Сожская культура — археалагічная культура позняга мезаліту (6—5-е тыс. да н.э.) у басейне Верхняга Дняпра. Назва паходзіць ад месцазнаходжання найбольш даследаванай стаянкі Горкі на Сажы.
Сожская культура мае агульныя рысы ў інвентары з помнікамі позняга этапу бутоўскай культуры і нёманскай мезалітычнай культуры, што абумоўлена агульнай свідэрскай культурай — асновай іх фармавання. На рубяжы ранняга і позняга мезаліту помнікі Сожскай культуры пашырыліся ўсюды замест грэнскай культуры.
Сожская культура вылучана ў 1960-я г. У.Ф. Ісаенкам па матэрыялах раскопак К.М. Палікарповіча як макралітычная культура Верхняга Падняпроўя. Паселішчы Сожскай культуры размешчаны па берагах рэк на першых і другіх надпоймавых тэрасах, часта паблізку выхаду крамянёвай сыравіны. Асноўнымі заняткамі насельніцтва былі паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва.
Адметная рыса помнікаў Сожскай культуры — шырокае выкарыстанне ў якасці нарыхтовак для прылад працы адшчэпаў, часта з мелавой скарынкай. Адной з найбольш выразных форм прылад з’яуляюцца наканечнікі стрэл з дакладна агранёных ножападобных пласцін, аформленых у свідэрскай традыцыі. Сярод іншых прылад: разцы, скрабкі і скрэблападобныя прылады, свярдзёлкі, праколкі, сякеркі з перахватам, авальныя, трапецападобныя і востраабуховыя, камбінаваныя прылады (скрабкі-разцы, скрабкі-праколкі і інш.). Вастрыі прадстаўлены формамі са скошаным дробнай рэтушшу канцом і рэтушаванымі краямі.
На Беларусі вядома каля 14 помнікаў Сожскай культуры, найбольш даследаваныя з іх Васілевічы (Жлобінскі раён), Глыбаўка, Новыя Грамыкі, Стаўбун (Веткаўскі раён), Новы Быхаў, Журавель і інш. На думку У.П. Ксяндзова, большасць помнікаў Сожскай культуры ўваходзіць у склад днепра-дзяснінскай культуры, якая існавала ў мезаліце ў басейнах рэк Бярэзіны, Дняпра, Сажа, Дзясны. Генезіс культуры ён звязвае з узаемаўплывам свідэрскай культуры i культуры Лінгбі. Тэрытарыяльна вылучаюць 2 групы помнікаў: заходняя (басейн Бярэзіны) і ўсходняя (басейны Дняпра i Сажа).
Літаратура
- Археалогія Беларусі. Т. 1. Каменны i бронзавы ВЯКІ. Мн., 1997;
- Калечиц Е.Г. Памятники каменного и бронзового веков Восточной Белоруссии. Мн., 1987;
- Ксензов В.П. Палеолит и мезолит Белорусского Поднепровья. Мн., 1988;
- Копытин В.Ф. Памятники финального палеолита и мезолита Верхнего Поднепровья. Могилев, 1991.
Аўтар: Вячаслаў Капыцін
Крыніца: Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. Ст. 375.