Славутыя выпускнікі ГДУ (Эдуард Акулін)

0
293
Славутыя выпускнікі ГДУ (Эдуард Акулін)

Аўтар драматычнай містэрыі «На Каляды», двух песенных магнітаальбомаў («Мая Крывія», «Як яна і я»), кампакт-дыскаў («Напачатку была Песьня», «Песьні залатой Крыві», «Не магу жыць без крыл»); аўтар шматлікіх перакладаў з украінскай, польскай, літоўскай, славенскай, балгарскай і нямецкай моў. Вершы самога паэта перакладаліся на англійскую, француз­скую, італьянскую, украінскую, рускую, польскую, балгарскую, славенскую, харвацкую, серб­скую, літоўскую і латышскую мовы.

На самым пачатку 80-х гадоў у сценах Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта адбывалася станаўленне барда Эдуарда Акуліна. Зразумела, вытокі ягонай спеўнай адоранасці крыюцца значна глыбей. Ён сам сцвярджае, што песня жыцця пачыналася ў Бесядзі. Дыск, куды ўвайшлі выбраныя песні, мае назву «Напачатку была Песьня», дзе ён выказаў свой настрой і адносіны да рэчаіснасці. Як згадваюць сябры і выкладчыкі, юны Эдзік заўсёды спяваў. Амаль ва ўсіх жыццёвых сітуацыях і варунках. Магчыма, так ён правяраў гучанне вершаў, што толькі з’ яўляліся, ці гэта быў проста спосаб існавання маладой таленавітай кіпучай натуры, энергія якой патрабавала выхаду, нават такога даволі дзіўнага і экстрэмальнага для акаляючых.

Якраз тады ён са сваімі сябрамі-аднакурснікамі стварыў ці не першы ў тыя часы рок-гурт «Баскі», названы так па першых літарах прозвішчаў яго ўдзельнікаў (Бяляцкі, Акулін, Скачынскі, Кавалёў), які даволі актыўна выступаў на сцэне актавай залы ГДУ. Зразумела, што для неафітаў патрэбны быў рэпертуар. І гэтае запатрабаванне якраз супала з творчымі арыентацыямі Э. Акуліна. У гэты час ён піша свае адны з першых лірычных кампазіцый, якія назаўсёды прадвызначаць далейшую творчую эвалюцыю аўтара, а таксама тэматычную і жанравую настраёвасць будучых песняў. Якраз творы «Сумую без тваіх кос» і «Сумны дождж», музыку і тэкст да якіх напісаў Э. Акулін, у яго адметным эмацыйным выкананні засведчылі аб нараджэнні цікавага, арыгінальнага барда. Ужо самі загалоўкі гавораць аб тэматыцы твораў. Ну аб чым можа пісаць і спяваць малады хлопец на досвітку жыцця? Зразумела, аб той адзінай і непаўторнай, што так пранікнёна ўвайшла ў жыццё і ўсё засланіла сабою, забрала ягонае сэрца, пакінуўшы толькі сум і радасць у адзіным непаўторным спалучэнні. Для маладога Акуліна каханне становіцца ўсяленскай справай, раўназначней якой няма на зямлі нічога. Як ягоны вялікі настаўнік і ідэал на ўсё жыццё — Максім Багдановіч, Эдуард спрабуе вызначыць, якую ролю адыгрывае ў жыцці хлопца жанчына, ці можа яна стаць сутнасцю і мэтай ягонага існавання: Сумую без тваіх воч, Без кос тваіх смолі чорнай — Чакання майго ноч Не стане ад слёз зорнай.

Смутак юнака запаўняе сусвет, ён невычэрпны, незнішчальны. Не хопіць мільёнаў слоў, каб выказаць яго, бо «Пакуты маёй меч Працяў навылет сэрца». Адразу згадваюцца мінорныя настроі Джо Дасэна, французскі шансон, «Восточная песня» В. Абадзінскага, у якіх лірычны герой адначасова сумуе і праслаўляе сваю абранніцу.

З гэтага часу Э. Акулін становіцца бардам кахання, якое ў ягонай спеўнай лірыцы набудзе самае разнастайнае ўвасабленне. Перафразіруючы славутыя радкі Яўгеніі Янішчыц, бард Акулін сцвярджае, што «Пачыналася ўсё з Любові і закончылася таксама»:

Пачынаецца ўсё з любві
Пацалунак,
жыццё, дарога…
Ты пакліч мяне, пазаві, —
Аднаго я малю ў Бога.

Як і ў народнай песні, усе дзеі кахання адбываюцца на фоне прыроды, бо першае — аснова асноў другога. Любоў у Эдуарда Акуліна — гэта возера, возера не звычайнае, а возера ночы, якое нагадвае «вакно нябыту» (ізноў пераклічка з Максімам Багдановічам), бо захоўвае памяць пра ўсё былое. Цёмнае возера кахання святлее ад лілей, што расцвілі на ім, і ад пакут памяці, на якім крыжуюцца пакуты любові, возера становіцца глыбей і глыбей, бо напаўняюцца шэптамі сноў і надзей («Возера ночы»). Ва ўсе часы закаханых параўноўвалі з птушкамі, бо лічылася, што толькі ў гэтых істот каханне можа быць вечным і непарушным. Каханню лебедзяў зайздросціць лірычны герой песні Э. Акуліна «Як яна і я» (дарэчы, рэфрэн гэтай песні складаецца толькі з гэтых караценькіх слоў, якія паўтараюцца чатыры разы з рознымі інтанацыйна-музычнымі варыяцыямі). Каханне хлопца позняй восенню нагадвае любоў адзінокага сумнага лебедзя, які не ляціць у вырай, бо шукае сваю адзіную:

Ды зіма неспадзявана забяліла сад
І яе са мной не стала, як і не
паткаў.
Толькі лебедзь на
азёрах стрэўся з мараю,
І
забыў пра вырай цёплы з любай параю.

Каханне ў песні, зрэшты, суседнічае з драмай ці, у крайнім выпадку, з сумам, трывогай, бо ўсе, хто яго зведаў, заўсёды знаходзіцца ў страху, што можна страціць гэтае праяўленне Божай міласці назаўсёды. Згадайце класіку — вельмі рэдка любоўная песня заканчваецца шчасліва. Часцей за ўсё іх змест — трывожна-шчымлівы, лірычны герой развітваецца са сваёй любімай і слёзна-тужліва выказвае ёй сваю ўдзячнасць за самыя светлыя імгненні быцця.

Я ня знаю, як буду цябе забываць,
Забываць — выспу сноў чыстаганіць.
Забываць — як цвікі у труну забіваць,
Што была для нас чоўнам Кахання.

Жоўты колер — колер расстання. Вось чаму ў «Жоўтай вяргіні» ён расстаецца з каханнем-дымам, маладым ужо ніколі не будзе свяціць зорка давідна, бо паміж імі стаіць гэтая кветка. Мінорнасць расстання ў песні «Гэта восень» значна ўзмацняецца апісаннем дажджу, што цалуе сляды любай, лістоты, што заносіць сцежкі, лета, што згарае на алтарах, галосна галосіць у каміне. Герой стаіць на самотным парозе, за якім ужо бачыцца будучая зіма. Але і ў такіх ва­рунках ён згадвае «Смак ажын»:

Не кажы, не кажы, не кажы мне бывай,
Не кажы, не кажы, не кажы.
Смак ажын, смак ажын, смак ажын ўспамінай,
Смак ажын, смак ажын, смак ажын.

Паўторы ў прыпеве смак ажын пераплятаюцца з паўторамі не кажы, што выклікае пачуццё суму, глыбокага душэўнага болю. Паўторы гукаў ж, н, ы ствараюць у радку інтанацыю безнадзейнасці, бездапаможнасці. Але надзея павінна быць, і яна з’ яўляецца ў наступных радках:

Я веру, што вернецца лета
З маленнем растайнай імшы.
І словы над сонным Сусветам:
Нічога, прашу, не кажы.

Каханне не ведае межаў, яго нельга стрымаць маральнымі ці іншымі законамі. Вось чаму і ўслаўляецца грэшнае каханне да замужняй жанчыны (раманс «Пане гаспадару»), песня «Чу­жая жонка», дзе згадваецца, што «лягчэй да раніцы любіць, чым мовіць здраднае «кахаю». Відаць таму Э. Акулін уключыў у свой выбраны дыск адзіную песню не на свае словы — песню «Амур і сумны, і прыгожы…», дзе сцвярджаецца, што «Любоў, палёгшы ў побач у трунах, Перамагла і смерці жах».

Некалі Ян Чачот, заснавальнік беларускай любоўнай песні, сцвярджаў, што першаю каханкай нашай павінна быць айчына, другой жа каханкай — дзяўчына. «Толькі Айчына і Зося» мовіў згаданы Чачот у канцы жыцця. Любоў да роднай зямлі, маленькай і вялікай Радзімы, шчодра запаўняе лірыку нашага былога студэнта. Невыпадкова, што візітнай карткай аўтара стала песня «Мая Крывія», якую ён выконвае практычна на кожным канцэрце:

Зямля векавых бароў,
Зямля васільковай рані,
Зямля залатых буслоў
У промнях касых світання.

Ён настолькі любіць сваю Беларусь, што гатовы ўпасці на калені і прасіць Бога, каб той не пашкадаваў сонца для Радзімы і даў народу крылы ў выкананні велічных спраў («Малітва»). Падчас у сваіх песнях-прамовах, у нейкай ступені ў парушэнні законаў жанру, ён звяртаецца да слаўных момантаў нацыянальнай гісторыі, робіць алюзіі на факты далёкай мінуўшыны, як кожны рамантык параўноўвае старажытныя часы і сённяшні дзень і антымістычна сцвярджае, што яшчэ «рана келіх хаўтурны піць па Айчыне».

Ён любіць сваю Радзіму, якая нараджае такіх таленавітых сыноў, як Максім Багдановіч, улюбёны, згадаем яшчэ раз, паэт для Э. Акуліна. Па сутнасці чатыры песні з альбома ў той ці іншай ступені звязаны з гэтай легендарнай постаццю айчыннай культуры. Сучасны бард уяўляе класіка літаратуры пачатку мінулага стагоддзя зоркай, у якую ён ператварыўся пасля фізічнай смерці, каб бачыць з вышыні Радзіму, любіць яе і ахвяраваць, як і раней, свой лёс. А ўсім, каму скрушна, няўтульна ў свеце, ён будзе свяціць святлом далёкай зоркі. Свой лёс Максім Багдановіч прадказаў у баладзе «Страцім-лебедзь», дзе аплакаў сваю адзіноту і блізкую смерць. У песні Э. Акуліна з такім жа загалоўкам ухваляецца подзвіг свайго вялікага папярэдніка і цяпер ён марыць даляцець да гэтага дзіўна-незвычайнага птаха.

Жанравая палітра песні Э. Акуліна даволі разнастайная. Так, у яго рэпертуары ёсць адметная «Калыханка» для беларускіх дзетак, даволі ўзнёслы і ў той жа час традыцыйна сумны для паэта «Вальс».

У аснове песняў Э. Акуліна ляжыць сапраўдная паэзія, таму вельмі багатая яе вобразна-выяўленчая сістэма. Мова паэта насычана фанетычнымі моўнымі сродкамі, дзе незвычаныя паўторы гукаў, складоў, слоў перадаюць эмацыянальнае ўзбуджэнне і перажыванні лірычнага героя:

Згатуеш двайную каву,
Закрыеш на ключ кватэру
І знойдзеш сабе падставу
І змусіш мяне паверыць.

Патушыш таршэр у куце,
Слязою шчаку асвеціш
І нават прасіць не будзеш,
Каб я цябе зноўку стрэціў.

Яскрава заўважна нагнятанне дзеяння за кошт паўтору дзеясловаў, дзе ў кожным прысутнічае гук ш, які нібы перадае шэпт лірычнага героя ў сувязі з асноўнай думкай песеннага твора.

Незвычайныя параўнанні (У душу, бы ў пустую вазу; Забываць — як цвікі ў труну забіваць, Што была для нас чоўнам Кахання; ..лунае горда бусел, як сімвал незалежнай, свабоднай Белай Русі; Твой смутак пранізліва-горкі, як смак недаспелых ажын і інш.) і цудоўныя метафарычныя вобразы прыцягваюць да сябе навізной аўтарскага светаўспрымання: Плыла восень над зямлёю; Палячу ссірацелым ветрам; Начное возера надзей; Забяры мяне ў дождж валасоў І пяшчоту расчуленых вуснаў; Ты і я пакідаем свечкі У забытай царкве пяшчоты і інш. Усё гэта надае своеасаблівую адметнасць песеннай лірыцы барда.

Эдуард Акулін — аўтар васьмі паэтычных зборнікаў (першы «Лёс дзённага асвятлення» — 1988; апошні «Святая ноч» — 2013), сёння — галоўны рэдактар літаратурна-мастацкага часопіса «Верасень».

Аўтар: І.А. Бароўская
Крыніца: Юбилейная научно-практическая конференция, посвященная 85-летию Гомельского государственного университета имени Франциска Скорины (Гомель, 17 июня 2015 г.): материалы: в 4 ч. Ч. 1 / редкол.: О. М. Демиденко (гл. ред.) [и др.]. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2015. С. 153-155.