9 лістапада 2016 года Лятучы ўніверсітэт і Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь» зладзілі ў Гомелі сустрэчу з філосафамі Максімам Жбанковым і Паўлам Баркоўскім і прадставілі выдавецкія праекты Года беларускага мыслення — Анталогію беларускага мыслення «Код прысутнасці» і зборнік цытат «Цытуй сваё!».
Невялічкі, амаль кішэнны варыянт зборніка цытат «Цытуй сваё!» паўстаў у лютым 2016 года як вынік працы шэрагу грамадскіх арганізацый і ініцыятыў, ён прадстаўляе сабой збор цытат беларускіх мысляроў, мастакоў, культурных і грамадскіх дзеячоў. Анталогія беларускага мыслення «Код прысутнасці», выдадзеная Лятучым ўніверсітэтам і Беларускім калегіумам, пабачыла свет у красавіку 2016 года. Сабраныя ў ёй амаль два тузіны тэкстаў самых розных жанраў і стылей ствараюць панараму імён, думак, канцэптаў, якія вызначалі інтэлектуальны пошук беларусаў за апошнія 15 гадоў. Розныя па фармаце і змесце, гэтыя два выдавецкія праекты кожны па-свойму прад’яўляюць беларускую думку шырокаму колу грамадства і робяць мысленне фактам і падзеяй беларускай культуры. І кожны з іх задае асаблівую оптыку нашага погляду на інтэлектуальнае жыццё новага тысячагоддзя.
Якое яно — сучаснае беларускае мысленне? Якія ідэі і адметнасці задаюць яго стыль, вызначаюць яго «беларускасць» і «сучаснасць»? Якія героі, знакавыя падзеі ствараюць разнастайнасць зместу? Якія тэмы найбольш хвалююць інтэлектуалаў?
Паспрабуем шукаць адказы на гэтыя пытанні, разважаць і спрачацца пра пакручасты лёс мыслення, пра яго паўставанне і сталенне ў гутарцы з тымі, хто непасрэдна стварае прастору мыслення — аўтарамі тэкстаў, ініцыятарамі цікавых інтэлектуальных праектаў і ўдзельнікамі шматлікіх дыскусій: культуролагам і філосафам Максімам Жбанковым і філосафам Паўлам Баркоўскім.