У 1911 году даследнікі гомельскай даўніны Ф.А. Жудро, І.А. Сербаў, Д.І. Даўгяла пісалі ў геаграфічна-статыстычным зборніку «Горад Гомель»: «…За Гамяюком, у гушчары, у аддаленай альтанцы, стаіьц каменная баба, якая патрапіла сюды аднекуль са старажытнай Скіфіі… ».
Энцыклапедычны слоўнік Бракгаўза і Ефрона дае лаканічнае вызначэнне каменнай бабы: «Баба — старажытныя каменныя помнікі ў выглядзе грубых чалавечых фігур на поўдні Расеі». Такога роду статуі яшчэ называлі «палавецкімі каменнымі бабамі». А сустракаліся яны на велізарных прасторах ад паўднёва-заходняй Азіі да паўднёва-ўсходняй Еўропы і былі перш за ўсё помнікамі сакральнага мастацтва полаўцаў IX-XIII стагоддзя.
Слова «баба» ў перакладзе з цюркскага азначае «прашчур», «дзед-бацька». Жаночыя статуі сімвалізавалі непераможнасць і неўміручасць воінаў, лічылася, што яны давалі ім сілу, засцерагалі ў баі. На тэрыторыі Беларусі такія статуі сустракаюцца вельмі рэдка, пры гэтым іх прысутнасць у нашых краях ніяк не звязана з перамяшчэннем качавых плямёнаў, а хутчэй з імёнамі сваіх уладальнікаў старадаўніх сядзібаў. У XIX – пачатку ХХ стагоддзя ў іх асяроддзі было вельмі папулярным упрыгожваць такімі каменнымі бабамі палацавыя паркі. Дастаўляліся старажытныя скульптуры ў асноўным з паўднёвых рэгіёнаў Расійскай імперыі.
Мяркуючы па ўсім, гаспадарам гомельскага палаца такая ідэя ў свой час таксама прыйшлася да спадобы. Мы не маем дакладных звестк, адкуль у парк князёў Паскевічаў завітала каменная «паненка» і калі яе не стала ў парку. У 1980-я гады прафесар Мальдзіс, старшыня камісіі «Вяртанне», якая займалася ў Беларусі пытаннямі рэстытуцыі культурных каштоўнасцяў, назваў каменную «бабу» з Гомельскага музея найбольш каштоўным з артэфактаў, якія назаўсёды былі страчаны ў гады ваеннага ліхалецця.
Да нядаўняга часу факт наяўнасці такога незвычайнага аб’екта ў нашым парку пацвярджаўся толькі ў некаторых выданнях, прысвечаных гісторыі дарэвалюцыйнага Гомеля, а як выглядала каменная баба, нам не было вядома. І вось гэта праяснілася. Зусім нядаўна мы набылі акварэль нямецкага мастака Эміля Лазэ з назвай «Успамін аб гомельскім парку», напісаную ў 1927 годзе. Яна апынулася невялікай па фармаце, але вельмі цікавай па змесце. Мастак адлюстраваў нямецкага вайскоўца (хутчэй за ўсё, сябе) у нашым парку побач з каменнай бабай.
Як вядома, падчас Першай сусветнай вайны ў 1918 году Гомель быў акупаваны немцамі. Мяркуючы па ўсім, наш цудоўны парк тады вельмі спадабаўся Эмілю Лазе, калі праз амаль дзесяць гадоў ён так арыгінальна ўспомніў пра яго на аркушы чацвёртага фармату. Немудрагелісты графічны малюнак, выкананы ў манеры шаржу, з’яўляецца на сённяшні дзень адзінай вядомай нам крыніцай, якая візуальна пацвярджае факт, што калісьці ў нашым парку быў прадстаўлены найстаражытны сакральны помнік. І, што вельмі важна, цяпер мы ведаем, якім ён быў.
Аўтар: Таццяна Шода, галоўны захавальнік фондаў музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля