Што ў назве тваёй, Прыпяць?

0
511
Прыпяць

Палессе… У каго пры гэтым слове не ўзнікаюць асацыяцыі з бязмежнымі водамі і туманамі, камарамі, пясчанымі выспамі, мохам на комлях старых ялін. Шырокая Прыпяць цячэ між зялёных берагоў на усход, да Дняпра, а з усіх бакоў да яе накіроўваюцца бясконцыя вялікія і малыя прытокі. Веснавой паводкай, калі берагі ракі абазначаны паласой тырчашчых з вады дрэў і хмызняку, Прыпяць нагадвае мора, і толькі дзесьці ўдалечыні, на пясчаных узвышшах, ледзь прыкметна сінее лес.

Як сведчаць рускія географы XIX ст., балоты ў даліне Прыпяці займалі чвэрць усёй тэрыторыі. Большасць з іх была зусім непраходнай, хіба што ў час засухі ці моцных маразоў. Але і ў сухі перыяд года берагі Прыпяці, напрыклад на ўсход ад Пінска да вусця Лані, у многіх месцах ледзь узнімаліся над вадой, утвараючы вузкую палоску, за якой пачыналіся суцэльныя балоты. У былым Мазырскім павеце толькі левы бераг ракі, а таксама наваколле Турава і Мазыра было больш узвышаным і зручным для пражывання.

Цікава, што агромністыя балотныя масівы Палесся мелі ў мінулым, магчыма, і дагэтуль захавалі свае гістарычныя назвы. Гэтыя старадаўнія геаграфічныя назвы, якія змешчаны ў старых пісцовых кнігах, актах, імянных і геаграфічных паказальніках да гэтых дакументаў, у апісаннях прыроднага ландшафту, у даследаваннях па геаграфіі краю, уяўляюць вялікую навуковую каштоўнасць.

Асаблівыя назвы ў мясцовых жыхароў атрымлівалі, перш за ўсё, тэрыторыі, прыгодныя для засялення і апрацоўкі зямлі, а таксама тыя, якія былі зусім недаступнымі, занятымі непраходнымі багнамі. Сухі і больш узвышаны раён знаходзіўся паміж рэкамі Ясельдай і Пінай, каля горада Пінска. Уся тэрыторыя на захад ад горада яшчэ параўнальна нядаўна називалася Загароддзем, а жыхароў Піншчыны называлі загародцамі. Супрацьлеглая Загароддзю прастора, прымыкаўшая да Пінска з паўднёвага ўсходу, паміж паўднёвым берагам Піны, часткай Ясельды і Прыпяці і ракі Стыр, называлася Зарэччам, а мясцовыя жыхары — зарачанамі. Лясы і балоты, што раскінуліся з другога боку па берагах рэк Цна, Лань, Морач і Случ, у канцы мінулага стагоддзя мелі назвы Стрыж, Адрына, Жарнова, Гайдзін, Гвозса, Одр. Самае вялікае балота ўздоўж ракі Морач называлася Люцень.

На тэрыторыі сучасных Жыткавіцкага, Салігорскага і Слуцкага раёнаў знаходзілася вялізнае адкрытае і непраходнае балота Грычын, якое рускія географы XIX ст. лічылі астаткам палескага возера. Каб зразумець, што гэта за “палескае возера”, трэба зноў звярнуцца да даследаванняў па гістарычнай геаграфіі, згодна з якімі даліна Прыпяці ў далекім мінулым была дном возера. У яго ўпадалі шматлікія рэкі, якія адкладвалі ў дэльтах розны наносны матэрыял і такім чынам як бы адбіралі ў возера тэрыторыю. Так працягвалася да таго часу, пакуль паўночныя і паўднёвыя прытокі не сустрэліся ў цэнтральнай частцы возера і не ўтварылі адну агульную раку, якая панесла свае воды ў даліну Дняпра1.

Рэдкае насельніцтва, якое жыло побач з балотам Грычын і на навакольных тэрыторыях, звалася замшукамі. Мясцовасць па цячэнню Сцвігі ў XIX ст. была пакрыта амаль безупыннымі балотамі, якія называліся Волхавымі.

Дзяленне геаграфічнай прасторы на прыгодныя для апрацоўкі і пражывання землі і непрыгодныя ўскосна ўздзейнічала на сістэму назваў шматлікіх рэк, ручаёў басейна Прыпяці. Суседнія рэкі, а нярэдка левыя ці правыя прытокі ракі мелі аднолькавую назву. Такая з’ява называецца “люстраной” тапаніміяй.

Асабліва часта паўтараюцца такія назвы, як Турыя (Тур’я, Турэйка) — каля дваццаці разоў, Жалонь (Жалонка, Жалонька, Зольня) — каля дзесяці разоў, а таксама Бобрык, Bem (Віць), Маства, Сцвіга (з ранейшай формы Мсцвіга) і іншыя.

Існаванне аднолькавых назваў рэк, акрамя іншых прычын, тлумачыцца яшчэ і вопытам рэгулярнага выкарыстання іх як шляхоў зносін, што пацвярджаецца падобнымі з’явамі ў іншых рэгіёнах. Густая рачная сетка Палесся давала магчымасць з даўніх часоў выкарыстоўваць рэкі і як магістральныя водныя шляхі, і для мясцовых зносін. Галоўнай транспартнай магістраллю з’яўлялася Прыпяць, якая то разгаліноўвалася на шматлікія рукавы, то зноў злучалася, прымаючы ў сябе 123 ракі і рэчкі2. У мінулым яна мела некалькі назваў. У верхнім цячэнні ў розных месцах яе называлі па-рознаму — Пірок, Стаход і Струмень. Імя Прыпяць рака атрымлівала ў прамежку ад месца злучання яе з Ясельдай і Стырай.

Вядомыя нам назвы пэўных рэк узнікалі заўсёды ў якім-небудзь адным месцы і потым паступова распаўсюджваліся на ўсю раку.

Сістэма рэканструяваных старажытных водных шляхоў Бе­ларусі паказвае, што асноўны транспартны кірунак у Палессі праходзіў па ніжняму цячэнню Прыпяці аж да ўпадзення ў яе ракі Пціч, далей уверх па цячэнню Пцічы, дзе існаваў волак, які злучаў вярхоўі Пцічы і Немана. Далейшы свой працяг гэты магістральны кірунак атрымліваў па цячэнні Нёмана з выхадам у прывісленскія землі3. Сярэдняя частка цячэння Прыпяці, ад упадзення Пцічы да ўпадзення Ясельды, і мела найменне ўласна Прыпяць (ці “Припеть” — старая форма). Гэтая частка ракі ўяўляла сабой водны шлях мясцовага значэння. У верхнім цячэнні, асабліва да ўпадзення ракі Піны, Прыпяць не была суднаходнай, тут яна месцамі забалочана і распадаецца на не­калькі рукавоў, чаму і насіла ў мінулым назву Стаход (літаральна — “рака ca шматлікімі адгалінаваннямі”; аднайменны прыток Прыпяці дагэтуль існує ў яе верхнім цячэнні). Яшчэ адна назва верхняй Прыпяці — Струмень. Падобнае найменне маюць невялікія лясныя рэчкі і ручаі, якія працякаюць у забалочанай мясцовасці. Трэцяя ранейшая назва верхняга цячэння Прыпяці — Пірок — у сучасны момант не мае “празрыстага” значэння. Тым не менш яна адпавядае, як можна меркаваць, найменню Перга (правы прыток Убарці ў басейне Прыпяці), якое мае варыянтныя формы Вялікая Бабровая Банька і Перагон. Сапраўды, у вярхоўях Прыпяці і па яе прытоках ёсць значныя калоніі баброў, а “бабровыя” рэчкі з’яўляліся зручным сродкам перагону, перацягвання лодак і невялікіх суднаў, выконвалі ў мінулым ролю волакавых шляхоў. Цікава, што ў канцы XIX ст. Прыпяць у верхнім цячэнні да месца ўпадзення ў яе ракі Піны выкарыстоўвалася яе сплаўная4. Што ж датычыць назвы Пірок, як і Перга, то яны ўзыходзяць да старажытнай асновы перт, якая выкарыстоўвалася на тэрыторыі Усходняй Еўропы для наймення рэчак, на якіх знаходзіліся пасяленні баброў. Не выпадкова слова перт (у сучасны момант яно вядома толькі ў фінскіх мовах) мела значэнне “дом, хата, лазня”.

Дарэчы, варыянтная назва ракі Перга — Вялікая Бобровая Бань­ка — якраз і з’яўляецца дакладным перакладам асноўнага най­мення.

У старажытнасці галоўнай ракой лічыўся той участак воднага шляху, па якому ажыццяўляўся перавоз грузаў. У нашай схеме — гэта Пціч з выхадам у ніжняе цячэнне Прыпяці. Што ўяўляе сабой з лінгвістычнага пункту гледжання назва Пціч (у старых напісаннях — “Пътичь, Бъчичь“)? Кожная назва ляжыць на перакрыжаванні радоў, якія ўтвараюцца назвамі з аднолькавай асновай і назвамі з аднолькавым суфіксам — фармантам. У прыпяцкім басейне і шырэй — у Верхнім Падняпроўі сустракаюдца рачныя імёны тыпу Добрыч, Несвіч, Ведрыч, якія дазваляюць вылучыць у назве Пціч аднолькавы суфікс -іч (ичь). З другога боку, тая частка назвы, што засталася (пц-, път-, у мінулым таксама “бъч”-і, магчыма, “пят-“, “пет-“, “nam-“), суадносіцца з другой часткай назвы Пры-пяць (гістарычна Припеть). Калі зыходзіць з таго факта, што ўласна Прыпяццю рака называлася ад месца ўпадзення Ясельды, то ў такім выпадку ўчастак ракі ад Ясельды да ўпадзення Пцічы можна разумець як Пры-пяць (При-петь), г.зн. літаральна “тая, што знаходзіцца побач з ракой Пет (Пець, Пяць), упадає ў гэту раку”. Для параўнання: Прыжалонак — прыток Жалоні; Прышчанка — прыток Шанкі (басейн Прыпяці). Падобны структурны тып рачных імён ёсць і ў іншых раёнах Верхняга Падняпроўя.

Трэба заўважаць, што болынасць са шматлікіх тлумачэнняў назвы Прыпяць зыходзіць з члянення імені на Пры-пяць (При-петь).

Даныя гістарычнай геаграфіі і гістарычнай тапаніміі Палесся пацвярджаюць такое лінгвістычнае тлумачэнне рачной назвы, незалежна ад значэння і моўнай прыналежнасці асновы — пяць (-петь, -пет, -пят).

Зрэшты, матэрыял, які ёсць у нашым распараджэнні, дазваляе зрабіць некаторыя меркаванні наконт першапачатковага значэння асновы. Нагадаем рачныя імёны, роднасныя, на наш погляд, разглядаемай назве: Педань (басейн Дзясны), Пядынка (басейн Бярэзіны Дняпроўскай), Убедзь, Убець (басейн Дзясны), Педня (басейн Масквы-ракі), Пятуш, Пячка, Пет, Петас, Піціна, Пятай (басейн Акі), Пят, Гнілапяць (басейн Росі, Сярэдняе Падняпроўе), Гнілыя Пяты, Паты (басейн Паўднёвага Буга) і іншыя. Усе гэтыя назвы вельмі верагодна лічыць утворанымі ад старажытнага слова nem (* pet) са значэннем “пашырэнне, расцяканне, распаўсюджванне”. Гэтае слова было ўласціва яшчэ старажытным індаеўрапейскім гаворкам. Праўда, некаторыя тапанімісты (у прыватнасці, Я. М. Паспелаў) лічаць, што гідранімічная аснова nemраспаўсюджана і на Рускай Поўначы і сустракаецца ў складзе так званых субстратных (гэта значыць найбольш старажытных) тапонімаў, моўную прыналежнасць і значэнне якіх высветліць пакуль немагчыма.

  1. Танфильев Г. И. Географические работы. М., 1953. С. 39-40.
  2. Гэты і іншыя факты ў даным раздзеле ўзяты намі ў кнізе “Живописная Россия” (Т. 3. Ч. И. С.-Птб., М., 1882. С. 340-343).
  3. Жучкевич В. А. Дороги и водные пути Белоруссии. Историко-географические очерки. Мн., 1977. С. 20.
  4. Россия. Полное географическое описание нашего Отечества. Т. IX. Верхнее Поднепровье и Белоруссия. СПб., 1905. С. 320.


Аўтар:
А.Ф. Рогалеў
Крыніца: Рогалеў А.Ф. Сцежкі ў даўніну: Геагр. назвы Беларус. Палесся. Мн.: Полымя, 1992. — 159 с. Ст. 28-31.