Стараабраднікі ў гарадах Магілёўскай губерні ў другой палове XIX — пачатку XX стагоддзя: колькасны склад, рассяленне, культурна-бытавыя асаблівасці

0
404
Стараабраднікі ў гарадах Магілёўскай губерні ў другой палове XIX — пачатку XX стагоддзя колькасны склад, рассяленне, культурна-бытавыя асаблівасці

Насельніцтва гарадоў Беларусі ў другой палове XIX — пачатку XX ст. мела ў сваім складзе прадстаўнікоў розных канфесійных груп. Дамінуючае становішча як у губернскіх, так і ў павятовых цэнтрах у сувязі з існаваннем мяжы аселасці займалі іудзеі, значны масіў гарадскіх жыхароў належаў да праваслаўя. Статыстычныя звесткі разглядаемай гістарычнай эпохі зафіксавалі таксама інфармацыю аб гараджанах — прыхільніках іншых хрысціянскіх і нехрысціянскіх канфесій. Сярод насельнікаў беларускіх гарадоў, у тым ліку Магілёўскай губерні, былі стараабраднікі.

Агульная колькасць стараабраднікаў-гараджан у Магілёве і павятовых гарадах губерні дасягнула ў 1910 годзе лічбы 6472 м.п. і 6353 ж.п. [1, Ч. III, XVIII-XIX]. Найбольшая колькасць вернікаў пражывала ў Гомелі, які быў у найбольшай блізкасці да гістарычнага цэнтра стараверства — Веткі. Па дадзеных афіцыйнага ўліку ў Гомелі колькасць стараабраднікаў складала 3114 чалавек у 1859 г., 8440 — напярэдадні першай сусветнай вайны (у 1912 г.) [2, с. 16]. Стараабраднікі абралі месцам свайго жыхарства Магілёў, Оршу, Рагачоў, Сянно, аднак іх колькасць была невялікая.

Выпадкі змянення веравызнання сустракаліся зрэдку. Аб гэтым сведчыць як царкоўны улік, так і афіцыйная статыстыка: штогод у губерні ў цэлым адбывалася некалькі пераходаў. Намаганні ўладаў распаўсюдзіць адзінавер’е не мелі пленных вынікаў Напрыклад, у Гомелі стараабрадніцкае асяроддзе варожа сустракала нават спробы некаторых асоб прыняць адзінавер’е. “С вами более нечего делать, как только засыпать песком глаза и в реку бросить!”, — казалі вераадступнікам (1856 г.) [3, с. 37-42].

Стаўленне стараабранікаў да прадстаўнікоў іншых веравызнанняў было дастаткова талерантным. “Они [“раскольники”— аўт.] не отличаются ненавистью к православным, с которыми лег­ко входят в разного рода общение”, — адзначалася ў зветках аб стане Магілёўскай губерні за 1864 г. [4, ф. 2001, воп. 1, адз. зах. 949, л. 68 зв.].

Асноўны спектр заняткаў старавераў у гарадах быў звязаны з гандлем, рамествамі, рамізніцтвам. Валодаючы значнымі грашовымі сродкамі, некаторыя стараабрадцы далучыліся да пашыранага (з прычыны недахопу таннага жылля) ў гарадах тых часоў занятку — здачы жылля ўнаём. У Гомелі, напрыклад, Грошыкаў валодаў захаваўшымся да сенняшняга дня будынкам даходнага дома (на рагу вуліц Бялецкага і Баумана), многія стараабраднікі валодалі жыллём і сяліліся ў межах Спасавай Слабады. Апрацоўка архіўных дадзеных паказвае, што пераважаў дысперсны тып рассялення пры захаванні імкнення пры выбары месца жыхарства далучацца да прыхільнікаў аднаго этнаканфесіянальнага і сацыяльнага кола.

Фрагментарнасць крыніц не дазваляе цалкам аднавіць культурна-бытавыя працэсы асяроддзі стараабраднікаў, аднак, мяркуючы па захаваўшыхся матэрыялах, традыцыйная замкнёнасць жыцця хутка разбуралася пад заплывам імклівых тэндэнцый эканамічнага развіцця.

  1. Памятная книжка Могилевской губернии на 1910 г. Могилев. 1910.
  2. Яшчанка А.Р. Гомель у другой палове XIX — пачатку XX ст.: Гісторыка-этнаграфічны нарыс. Гомель, 1997.
  3. Жудро Ф. К истории единоверия в Могилевской епархии. Б.в.д.
  4. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.

Аўтар: А.Р. Яшчанка
Крыніца: Старообрядчество как историко-культурный феномен / Материалы Международной научно-практической конферен­ции “Старообрядчество как историко-культурный феномен” (Гомель, 27-28 февраля 2003 г.): Гомель: ГГУ, 2003. — С. 299-300.