У паэтычнай спадчыне А. Сыса верш “Блудны сын” з’яўляецца яскравым і выразным мастацкім аўтапартрэтам, у якім праз атаясамліванне з вядомым універсальным вобразам, передана ўнутраная драма і дысгармонія лірычнага героя-пакутніка, уласцівыя яму супрацьлеглыя пачуцці: трывога, разгубленасць, самота і адначасова мары аб новым жыцці і душэўным ачышчэнні.
Усведамленне сябе аблудным сынам, у якога “ў сэрцы, як нож, — жарства, / а ў зрэнках — бацькоў вярста” [1, с. 24], выказана ў вершы “Сон”. Лірычны герой, адзінокі і непрыкаяны, “недзе ў тлумным Мінску” [1, с. 24] падчас бяссоніцы бачыць у сваіх мроях маці і бацьку, родную хату, мілыя яго сэрцу рэчы: драўляныя цацкі, лато, стары лемантар, якія набываюць у вершы ролю атрыбутаў-сімвалаў маленства, страчанай душэўнай і фізічнай чысціні. Нявіннасць і безабароннасць, уласцівыя дзіцяці, увасоблены ў вобразе сумнага хлопчыка, створанага паэтам у вершы “Хворы хлопчык з цацкай”:
Хворы хлопчык з цацкай лёд на шыбе ліжа,
да шчакі прымерзла сіняя сляза.
Гэткі ціхі хлопчык, гэткі хлопчык рыжы,
быццам я ці брат мой дваццаць год назад.
Чаму хмурны, хлопчык? Чаму сумны, хлопчык?
Рана табе думу асвятляць слязой.
Адвядзі на цацку, калі ласка, вочы —
лёд расце на шыбе, востры, як лязо [1, с. 14].
Вобраз маленства ў якасці аўтарскага ўвасаблення міфалагемы страчанага раю на імпліцытным узроўні прасочваецца ў вершы “Блудны сын”, якое варта лічыць у творчасці А. Сыса адным з праграмных. Аўтар верша перадаў жаданне лірычнага героя стаць маленькім, адчуваць мацярынскую любоў і пяшчоту. Лірычны герой-блудны сын звяртаецца да матулі з просьбай:
Мама,
вышый мяне на падушцы сваёй22,
памякчэюць грачыныя пер’і, я прыснюся табе — еду зноўку дамоў,
да зямлі адтуліўшы бязвер’е [1, с. 94].
Першы і другі радкі прыведзенага вышэй фрагмента твора прадстаўляюць сабой цытату з верша Ф. Г. Лоркі “Глупая песня”, які з’яўляецца часткай цыкла “Песни для детей” з кнігі іспанскага паэта “Песни”. Чужое слова, уключанае А. Сысам у мастацкую тканіну свайго верша, становіцца арганічным кампанентам яго кантэксту, садзейнічае нараджэнню новага, больш складанага і глыбокага метафарычнага сэнсу. У “Глупой песне” Ф. Г. Лоркі хлопчык- сын, які звяртаецца да маці, чуе наступны адказ:
Сейчас.
Это будет намного теплей [2, с. 138].
Радок з верша “Блудны сын” — “памякчэюць грачыныя пер’і” [1, с. 94], дзе ўлоўліваецца адгалосак слоў хлопчыка з “Глупой песни”, пераасэнсаваны А. Сысам у адпаведнасці са сваімі патаемнымі жаданнямі і пачуццямі. У адносінах да маці лірычны герой выказвае сыноўнюю пяшчоту і любоў, і менавіта дзякуючы гэтым пачуццям, у яго сэрцы ажывае страчаная вера, надзея на духоўнае ачышчэнне. Паэт нібыта жадае змяніць ход часу, вярнуцца ў маленства, таму і мае для яго асаблівую прыцягальнасць верш Ф. Г. Лоркі, дыялог герояў якога, магчыма, нагадвае А. Сысу размовы са сваёй маці, калі ён быў ва ўзросце хлопчыка з “Глупой песни”.
Вышыты на падушцы партрэт, аб якім марыць лірычны герой, набывае для яго магічную ролю, паколькі пры дапамозе двайніка, створанага рукамі матулі, сын верыць у наладжванне незалежнай ад абставін, непарушнай пазачасавай душэўнай сувязі з маці праз сон. Мікравобразы падушкі і сна ўносяць у кантэкст верша новыя сэнсы, што дазваляе больш глыбока пранікнуць у псіхалагічны стан лірычнага героя, убачыць яго душэўную стомленасць, імкненне да спакою, амаль дзіцячую ранімасць і безабароннасць. Сон у мастацкай рэчаіснасці твора — гэта тая страчаная каштоўнасць бязвіннай пары маленства, якую герой спадзяецца знайсці ў вясковай цішы, за сценамі роднай хаты. Тут лёгка заснуць пад песню, якую спявае маці, вышываючы ручнік:
Маці крыжыкам вышывае, павуцінку павук пляце,
маці песню мышам спявае пра дарослых сваіх дзяцей [1, с. 93].
Праз шэраг памятных бытавых прыкмет, якія ў паэтычнай карціне, адлюстраванай у творы, пераўтвараюцца ў выразныя вобразы-сімвалы, А. Сыс перадае жыватворную атмасферу роднай хаты, якая ўвабрала ў сябе пазітыўную энергетыку жанчыны-маці, добрай гаспадыні, яе душэўны свет, дабрыню, пяшчоту. Нездарма зварот да маці ў вершы ўключае ў сябе словы “ты свяці, ты свяці”, якія маюць сімвалічны сэнс і малітоўнае гучанне:
Ты спявай, ты спявай,
ты свяці, ты свяці,
рассцялі ручнікі, як сцяжыны,
можа, здарыцца так, я заблудну ў жыцці,
тагды выйду па іх да Айчыны [1, с. 94].
А. Сыс адлюстроўвае імкненне маці засцерагчы сына ад небяспекі, зрабіць усё магчымае, каб падараваць яму здаровы сон і ўнутраную раўнавагу. У памяці паэта маці застаецца вечнай працаўніцай, якая ў клопатах аб іншых сама нібыта і не спіць зусім:
а маці маю я ніколі не бачыў, каб спала, — па пёрку, па два
ўсё збірае мне пух на падушку [1, с. 18].
Вобраз маці суадносіцца ў творчасці А. Сыса з архетыпам мудрай старой. У звароце да каханага сына, які згубіў ключы ад асабістага зямнога шчасця, маці выказвае не толькі душэўны боль, трывогу і нядобрыя прадчуванні, але і мудрасць, той вялікі маральны закон, ад якога немагчыма пазбавіцца ніводнаму чалавеку:
На твары шчацінне, як пожня жытнёвая, вочы — праталіны мутнай вады…
— Мілы сынок мой, пачні жыццё новае, грэх блазнаваць у Хрыстовы гады [1, с. 268].
Нягледзячы на сцвярджэнне асабістай пазіцыі, упэўненасці ў сваёй містычнай абранасці паэт іншай, добрай і чыстай часцінкай душы не абвяргае горкую мацярынскую праўду:
Хто ж вінаваты, што аж з нараджэння з мёдам смакчу я з цябе малако?
Ведаю, сохне паціху карэнне,
хоць і жывеш над Вялікай Ракой [1, с. 268].
У вершы “Блудны сын”, ідэйна-мастацкі сэнс якога раскрываецца ў большай ступені глыбей у сувязі з яго аналізам у кантэксце твораў А. Сыса, дзе ўвасоблена архетыпіка мудрай старой, вобраз маці нябачнымі ніцямі злучаны з вобразам Айчыны, набываючы суцэльную з ім сэнсавую глыбіню. На гэтую рысу мастацкага светабачання, адлюстраваную ў вершы, звярнуў увагу І. Ф. Штэйнер, які ў эсэ-творчым партрэце “«Свае руны мне не вышыць…»: спадчына Анатоля Сыса” адзначыў: “Агульначалавечая, надіндывідуальная, надхарактэрная, надчасавая, наднацыянальная аснова прыпавесці, парабалы набывае рэальнае, глыбока інтымнае беларускае гучанне. Менавіта таму так проста і натуральна (хаця падобныя спробы рабіліся на працягу ўсёй гісторыі беларускай паэзіі), прыгожа і ўзнёсла паядналіся самаробным ручніком вобразы самых дарагіх істот для паэта — Маці і Айчыны” [3, с. 18-19].
У вершах А. Сыса “Неапаленая купіна”, “Радзіма пачынаецца з жанчыны.”, “Дарога полем — да маці.” знайшло ідэйна-мастацкае адлюстраванне характэрнае для народнай культуры сакралізаванае збліжэнне жанчыны-маці і Радзімы. Як лічыць Л. М. Галубовіч, у цыкле вершаў “Песні пра сына”, “паэт вызначыў сэнс свайго сыноўства ў Маці-Айчыне, сваю ўласную мастацкую спадчынасць, як працяг гэтага сыноўства” [4, с. 18]. У вобразах Маці і Айчыны, якія дамінуюць у паэзіі А. Сыса, сканцэнтраваны яе ідэйна-мастацкі змест, увасоблена метафізічная сутнасць нацыянальнага лёсу пошукаў страчанага раю, спрадвечных духоўных каранёў і незалежных вытокаў, адной з ілюстрацый якой паўстае “мифологический сюжет-архетип о блудном сыне” [5, с. 3]. Вылучаючы блуднага сына А. Сыса ў якасці пэўнай паэтычнай формулы, І. В. Жук бачыць у ёй адну з “аўтарскіх сігнатур паводле матыву шляху” [6, с. 156] у беларускай літаратуры. “Калі прыгледзецца да мастацкай практыкі беларускай літаратуры, то апазнавальныя прыкметы рэалізацыі матыву шляху, выражаныя аўтарскім словам, метафарай ці паэтычнай формулай, могуць быць уяўнены прыкладана так: Колас, як мы і казалі, — «шырокі прастор»; Купала — «паязджане»; В. Ластоўскі — «лабірынт»; К. Чорны — «пошукі будучыні»; М. Танк — «дарога, закалыханая жытам»; А. Куляшоў — «паўмільярдны кіламетр»; А. Разанаў — «шлях — 360»; А. Сыс — блудны сын.”, — адзначае І. В. Жук [6, с. 156]. Верш “Блудны сын” — асноўная частка кантэксту творчасці А. Сыса, дзе дадзены сюжэт палучыў разгорнутае мастацкае ўвасабленне. У творах А. Сыса “Сон” і “На твары шчацінне, як пожня жытнёвая.” адлюстраваны розныя этапы гісторыі лірычнага героя-блуднага сына. Пачуцці, выказаныя ў вершы “Сон”, — самота, туга па роднаму кутку. Вялікі горад, дзе жыве лірычны герой, паўстае як чужына, варожая прастора, адкуль ён праз начныя мроі пераносіцца ў прыгожы сусвет “Птушынай айчыны” [1, с. 31]. Адна з характарыстык лірычнага героя ў спавядальным творы “Радзіма” — “валацуга”, “які страціў радзіму” [1, с. 99]. Увасабленне біблейска-прытчавай міфалагемы вяртання ў вершы “Блудны сын” становіцца галоўным сюжэтаўтваральным кампанентам і кампазіцыйнай асновай твора. Паэт перадае эмацыянальны стан лірычнага героя, яго сумненне і трывогу:
Блудны сын, блудны сын –
разам з сэрцам маім
лямантуюць на рэйках колы.
Блудны сын, блудны сын, блудны сын –
словы, быццам куслівыя пчолы.
Мама, мама, што мне парабіці з сабой,
калі позна дадому прыеду,
калі ў хату зайду — анямелы сабор –
без вяснянак, без ляскання бердаў? [1, с. 94].
Верш “На твары шчацінне, як пожня жытнёвая.” выступае ў кантэксце творчасці А. Сыса ў якасці развязкі гісторыі блуднага сына. Праз некалькі ёмістых і выразных метафарычных штрыхоў паэт адлюстроўвае супярэчлівасць і ўнутраную спустошанасць лірычнага героя. У адрозненне ад развязкі біблейскай прыпавесці, дзе перадана пакаянне грэшніка, лірычны герой А. Сыса працягвае “блазнаваць у Хрыстовы гады” [1, с. 268]. Яго адказ маці — гэта зусім не пакаянная споведзь, а сцвярджэнне, нават рамантычна- экзальтаваная дэкларацыя сваёй паэтычнай абранасці, вялікага творчага дару і нічым не абмежаванай свабоды яго растраты:
— Мама, я рады б —
як пчолы на ліпень,
музы лятуць на хмяльнога мяне.
Жыць без паэзіі? Гэта ж пагібель!
Жыць без віна? Гэта ж смерць удвайне.
<…>
Ну і няхай музам колкая пожня, горкія вусны мае, дык няхай.
Мама, такога народзіць не кожная,
мама,
не перажывай! [1, с. 268].
У вершы знайшла ўвасабленне “мифологема Аполлона и Диониса, дихотомия аполлинического и дионисийского начал, разработанная Ф. Ницше («Рождение трагедии из духа музыки» ”) [7, с. 258]. Е. Б. Скороспелова адзначае: “Аполлон в этой мифологеме олицетворяет <.> равновесие и меру, порядок, цельность, а Дионис — экстаз, безумную страсть, бродильное начало, идею жертвы: «страдающий Бог» выступает в роли провозвестника Христа” [7, с. 258]. Блазнаванне лірычнага героя-блуднага сына — адлюстраванне паэтам яго душэўнай глыбіннай сувязі з “чарами Диониса” [8, с. 452], перавагі ў сваёй творчасці ірацыянальнага, дыянісійскага пачатку. “Па балючасці Сысава паэзія ў сучаснай айчыннай літаратуры не мае сабе роўных. Кроў, Крыж, Сляза, Атрута, Агонь (Агмень), Вярыгі — выспавядальная, болевая лексіка Сыса. Вобразы ягоныя (асабліва ў вершах апошніх гадоў <.>) жахаюць.”, — слушна заўважыў М. Скобла [9, с. 6]. Нават у словах суцяшэння, сказаных маці, адначасова са шчырай сыноўняй пяшчотай адчуваецца рамантычнае свавольства, гонар, якія не сумяшчаюцца з хрысціянскімі пачуццямі пакоры і раскаяння. У вершы “На твары шчацінне, як пожня жытнёвая.” адбываецца нечаканая метамарфоза лірычнага героя. Блудны сын, які, здаецца, павінен пакаяцца, раптоўна пераўтвараецца ў “выклятага нацыянальнага паэта” [4, с. 11]. У адным з інтэрв’ю А. Сыс наступным чынам ахарактарызаваў сябе: “Я веру ў Бога. Але ў царкву хаджу рэдка, гады ў рады. Калі вельмі-вельмі цяжка на душы. Дык калі прыцісне — я бягу ў царкву. Было такое, што прыбягаю й на калені станаўлюся. Але лягчэй мне ўсё адно не робіцца. Мабыць, я крэпка зграшыў у гэтым жыцці.” [10, с. 420].
Архетыпічны сюжэт аб аблудным сыне набыў, такім чынам, у паэзіі А. Сыса неадназначнае, супярэчлівае, у пэўнай ступені антыхрысціянскае гучанне, у яго пераўтварэнні выяўляецца сувязь з “чарами Диониса” [8, с. 452], з ірацыянальнымі матывамі пакуты і ахвяры. Найбольш поўна і разгорнута гэты сюжэт рэалізаваны ў вершах “Сон”, “Блудны сын”, “На твары шчацінне, як пожня жытнёвая.”, якія складаюць адзін з ідэйна- тэматычных накірункаў у творчасці паэта. У вершы “Блудны сын” пад уздзеяннем чыстых пачуццяў і светлых успамінаў А. Сыс адлюстраваў часовае пераадольванне дыянісійскага экстазу лірычнага героя, перадаў яго імкненне да ачышчэння, спакою, гармоніі, разумнага прыняцця зямной і праведнай матчынай мудрасці. Аднак пры ўсёй відавочнасці тыпалагічнай сувязі гісторыі лірычнага героя А. Сыса з сюжетам аб аблудным сыне, матыў пакаяння, які надае біблейскай прыпавесці характар духоўна-аксіялагічнага арыенціра для хрысціяніна, не з’яўляецца ў аўтарскай свядомасці галоўным, прысутнічаючы ў вышэй азначаным кантэксце ў якасці перыферычнага кампанента яго ідэйна-мастацкага зместу.
Спіс літаратуры
- Сыс, А. Лён: выбраныя творы / Анатоль Сыс. — Мн.: Кнігазбор, 2006. — 436 с.
- Гарсиа Лорка, Ф. Избранные произведения: в 2 т. / Ф. Гарсиа Лорка / редкол. А. Минин, Л. Осповат, Г. Степанов и др.; Сост. и примеч. Л. Осповата; предисл. Н. Малиновской. — М.: Худож. лит., 1986. — Т. 1. — 479 с.
- Штэйнер, І. Ф. “Свае руны мне не вышыць.”: спадчына Анатоля Сыса / Іван Штэйнер. — Мн.: Кнігазбор, 2008. — 40 с.
- Галубовіч, Л. М. “Як шаравая маланка” (Нарыс жыцця і творчасці паэта Анатоля Сыса / Л. М. Галубовіч // Галубовіч, Л. М. Сыс і кулуары: літаратурна-крытычныя эсэ / Л. М. Галубовіч. — Мн.: Літаратура і Мастацтва, 2010. — С. 3-24.
- Радь, Э. А. История “блудного сына” в русской литературе: модификации архетипического сюжета в движении эпох: монография / Э. А. Радь. — М.: ФЛИНТА: Наука, 2014. — 276 с.
- Жук, І. В. Матыў шляху ў беларускай літаратуры / І. В. Жук // Матыўная прастора беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя: манаграфія / пад агул. рэд. І. В. Жука. — Гродна: ГрДУ, 2009. — С.151-212.
- Скороспелова, Е. Б. Авангард в контексте художественных исканий эпохи: идеи художественной деформации действительности / Е. Б. Скороспелова // Скороспелова, Е. Б. Русская проза ХХ века: от А. Белого (“Петербург”) до Б. Пастернака (“Доктор Живаго”) [Электронны рэсурс] / Е. Б. Скороспелова. — М., 2003. — С. 128-284. — Рэжым доступу: philol.msu.ru>xxcentury/ docs/skorospelova2003. Дата доступу: 03.10.2016.
- Ницше, Ф. Рождение трагедии из духа музыки / Ф. Ницше // Так говорил Заратустра. К генеалогии морали. Рождение трагедии. Воля к власти. Посмертные афоризмы: пер. с нем. / Ф. Ницше. — Мн.: Харвест, 2003. — С. 447-572.
- Скобла, М. Сэрцаграмы Сыса / Міхась Скобла // Сыс, А. Лён: выбраныя творы / Анатоль Сыс. — Мн.: Кнігазбор, 2006. — С. 3-10.
- “Я яшчэ не попел і не прысак.” // Сыс, А. Лён: выбраныя творы / Анатоль Сыс. — Мінск: Кнігазбор, 2006. — С. 415-421.
22 З верша Федэрыка Гарсія Лоркі [1, с. 94].
Аўтар: С.Б. Цыбакова
Крыніца: Спадчына І.Я. Навуменкі і актуальныя праблемы літаратуразнаўства: сборнік навуковых артыкулаў. Вып. 3 / І.Ф. Штэйнер [гал. рэд.], А.Н. Мельнікава, А.У. Андрээва; Міністэрства адукацыі РБ. — Гомель, 2016. Ст. 153-158.