Вяселле заўсёды лічылася адной з галоўных падзей у жыцці чалавека, таму з ім звязана шматлікая колькасць звычаяў і прыкмет. У наш час вясельны абрад і паэзія як складаны абрадавы комплекс не захоўвае дакладную паслядоўнасць усіх структурных момантаў, але ў той жа час выяўляе адметныя рэгіянальна-лакальныя асаблівасці. Заўважым, што асобныя элементы традыцыйнага вясельнага абраду, хоць іншы раз і ў трансфармаваным выглядзе, але ўсё ж устойліва захоўваюцца. Як вядома, традыцыйны вясельны цыкл падзяляецца на некалькі этапаў (запоіны, заручыны, пярэпыты, сватанне, зборная субота, першы дзень вяселля, пасад, каравай, другі дзень вяселля, трэці дзень вяселля). Сучасны стан бытавання вясельнай традыцыі дазваляе ўмоўна вылучыць наступныя этапы ў структуры вяселля: 1) прапанова «рукі і сэрца», знаёмства бацькоў, дзявочнік, хлапечнік; 2) выкуп, вянчанне, рэгістрацыя шлюбу, вясельная бяседа ў першы дзень, другі дзень вяселля; 3) зрэдку сустракаецца трэці дзень вяселля, «мядовы месяц».
Варта падкрэсліць, што сёння, як і раней (хоць і страчана магічная аснова), усе дзеянні і песні ў сучасным вясельным абрадзе, прасякнуты жыццесцвярджальным пафасам і аптымізмам, скіраваны на дасягненне ўзаемапаразумення паміж маладымі, забяспячэнне шчаслівай сямейнай долі і дабрабыту, нараджэння здаровых дзяцей.
Спынімся болын падрабязна на кожным з вылучаных этапаў. Перадвясельны этап уключае ў сябе прапанову «рукі і сэрца», знаёмства бацькоў, дзявочнік, хлапечнік і, што самае галоўнае, працэс арганізацыі надыходзячага свята. У сістэме сучаснай вясельнай абраднасці прысутнічаюць і некаторыя элементы давясельных актаў (дамова аб шлюбе, абмеркаванне бацькамі і маладымі часу і месца правядзення вяселля, колькасці гасцей і г. д.).
Дзявочнік як адзін з момантаў давясельнай абраднасці знешне перагукаецца з абрадавым этапам традыцыйнага беларускага вяселля, у прыватнасці са зборнай суботай, калі нявеста развітвалася з сяброўкамі. Адным з элементаў, які яднае гэтыя моманты, з’яўляецца, напрыклад, падрыхтоўка кветак сяброўкамі нявесты для дружыны маладога. Адметныя моманты зборнай суботы — завіванне ёлачкі і пляценне вянка, але, на жаль, у сучасным вяселлі гэтыя рытуалы захаваліся толькі ў асобных раёнах Гомелынчыны (в. Неглюбка Веткаўскага раёна, в. Сведскае Рэчыцкага раёна і інш.).
Сёння, рыхтуючыся да вяселля, маладыя выбіраюць сабе сведкаў (раней іх называлі дружкамі). Старшы сват здаўна лічыўся галоўнай асобай на вяселлі і павінен быць вясёлым і кемлівым чалавекам. У наш час гэтую ролю звычайна выконвае тамада. Ад яго індывідуальных акцёрскіх здольнасцей залежыць амаль увесь ход вяселля. Як правіла, сучаснае вяселле пачынаецца непасрэдна з выкупу. Па сутнасці, сучасны выкуп захоўвае рэшткі старажытнай формы куплі-продажу нявесты і ўключае такія элементы, як выкананне жаніхом, яго сведкам і іншымі сябрамі заданняў, падрыхтаваных сведкай нявесты і яе сяброўкамі, жартоўныя дыялогі паміж сведкамі і іншымі ўдзельнікамі вясельнай цырымоніі, адгадванне загадак і інш. Пасля доўгіх «таргоў», дасціпных жартаў жаніх у выніку атрымлівае магчымасць паехаць з нявестай у ЗАГС.
Выкуп маладой — адзін з самых вясёлых і тэатралізаваных элементаў сучаснага вясельнага абраду. Праблему куплі-продажу, як правіла, вырашаюць сведкі, аднак сам жаніх з’яўляецца актыўным удзельнікам гэтага надзвычай цікавага, нават камічнага мерапрыемства. Выкупляюць нявесту звычайна грашыма, цукеркамі, кветкамі, а таксама абавязкова выкарыстоўваюць гарэлку або шампанскае. Маляўнічасць гэтага тэатралізаванага фрагмента залежыць ад фантазіі і кемлівасці сябровак нявесты. Падчас выкупу маладой важна імправізацыя. Жаніху неабходна быць падрыхтаваным да розных нечаканасцей, бо ў наш час у святочнае дзеянне ўключаюцца звычайна суседзі і знаёмыя нявесты, таму грошы і цукеркі для сведкаў павінны быць падрыхтаваны папярэдне.
Сяброўкі нявесты выдумляюць самыя розныя перашкоды для жаніха: перагароджваюць дарогу стужкамі, ланцужком з замком, ключ ад якога жаніх павінен выкупіць; прымушаюць пазнаць маладую па адбітку вуснаў на плакаце; прайсці, выкарыстоўваючы свой абутак, па спецыяльна намаляваных на сцяне слядах; адгадаць лічбы (іх запісваюць на паперы, сцяне ці пялёстках «рамонку»), звязаныя з маладым і маладой: дзень іх знаёмства, дзень народзін, рост, вага нявесты і цешчы. Змест сучасных заданняў у большай ступені скіраваны на тое, каб жаніх як мага больш пераканана выявіў веданне рыс характару нявесты. Усё павінна суправаджацца вясёлымі жартамі, спевамі і танцамі.
Калі прапанаваны выкуп раптам не спадабаецца сяброўкам нявесты, то яны могуць выставіць замест сапраўднай «падстаўную нявесту», накінуўшы на яе покрыва. Нярэдка здараецца, што жаніх знаходзіць пад покрывам мужчыну, і гэта стварае камічны эфект. На працягу ўсіх этапаў вяселля важную ролю адыгрывае гумар. У гэтай сувязі можна прывесці выказванне вядомага даследчыка беларускага фальклору А. С. Фядосіка: «Гумар вясельнай паэзіі невычэрпны і шматфарбны. Ён спадарожнічае літаральна ўсім этапам вяселля: запоінам, заручынам, пасаду нявесты, абраду выпякання і разданы каравая» [1, 195~\. Выкупіўшы нявесту, жаніх падносіць ёй вясельны букет, і ўжо пасля гэтага маладыя адпраўляюцца ў ЗАГС.
Пасля рэгістрацыі шлюбу маладыя садзяцца ў першую машыну вясельнага поезда. Адметным у сучасным вяселлі з’яўляецца такі момант, як наведванне маладымі разам з гасцямі памятных і прыемных для іх мясцін (першай сустрэчы, прызнання ў пачуццях, спатканняў). Але часцей за ўсё маладыя пад’язджаюць з кветкамі да помнікаў.
Па традыцыі маладых пасля рэгістрацыі шлюбу ўрачыста сустракалі на парозе дома жаніха. Маці маладога выносіла на прыгожым ручніку круглы бохан каравая з соллю і чарку з гарэлкай. Маладыя выпівалі і разбівалі шкляны посуд на шчасце, а потым адкусвалі хлеб. У народзе існує прыкмета: хто здолее адкусіць большую частку, той і будзе гаспадаром у хаце. Лічылася, што маладыя павінны з’есці ўвесь каравай самі і ніводнай крошкі не выкінуць. Згодна з народнымі ўяўленнямі, толькі ў гэтым выпадку ў доме будзе дастатак, згода паміж маладымі, іх яднанне (маладыя будуць нібы крошкамі аднаго жытняга каравая). Каравай, падрыхтоўцы якога надавалі магічнае значэнне, выпякалі спецыяльна запрошаныя жанчыны-каравайніцы і хросная маці. Калі пяклі каравай, то тройчы прыгаворвалі: «Благаславіце каравай і каравайніц, бацька і матка, людзі добрыя» (3 разы). Калі ставілі каравай у печ, спявалі:
Караваю, мой раю,
Я па цябе скучаю,
Бо даўно цябе я ня пякла,
Ды й гарэлкі ня піла.
Караваю, мой раю,
Я па цябе скучаю [* 1].
Заўважым, што традыцыя сустрэчы маладых на Гомельшчыне адбываецца ў розных варыянтах. Так, часцей за ўсё сёння маладых сустракаюць пасля загса ці царквы ў тым месцы, дзе будзе адбывацца вяселле (сталовая, рэстаран). Калі бацькі падносяць каравай, то не абавязкова, каб у салонцы была соль, там можа быць і цукар. Маладыя не адкусваюць каравай, а «ламаюць», каб не кусацца, і «соляць» яго адзін аднаму цукрам, каб жыццё было салодкае. Выпіваючы шампанскае з аднаго бакала, яны не разбіваюць яго (асцерагаюцца разбіць уласнае шчасце), а захоўваюць, каб пасля доўгіх гадоў шчаслівага жыцця перадаць сваім нашчадкам.
Яшчэ маладыя запальваюць свечку як сімвал кахання, жыцця, але пасля гасяць, каб мець магчымасць запальваць яе ў асабліва памятныя, знамянальныя для іх дні сямейнага жыцця, бо, зыходзячы з мясцовых уяўленняў, на вясельным стале свечка не павінна стаяць. Бацькі ў чарговы раз благаслаўляюць маладых, падыходзячы да іх з іконай. Маладыя павінны падзякаваць бацькам і пакланіцца ім. Жаніха і нявесту абавязкова абсыпаюць зернем, цукеркамі, грашыма. У сё гэта робіцца для забеспячэння заможнага жыцця.
Сёння падчас вяселля значная роля належыць забаўляльным конкурсам. Звычайна іх праводзіць тамада. Напрыклад, калі захочацца даведацца, хто будзе галоўным у сям’і, то маладым прапануецца яблык з запалкамі, якія вымаюцца маладымі па чарзе, з прагаворваннем адзін аднаму пяшчотных слоў. Той, каму трапіцца кароткая запалка, і будзе галавой сям’і. Або маладыя (кожны ў бок ад сябе) перадаюць пацалунак. Чый пацалунак хутчэй вернецца, той будзе і галоўным у сям’і.
У вогуле конкурсы на вяселлі можна падзяліць на дзве групы: для маладых (выбар старэйшага ў сям’і, размеркаванне абавязкаў, клятвы маладых, угадванне абранніка) і для гасцей (песенныя, танцавальныя, а таксама грашовыя). Так, напрыклад, сяброўка нявесты ў паўзункі збірае грошы на дзяўчынку, а сведка жаніха — на хлопчыка. Тым самым прысутныя даведваюцца, каго з іх кожны жадає. Перамагае той, хто назбірае болын грошаў.
У наш час падзел каравая захоўваецца не заўсёды. Часцей за ўсё ўручаюць маладым падарункі на пачатку вяселля. Выключэнне складаюць выпадкі, калі маладыя жадаюць вытрымаць народную традыцыю. Пасля падзелу каравая маладая выходзіць на свой апошні дзявочы танец, закрывае вочы і выконвае танец пад прыгожую музыку. Вакол нявесты становяцца незамужнія дзяўчаты, якія ходзяць, нібы ў карагодзе, вакол яе. Затым маладая кідае свой букет: якая дзяўчына зловіць яго, тая хутчэй за ўсіх выйдзе замуж. Менавіта яна становіцца ў цэнтр круга і працягвае танцаваць, але ўжо не закрываючы вачэй, а потым перадае букет наступнай дзяўчыне, пакуль усе прысутныя дзяўчаты не атрымаюць букет, які вяртаецца той, што злавіла яго першай.
Магчымы і іншы варыянт дзявочага танца. Маладая танцуе ў цэнтры і нікому не аддае свой букет, а пакідае яго сабе. Затым да яе падыходзіць маці маладога, здымае з галавы нявесты «вэлён» (вэлюм) і завязвае хустку. Маладая у сваю чаргу прымярае вэлюм незамужнім дзяўчатам, каб апошнія хутчэй павыходзілі замуж.
У сучасным вяселлі Гомельшчыны можна сустрэць яшчэ адзін надзвычай прыгожы момант у час выканання вясельнага карагода. Нядаўна абвешчаныя суджанымі ходзяць па кругу з заплюшчанымі вачыма: маладая жонка аддае свой вянок каму-небудзь з дзяўчат, а муж — кветку з рук маладой ці падвязку з яе нагі аднаму з хлопцаў. Зроблены імі выбар павінен падказаць хуткае наступнае вяселле.
Часцей за ўсё кульмінацыяй святочнай бяседы з’яўляецца апошні танец маладых і ўсіх гасцей. Маладыя і госці трымаюць у руках свечкі і прыгожа танцуюць, думаючы толькі пра самае светлае, добрае. Замест свечак могуць быць ружы, якія ў канцы танца аддаюць маладым.
Зразумела, што раней вяселле было асабліва запамінальным і прыгожым спектаклем-гульнёй, святкавалася з захаваннем усіх этапаў, выкананнем абрадаў і песень. Сучаснае вяселле больш свабоднае ў выбары сцэнарыя, але некаторыя элементы традыцыйнай абраднасці не толькі засталіся ў ім, але нават набылі новыя рысы. Як бачым, вяселле з’яўляецца найболып багатым і паэтычным з усіх старажытных абрадаў. Цяжка знайсці такую пару, якая б абышлася хоць бы без самага сціплага святкавання гэтай падзеі.
Хочацца верыць, што вяселле з усімі яго рытуальна-абрадавымі элементамі і далей будзе захоўваць важнае значэнне як неабходны этап уладкавання сям’і, а значыць, і агульнай культуры грамадства.
Заўвагі
- Запісана ад Паданочай М. Н., 1942 г. н., г. Гомель.
Літаратура
- Фядосік А. С. Праблемы беларускай народнай сатыры. Мн., 1978.
Аўтар: Алена Сіразтдзінава
Крыніца: Фалькларыстычныя даследаванні. Кантэкст. Тыпалогія. Сувязі: зб. арт. Вып. 4 / пад нав. рэд. Р. М. Кавалёвай, В. В. Прыемка. – Мiнск: Бестпрынт, 2007. – C.187-191.