Сялянства Гомельшчыны і аграрныя перасяленні пач. ХХ ст.

0
1739
Столыпинская реформа, аграрныя перасяленні, сялянства, Беларусь

Сялянства Гомельшчыны ў канцы ХІХ – пач. ХХ ст. прымала актыўны ўдзел у перасяленчым руху. Гомельшчына ў гэты перыяд уваходзіла ў склад Магілёўскай губерні, якая і па размаху перасяленчага руху сярод 50 губерняў Еўрапейскай Расіі займала першае месца, уступаючы ў розныя гады Чарнігаўскай і Палтаўскай губерням.

Асноўныя перадпасылкі перасяленняў караніліся ў сацыяльна-эканамічных умовах, якія вызначаліся інтэнсіўным развіццём капіталізму і наяўнасцю феадальна-прыгонніцкіх перажыткаў у вёсцы.

Адной з важнейшых прычын перасялення гомельскіх сялян, як і сялян усёй Беларусі ў перыяд імперыялізму,  было малазямелле. К пачатку ХХ ст. група беззямельных двароў дасягнула не менш 10%. Амаль палавіна сялянскіх надзельных двароў Беларусі (42,6 %) мелі жабрацкія надзелы – да 8 дзесяцін. Больш 80% сялянскіх двароў Беларусі адчувалі вострую патрэбнасць у зямлі іне маглі звесці канцы з канцамі1. Бясконныя і аднаконныя гаспадаркі складалі ў 1900г. 60,9 % усіх двароў2. Напярэдадні стапыпінскай аграрнай ре­формы малазямелле дасягнула небывалай вастрыні. У выніку натуральнага росту сельскага насельніцтва і драбнення сялянскіх гаспадарак працягваў рэзка скарачаецца памер душавага надзелу. У Гродзенскай, Віленскай, Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях ён скараціўся да 1,14 – 0,91 дзесяціны3.

Нягледзячы на тое, што да пачатку ХХ ст. агульная плошча памешчыцкіх зямель скарацілася, залежнасць селяніна ад памешчыцкай гаспадаркі не зменшылася.

Памешчыцкія і казённыя ўладанні часта так блізка прымыкалі да сядзіб сялян, што тыя не маглі выпусціць “ні каня, ні карову, авечку і курыцу, каб не плаціць за патраву”4. Такое становішча было ў многіх вёсках Беларусі. Так, напрыклад, сяляне вёскі Навасёлкі Гомельскай воласці Гомельскага павету ў колькасці 80 чалавек у скарзе міністру ўнутраных спраў у 1902 г. пісалі, што зямля памешчыка Н.Занцэвіча прымыкае да іх вёскі, і ў сілу неабходнасці сяляне ёю карыстаюцца для выгана жывёлы, але памешчык іх прыгнятае і перашкаджае карыстанне выганам. У 1899 г., адзначалі яны, за патраву жывёлай палёў, памешчык спагнаў з іх штраф у суме 3212 руб. 65 кап., а ў сувязі з тым, што сяляне працягвалі “самавольна” карыстацца выганам, тоН.Занцэвіч у 1902 г. выклікаў эскадрон салдат для расправы над імі. Вынікамі сялянскага “самаўпрауства” з’явілася апісанне для продажу 22 галоў жывёлы, спагнанне штрафу каля 15 руб. Акрамя таго, 29 чалавек былі прыгавораны да турэмнага зняволеннятэрмінам на тры месяцы. Сяляне пісалі, што памешчык канчаткова разарыў іх гаспадаркі5.

Ва ўмовах панавання буйнога памешчыцкага землеўладання ў Беларусі вялікае распаўсюджанне мелі сервітуты, якія служылінемалой падмогай у сялянскай гаспадарцы. Найбольш распаўсюджанным быў пашавы сервітут, г. зн. права сялян пасвіць сваю жывёлу на землях памешчыкаў, а таксама права сумеснага з памешчыкамі карыстання пашамі і выганамі. Юрыдычна сервітутныя плошчы лічыліся прыватнай уласнасцю памешчыкаў. У мэтах выкарыстання сервітутных зямель для атрымання капіталістычнай рэнты і для продажу памешчыкі сталі забараняць сялянам карыстацца імі, што пагоршыла становішча сялян, пазбаўленых паш і сенакосаў.

Так у скарзе селянін в. Рудня Рагачоўскага павету, пададзенай на імя міністра ўнутраных спраў у 1908 г. паведамлялася, што памешчык К.Жукоўскі забараніў сялянам пасвіць жывёлу ў яго маёнтках і запатрабаваў з іх плату па 4 руб. з кожнай галавы, якая пасвіцца, акрамя таго, пабудаваўшы вадзяны млын, памешчык затапіў усе іх сенакосы, і цяпер вёска спустошана, няма сродкаў да вядзення гаспадаркі, агароды не засяваюцца6.

Гаротнае становішча беларускага сялянства пагаршалася ў выніку неразмежаванасці вялікай колькасці сялянскіх і памешчыцкіх зямель, церазпалоснасці і далёказямелля. Сяляне з 5 вёсак Мікуліцкай воласці Рэчыцкага павету ў скарзе цару ў 1903 г. пісалі, што пры размежаванні памешчыцкіх маёнткаў ад надзельных зямель, ад іх надзелаў было адрэзана 1254 дзес. зямлі ў карысць памешчыка, прычым, “без усякага ўзнагароджання і замены іншымі землямі”, у выніку такога размежавання і без таго невялікія іх надзелы настолькі зменшыліся, што не могуць задаволіць мінімальных патрэб сялянскіх сем’яў у прадуктах харчавання7. Ва ўсходняй частцы Беларусі захоўвалася абшчына, якая прывязвала селяніна да надзелу: існуючая ў абшчынах ураўняльная сістэма землекарыстання яшчэ больш узмацняла сялянскае малазямелле, унутрынадзельную церазпалоснасць, павялічвала колькасць доўга- і далёказямельных кавалкаў. У Магілёўскай і Віцебскай губернях нават двухдзесяцінныя палявыя надзелы былі разбіты на 50-70 і больш палос8. Шырыня іх вымяралася аршынамі, ступнямі, а даўжыня і адлегласць паміж імі – вёрстамі.

У большасці сялянскіх прашэнняў указвалася таксама на дрэнную якасць сельскагаспадарчых угоддзяў. Сялянам па рэформе дасталіся горшыя землі, сярод якіхбыло многа забалочаных і занесеных сыпучым пяском. Так, сяляне Пакоцкай воласціГомельскага павету ў прашэнні на імя цара ў 1900 г. пісалі, што ўсе яны пакутуюць ад малазямелля, надзелы іх занесены пяском, нізкія лугі гінуць пад вадой і жывёла вымірае, неўраджаі апошніх год давялі іх да жабрацтва, таму яны вырашылі перасяліцца ў Сібір. У прашэнні сялян ад 25 вёсак Брагінскай воласці Рэчыцкага павету ў колькасці 863 чалавек уПерасяленчую управу ў 1908г. адзначалася, што ворыўнай зямлі на кожную гаспадарку прыходзіцца ад 1/2 да 1/4 часткінадзелу, астатняя зямля занята балотамі і пяскамі, сродкаў для яе ўгнаення няма і пры такой малой колькасці зямлі яны немаюць магчымасці трымаць жывёлу, свайго хлеба хапае толькі да новага года, сем’і кормяцца дзённымі заработкамі, якія цяжка знаходзіць. Выхад са становішча, якое склалася, яны бачаць у перасяленні9.

Вострае малазямелле, нізкая якасць надзельнай зямлі, недастатковасць пакосаў і паш для жывёлы прымушалі сялян карыстаццаарэндай ці купляць землі ў памешчыкаў.

Развіццё капіталізму ў сельскагаспадарчай вытворчасці і бесперапыннае павышэнне коштаў на зямлю абумовілі значны ростарэнднай платы. Калі ў пачатку XX ст. арэндная плата за 1 дзесяціну зямлі ў Віцебскай, Магілёўскай, Віленскай і Гродзенскай губернях складала ад 2 да 14 руб., то пасля 1905 г. арэндная плата паднялася да 20-25 руб. за дзесяціну10. Сяляне 25 вёсакКашалёўскай воласці Рагачоўскага павету ў прашэннях да губернсмх урадаў скардзіліся, што яны малазямельныя, а купіць ціарандаваць зямлю ў суседніх памешчыкаў яны не могуць, таму што надзвычай высокая арэндная плата даступна толькізаможным сялянам. Яны пісалі, што арэндная плата за адну дзесяціну зямлі даходзіць да 8 рублёў, а сенакоснай да 30 руб.11. Пры такіх умовах для большасці сялян арэнда прыватнаўладальніцкай зямлі была цяжкадаступнай. У пераважнай большасціяна не пакрывала затрачаных на яе сродкаў і працы i абыходзілася селяніну намнога даражэй яе даходнасці. Нават ва ўраджайныя гады сяляне з цяжкасцю маглі аплаціць арэнду і траплялі ў кабалу.

Развіццё капіталізму ў памешчыцкіх гаспадарках прывяло да імклівага павышэння цэн на зямлю. Па 5 заходніх губернях у 1898г. сярэдні кошт дзесяціны зямлі раўняўся 45 руб., да 1903 г. ён падняўся да 93 руб., а ў 1914 г. дасягнуў 136 руб.12. Памешчыкі распрадавалі свае маёнткі дробнымі часткамі па значна завышаных цэнах. У гандлёвыя зямельныя аперацыі ўключаліся ліхвяры і спеку­лянты. Газета “Северо-западное слово” пісала, што ў Рэчыцкім і Мазырскім паветах Мінскай губерні скупшчыкі давялі цану ворыўнай зямлі да 200-250 руб. за дзесяціну, чым пазбавілі сялян магчымасці набываць яе”. У еправаздачах Гродзенскага, Віцебскага, Maгілёўскага губернатараў за 1900-1902 гг. адзначалася, што сярод сялянскага насельніцтва вялікі попыт на зямлю,але ў выніку спекуля­цыі цэны на яе так падняліся, што купіць яе можа далёка не кожны, таму ўзмацнілася імкненне сялян даперасялення.

Сялянскі банк як крэдытная ўстанова закліканы быў аказваць сялянам дапамогу ў набыцці зямлі, на самой жа справе ён дзейнічаў у інтарэсах памешчыкаў і кулакоў, Выдаючы пазыку дробным сялянскім дварам пад залог зямлі і пабудоў, банк увыглядзе працэнтаў фактычна прысвойваў усе іх невялікія даходы, адбіраў маёмасць бедных даўжнікоў. Пазыка выдавалася незвыш 20 руб, пры коштах 105-136 руб. за дзесяціну бядняк і малазаможны серадняк не маглі купіць зямлю без таго, каб нетрапіць у кабалу да таго ж банка ці не стаць даўжніком кулака і мясцовага памешчыка.

Вялікім цяжарам на сялянства клаліся шматлікія падаткі і павіннасці, якія насілі на сабе сляды прыгонніцтва. Так, у паўночна-заходніх губернях нядоімкі павялічыліся ў 7 разоў – з 40 кап. да 2 руб. 96 кап. Нават вышэйшыя чыноўнікі адзначалі, што падаткі з сялян браліся без усякай адпаведнасці з іх плацёжнымі сіламі і лічылі, што падобная фінансава-эканамічная палітыка павінна быць зменена14.

У першыя гады XX ст. і ў перыяд сталыпінскай реформы запазычанасць сялян па розных відах падаткаў працягвала расці. Толькі за 1905 г. нядоімкі па выкупных плацяжах і грашовых зборах павялічыліся па 5 заходніх губернях з 734 176 руб. 58 кап. да 2 116 271 руб. 95 кап., г. зн больш чым у 2,8 разы15.

У калектыўным прашэнні сяляне вёскі Цыбрына Кісцянёускай воласці Рагачоўскага павета хадайнічалі ў 1908 г. аб бясплатным пераеадзе ў Сібір, таму што ўсе яны задаўжалі кулакам, крэдытным установам і ў фонд запаснога капіталу воласці ад 50 да 100руб. Кожны16. Пасля продажу маёмасці і ўплаты даўгоў у іх не заста­валась сродкаў на пуцявыя расходы.

У эпоху Імперыялізму ў выніку далейшага паглыблення капіталістычных адносін у сельскай гаспадарцы ўзрасло і ўзмацніласяаграрнае перасяленне. Да пачатку XX ст. у сельскай гаспадарцы Беларусі было каля двух мільёнаў незанятых рабочых, цi большпаловы ўсіх работнкаў, занятых у сельскагаспадарчай вытворчасці. Аграрнае перасяленне ў Беларусі ўзмацнялася нізкім узроўнем яе прамысловага развіцця, павольным ростам насельніцтва гарадоў, слабым распаўсюджваннем тут сельскагарамяства і сялянскіх хатніх промыслаў, а таксама наяўнасцю так званай “мяжы яўрэйскай аседласц”.

У 1900-1914 гг. з Магілёўскай губерні перасялілася ў Сібір і інш. губерні Еўрапейскай Расіі 298 тыс. чалавек або 49 % ад усіх беларускіх перасяленцаў і 7,2% усіх перасяленцаў з 50 губерній Еўрапейскай Расіі17.

Сярод гомельскіх перасяленцаў пераважалі бяднейшыя слаі вёскі. Асноўная большасць перасяленцаў (73%) адносілася да малазямельных сялян. Разам з ніжэйшымі групамі сялян у перасяленні заўсёды ўдзельнічала невялікая колькасць кулацкіх і моцных серадняцкіх сем’яў. Перасяленне заможных выклікалася прадпрымальніцкімі памкненнямі. Сяляне-сераднякі перасяляліся таксама з мэтай стварыць на новым месцы моцную гаспадарку.

Літаратура

  1. Экономическая история БССР.  Мн., 1969, с. 96.
  2. Гісторыя Беларускай ССР – Мн. 1972, с. 265.
  3. РДГА. Ф, 1284. Воп. 194. Спр.4б. Арк. 32.
  4. Там жа. Ф. 1278. Воп. I. Спр. 276. Арк. 55-56.
  5. Там жа. Ф. 1291. Воп. 79. Спр. 192. Арк. 17-20.
  6. Там жа. Ф. 1294. Воп. 74. Спр. 362. Арк. 1-2.
  7. Там жа. Ф. 1291. Воп. 79. Спр. 22. Арк, 4-5.
  8. Там жа. Ф. 2198. Воп. I. Спр. 7. Арк, 9; Ф. 2594. Воп. I. Спр.97. Арк. ІІ.
  9. Там жа. Ф.391. Воп, 3. Спр. 972. Арк. 225-337.
  10. Там жа. Ф. 391. Воп, 5. Спр. 1127. Арк, 22.
  11. НАРБ. Ф. 2014. Bon. I. Спр.2395. Арк. 1-3. Спр.2398. Арк.4-7.
  12. Россия. Государственный Совет, Временные организации, Совещания, Т.61, С.9; Отчеты крестьянского поземельного банка за1906-1915 гг. – СПБ, 1907-1916 гг. С. 89.
  13. Северо-западное слово, 1901, 30 января.
  14. РДГА. Ф. 391. Воп. 2. Спр. 1401. Арк. 41-42; Ф. 1571. Воп. 1. Спр. 28. Арк. 670.
  15. Отчет по выкупному долгу и выкупным платежам за 1905 и за 1906 гг.- СПБ, 1907. С. 139.
  16. РДГА. Ф. 391. Воп.З. Спр. 974. Ч. 11. Арк.27-28.
  17. Турчанинов Н. Итоги переселенческого движения за время с 1896 по 1909 г. /включительно/. Спб., 1910. С. 2-45; Турчанинов Н., Домрачев А. Итоги переселенческого движения за время с 1910 по 1914 гг. Пг., 1916. С. 2-45.

Аўтар: Сямейных З.М. (Гомель, ГДУ)

Крыніца: Зборнік матэрыялаў навукова-практычнай канферэнцыі “Гомельшчына – старонкі мінулага” (15-16 лютага 1996 г.), Гомель, 1996, ГДУ.