Сімволіка раслінных і жывёльных вобразаў вясельнай песні Гомельшчыны

0
745
Сімволіка раслінных і жывёльных вобразаў вясельнай песні Гомельшчыны

Чалавецтва, утворанае з мноства культур, цывілізацый, плямёнаў, рас, народаў, выпрацавала незлічоную колькасць варыянтаў вясельных абрадаў. Іх практычна немагчыма падагульніць і сістэматызаваць, яны трансфармуцца, змяняюцца ў часе. На месца аджылых прыходзяць новыя. Адны з іх займальныя, другія экзатычныя, трэція, здавалася б, супярэчаць здароваму сэнсу. І тым не менш усе яны — адлюстраванне чалавечага духу і светаразумення ў розных кодах і сімвалах. Так, ва ўсіх народаў свету ў вясельнай абраднасці выкарыстоўваліся раслінныя сімвалы: кветкі, абсыпанне маладых жытам, рысам ці іншым зернем і арэхамі; асвяшчэнне будучай сям’і хлебам — усё гэта знакі жыцця, плоднасці, багацця, дабрабыту, шчасця. З цягам часу звычайны круглы хлеб пераўтвараўся ў багата ўпрыгожаны каравай. Значную ролю адыгрывала вясельная вопратка маладой. Як зазначыў Я. Крук, увесь комплекс убрання маладой валодаў аберагальнай, магічнай, лекавай здольнасцю [1, с. 3].

У сімвалах зафіксаваны рэшткі старажытных міфаў, фактычна яны ўяўляюць сабой ключ да разумення этнакультурнай карціны свету. Увогуле, як падкрэсліла В. Каспяровіч, «фальклорны тэкст немагчыма зразумець без ведання мовы сімвалаў і паэтычных іншасказанняў. Рэальнасць ствараецца ў ім у яднанні прамога адлюствання рэчаіснасці з умоўным, якое ідзе ад найстаражытнейшых традыцый.. .Сімваламі могуць з’яўляцца не толькі моўныя адзінкі (словы і словазлучэнні), але і дзеянні, і рэчы» [2, с. 98]. У абрадзе гэтыя тры складнікі — вербальны, акцыянальны і рэальны (паводле тэрміналогіі расійскага вучонага М. І. Талстога, коды) — дзейнічаюць непарыўна [2, с. 98].

Адна з характэрных асаблівасцей беларускай вясельнай песні заключаецца ў наяўнасці багатай сімволікі, рознай па свайму значэнню.

Сімволіка вясельнай песні выступае ў сваёй прадметнай сітуацыйнай канкрэтнасці і выклікае разнастайныя, неадназначныя паэтычныя асацыяцыі. Яны выступаюць самастойнымі вобразнымі сродкамі, што пацвярджае абрадавую абумоўленасць твора, складанасць чалавечых пачуццяў, адлюстраваных у ім.

Напрыклад, вобраз каліны сімвалізуе дзявочую чысціню, маральна-духоўную прыгажосць, галубы — сваты, сокал — жаніх, ручнік — сімвал яднання маладых, хлеб — сімвал дастатку, дабрабыту і г. д. [3, с. 13-14].

Багацце ідэйна-тэматычнага зместу абумовіла вялікую колькасць сімвалаў у вясельных песнях, іх паэтычнае хараство, высокую мастацкую дасканаласць. Сімволіка выкарыстоўваецца не толькі ў песнях, якія маюць кампазіцыю «сімвалічная частка плюс рэальная». Яна ўжываецца і ў экспазіцыі песень з сімвалічнай, умоўна-паэтычнай і рэальнай часткай. Сімволіка функцыянуе часцей за ўсё ў дзвюх першых: пачынаецца сімвалічная экспазіцыя з карціны вясельнага рытуалу ці з вобраза з выкарыстаннем метафары, алегорый [3, с. 14].

Сімвалічны сэнс вобразаў вясельнай песні вызначаецца тым, што ён не толькі акрэслівае, але і дапамагае ў агульных рысах лакалізаваць малюнак ці карціну вясельнай дзеі. Там, дзе для рэалізацыі галоўнага сэнсу (мастацкай ідэі) неабходна раскрыць карціну, сімволіка з яе эканомнай выяўленчай палітрай дазваляе дасягнуць жадаемага выніку. Вобразы-сімвалы набываюць характэрныя рысы і ўключаюць у сябе магчымасць рознай іх трактоўкі ў залежнасці ад ролі ў творы і функцыі ў абрадзе. Але галоўная адметнасць захоўваецца ў творах, аб’яднаных агульным тэматычным адзінствам.

Сімволіка з’яўляецца канкрэтнай формай раскрыцця ідэі ў адпаведным вобразе, з’яве. Менавіта вобразная форма матэрыяльнага ўвасаблення ідэі надае сімвалу асацыятыўны характар, закранае ў сваім функцыянаванні асобныя бакі духоўнага жыцця чалавека.

Сімвалічныя прадметы і з’явы, выкарыстоўваемыя ў вясельным абрадзе, адлюстроўваюць уласцівасці і адносіны ў сваім пачуццёва-канкрэтным вобліку і ўвасабляюць адпаведны чалавечы сэнс, усю шматгранную сукупнасць грамадскіх, рытуальна-этнічных нормаў чалавека. Сімволіка беларускіх вясельных песень некалькі адрозніваецца ад сімволікі ў другіх песнях тым, што яна атрымлівае ў гэтых творах больш дакладную расшыфроўку.

Своеасаблівасць сімволікі вясельных песень падкрэслівае арганічную народнасць, глыбокую нацыянальную самабытнасць гэтага віду твораў абрадавага фальклору [3, с. 15].

Сімволіку вясельнай песні арганічна дапаўняе вобразны паралелізм, заснаваны на супастаўленні асобы, пэўнага дзеяння, стану або ўласцівасцей чалавека са з’явамі прыроды, рэаліямі жывёльнага або расліннага свету, які адлюстроўвае арганічную сувязь чалавека з прыродай, адухаўленне ім усіх яе праяў. Як адзначаюць даследчыкі, вобразны паралелізм можа быць псіхалагічным, калі ён дапамагае раскрыць унутраны, душэўны стан персанажа песні, і фармальным, музычна-рытмічным, не звязаным з унутраным зместам верша [4, с. 42-44].

У вясельных песнях Гомельшчыны вобразны паралелізм найчасцей бывае псіхалагічным, калі знешняя прыгажосць, маладосць нявесты, яе вясёлае, бесклапотнае жыццё ў родным доме, а таксама статнасць, мужнасць і фізічная моц жаніха супастаўляюцца з пэўнымі рэаліямі расліннага свету, тыповымі для народна-паэтычнай сімволікі. Тут часта сустракаюцца як жаночыя, так і мужчынскія вобразы.

Сімвалічны вобраз каліны ў беларускіх народных і вясельных песнях — адзін з самых распаўсюджаных і сэнсава шматгранных (між іншым, у рускіх і ўкраінскіх песнях — таксама). Каліна (звычайна чырвоная каліна або красная каліна — у значэнні «прыгожая») — гэта і вобраз дзяўчыны на выданні, нявесты: Непраўдзівая калінка, сказала: «Цвісці не буду, белага цвяточка не люблю»А як прыйшла пара, Зацвіла, Белы цвяточак палюбіла [5, с. 138].

Бяроза ў вясельных песнях — гэта сама нявеста. Іншы раз бяроза фігурыруе ў пары з яварам — іх збліжэнне, перапляценне іх каранёў і голля азначае ўступленне хлапца і дзяўчыны ў шлюб: — Ой, белая бярозонько, Да чаму ж ты не зялёная.Ой, як жамне зялёнай быць, Што дзянёчка купцы едуць… [5, с. 221].

Сустракаюцца і вобразы-сімвалы ёлачкі — вельмі тыповыя і характэрныя для сімволікі беларускіх вясельных песень: Ой, ёлачка борова, Ты ў боры расла, шумела, Дарогаю йшла, звінела. На столе стала, заззяла, Усю сваю родзіненьку сазвала, Усю сваю родзіненьку звесяліла, А сваю родну мамку засмуціла [5, с. 82].

Значна радзей, чым разгледжаныя, сустракаюцца ў вясельных песнях Гомельшчыны іншыя жаночыя вобразы-сімвалы з расліннага свету: Ох, стаяла, буяла Канапелька ў агародзе, Ой, не даў ёй ветрычак Ёй пастаяці, коскай памахаці, А тады расплёў яе косачку І разліў яе слёзачку [5, с. 21]; Чырвоная вішня З-пад кораня выйшла. Не аддай мяне, маці, Гдзе я не прывычна [5, с. 123]; Зялёная яварыначка, Чаго ў цябе явароў многа, Зялёнага даніводнага, Атростачку ды ні з аднаго [5, с. 155].

Жаночыя вобразы-сімвалы, узятыя з жывёльнага свету, па колькасці і месцы, якое яны займаюць у вясельных песнях, бадай што не ўступаюць вобразам з расліннага свету, таксама і мужчынскія. Часта сустракаюцца наступныя: Ляцелі галачкі ў чатары радочкі, Зязюля наперадзе. [5, с. 120]; А лятаў салавейка па лясу, А маркотненька салавеечку аднаму.Каб была са мной шэрая зязюля, Лятаў бы я за ёй нізенька, Шчабятаў бы з ёй шчырэнька, На адным судочку седзячы, Адну з ёю ягадку клюючы [6, с. 127]; Ой, ляцелі галубяткі Цераз мой зялёны сад. Выхадзі, падруга, замуж — Не варочайся назад [5, с. 170]; Гуляй, гуляй, белая_рыба, Па сіняму мору, Як пойдзеш ты на Ціхія воды, Рыбакі паймаюць [5, с. 158]; Беглі конікі сівыя, Звянчалі дзевачку сілаю. Звянчалі яе не дарам, Звянчалі яе за грошы, Штоб быў мужык харошы [5, с. 343]; Сакалок да бору ляціць, Зязюлька пералятае. Колечка дадому ідзе, Лідачка перапыняе [4, с. 58].

Такім чынам, сімволіка раслінных і жывёльных вобразаў вельмі пашырына ў вясельных песнях Гомельшчыны. Яна вызначаецца разнастайнасцю семантыкі, павялічвае стылістычны патэнцыял вясельнапесеннага дыскурсу і павышае выяўленча-выразныя магчымасці паэтычнага слова.

Літаратура

  1. Крук, Я. Сімволіка беларускай народнай культуры / Я. Крук. — Мінск, 2000.
  2. Каспяровіч, В. Сімвалы беларускага вяселля / В. Каспяровіч // Роднае слова. — 2005. — № 4.
  3. Мацюх, М. Д. Паэтыка вясельнай песні: кампазіцыя, выяўленчыя сродкі: эпітэт, сімволіка, метафара: аўтарэф. дыс. … канд. філал. навук: 10.01.09 / М. Д. Мацюх; НАН Беларусі, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору.
  4. Гілевіч, Н. С. Паэтыка беларускай народнай лірыкі: Слова і вобраз. Паэтычны сінтаксіс. Гукапіс і рыфма / Н. С. Гілевіч. — Мінск: Выш. шк., 1975. — 288 с.
  5. Вяселле на Гомельшчыне: фальклор.-этнаграф. зб. / уклад. І. Ф. Штэйнер, В. С. Новак. — Мінск: ЛМФ «Нёман», 2003. — 472 с.
  6. Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыцыйныя жанры: Гомел. вобл. / уклад. В. А. Захарава [і інш.]; уклад. муз. часткі У. І. Раговіч. — Мінск: Універсітэцкае, 1989. — 384 с.

Аўтар: К.У. Дземідзенка
Крыніца: Беларусь в современном мире: материалы VIII Междунар. науч. конф. студентов, аспирантов и молодых ученых, Гомель, 5 мая 2015 г. / М-во образо­вания Респ. Беларусь, Гомел. гос. техн. ун-т им. П. О. Сухого, Гомел. епархия Белорус. православ. церкви; под общ. ред. В. В. Кириенко. — Гомель: ГГТУ им. П. О. Сухого, 2015. – С. 194-197.