Слэнг у беларускамоўным інтэрнэт-дыскурсе (на матэрыяле беларускамоўных старонак рэсурса livejournal.com)

0
761
Сленг і слэнг живой журнал

Тэрмін паходзіць ад англ. slang і выкарыстоўваецца як абазначэнне сукупнасці спецыфічных моўных сродкаў, уласцівых маўленню пэўных сацыяльных груп. Семантычна лексема слэнг блізкая да агульнапрынятага ў беларускім мовазнаўстве тэрміна жаргон. Так, “Англійска-беларуска-рускі слоўнік” перакладае slang як ‘жаргон, слэнг’, што сведчыць пра пэўную семантычную дыферэнцыяцыю сінанімічных тэрмінаў. 3 пункту гледжання класічнага мовазнаўства жаргонная і аргатычная лексіка “выкарыстоўваецца адносна вузкімі сацыяльнымі праслойкамі грамадства” [3, с. 139].

Аднак інтэрнэт нівелюе сацыяльныя адрозненні паміж камунікантамі, з’яўляючыся агульнадаступным інфармацыйным полем. Акрамя таго, існуюць этымалагічныя адрозненні паміж тэрмінамі жаргон і слэнг. Апошні прыйшоў у беларускую мову з англа-амерыканскага лінгвакультурнага дыскурсу і замацаваўся ў інтэрнэт-прасторы як абазначэнне спецыфічнай мовы інтэрнэт-камунікацыі (зрэшты, у некаторых выпадках слэнг выступав як абсалютны сінонім да слова жаргон: напр., студэнцкі слэнг). У інтэрнэт-дыскурсе слэнг выступав як адаптаваная разнавіднасць пісьмовага маўлення, якой уласціва ўскладненне структуры тэкстаў і адначасовае спрашчэнне сінтаксісу, арфаграфіі, марфемнага складу слоў [1]. “Класічным” прыкладам ужывання англа-амерыканскага інтэрнэт-слэнгу з уласцівымі яму скарачонамі напісаннямі з’яўляецца фрагмент сачынення, напісанага 13- гадовай англійскай школьніцай:

“My smmr hols wr CWOT. B4, we usd 2go2 NY 2C my bro, his GF & thr 3 :- kds FTF. ILNY, it’s a gr8 plc” (“My summer holidays were a complete waste of time. Before, we used to go to New York to see my brother, his girlfriend and their three screaming kids face to face. I like New York very much, it’s a great place” – “Mae летнія канікулы былі суцэльным марнаваннем часу. Раней мы звычайна ездзілі ў Нью-Йорк, каб пабачыць майго брата, яго дзяўчыну і іх трох крыклівых дзяцей. Мне дужа падабаецца Нью-Йорк. Гэта цудоўны горад”) [2].

Граматычны лад і фаналагічная сістэма беларускай мовы абумоўліваюць адсутнасць ярка выражанай рэдукцыі графічных напісанняў. Слэнг у беларускім інтэрнэт-дыскурсе набывае шэраг спецыфічных асаблівасцей, абумоўленых як лексіка-граматычным ладам беларускай мовы, так і адметнасцямі сацыякультурнага асяроддзя, у якім адбываецца яе развіццё. Уплыў англа-амерыканскага лінгвакультурнага дыскурсу на гутарковую разнавіднасць беларускага маўлення прасочваецца на лексічным узроўні. Аўтары беларускамоўных старонак сеткавага дзённіка Livejoumal.com карыстаюцца ўтварэннямі тыпу юзар (user – ‘карыстальнік’), юзаць (‘карыстацца’), піярыць (ад PR – ‘public relations’), фрэнд (friend – ‘сябар’), фрэндзіць (‘дадаваць у спіс сяброў’), траблы (trouble – ‘турбота, клопат’, ‘бяда’), камент (comment – ‘каментарый’), камрад (comrade – ‘таварыш’):

Іра, пішу табе кампенсаторны камэнт за доўгія дні і ночы:); Дарагія вельмішаноўныя фрэнды; Навошта мяне зафрэндзіў; Толькі траблы з мікрафонам крыху напружвалі…; часта стрымліваюся і не пішу тыя каменты, каторыя хочацца; Даўно хацела адпіярыць (па-поўнай:)) гэтага новага ЖЖ-юзэра…; Проста каб яна стаяла дома, i можна было вось у такія дні паюзаць…; Карацей, камрады, рэвалюцыя жыве.

Прычынай выкарыстання іншамоўных запазычанняў часта з’яўляецца тэнцэнцыя да эканомп моўных сродкаў. Так, значэнне слэнгавага фрэндзіць перадаецца па-беларуску цэлым словазлучэннем: дадаваць у спіс сяброў. Дзеяслоў юзаць (‘карыстацца’), утвораны ад англійскага кораня паводле прынцыпаў беларускай дэрывацыі, змяшчае меншую колькасць складоў, чым уласнабеларускае карыстацца, што адыгрывае вырашальную ролю ў выбары лексічных сродкаў інтэрнэт-камунікацыі. Некаторыя запазычанні набываюць словаўтваральныя парадыгмы: фрэнд, фрэндзіць, зафрэндзіць, фрэндачка, фрэндэса, адфрэнджванне. Гэты працэс сведчыць пра частковае асваенне англа- амерыканскіх запазычанняў мовай інтэрнэт-дыскурсу.

Сітуацыя білінгвізму, а таксама падабенства беларускага i рускага лінгвакультурнага кантэксту сталі прычынай пранікнення ў інтэрнэт-разнавіднасць беларускага маўлення элементаў рускамоўнага інтэрнэт-слэнгу, сярод якіх вылучаюцца наступныя:

1) русізмы са скажонай марфемнай будовай: У аччоце [рус. скаж. аччот <— отчёт] па Гомлі выкладу пазьней пару замалёвачак; Вопсчэм [рус. скаж. вопсчем <— в общем], без залішніх словаў, вельмі раю да прагляду; на падлозе раней тож [рус. тоже] было утульна сядзець; Прыйдзіце хто-ніць [рус. скаж. кто-нить <— кто-нибудь] да мяне ў госьці; Выапшчэта [рус. скаж. ваапщета <— вообще-то], тэма называецца “Беларускамоўныя знаёмствы; Прынамсі, такі якасны сайцег [рус. скаж. сайтег <— сайтик], прысьвечаны чэмпіянату съвету па фехтаваньні, я бачу ўпершыню.

Дзеля параўнання прывядзем фрагмент пісьмовага выказвання з рускамоўных сайтаў: хде ваапсче такой травы взять, шаб мну как аффтара торкнула?; Я хочу Желание Шоб мне хтонить в асю постучалси; Подскажите музыкальный сайтег; вопсчем есть песенка русская поет мужской голоз; Аццкий аччот об одной поездке… фрагментарно;

2) запазычынні і калькі з рускага слэнгу: прышпільны (рус. прикольный), чувак, тачка, тусоўка, бухаць:

Калі гэты прыём выкарыстоўваеш з дістошнам, выходзіць такі прышпільны візг; Я канешне разумею, што для апазіцыйнай тусоўкі – гэта прышпільны сцёб, але няўжо мы(яны?) такія багатыя, каб выкідываць грошы на “прышпілы; Ну, я вельмі стаміўся, у мяне была доўгая вандроўка, але мне вельмі падабаецца гэтае месца, дужа падабаецца гэтая тусоўка i музыка; Відавочна, чувак вываліўся з паркінгу, прабіў сьцяну; Толькі там было “калі ты ня маеш тачку – ты лох”; Як толькі у яго атрымліваецца бухаць цягам дня, а пасля сядацъ за руль цвярозым.

Ужыванне ў беларускім інтэрнэт-маўленні элементаў рускага слэнгу сведчыць аб неразвітасці дадзенага лексічнага пласта ў гутарковай беларускай мове. Уплыў рускага слэнгу на носьбітаў беларускай мовы прыводзіць да пранікнення ў структуру тэксту дэструктыўных моўных узораў.

Адметнай рысай беларускамоўнага інтэрнэт-дыскурсу з’яўляецца пашырэнне ў ім наватвораў, якія ўзнікаюць на аснове ўласнабеларускіх каранёвых марфем: лецішча (‘дача’), летнік (‘летні лагер’), заплечнік (‘рукзак’), сеціва (‘інтэрнэт’), здымач (‘фотаапарат’), аўтаспын (‘аўтастоп’):

Сёння закінуў заплечнік з газэтамі за плечы і паехаў на сустрэчу; А мы са Зьмітром і яго сябрам (а яны бухія ўжо былі) пайшлі да мяне на лецішча, бо я іх ту ды цягнула; 50 з гакам кропак бяздротавага доступу ў Сеціва абяцаюцъ БТКашнікі зафігачыць; недзе бачыў на днях файную фотку з більярду – трэ было на стол ставіць здымач i шаром у яго цэліць; Спосаб перамяшчэння – аўтаспын, дармовыя маршруткі, безбілетныя электрацыі, ногі-ногі.

Пералічаныя наватворы актыўна ўжываюцца ў беларускім пісьмовым маўленні інтэрнэт-камунікантаў. Так, пошукавая сістэма Google адзначае ўжыванне лексемы заплечнік у 679 выпадках, сеціва – у 77 500 выпадках (прыблізна), аўтаспын – у 15 600 (прыблізна), здымач – у 166 (дадзеныя на 12.09.2007). Адзначым, што пры зборы статыстычных звестак прымаліся пад увагу выпадкі ўжывання лексем толькі ў пачатковай форме. У кантэксце інтэрнэт-дыскурсу гэтыя намінацыі ўспрымаюцца як стылістычна нейтральныя і выступаюць паўнавартасныміт субстытутамі адпаведных моўных адзінак. Асаблівасцю падобных утварэнняў з’яўляецца выразная семантычная матываванасць, адпаведнасць агульнамоўным словаўтваральным узорам.

Такім чынам, у беларускім інтэрнэт-дыскурсе назіраюцца дзве процілеглыя тэндэнцыі: з аднаго боку – узнаўленне ў беларускамоўных пісьмовых выказванняў элементаў рускага інтэрнэт-слэнгу, з іншага – актыўную словатворчасць, імкненне папоўніць слоўнікавы склад беларускай мовы за кошт яе ўнутранага патэнцыялу. Традыцыйна слэнг, як i жаргон, разглядаюцца як негатыўныя з’явы, аднак менавіта яго наяўнасць характарызуе ступень развітасці лексічнай сістэмы мовы ў розных сферах яе функцыянавання. Сітуацыя, калі носьбіты мовы ў нефармальных зносінах карыстаюцца выключна літаратурнай разнавіднасцю маўлення, на нашу думку, выглядае ненатуральнай у параўнанні з ходам развіцця такіх шырока распаўсюджаных моў як руская і англійская, кожная з якіх мае ў сваім складзе кніжную і гутарковую лексіку. Перанясенне ў гутарковую беларускую мову русізмаў і англа-амерыканізмаў (праз пасрэдніцтва рускай мовы) сведчыць пра залежнасць сучаснай беларускай масавай культуры ад расійскага культурнага дыскурсу. Спосабам сцвярджэння беларускай мовы ў сферы інтэрнэт камунікацыі як самабытнай культурнай з’явы патрабуе выпрацоўкі ўласнабеларускага слэнгу. Фарміраванне яго звычайна адбываецца стыхійна, аднак агульныя тэндэнцыі развіцця беларускай мовы ў інтэрнэце сведчаць пра няспынны моўны пошук. Нярэдка наватворы застаюцца аказіянальнымі, спарадычнымі словаўжываннямі кшталту тэлечунь (тэлефон), ужыткаваны (які быў ва ўжытку), бадзялка – ‘вандроўка’ (ад бадзяцца), заўзець (ад заўзяты, заўзятар – літ. ‘балельшчык’). Але некаторыя лексемы (заплечнік, лецішча і інш) атрымалі шырокае распаўсюджанне ў інтэрнэце, паколькі адпавядаюць асноўным мадэлям беларускага словаўтварэння, што сведчыць пра крэатыўны пачатак беларускамоўнага інтэрнэт-дыскурсу. У рускамоўным інтэрнэт-дыскурсе новыя словы ўзнікаюць пераважна за кошт засваення запазычанняў. Нельга не адзначыць таксама агульныя для англійскай і рускай моў тэндэнцыі да максімальнага спрашчэння інтэрнэт-разнавіднасці пісьмовага маўлення, што праяўляецца найперш у разбурэнні арфаграфічнай сістэмы, змяненні фанетычнага аблічча слоў. Хаця правапісныя разыходжанні маюць месца і ў беларускім інтэрнэт- дыскурсе, што абумоўлена існаваннем дзвюх арфаграфічных сістэм (афіцыйнага правапісу і “класічнага”), аднак адметнасцю функцыянавання беларускай мовы ў інтэрнэце з’яўляецца захаванне нязменнай структуры слова (за выключэннем некаторых займеннікаў, дзеясловаў быційнасці, мадальных слоў).

Такім чынам, фарміраванне ўласнабеларускага інтэрнэт-слэнгу стане, на нашу думку, сведчаннем няспыннасці працэсу развіцця беларускай мовы, яе здольнасці служыць паўнавартасным сродкам зносін ў сучасным інтэрнэт-дыскурсе з яго спецыфічнымі камунікатыўнымі ўмовамі. Прыстасаванне беларускай мовы да камунікатыўных патрэб сучаснага інфармацыйнага грамадства пры захаванні яе самабытнасці – адна з галоўных задач, якую час ставіць не толькі перад мовазнаўчай навукай, але i перад кожным носьбітам мовы. Беларуская мова ў інтэрнэце выконвае не толькі утылітарную функцыю сродку зносін: яна мае ўнутраны крэатыўны патэнцыял, які пакуль застаецца нерэалізаваным у поўнай меры. Так, наведвальнікам сайта www.kamputerm.org прапаноўваецца прыняць удзел у стварэнні слоўніка беларускай камп’ютэрнай лексікі на аснове падагульнення індывідуальных словаўжыванняў. Творчы падыход да маўленчай дзейнасці, магчымы пасродкам беларускай мовы, дазваляе камунікантам рэалізаваць праз асобныя маўленчыя акты камунікатыўныя і словатворчыя патэнцыі беларускай мовы. Гэта ў сваю чаргу можа спрыяць развіццю моўнай асобы, фарміраванню яе эстэтычнага i лінгвістычнага густу.

Літаратура:

  1. Иванов, Л.Ю. Язык Интернета: заметки лингвиста / Л. Ю. Иванов // [Электронный ресурс]. – Режим доступа: http://www.ivanoff.ru/ms/QZHWEB.htm. – Дата доступа: 11.09.2007.
  2. Известия.Ру [Электронный ресурс] / Газета “Известия”. – Режим доступа: http://www.izvestia.ru/news/news40964. – Дата доступа: 20.09.2007.
  3. Плотнікаў, Б.А. Беларуская мова. Лінгвістычны кампендыум / Б.А. Плотнікаў, Л.А. Антанюк. – Мінск: Інтэрпрэссэрвіс, Кніжны Дом, 2003. – 672 с.

Аўтар: Валянцін Бойка
Крыніца: Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай: зборнік навуковых артыкулаў VIII Міжнароднай навуковай канферэнцыі, прысвечанай 125-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, 1-3 лістапада. 2008. Ст. 414-417.