Не мне вам расказваць, што такое зубны боль. Ды не ў сэрцы, якім нямецкі паэт-рамантык Генрых Гейнэ апісваў каханне (“Zahnweh im Herzen”), а самы звычайны (проза жыцця!) боль зубоў у роце. Мяркую, кожны мае ўласныя гісторыі пакутаў і ратунку ад гэтага няшчасця. Калі я быў маленькім, мне бабуля давала прыкладваць да збалелага зубчыка змочаную ў настойцы ватку. Дарослыя, занядбаўшы свае зубы ўшчэнт, уручалі камусь з сяброў абцугі, і абцугамі сябры выцягвалі на свет божы самыя дакучлівыя экземпляры. Бо дзе тая стаматалогія і дзе дужая рука вернага сябра!
Малы гарэза Эміль у кнізе знакамітай шведкі Астрыд Ліндгрэн спрабаваў дапамагчы служанцы Ліне пазбавіцца ад хворага зуба некалькімі спосабамі: прывязваў даўгую трывалую мядзведжую жылу адным канцом да віноўніка болю, а другім – а) да ўласнай папружкі, ускокваў на каня і пачынаў паганяць яго; б) да тачыльнага круга і браўся круціць яго; в) да шасціцалёвага цвіка, уласнаручна ўбітага ў брус на вышках хлява, і прымушаў Ліну скакаць у салому. Не ведаю, ці спрабаваў хто-небудзь у нашых шыротах паўтарыць гэтыя штукарствы. Але падазраю, што, калі і паўтаралі то не многія, і ў першую чаргу з-за таго, што мядзведжаю жылу знойдзеш зусім не ў кожным доме нашай часткі Беларусі. Праўда, сустракаюцца шпулькі з ніткамі. Вось ніткі да хісткіх зубоў прывязвалі дакладна. А ўжо торгалі іх ці проста рукамі ці праз пасрэдніцтва дзвярных ручак.
Напэўна, камусь у гэтым жыцці шчасціла суцішыць расперазаны боль зубоў і замовамі суворых усходнебеларускіх шаптух: “Царь молодзік на небі, царь арак на морі, царь дуб на землі. Як етыя царкі укучу ня сходзютца і не воюютца, каб так раба Гаўрыка зубы век не болелі, косьці не ломілі. Ляжіць мяртвец у гробі, ня чуець ні болі, ні ломоты каб так у раба божаго Гаўрыка на век боль не болела і косьць не ломіла”. Пачуўшы такое, зробіш усё магчымае і яшчэ трошкі, абы толькі наступнага разу не чуць нічагуткі падобнага. Калі ж хопіць самаіроніі, то можаш папрактыкавацца ў зубаскальстве, выцягнуўшы тэматычны “юмористический заговор от зубной боли” з калекцыі нашага земляка Еўдакіма Раманава:
На морі на Кіяні, на вострові на Буяні, стоіть дуб зеленый.
Под тым дубом вовкі выють… штоб і ты так выв с своімі зубамі.
Галоўнае, потым не здзіўляцца выніку, дзе гумару можа быць зусім мала (зрэшты, для некаторых гэты заклён ёсць адзінай магчымасцю адчуць сябе Ўсяславам Чарадзеем).
Не паверыце, але царскі фаварыт, уладальнік Гомеля фельдмаршал Іван Фёдаравіч Паскевіч, вынайшаў уласную “мэтоду” пазбаўлення ад болесці зубоўнай. Пры гэтым ён грэбаваў карыстацца парадамі хітрага доктара з народнай п’есы “Цар Ірад” “с вертепным сюжетом, но с игрою в лицах”, якая была добра знаёмай жыхарам Гомеля і Беліцы. Вядома ж, не пристало расійскаму палкаводцу цягнуць “въ ротъ еловую шишку”, хоць бы і з лясоў гомельскага маёнтка!
Калега Паскевіча по полю русской брани генерал-маёр Васілій Дакудоўскі ў сваім часам вельмі з’едлівым “Дзённіку” не прамінуў зафіксаваць гісторыю, якую пачуў у 1871 годзе ад барона Нолькена: “Между прочим, Нолькен рассказывал, что раз, будучи с фельдмаршалом Паскевичем в его имении Гомеле, когда разболелись у его светлости зубы, он выбежал в сад, взял из рук садовника скрябку, начал усердно рыть и копать землю, пока не покрылось лицо потом, и боль зубов прошла”. Такая сабе працатэрапія.
Можна адно здагадвацца, якая метафізічная сувязь хаваецца ў капанні зямлі і зубным болем. Не дае гэтая гісторыя і адказу на пытанне: капанне ўсякае зямлі ці толькі гомельскай мае сваім вынікам такі цудадзейны гаючы эфект? Іншым разам, праўда, здаецца, што звышнатуральная сіла тоіцца акурат у другім варыянце, бо толькі гэтым можна патлумачыць, чаму наш горад так любяць перакопваць, а некаторыя вуліцы – ажно па колькі разоў на год. Ці дапамагае гэта гараджанам пазбавіцца ад болю зубоў, сказаць цяжка. У нас хоць і сцвярджаюць, што Паскевич знал толк в зубах вещах, ды стаматалагічныя кабінеты зусім не пустуюць.