Сэрцу мілы тапаграфічны крэтынізм

2
1198
Крэтынізм

У адным украінскім камедыйным серыяле, дзе малады прожигатель жизни выбрыкам лёсу вымушаны ўцякаць з Масквы да роднага дзядзькі ў Карпаты, ёсць эпізод, у якім памянёны дзядзька спрабуе зрабіць так, каб пляменнічак заблукаў у трох соснах горнага лесу, а ў выніку сам губляе ўсе арыенціры ў мясцінах грыбной славы, ад чаго з ласкі сябра-аднасяльчаніна атрымлівае таўро тапаграфічнага крэтына. Гэты эпізод апошнім часам я часта прыгадваю, калі гаворка заходзіць пра аўтабіяграфію вандроўнага шкаляра Іллі Турчыноўскага і мемуары дзекабрыста Андрэя Яўгенавіча Розэна. Адзін нарадзіўся ў канцы XVII ст. на Палтаўшчыне і, мусіўшы кінуць Кіева-Магілянскую акадэмію і абрыдлыя хатнія справы, з 1710 г. вандраваў па Украіне і Беларусі. Нараджэнне ж другога прыпадае на самы канец XVIII ст. і звязана з Эстляндыяй, адкуль далейшая доля судзіла яму кіданне па самых розных кутках тагачаснай Расійскай імперыі. Абодва пісалі, што сваім часам бывалі ў Гомелі. Абодва дзіўным чынам памыліліся ракой, на якой стаіць наш горад.

Ілля Турчыноўскі скіраваўся “в Литовськоє княженіє во королевський град Могилев”, каб паглыбіць веды лаціны. За час вандраванняў, калі верыць барочным успамінам, ён паспеў пабыць пісарам, настаўнікам, пеўчым, акторам, дзякам, рэгентам, зведаў розныя прыгоды, пастаянна становячыся ахвярай рознага кшталту зламыснікаў. Так, у Шклове за нязгоду спяваць у дамініканскім кляштары, “рымляне” (г.зн. каталікі) адпомсцілі яму нападам: “… наславши єдной нощі в монастир на співарню, яко би нечаянно, з ліхтарнями, органіста з драгунами замковими, і начали бить всіх півчих і тих студентов, а мене з чулана витягши, безмилосердне били і шаблями рубили, где главу мою у двох вісцех до мозгу прорубали, і несли мене у Дніпр-ріку утопить”. Пазней ён сам ім адпомсціў, але быў вымушаны ўцякаць разам з таварышамі, плывучы “дубом по ріці Дніпру”. Дуб – хутчэй за ўсё, не кавалак дрэва, як разумеюць некаторыя інтэрпрэтатары аўтабіяграфіі, а човен, выдзеўблены з дубовага бервяна. Зрэшты, прынцыповай розніцы тут няма, бо як бы ні выглядаў іх плавальны сродак, ён прынёс іх у Гомель. І калі б далей не згадвалася рака, на якой, на погляд Турчыноўскага, стаіць Гомель, мы маглі б пашукаць найбольш праўдападобныя спосабы трапляння “дуба” з Дняпра ў Сож: хоць волакам па сушы, хоць пераключэннем плаўсродку ў рэжым кіліма-самалёта, хоць нават тэлепартацыяй.

Але гарапашны Ілля падкінуў нам іншую загадку: “І той нощі уплили миль десять. І припливши світом к городу, стоящему над Дніпром, Гомлю, там препочили дній два. І паки яшася плаванія. І от Гомля, когда там же судноє плаваніє возиміли, то в єдином місцю, припознясь, случаєм нагнали судно на древо, якоє в ріці от брега отвалилось, і там всі шість нас человік і судна вивернулись. І так само судно вниз Дніпра пошло, а імущество наше, якоє було, все затонуло, ми же храненієм божіїм за лози похватались, яко поблизу берега іміли плаваніє, – і много гласом немалим іскали рятунку. Где почувши рибалки наїхали нас і побрали у свої лодки. І тілько із тим остались платтєм, в яком випали із судна. І оними рибалками вивезені на брег, где і огнь от них розпален ради огрітія і обсушенія от води”. Нестыкоўка настолькі відавочная, што адразу хочацца пацікавіцца, як жа такі дасведчаны вандроўнік насамрэч знаўся ў геа- і тапаграфіі мясцін, якія ён наведаў. Украінскі пісьменнік Валерый Шаўчук, напісаўшы яшчэ ў 1968 г. мастацкую аповесць на аснове аўтабіяграфіі Турчыноўскага, гомельскі эпізод старанна прапусціў.

Канешне, мы можам ківаць на тапаграфічны крэтынізм, але не трэба забываць, што з такімі траўмамі, як у Іллі, сам па сабе дзіўна, што чалавек увогуле нешта памятаў. Пасечаная шаблямі да мозгу галава – гэта вам не смешкі з бабінай плешкі. Зрэшты, тлумачэнне памылкі можа хавацца ў іншым. Усё стане на свае месцы, калі лічыць гэты твор мастацкім, а не дакументальным. Аўтар стылізацыі пад аўтабіяграфію, апісваючы (выдумваючы) ўцёкі са Шклова да Гомеля па Дняпры, мог не здолець адлюстраваць рэальнага геаграфічнага становішча нашага горада, па той прычыне, што сам толкам не ведаў, дзе той Гомель знаходзіцца. Тагачасныя карты, якімі пісьменнік мог карыстацца, нярэдка красавалі памылкамі. А зрэшты, шкада, што пра Гомель (хай сабе і дняпроўскі) у гэтым творы расказваецца вельмі сцісла, без падрабязнасцяў тых двух дзён, якія Турчыноўскі з іншымі пеўчымі прабавіў у ім. З іншага ж боку, наш горад выявіўся ці не адзіным у вандраваннях Іллі месцам, дзе ён не атрымаў па карку.

Мемуары Андрэя Розэна здаюцца дакументальнымі роўна да таго абзаца, пакуль не заходзіць гаворка пра Гомель. Праз наш горад яму выпадае шчасце ехаць пасля звальнення з ваеннай службы ў 1839 г. (перад тым па прычыне спачування тайным таварыствам расійскіх дваранскіх рэвалюцыянераў яму давялося пабываць вязнем Петрапаўлаўскай крэпасці, адбыць ссылку ў Табольскай губерні, апынуцца простым салдатам на Каўказе). “Блытацца ў паказаннях” пан дзекабрыст пачынае ўжо з апісання прыезду ў Беларусь: “Переправившись через Днепр, мы въехали в Белоруссию”. Дзе ж гэта так можна было пераправіцца праз Дняпро, каб толькі-толькі ўехаць у Беларусь? Нават паводле тагачаснага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу да 1840 г. у ліку беларускіх знаходзілася Магілёўская губерня, трапіць у якую, едучы з боку Чарнігава, можна было без пераправы праз Дняпро. Даверу Андрэю Яўгенавічу можа дадаць дасведчанасць у фактах пра дабудову гомельскага палаца і пра ранейшы выкуп Паскевічам закладзенага ў казну тутэйшага маёнтка Румянцавах. Але ж не дадае! Не дадае, бо перш, чым агучыць іх, ён бянтэжыць нас непадсяванай лухтой: “На Десне же находится местечко Гомель”.

Здаецца, што магчымасцяў праверыць, на якой рацэ насамрэч знаходзіцца Гомель, у Розэна было значна больш, чым у Турчыноўскага. Аднак ён гэтага не зрабіў, безаглядна даверыўшыся тапаграфіі сваёй памяці (першая публікацыя мемуараў адносіцца да 1869 г.). Да ўсяго згадка нашага горада стала для яго лішняй падставай для маралізатарства: “Паскевич купил это огромное имение […]; чрез несколько лет Николай I подарил ему весь долг в кредитные учреждения и этим значительно обогатил без того уже богатого от подарков майоратами и деньгами. Без сомнения, следует награждать заслуги, оказанные отечеству, но на всё есть мера”.

Ва ўкраінскім серыяле дзядзьку, які заблукаў у лесе, адшукалі яго аднавяскоўцы. А вось Турчыноўскі і Розэн, размясціўшы наш горад на Дняпры і Дзясне адпаведна, маглі так і застацца ў гушчарах сваіх аблудаў назаўжды. Зрэшты, сёння гэта ўсё ўспрымаецца мілым кур’ёзам, дзякуючы якому мы можам лішні раз пагаварыць пра Гомель у нязвыклым для яго кантэксце.

Сяргей Балахонаў