Сістэма антрапонімаў у мове раманаў Івана Мележа “Палеская хроніка”

0
111
Сістэма антрапонімаў у мове раманаў Івана Мележа Палеская хроніка

З’яўляючыся састаўной часткай анамастыкі, антрапонімы ў якасці дэнататаў іменавання маюць чалавека як сацыяльна-грамадскую асобу і літаратурны персанаж як прадукт яго мастацка-эстэтычнага адлюстравання ў творы.

Антрапонімы — двух’ярусныя знакавыя сістэмы: адна з якіх — іменнік рэальных членаў соцыуму; другая — іменнік літаратурных персанажаў. Абедзве гэтыя сістэмы выконваюць функцыю іменавання чалавека: у першым выпадку — рэальна існуючага, у другім — яго мастацкага вобраза. Аднак антрапонім у соцыуме і антрапонім у мастацкім тэксце ідэнтыфікуюць чалавека адрозна: у соцыуме — ахарактарыстычна; у мастацкім тэксце — пераважна характарыстычна, з указанием на якасці, закладзеныя ў плане зместу оніма, эстэтычная функцыя якога прама ці ўскосна накладваецца на функцыю ідэнтыфікацыйную.

В.І. Фанякова разглядае эстэтычную функцыю літаратурных антрапонімаў як лінгвістычную тыпалагічную універсалію, уласцівую разнамоўным літаратурна-мастацкім тэкстам: кожнае імя ўключаецца ў шматбаковыя сувязі тэксту не само па сабе, а ў цеснай залежнасці ад блізкага і агульнага кантэксту [4, 9-10].

Абагульняльных даследаванняў літаратурных антрапонімаў у мовазнаўстве недастаткова: тэта новы ў лінгвістыцы навуковы напрамак. Апрача прац В.І. Фаняковай, неабходна адзначыць шэраг іншых, у якіх даецца інтэрпрэтацыя заканамернасцей наймення літаратурных персанажаў і функцыянавання антрапонімаў, — В.Б. Бандалетава, Л.В. Белай, М.В. Гарбанеўскага, В.В. Громавай, Ю.А. Карпенкі, Э.Б. Магазаніка, Б.А. Ніканава, А.В. Суперанскай, А.В. Суславай.

У айчынным мовазнаўстве асобныя аспекты літаратурнай антрапаніміі вывучалі Г.І. Басава, С.Ф. Бут-Гусаім, В.П. Грынёва, Г.М. Мезенка, В.І. Рагаўцоў, В.В. Шур і інш.

Не былі прадметам даследавання антрапонімы мовы раманаў Івана Мележа “Палеская хроніка”. Між тым раманы вызначаюцца дасканаласцю эстэтычнай сістэмы, аснову якой складае мастацкая арыентацыя на народную мову. Рэалізуючы названую з’арыентаванасць, пісьменнік выкарыстоўвае народныя моўна-вобразныя сродкі, у ліку якіх належнае месца адводзіць антрапонімам. Апошняе абумоўлена тым, што антрапонімы пры ўмове майстэрскага ўвядзення ў мастацкі тэкст валодаюць эстэтычнай значымасцю.

Пісьменнік наследуе класічны лінгвістычна-эстэтычны вопыт адбору і стварэння антрапонімаў у рэчышчы наватарскіх пошукаў і адкрыццяў, застаючыся творчай індывідуальнасцю. Ім выкарыстоўваюцца асабовыя імёны, большасць з якіх належыць агульнанароднаму ці этнарэгіянальнаму антрапанімікону, якім быў антрапанімікон Мазырска-Прыпяцкага Палесся, арэалу, багатага на этнамоўную самабытнасць (Аўсей, Хадоська, Хоня). Асобныя антрапонімы ствараюцца творчай фантазіяй мастака слова паводле наяўных у мове сінхранічных тыпаў і мадэлей (Апейка). Прычым у першым і другім выпадках — з улікам суб’ектыўнага фактару, абумоўленага асобай пісьменніка і імем прататыпа, якое трансфармуецца ў літаратурнае з захаваннем адной абавязковай умовы — адпаведнасці вобраза яго намінацыйнай праекцыі. Дасягаецца апошняе накладаннем семы даантрапанімічнай на сему антрапанімічную.

Адбор літаратурных антрапонімаў — суб’ектыўны працэс, абумоўлены многімі мастацка-эстэтычнымі фактарамі, найважнейшымі з якіх для Івана Мележа былі: народны погляд на рэчаіснасць, гуманістычная канцэпцыя існасці чалавека, імкненне глыбінна ўвайсці ў гістарычны час, ствараемыя мастацкія характары. Неадназначнасць жыццёвых абставін, узровень класічных маўленчых літаратурных традыцый прадвызначылі наяўнасць у мове раманаў розных тыпаў антрапонімаў — адносна нейтральных (Апейка, Башлыкоў, Дзяцел і інш.), экспрэсіўна-ацэначных (Дубадзел, Маёвы, Ярашчук) і з падтэкстам (Глуишк, Корч, Мормаль і інш.). Аб’емная напоўненасць іх прама ці ўскосна вынікае з арыентаванасці майстра слова на інтэлектуальную мастацкую прозу, якая ў большай меры, чым белетрыстычная, садзейнічае далучэнню да творчага працэсу стварэння мастацкіх характараў, пры якім чытач у той ці іншай меры становіцца даследчыкам-лінгвістам і даследчыкам-літаратуразнаўцам: прымае ці не прымае канкрэтны вобраз і моўныя сродкі яго стварэння. Прымае — калі абазначанае (літаратурны персанаж) і абазначаючая (літаратурны антрапонім) патрабуюць інтэлектуальных пошукаў іх моўна-маўленчых і мастацка-эстэтычных суадносін. I не прымае — калі такіх пошукаў не патрабуецца, што бывае пры “паверхневай” значымасці антрапоніма ў дачыненні да яго носьбіта. Гэтая акалічнасць стала вызначальнай у абмежаванасці экспрэсіўна-ацэначных антрапонімаў у параўнанні з адносна нейтральнымі і антрапонімамі з падтэкстам.

Сістэму антрапонімаў у мове раманаў утварае лексіка-семантычны разрад уласных імёнаў, у склад якіх уваходзяць мянушкі, прозвішчы, уласныя асабовыя імёны і імёны па бацьку. Яны ў арганічнай сукупнасці з няўласнымі асабовымі імёнамі і метафарычнымі выразамі ідэнтыфікуюць літаратурны персанаж, канатацыйна прэзентуюць яго якасці, учынкі і паводзіны, выконваючы спецыфічную лінгвістычна-эстэтычную функцыю моўна-вобразных сродкаў. У класічных творах, якімі з’яўляюцца раманы “Людзі на балоце”, “Подых навальніцы”, “Завеі, снежань”, кожны з літаратурных антрапонімаў — неад’емная частка іх антрапанімічнай сістэмы, якая матывавана логікай мастацкага даследавання рэчаіснасці, забеспячэннем унутранай лінгвістычнай гармонії персанажа і антрапоніма з кампанентамі анамастычнай прасторы твора.

Мянушка як неафіцыйнае асабовае імя даецца літаратурнаму персанажу паводле яго фізічных (Бугай), псіхічных (Баран) характарыстычных якасцей, сацыяльна-побытавага ўкладу жыцця (Корч) звычайна не жартоўна. Жартоўны аспект мянушкі не цікавіць пісьменніка. У мастацкім тэксце на першае месца выстаўляецца яе сацыяльная значымасць, якая ў эстэтычнай сістэме твора з’яўляецца асабліва важнай і рэалізуецца падтэкстна на ўзроўні макратэксту. План зместу мянушкі толькі знешне звязаны з апелятывам, унутраная ж яе сутнасць вынікае з метафарызаванага накладання семы апелятыва на патэнцыяльна лакаемую сему антрапоніма: значэнне антрапонім аірымлівае інтэрферэнтна характарыстычнае, якое эстэтычна праяўляецца ў “напаўненні “асобы літаратурнага персанажа, у адэкватных учынках і паводзінах. Падпадаюць пад такі накірунак усе мянушкі, нават тыя з іх, якія знешне ці для канспірацыі ідэнтыфікуюць літаратурны персанаж: у гэтых выпадках іх значымасць праяўляецца праз асацыятыўныя ўзаемасувязі літаратурнага персанажа з яго сацыяльна-абумоўленымі дзеяннямі.

Прозвішча як антрапонім на ўзроўні мастацкага тэксту асобна ці ў спалучэнні з уласнымі ці няўласнымі асабовымі імёнамі ў дачыненні да літаратурнага персанажа, сюжэтнадзейнага ці не сюжэтнадзейнага, выконвае ідэнтыфікацыйна-дыстынктыфікацыйную функцыю, называючы і адначасова ўказваючы прама ці апасродкавана, у большасці выпадкаў апасродкавана, на якасць, якая ў многім абумоўлівае яго ўнутраную існасць, учынкі і паводзіны. З’яўляючыся марфаналагічна адпаведнымі наяўным у мове сінхранічным ці дыяхранічным анімічным тыпам ці мадэлям, яны ўключаюцца ў разнастайныя сувязі і ўзаемасувязі з мянушкамі, з уласнымі асабовымі і неасабовымі імёнамі, з мікра- і макракантэкстамі, садзейнічаюць раскрыццю, удакладненню ці паглыбленню іх канатацыйных семантычных аб’ёмаў, скіроўваюць чытача на патрэбныя лінгвістычна-эстэтычныя пошукі і даследаванні.

Наследуючы класічны моўна-эстэтычны вопыт папярэднікаў, найперш коласаўскія традыцыі, Іван Мележ як пісьменнік застаецца творчай індывідуальнасцю: адбірае ці стварае прозвішчы і ўводзіць іх у мастацкі тэкст, канатацыйны план зместу якіх патрабуе выяўлення праз раскрыццё семантычнай асацыятыўнасці з семантычнымі першаасновамі-апелятывамі ці іх аднакаранёвымі этымонамі як вынік працэсу накладання іх сем на сему антрапоніма, якая становіцца не роўнай суме складаемых, а інтэрферэнтна пазначанай (Апейка, Беразоўскі і інш.). Гэтая акалічнасць выклікана тэндэнцыяй да інтэлектуалізацыі мастацкіх твораў, у рэчышчы якой ствараліся раманы “Палескай хронікі” і ў мове якіх экспрэсіўна-ацэначныя прозвішчы (Дубадзел, Маёвы, Ярашчук) у параўнанні з прозвішчамі адносна нейтральными і з падтэкстам набылі абмежаванае ўжыванне.

Уласныя асабовыя імёны і імёны па бацьку падтрымліваюць інфармацыйны зарад, закладзены мянушкамі і прозвішчамі, прычым забяспечваюць яго на новых зрэзах анамастычнага ўзроўню, якімі з’яўляюцца: а) першапачатковая форма ўласнага асабовага імя, звычайна адпаведная народнай ці этнарэгіянальнай (Аўсей, Параска, Мітрахван і інш.); б) вытворная ад першапачатковай формы, пераважна эмацыйна-афарбаваная (Гануля, Хадоська, Хведзька і інш.), якія ў сукупнасці фарміруюць успрьшяцце літаратурнага персанажа на канкрэтным этапе дзейнасці, уплываюць на складванне адносін да яго і стварэнне адпаведнага пачуццёвага фону. У многіх вьшадках уласнае асабовае імя з’яўляецца адзіным сродкам персаніфікацыі літаратурнага персанажа, асабліва ў дачыненні да асоб жаночага полу і дзяцей (Валодзъка, Хадоська, Хоня і інш.), чым дадаткова падкрэсліваецца сацыяльнае становішча мужчыны, жанчыны і дзяцей ў грамадстве, ix роля ў гаспадарча-побытавым укладзе жыцця. Адрознай змястоўна стылістычнай функцыяй надзелены імёны па бацьку, іх атрымліваюць у мастацкім тэксце літаратурныя персанажы больш высокай сацыяльнай прыступкі — прадстаўнікі ўлады (Іван Анісімавіч, Аляксей Іванавіч, Аляксандр Рыгоравіч) і паважаныя настаўнікі (Параскева Андрэеўна, Сцяпан Уласавіч і інш.), аўтарытэты старэйшых у вяскоўцаў (Аўдоцця Пятроўна, Дзяніс Ігнатавіч і інш.). Уласныя асабовыя імёны і імёны па бацьку ў мастацкім тэксце пераважна пазбаўлены канатацыйнай значымасці, набываюць яе толькі сітуацыйна, у залежнасці ад неабходнасці ўспрыняць персанаж як прадстаўніка сацыяльнага асяроддзя. Яны маркіраваныя: уласнае асабовае імя-назоўнік мужчынскага роду — літаратурны персанаж мужчынскага полу, уласнае асабовае імя-назоўнік жаночага роду — літаратурны персанаж жаночага полу. У дачьшенні да дзяцей ужываюцца памяншальна-ласкальныя формы імя (Мотрык, Петрык, Хведзька і інш.).

Антрапанімікон раманаў Івана Мележа “Палеская хроніка” — пацвярджэнне яго глыбіннай далучанасці да народнага жыцця, арганічнай сувязі з этнапобытам беларускага народа, яго этнарэгіянальнымі вытокамі, з агульнанароднай і народна-дыялектнай мовай як крыніцай моўных скарбаў.

Літаратура

  1. Мележ, І. Збор твораў: у 10 т. / І. Мележ. — Мінск: Маст. літ., 1981. — Т. 5: Людзі на балоце: раман з “Палескай хронікі”. — 415 с.
  2. Мележ, І. Збор твораў: у 10 т. / І. Мележ. — Мінск: Маст. літ., 1982. — Т. 6: Подых навальніцы: раман з “Палескай хронікі”. — 573 с.
  3. Мележ, І. Збор твораў: у 10 т. / І. Мележ. — Мінск: Маст. літ., 1983. — Т. 7: Завеі снежань: раман з “Палескай хронікі”. — 558 с.
  4. Фонякова, О.И. Имя собственное в художественном тексте / О.И. Фонякова, — Л.: ЛГУ, 1990. — 104с.

Аўтары: В.В. Струкаў, Я.В. Струкаў
Крыніца: Полесский регион и наука XXI века: материалы VII Республиканской научно-практической конференции магистрантов, аспирантов и молодых ученых / редкол.: И. Н. Кралевич (отв. ред.) [и др.]. – Мозырь: МГПУ, 2011. – С. 50-54.