, Слабадскі дубнік непадалёку ад в. Красная Слабада Акцябрскага р-на і інш.).

Паходжанне назвы Зубараўскі рог звязана з прозвішчам ці мянушкай чалавека Зубар, поле якога знаходзілася на рагу адносна іншых участкаў або мела канфігурацыю ў выглядзе рога.

Калодкі. Лясны масіў мае некалькі версій узнікнення свайго наймення: вызначаецца вялікім і прыдатным для пабудовы лесам (калодкамі); некалі на гэтым месцы стаялі калоды пчол.

Найменне лесу Крывуля з’явілася пад уплывам мясцовай лексікі, дзе крывуляй называюць няроўны лес, які немагчыма выкарыстоўваць у будаўніцтве, або няроўную дарогу.

Онім Ляцца (назва падаецца ў мясцовым вымаўленні) матываваны працоўнай дзейнасцю людзей – распаўсюджаным на тэрыторыі Беларусі так званым падсечна-агнявым спосабам земляробства, ці лядным (ляда ‘месца, ачышчанае ад лесу і прыстасаванае пад палетак’).

Тапонім Малаінава палянка (месца ў лесе) абавязаны сваім паходжаннем чалавеку па імені Малаін.

Назва лесу Малыш гаворыць аб невялікай па памерах тэрыторыі, якая ім занята.

Падгалле. Веданне мясцовасці дазваляе пагадзіцца з думкай навукоўцаў, якія звязваюць падобныя найменні з лексемай гал, гала ‘бязлесае балота’. Такім чынам, падгалле – ‘месца побач, перад балотам, на якім няма лесу’.

Паходжанне назвы лесу Печкі вызначаецца працэсам вытворчасці смалы, якую выраблялі ў спецыяльных печах-смалакурнях. Найменні такога кшталту, па даследаваннях В.П. Лемцюговай, часта сустракаюцца на Палессі.

Назвы хутароў Руклі, Сукач, што былі атрыманы ад мянушак іх заснавальнікаў, перайшлі ў мікратапонімы. Сведчаннем таму – рэшткі ад паселішчаў, якія захаваліся і на сённяшні дзень.

Стойлаўскае – лясны масіў. Відавочна, што назва матывавана сельскагаспадарчай дзейнасцю чалавека: калісьці тут знаходзіліся кашары, дзе ўтрымлівалася, “стаяла” жывёла.

Увалішча ўяўляе сабою вялікі, пакрыты лесам пагорак, вакол якога калісьці ляжала непраходная дрыгва – гіблае месца, дзе можна было ўваліцца ‘праваліцца’ (месца цяпер асушанае).

Лясны масіў Цемнавішча матываваны яго асаблівасцю: цёмны, непраходны бор (квалітатыўнае найменне).

Язінская палянка – кавалак зямлі пасярод балота Язінскі Мох – арыентуе на месцазнаходжанне.

Тэрыторыя, якая знаходзіцца на правым беразе ракі Арэса, носіць агульную назву- арыенцір Зарэчча. Але гэтая мясцовасць у сваю чаргу дзеліцца на пэўныя часткі пад найменнямі Ваўкаўня, Доўгае поле, Первае Затменне, Другое Затменне, Круглая даліна, Снапішча, Уладымераў рог.

Назва мясцовасці Ваўкаўня мае непасрэдную сувязь з драпежным зверам ваўком – месца, дзе раней было шмат ваўкоў. Наогул, у сучаснай беларускай тапаніміі звыш 70 населеных пунктаў сваёй асновай нагадваюць пра ваўка, а падобных мікратапонімаў увогуле мноства.

Назва Доўгае поле матывавана геаметрычнымі памерамі палетка, які дасягае ўздоўж некалькі кіламетраў. З геаметрычнай формай аб’екта звязаны онімы Круглая даліна (нізкае месца ў выглядзе круга), Уладымераў рог (палетак, што належыў чалавеку па імені Уладымер, меў падобнасць формы на сапраўдны рог).

Найменні Первае Затменне і Другое Затменне звязаны з адпаведнымі астранамічнымі з’явамі, калі “адно нябеснае цела або яго цень закрываюць другое нябеснае цела” [6, т.2, с. 413–414].

У дадзеным выпадку, мяркуем, палі знаходзяцца ў слаба асветленым месцы, відаць, у цяні лесу.

Мікратапонім Снапішча ўказвае на месца, куды звозілі (або стаўлялі) снапы, бо пясчаныя глебы не характарызуюцца ўрадлівасцю.

Лясны масіў Кальнікі таксама падзелены на самастойныя тэрыторыі. Агульная назва можа паходзіць ад апелятыва кальнік, які на поўдні Беларусі і ў суседніх раёнах Украіны абазначае ‘печ для саматужнага абпальвання цэглы або гліняга посуду’ [5, с. 152]. Народная этымалогія тлумачыць сувязь са словамі колкі, калоць, калоцца (лясны масіў складаецца амаль поўнасцю з хвойных парод дрэў) ці накаляць, што малаверагодна.

Участкі Кальнікаў Первая Парасля, Другая Парасля пры дапамозе азначальных кампанентаў первая і другая (лічэбнікаў) паказваюць на парадак размяшчэння іх у адносінах да вёскі, параслёй жа называюць ‘высокае пясчанае месца ў бары, дзе расце малады лес і рэдкае кустоўе’.

Трэцяя мясціна – Рудня. Фармант –ня сведчыць аб месцы вытворчасці чаго-небудзь, у дадзеным выпадку, аб дробным прамысловым прадпрыемстве, на якім здабывалі балотную жалезную руду або плавілі, выраблялі з яе жалеза. Палессе багатае на залежы чырвонага і бурага жалезняку і балотных руд, што адлюстравана ў шматлікіх тапонімах з кампанентам рудня. Прыродна-краязнаўчыя звесткі пацвярджаюць гэтае тлумачэнне: месца Рудня размяшчаецца на ўзвышшы, дзе захаваліся рэшткі шлакаў, а праз 400 метраў ёсць у балоце былыя ямы-кар’еры, дзе, відаць па ўсім, здабывалі балотную руду.

Пры ўсім неабходна зазначыць той факт, што большасць урочышчаў, лясных масіваў яшчэ з сярэдзіны ХХ ст. з’яўлялася землямі, на якіх вялася сельскагаспадарчая дзейнасць, і толькі пасля маштабнай меліярацыі Палесся яны страцілі сваё значэнне.

Такім чынам, можна зрабіць выснову, што мікратапанімічная лексіка Петрыкаўшчыны даволі разнастайная. На яе фарміраванне і развіццё аказалі ўплыў: 1) Назвы, якія адлюстроўваюць асаблівасці прыроды краю. Даволі распаўсюджаную групу ўтвараюць онімы, што характарызуюць рэльеф мясцовасці, асаблівасці гідраграфіі, глебава-грунтовыя ўмовы. Асобную групу складаюць геаграфічныя назвы, што супастаўляюцца з назвамі мясцовай флоры і фаўны. 2) Назвы, звязаныя з эканамічнымі з’явамі, матэрыяльнай культурай насельніцтва. Іх пераважная частка ўтворана ад прозвішчаў, мянушак людзей, што мелі да аб’ектаў пэўнае дачыненне. 3) Мясцовыя онімы, што паслужылі назвамі-арыенцірамі. 4) Падзеі лакальнага характару, мясцовыя гаворкі.

Даследаванне тапаніміі Усходняга Палесся (айконімаў, урбанонімаў і гідронімаў) на лексіка-семантычным узроўні атрымала свой лагічны працяг у вывучэнні ўласных найменняў дробных геаграфічных аб’ектаў і паказала, што ў мікратапонімах паводле семантыкі ўтваральных асноў захаваны дзве асноўныя, характэрныя для тапанімікону катэгорыі матывацыі: адапелятыўныя і аданамастычныя найменні з пэўнымі групамі і падгрупамі ўнутры іх.

Літаратура

  1. Багамольнікава, Н.А. Тапанімія Гомельшчыны: структурна-семантычная характарыстыка: манаграфія / Н.А. Багамольнікава; навук. рэд. А.А. Станкевіч; М-ва адукацыі РБ, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2008. – 242 с.
  2. Иванова, А.А. Микротопонимия Мозырского Полесья / А.А. Иванова. – 2-е изд. – Мозырь: МГПУ им. И.П. Шамякина, 2003. – 220 с.
  3. Багамольнікава, Н.А. Гідронімы басейна ракі Прыпяць: структурна-семантычныя тыпы матывацыі [Тэкст ] / Н.А. Багамольнікава. – Гомель: ГДУ, 2004. – 195 с.
  4. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомел. вобл.: нармат. давед. / Н.А. Багамольнікава [і інш.]; пад агул. рэд. В.П. Лемцюговай. – Мінск: Тэхналогія, 2006. –382 с.
  5. Жучкевич, В.А. Краткий топонимический словарь Белоруссии: словарь / В.А. Жучкевич. – Минск: Изд-во БГУ, 1974. – 448 с.
  6. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т. Т. 2: Г – К [рэд. А.Я. Баханькоў]. – Мінск: гал. рэд. БелСЭ імя П. Броўкі, 1978. – 765 с.
  7. Яшкін, І.Я. Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія / І.Я. Яшкін; рэд. д. філ. н. М.В. Бірыла. – Мінск: Навука і тэхніка, 1971. – 256 с.
  8. Мурзаев, Э.М. Словарь народных географических терминов / А.М. Мурзаев. – М.: Мысль, 1984. – 653 с.

Аўтар: Н.А. Багамольнікава
Крыніца: Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины, № 4(85), 2014. С. 111-115.